VII. Дзядзька-кухар VIII. Сьмерць лясьнічага
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
IX. Новы лясьнічы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VIII.

СЬМЕРЦЬ ЛЯСЬНІЧАГА.

— Міхал! Міхале! о, Міхале! —
Пачуўся голас як бы здаля
Каля зямлянкі ранічкою
І часты стук у шкло рукою.
— Ўставай, Міхале, адзявайся!
А хто там? — Я! хутчэй зьбірайся:
Памёр лясьнічы наш! — Да можа?! —
Міхал ускочыў — моцны божа!
І хто-б мог думаць, спадзявацца!
Ўжо стаў ачуньваць, папраўляцца…
Каб хто сказаў — ня даў-бы веры,
Ды то аб’езчык, пан Ксавэры,
Прынёс навіну гэту смуту!
— Няхай пан зойдзе на мінуту! —
Сказаў Міхал, адмкнуўшы дзьверы.
Чараз парог ступіў Ксавэры,
Вайшоў у хатку і спыніўся,
Бо зразу ў ёй ашаламіўся,
І дальш ня ступіш ні на крок:
Ня хатка — проста катушок,
Няма дзе нават павярнуцца,
Як у сабачай цеснай будцы.
— Сядайце дзе-нібудзь, сядайце!..
Эх, хата наша, выбачайце…
Міхал калодку падстаўляе.
Ўздыхнуў Ксавэры і сядае.
То быў мужчына ўжо паджылы.
— Ах, мой ты божа добры, мілы!
Ото-ж як выбраўся ён скора!
Яшчэ ня дальш, як пазаўчора,
Са мною гутарыў, сьмяяўся
І аба ўсім мяне пытаўся, —
Міхал гаворыць і ўздыхае.
— Ох, браце: сьмерць не разьбірае
І не глядзіць нікому ў зубы:
Гадзюкаю, брат, з-пад падрубы
Зьнячэўку ўсадзіць сваё джала:
Ці многа жыў, ці жыў ты мала,
Ці ты багаты, ці ты бедны,
Ці ты зайздросны, ненаедны
Жывём, клапоцімся і дбаем,
І ўсе нарэшце паўміраем,
У нейкім згасьнем лятуценьні, —
Сказаў Ксавэры ў засмучэньні.
— Так, гэта так, пане Ксавэры!
Ўжо загатованы паперы
Для часу нашага скананьня
Рукою божага ўзысканьня,
І ходзіць сьмерць, як цень, за намі, —
Сказала Ганна са сьлязамі…
— Ну, я гатоў! — То пойдзем, браце,
Паплачам хоць па сваёй страце. —
Міхал з Ксавэрым вышлі з хаткі.
Сьвітала ўжо. Дзесь каля гаткі
У гэтым досьвітку маўклівым
Крычалі гусі праразьліва,
Нястройным хорам гергеталі
Ды качкі з шумам праляталі,
І кнігаў нёсься плач з лукі.
Ў глыбі лясоў цяцярукі
Ўжо зачыналі свае токі,
Усход віталі агнявокі,
Віталі шчыра і натхненна.
Міхал з Ксавэрым задуменна
Ішлі праз лес, ішлі маўкліва,
І толькі зрэдка сіратліва,
Па слоўку ўроняць два служакі.
— Няма ў нас пана, небаракі! —
Міхал гаворыць. —Так, няма.
Жыві ўдава цяпер сама, —
Сказаў Ксавэры задуменна:
— Ну, пане, будзе цяпер зьмена,
І пойдуць новыя парадкі, —
Міхал выказвае дагадкі.
— А пэўна: будзе талачэча,
Не без таго ўжо, чалавеча! —
Ўздыхнуў Ксавэры: — шкода пана!
Ох, бедны: выбраўся зарана!
А жыць-бы мог, такі здаровы, —
Ну, чалавек, як корч дубовы…
Пажыць-бы трохі яму трэба,
Пакой душы яго і неба. —
Так гаманілі, йшлі прамкамі
То праз лужок, то хвайнякамі —
Ўсяе дарогі на паўмілі —
І ішлі, нябожчыка хвалілі,
Як чалавека й служку Князя,
Як і вядзецца ў такім разе.
— Ня кепскі быў: і распытае
(Хай са сьвятымі спачывае):
Як ты жывеш, ці ты галодны,
Ці ты спачыў, — як бацька родны,
Але сказаць, яшчэ й ня ўсякі!
А прынясеш што — без падзякі
Ужо ня выпусьціць, заплаціць,
А на дарэмшчыну ня квапіць.
— Быў чалавек ён справядлівы,
Не фанабэрысты, праўдзівы! —
Ксавэры такжа пацьвярджае.
На тым гаворка іх змаўкае.
Ідуць маўчком яны; заняты
Сваімі думкамі з іх кожны.
«Так. У лясьніцтве кут парожны,
Куток паквапны і багаты,
