Вясны чакаў Міхал з сям’ёю,
Чакаў з трывогаю: вясною
У лясьніцтве йшла ператасоўка
Служачых нізшых, пераходы —
Тут так вялося з году ў годы —
І як ні думае галоўка,
Нічога выдумаць ня можа;
Ніяка просьба не паможа,
Калі на чым лясьнічы ўпрэцца.
— А можа дасьць бог ператрэцца,
І тут гадок ці два пабудзем, —
Сабе ня верачы і людзям
Міхал так думаў, сумняваўся
І тут астацца спадзяваўся.
Ды раз у сэсію Міхася
К сабе лясьнічы заклікае.
«Ну, гэта нешта азначае»,
У Міхала думка праняслася.
І ў канцылярыю ўваходзіць,
Вачэй з лясьнічага ня зводзіць,
Чагось-та важнага чакае.
— Ага, ты тут! Ну, чалавеча,
Зьбірай манаткі і ў Парэчча
За добры час перабірайся!
Перад вялікаднем старайся
Туды, на месца перабрацца.
Жыві там, нечага баяцца.
— Панок, за што? — Міхал пытае: — Што за прычына ёсьць такая?
Ці я па службе правініўся?
Ці на мяне пан угнявіўся?
Я не прадаў, ня ўкраў нічога…
Скажы, панок, на літасьць бога,
За што нас пан перамяшчае? —
Лясьнічы строга пазірае.
— Мне чалавек там добры трэба,
А ня гультай які, нязгрэба;
Такі лясьнік, як ты, каторы
Ня будзе спаць п’яны ў разоры…
Парэчча — месца не благое
І поле там ня так пустое,
Хоць менш яго, затое-ж — паша!
Дык будзе хлеб табе і каша.
Пакуль я жыў, і ты ня згінеш,
Свае сям’і, нябось, ня кінеш —
Куды ты дзенешся? трымайся,
Жыві і з богам разжывайся, —
Пашоў Міхал наш у задуме,
А па дарозе к цётцы Хруме
Ён трапіў з гора выпіць чарку,
Каб галаве яго на карку
Было лягчэй крыху трымацца.
І што за страх перабірацца? —
Міхал дарогай разважае: —
Мяне лясьнічы паважае!..
А месца, праўда, ня ліхое…
І г-э-э-эй ты, наша жыцьцё зло-о-ое! —
Міхась у лесе песьню цягне
І тахты стрэльбай выбівае,
Назад, наперад выкідае,
Зайсьці скарэй да дому прагне
Навінай важнай падзяліцца.
Ідзе ён сьмела, не баіцца
Праборкі дома за гарэлку:
Вяліка важнасьць, што кватэрку
Ён з гора тога перакінуў!
І на Міхася жаль нахлынуў
І нейкі смутак навязаўся,
А ўрэшце ён усердаваўся.
А на каго? за што? — ня знае, А можа так злосьць напускае,
Каб дома жонка ня крычала —
Тым болей, што ўжо выглядала
Яго пасада з-пад узгорка,
І трохі рупіла праборка.
Міхал вайшоў ня зразу ў хату:
Каля хлява перш затрымаўся
І на сьвіньню так углядаўся,
Як-бы за гэта браў ён плату.
Ад хлявушка ў гумно заходзіць,
З Антосем гутарку заводзіць,
І ўжо адтуль, раўней, як можна,
Ідзе да хаты асьцярожна.
Але як бацька ні стараўся,
А ўсё-ж ён лёганька хістаўся.
Антось даўно замеціў гэта:
«Плыве, як панская карэта!»
І чуць ад сьмеху не качаўся.
А каб прымусіць і паверыць,
Што ён гарэлкі і ня нюхаў,
Ў садок зайшоў і пчол паслухаў
А ў сенях стаў сабаку перыць,
Што ўночы кепска дом пільнуе,
Што мала брэша, кепска чуе,
Зайцоў ня гоніць і ня ловіць,
А толькі знае і наровіць,
Каб як у хату зачасацца.
— А, ліха матары і батцы!
А, дурань, воўча тваё мяса!
На двор брахаць, стары дурніца!
Гаршчэчнік, чортава ты пыца! —
І на сабаку накрычаўшы,
Тады ўжо стрэльбу з плеч зьнімае
І на сьцяну яе чапляе,
У хату ўходзіць, торбу зьняўшы,
Садзіцца там, гаворыць мала,
Каб жонка зразу не пазнала,
Бо толькі скажа адно слова —
Прапала хітрасьць і гатова!
