Якраз на самым рассьвітаньні
Міхал вярнуўся з пахаваньня;
Вайшоў у хатку, распрануўся,
Зяхнуў і смачна пацягнуўся,
Бо цэлы дзень праталачыўся
І, ноч ня спаўшы, утаміўся;
І цела соладка нейк ныла, —
Ўсё адпачыць яго хіліла.
І жонка тут не прыставала,
Пра сёе-тое распытала,
Ўздыхнула раз, другі па пану.
— Ну, сьпі, а я хіба ўжо ўстану. —
І маці стала адзявацца,
Каб за работу тую брацца;
Пайшла, каровак падаіла,
Картофлі сьвіньням перамыла.
Тымчасам сонейка, з-за лесу
Зьняло цямраную завесу;
Праменьні, стрэлы залатыя,
Макушы лесу прабіваюць
І блескам-зьяньнем высьцілаюць
Нябёсаў багны патайныя.
Ў чародах сьветаў нязьлічоных,
Нерасчытаных, неадмкнёных,
Людзкі наш лёс — былінка поля,
Пылок нязначны — наша доля,
А нашы радасьці і сьлёзы,
Надзеі сьветлыя, пагрозы І ўсё, чым жыцьце нас вітае,
Яно адзначнасьці ня мае
У зьвязку гэтых сьветаў божых,
Таемных, страшных і прыгожых:
І жыцьце пэўнаю ступою
Ідзе, ня ведае спакою,
Людзкіх пакутаў не адзначыць
І страты іх яно ня бачыць.
— Эй, хлопцы, хлопчыкі! Ўставайце!
Кароў на пашу выганяйце!
Даўно пара ўжо пасьвіць стадка! —
Алеся, Ўладзю будзіць матка,
А хлопцы толькі ўзварухнулісь
І на другі бок павярнулісь.
Тут маці трошкі пастаяла
І галавою паківала:
Шкада будзіць — ох, сон салодкі!
Няхай пасьпяць яшчэ блазноткі.
Пагукваў дзядзька ўжо на полі
І ткаў сахою кросны-ролі,
Ды пырнік так укараніўся,
Што дзядзька з конікам таміўся
І сошку часта ён спыняе
І пырнік дзікі вытрасае.
— Ну-ж і балота! вось атрута,
То не работа мне — пакута:
Ступіў два крокі і спыняйся
Ды з гэтай пырніцай змагайся,
І як яны тут, ліха долі,
З сахой хадзілі ў гэтым полі?
Як тут расло, на міласьць бога,
Калі ў зямлю ня ўб‘еш нарога?
Дзьве баразны прайшоў — конь змогся…
Ну і народ, каб ён апрогся!
Так запусьціць зямлю нядбала?
Не гаспадар быў, а завала! —
Антось стаіць, штось разважае
І хмурна поле аглядае,
А потым раптам схамянуўся,
Зірнуў на сонца, ў двор рвануўся.
— Хіба каровы яшчэ дома?! —
Спаткаўшы Ганну, ён пытае, Ідзе ў гумно і хлопцаў лае:
— Вы што зашыліся ў салому?
Ўставайце зараз, гультаіны!
Прайшло, лічы, ўжо дзьве гадзіны,
Як сонца ў небе засьвяціла,
Яны-ж… хоць ты ўсадзі ім шыла!..
Ўставайце жыва, а то ўскочу,
Ўстаць вас борзда заахвочу! —
Ўсхапілісь хлопцы і прыселі,
Ўстаюць з нагрэтае пасьцелі
І лапці зараз абуваюць.
За браму хлопцаў выпраўляюць.
Вось маці з хаткі выбягае,
Алесю торбу даручае,
А ў торбе хлеб і, пэўна, сала,
І весялей шмат хлопцам стала.
Калі ўжо сонейка прыгрэла,
Антось на полі кончыў дзела,
І выпраг коніка сівога,
Свайго памочніка, старога.
Сівак з вялікім здаваленьнем
Прайшоўся вольна, загуменьнем
І, баючыся ашукацца,
Ральлю панюхаў, стаў качацца
З такім засосам і ахвотай,
Бакі намуляўшы работай.
Антось глядзеў і пацяшаўся
І ціха сам сабе сьмяяўся.
Ў двары, дзе колісь была хата,
Цяпер работа йшла заўзята;
Майстры-жыды ўжо зруб канчалі,
Гірш з Моўшам дошкі пілавалі;
Ніяк ня знойдуць яны скутку
І ўвесь дзень сварацца за дудку,
Пілою водзячы па брусу;
А гэту дудку на пакусу
Празантаваў ім наш Антоні,
Дык Моўша з Гіршам і сягоньня
За тую дудку ўсё грызуцца
І чуць за пэйсы не бяруцца.