Не застаіцца, ня згуляе,
Паноў к сабе ён прыцягае,
Як рыб гарох у вазярыне,
І кожны ў замку службу рыне,
Сюды пацісьнецца з ахвотай,
І ня прыедзе, а пяхотай
За душу мілую прычхае,»
Міхал з сабою разважае,
«Але хто-ж гэта месца зойме?
Яно-то праўда: ў панскай плойме,
Сказаць, ня будзе недастачы,
Ды гора ў тым — адзін лядачы,
Другі бяз клёпкі, трэці злосны,
Несправядлівы, бязьлітосны,
Як, вось, напрыклад, Табартоўскі
Або падлоўчы, пан Бялоўскі.
Назначаць гэтакага ката,
Тады запахне свая хата.
Набыць дабра ня надта лёгка,
Яно, як шклечка тое, крохка:
Чуць да яго ня так кранешся,
І з чарапкамі застаяешся.
А ліха прыдзе без падмогі,
Бо ліху — бітыя дарогі
І ўсёды сьцежкі яму вольны,
То роўна-гладкі, то вакольны,
Не абміне яно нікога».
Так сьмерць лясьнічага, старога
Міхала моцна ўскалыхнула,
І ўсё ўверх дном перавярнула.
І тут у першы раз Міхала
Вось гэта думка напаткала:
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова!
Ўставала, сонейка, з-за лесу
Скрозь тонкіх хмарачак завесу
І ўсёды косы раскідала,
А ўсё жывенькае вітала,
Усход яго на ясным небе
І клапатком аб пільным хлебе
Дзянёчак новы зачынала,
Калі Міхал і пан Ксавэры
Ўзышлі маўчком на двор кватэры.
На горцы ціхай, нявысокай
Каля засьценеў недалёка,
У бок дарогі, ў глыбі саду
Стаяла панская пасада.
Прасторны, роўны двор, вясёлы
Заўсёды повен быў жывёлы:
Хадзілі куры з пявунамі
Ў кампаньні важнай з індыкамі,
І, распусьціўшы хвост мятлою,
Павук пахаджываў з павою,
Як пан вяльможны, радавіты;
Ў кутку двара каля карыта
Шпыралі качкі-плюскатухі;
Япрук заможны, лапавухі
Спацыраваў паміж платамі
І сьмешна ўскідваў кумпякамі,
Калі, часамі, каля дому
Ён гукне, рохне пасьвіному,
Здаецца, так, бяз дай прычыны,
І спрыт пакажа япручыны.
А каля кухні пад ваконцам
Сабакі грэліся на сонцы —
Таксама, панскае пароды,
І ім было жыцьцё, выгоды.
Былі тут розныя будынкі:
Гуменцы, гумны і адрынкі,
Хлявы, і стайні, і аборы,
Дабра, набытку былі горы.
Але ў машыне гаспадарскай,
У хітрай штучыне сьлясарскай
Згубілась шруба — стоп, машына! —
Няждана выпала пружына!
Рыгор-хурман хадзіў бяз дзела,
Сьпярша пабурківаў нясьмела,
Цяпер нікога не баяўся,
Хадзіў і лёганька, хістаўся:
Ён трохі стукнуў — ці ня з гора?
— А ты чаго тут, мухамора? —
Рыгор насеўся на кухарку: —
Вось калі дам табе па карку!..
— Пашоў! адстань! ото брыдота!
Прылез, як лысы чорт з балота!
— Эх, Наста! хочаш? а ну, ў скокі? —
Сказаў хурман і ўзяўся ў бокі,
Нагою тупнуў, закруціўся,
Прысеў і ўстаў, заварушыўся —
І то ўстае, то прысядае
І ногі ўперад выкідае.
— Бадай ты спух! ото распуста!
А каб табе было, гад, пуста!
Няма ні сораму, нічога…
Ды пашануйся ты хоць бога,
Хоць-бы граху ты пабаяўся! —
Але Рыгор ня сунімаўся.
— Скачы, валяй і ты, Настуля!
Што-ж? Калі гулі, брат, дык гулі!
Пан пойдзе ў рай, а мы з табою…
Куды-ж мы? ў букту з галавою!
— Пакінь: нябожчык там, у доме!
Пайдзі прасьпіся на саломе!
І пані, унь, глядзіць! — Што пані?!
А я-то хто? пане хурмане,
Дурное заткала ты! знаеш?
Чаму Рыгорам называеш?
Заві мяне… вяльможны пане!
— Няхай цябе зямля апране!
Ото брыда, ото завала:
Яшчэ каб панам называла!
Ці чулі, людзі? Налізаўся,
Як той сабака на разьніцы!…
— Но, но! бо пойдзеш без спадніцы.
— Каб сам бяз портак не астаўся!