А Евель-Пеўнік з сваім сынам
Ужо пасьнедаў такім чынам, Што й на нагах ён ня трымаўся,
Стагнаў у стружках і качаўся.
— Ой, гвалт, прапаў! ой, дух займае! —
Але ўсё-ж Айзіка пытае,
Які таксама зьеў ня ў меру:
— А што варыць нам на вячэру?
— Ты-б гэта выдыхаў, пражора!
Набраўся так, што й не зсапецца,
А за вячэру ўжо бярэцца —
І так «сяньнік» твой лопне скора! —
Антось да Евеля зьвярнуўся,
А Евель толькі усьміхнуўся
І зараз пеўнем абярнуўся:
Лоп-лоп рукамі. «Ка-ка-рэ-ку!»
Бо даў бог талент чалавеку,
Якім ён часта выслаўляўся,
За што і «Пеўнікам» празваўся.
— Бадай ты спрогся! вось заводзіць! —
Антось са сьмехам адыходзіць,
Пад вусам сьмех яшчэ хавае,
Ідзе, Міхася сустрачае.
Міхась ужо крыху праспаўся,
Ў абход сягоньня ня зьбіраўся.
Другія думкі і настроі
Ўсё не даюць яму спакою:
За кім лясьніцтва застанецца?
Адкуль і хто сюды прыпрэцца,
Пасаду вольную заступіць?
Карціць пытаньне гэта, рупіць.
Антось з Міхалам на сьняданьні
Даюць адказы на пытаньні
І кандыдатаў разьбіраюць,
Адных пахваляць, тых палаюць,
— Вось, каб Галонскі тут застаўся!
За ім-бы, брат, палюдзкаваўся:
Такі прасьцяк, не надзіманы,
Лясьнічы вельмі-б пажаданы!
— Ды гэта так! — Міхал ўздыхае: —
Але заручкі ён ня мае:
Яго паны не падтрымаюць,
Бо на прымеце іншых маюць.
Такога вышукаюць струпа Ці адшчапенца-курашчупа,
Што й службе тэй ня будзеш рады
І адцураешся пасады.
— Вядома, так, — і Ганна кажа: —
Жыцьцё і сьвет табе завяжа,
Як гад які сюды прыпрэцца;
І няма ведама, дзе дзецца,
Як дапячэ табе часамі,
Хоць ты наймайся батракамі.
— Эх, брат! — махнуў Міхал рукою: —
Мы чулі ўладу над сабою,
А пажывём — яшчэ пачуем,
А тут, хоць як мы ні мяркуем,
Але нічога не даб’ёмся,
Куды ні пойдзем, ні таўкнёмся,
Дабра ніколі ня прыдбаем,
Пакуль свайго кутку ня маем.
— Свайго кутку! сказаць то лёгка,
Ды гэта справа вельмі крохка:
Тут грошай трэба поўна жменя —
Ня наша голая кішэня…
Купі зямлю ды замацуйся,
Купі ты лесу, пабудуйся…
А ў Мікалаўшчыну вярнуцца —
Ўжо лепей тут як-небудзь гнуцца,
Бо там — галда, там шум, цяснота,
І не бярэ ніяк ахвота,
Туды зноў ехаць будавацца,
Дык трэба службы ўжо трымацца,
Пакуль яшчэ трымацца можна, —
Антось зазначыў асьцярожна,
Да дзядзькі маці далучылась,
Ў другі бок мова пахілілась;
І будзе новая тут хата,
Пасада пашаю багата,
Ніхто цябе тут ня сьціскае
І ў твой гаршчок не заглядае,
Сядзець ня будзеш тут бяз хлеба,
А пацярпець, вядома, трэба.
— Так пацярпець! адно цярпеньне
І можа даць табе збавеньне, —
Тут усьміхнуўся Міхал скрыва: — І гніся век, цярпі маўкліва,
Пакінь ты ўсякую надзею
Хамут з сябе зьняць, дабрадзею!
А над уласнай гаспадаркай
Варонай чорнаю закаркай
І цяжкі крыж пастаў над ёю,
Як мусім ставіць над сабою,
Цярпеньне — ўсё: яно — бязьмежнасьць!
Навошта-ж тая незалежнасьць?
Навошта гэтае імкненьне
Пусьціць у грунт у свой карэньне?
Але-б вы самі спрабавалі,
Калі-б у вочы вам плявалі
І вас агіднаю зьнявагай
Па сэрцы білі-б, як тэй шлягай!
А ты маўчы, сьвяці вачамі
Перад паўпанкамі, панкамі
І перад панскім розным збродам,
Цярпеньнем скованы, як лёдам! —
Ў Міхала губы дрыганулі
І вочы іскры сыпанулі.
— Ці мала ўжо цябе тут гнулі?
Цярпі, маўчы, знасі пакорна,
А кожная сьвіньня надворна,
Сьвістун ці вырадак паганы,
Няшчасны лёкай надзіманы,
Ці так нікчэмная басота,
Яна твайго ня варта й бота, —
Цябе скубе, цябе ўшчувае —
Маўчы! няхай-жа бэсьціць, лае,
За нос, як хоча, няхай водзіць! —
Антось і Ганна не знаходзяць,
Што адказаць і што парадзіць
І як пытаньне гэта ўладзіць.
Прайшла нядзеля і другая —
Час не стаіць і не чакае.
Ўжо хата новая гатова,
Прыбраны трэскі ўжо і дровы:
Над белым дахам, як карона,
Красуе комінак чырвоны;
Прыветна вокны пазіраюць,
Бы вас у госьці запрашаюць, —
Ну, добры выгляд хата мае, Яна і цешыць, здавальняе.
Сюды сямейка перабралась,
І гэта хата паказалась
Пасьля зямлянкі проста раем.
— Хоць хату добрую, а маем, —
Ня тое цеснае скляпеньне! —
Казала маці ў здавальненьні: —
Чысьцютка, сьветла, бы ў пакоі! —
Прыемна пахла тут смалою
І сьвежым дрэвам, хваіною.
І ўсё здавалася-бы гладка,
Каб так ня скончылась загадка
Аб тым падлоўчым на кватэры.
Аб’езчык, самы той Ксавэры,
Прынёс навіну ў гэту хату.
— Не падвязло нашаму брату:
Пякельны пан! — Ксавэры кажа: —
Як ноч, на нас на ўсіх ён ляжа.
— А хто такі? — Міхал пытае.
— Бадай яго Міхал ці знае:
То пан Ракоўскі з-пад Татаркі!
Як кажуць, пан занадта шпаркі…
— Пастой, пан, прозьвішча знаёма!
Ну, так: я чуў аб ім, вядома…
Дык пан Ракоўскі! Ну, віншую!
Пакажа нам, дзе рак зімуе! —
І — ха-ха-ха! — Міхась рагоча:
Ён паказаць тым сьмехам хоча,
Што ашукалісь нечакана,
Прыдбаўшы гэтакага пана.
— А як-жа! чуў я, што за пташка!
Лядачы нораў, лае цяжка,
Яшчэ і звычай такі мае,
Што з кулакамі налятае. —
Лясьнічы новы не зьявіўся,
А ўжо, як трэба, уявіўся;
Усё падробна расьпісалі,
Як-бы яго даўно тут зналі:
І як ён выглядзіць сабою,
І што ён мае за душою,
І чым выдатны і багаты,
Ці кавалер ён, ці жанаты,
Калі, дзе чым ён вызначаўся, Як да людзей слатой чапляўся, —
Ну, адным словам адчыталі,
Ўсе косьці пану перабралі.
І праўда, пан быў злы, паганы
І зьвераваты, падзіманы,
І мух ня мала меў у носе.
І шмат цяжэй тут павялося.
І вось, вярнуўшыся з абходу,
Як-бы апушчаны у воду,
Міхал павёў апавяданьне,
Як вышла першае спатканьне.
— Іду, а ён дарогай валіць,
За ім вярхом Абрыцкі смаліць.
Пад’ехаў гэта і спыніўся.
— Дзень добры пану! — пакланіўся,
А ён, як слуп, і не зважае,
Глядзіць, бы воўк той, і пытае:
— А ты дзе служыш, чалавеча?
— Служу, паночку, я ў Парэччы.
— Ага!.. чаму гэта ягомасьць
Вядзеш вялікую знаёмасьць?
Чужых цялят бярэш на пашу?
Наскрозь я бачу службу вашу!
Чаму аб’ездак, сьцежак многа?…
Пільнуйся ты свайго парога,
Бо мне такіх служак ня трэба:
Для гультаёў ня маю хлеба.
Дык памятай, чаго наймаўся! —
Сказаў і далей паімчаўся,
— Ну, ўжо ўвялі цялят у вушы!
Ох, да і людзі-ж! што за душы! —
Гаворыць маці абурліва.
— Чаму ня скажуць? ото дзіва!
Той самы «Тэш», каб падлізацца,
Гатоў хоць чорту запісацца,
Яшчэ прыбавіць і размажа! —
У гневе дзядзька Антось кажа.
Апавяданае здарэньне
Зрабіла цяжкае ўражэньне.
— Ну, што-ж? цярпі, маўчы зацята,
Бо так выходзіць, небажаты: —
Наняўся, кажуць, як прадаўся! —
Міхал злосьмешна адазваўся.
|