«На паліцы сланіна,
Пані пеўня смаліла,
А ў рандэльку стаіць лой,
Але ня твой, не — ня твой!»

А там, у доме, было гора:
Жывы і крэпкі яшчэ ўчора,
Сягоньня быў ён нярухомы,
Глухі на ўсё, чужы жывому.
З засьценеў шляхта пасхадзілась
І ў тым пакойчыку таўпілась,
Дзе пан ляжаў у дамавіне.
— Няхай з сьвятымі апачыне! —
Ўздыхалі, хрышчучысь, старыя,
Схіліўшы голавы сівыя.
— Ня кепскі пан быў! — гаварылі
І ціха, стала адхадзілі
І доўга кучкамі стаялі.
Паны сюды зьяжджацца сталі.
Ўсе лясьнікі былі ўжо ў зборы
У лепшым стражніцкім уборы:
У новых куртках са шнурамі,
А на грудзінах са знакамі,
На шапках «R» было з каронай,
Каўнер стаячы і зялёны.
Яны па два, па тры стаялі
Каля паркану і чакалі,
Пакуль куды іх не паклічуць,
Стаяць і пану раю жычуць,
Збавеньня вечнага жадаюць,
Гавораць ціханька, ўздыхаюць.
Паслухаць збоку іх — здавалась,
Што ўсе яны пасірацелі,
А што на сэрцы яны мелі,
То тое ў сэрцы і засталась.
Ды толькі мушу я прызнацца:
Як пачынала ўжо зьмяркацца,
І пана з плачам пахавалі,
Ўсе лясьнікі пілі, гулялі,
А потым сталі барукацца.
Амброжык Кубел разгуляўся.
Са ўсімі шчыра цалаваўся
І кварту трэцю ужо ставіў
І ўсёю выпіўкаю правіў.
— Браткі! гуляйма! Калі сьвята,
Дык трэба выпіць хоць багата! —
Крычаў Амброжык: — Сьцеражыся! —
Кіўнуў ён носам на Міхася,
І чарка ёмка паднялася.
— Эй, цётка Хрума! ўраз зьявіся! —
Вайшла і Хрума ў старым чэпку.
— Здарова, цётка! як ты крэпка?
— От! — кажы Хрума і сьмяецца,
Такою добраю здаецца,
Што наш Амброжык увесь тае
І Хруму маткай называе.
— Ах, пан Амброжы! на што жарты?
— Галубка мама! стаў дзьве кварты! —
Ўсе ажылі і разышліся,
Такія мовы паліліся,
І пахвальба пашла такая!
— Падаць мне Тэша! — Лось гукае: —
Я разарву яго вантробы,
Бо сьвет гарыць з яго, хваробы!
Падайце: вырву яму вусы
За ўсе даносы, за падкусы! —
Абрыцкі-Тэш быў такі з нюхам,
Ад Хрумы зызнуў адным духам.
Быў позны час, як «цётку» Хруму
З вясёлым шоламам і ў тлуму
Лясная стража пакідала.
Ў яе вачох зямля скакала,
І месяца, бліскучы крайчык
Па небе пстрыкаў, як той зайчык.
Зчакаўшы трохі, разышліся,
І песьні зараз панясьліся
То тут, то там і лес будзілі,
Як-бы ваўкі там галасілі.

«Ой пайду да дому,
Не скажу нікому.
Ды зарэжу ката,
Бо наш кот — сірата»,

Сьпяваў Амброжык за балотам,
А Пальчык сыпаў, як-бы шротам:

«Будзе мяне жонка біць,
Няма каму бараніць».

Міхал сьпяваў баском спавагу,
Як-бы каваў ён словы шлягай:

«Добра мера, хоць бяз грошай,
Абы празьнічак харошы!»