— І дзе ты гэтак налупіўся.
Каб ты смалы ўжо быў напіўся,
Ото натура! — жонка лае, А ён сьмяецца, не шманае.
— Няма табе граху, ні посту,
Хоць у палонку кідай з мосту!
— А ў пост, скажы, сварыцца можна,
Калі ты гэтака набожна? —
Міхал у жонкі запытаўся: —
Або я п’яны ці валяўся?..
От ня крычы ты і ня лайся,
Лепш у дарогу выбірайся!
— Куды ў дарогу? Што пляцеш ты?
Прапіў свой розум, ці што ўрэшты? —
З трывогай жонка ўжо пытае
І тон сярдзіты свой мяняе,
Бо ёй у голасе Міхася
Адразу праўда пачулася;
І дзеці бліжай селі к тату,
Якраз вайшоў і дзядзька ў хату.
— Дык так, Антось: пераяжджаем,
Апошні час тут дажываем.
— Куды? — Ў Парэчайка, ў балота!..
Бадай ты спрахла! от брыдота!
Цягніся зноў, а глуш такая! —
Антось Парэчча праклінае.
Ўздыхнула цяжка-цяжка маці,
І зразу стала смутна ў хаце,
Як-бы з усіх куткоў і шчылін,
З усіх чуць-чуць заметных зьвілін
Сюды бяда панапаўзала
І гэтак прыкра пазірала
На ўсіх, ад мала да вяліка,
Бязжаласна і без’языка,
Зрабіўшы ў момант замяшаньне,
І змоўклі ў хаце ўсе дазваньня.
Зьнячэўку маці аж прысела —
Так пераборка ўжо дадзела!
Апроч таго, тут абжыліся,
На ногі трохі падняліся;
Яшчэ-б гадочак пажыць ціха,
Але найгоршае тут ліха —
Зьбірай зноў цапстрыкі, трасіся
Па каранёх з дабром, з сям’ёю
У саму бездараж вясною. — Дзе наша, брат, ні прападае! —
Міхал гаворку зачынае: —
Ці-ж толькі сьвету, што ў ваконцы?
Або так міла тут бязконца?
І там мы будзем жыць так сама;
Няма ўжо горшай, як тут яма.
А сенакос тут дзе? за сьветам!
А там блізютка, каля дома —
Парэчча добра мне знаёма!
А колькі зелені там летам!
Як у вяночку, стаіць хата.
Грыбоў і ягад — страх багата!..
Там выгад болей, чалавеча!..
— Паедзем, татачка, ў Парэчча!
Ось там грыбоў папазьбіраю!
Ой, іх зьбіраць ахвоту маю! —
Схапіўся Костуська і скача,
А маці з гора чуць ня плача.
— Згараць яны няхай з грыбамі!
Але ці будзе хлеб, часамі? —
Антось пытае ўжо сярдзіта: —
А колькі там пасеем жыта?
Зямлі, як бабе старой сесьці.
Папробуй сядзь на гэтым месьце…
— А дзе ты дзенешся? і сядзеш!
Нічога, браце, не парадзіш.
— Яму, як выпіў, гора мала! —
На бацьку маці зноў напала.
— А мне, ты думаеш, салодка?
Ды справа проста і каротка:
Ня будзеш ты з лясьнічым спорыць,
Рабі, вось, тое, што гаворыць.
А не — йдзі вон: варона з куста,
А пяць на куст, бо хлеба луста,
Ня лёгка ўсім, брат, дастаецца.
Пустым той кут не застанецца:
Ня будзе нас — другі там сядзе
І не зважаючы, ня глядзя,
Якое месца і выгода.
— Што так, то так, ды працы шкода,
Якую мы тут палажылі;
Зямлю так добра мы ўгнаілі. А на каго мы працавалі?
Каму пасаду гатавалі?
Так чорту лысаму з балота.
Прыпрэцца нейкая галота
Тваёю працай карыстацца,
Тваім мазолем нажывацца.
Ня толькі «дзякую» ня скажа,
А хвігу ў нос табе пакажа.
— Ну, што паробіш, як такая
Ужо нам доля выпадае?
На трэці дзень прышлі падводы.
Ўсе сваякі папрыяжджалі,
Ўвесь двор вазамі паўстаўлялі,
Як-бы прыехалі ў калоды
Ці на кірмаш каля калядак.
Тут быў страшэнны непарадак —
На тое час быў перабору.
Была адчынена камора
І сені насьцеж. Як папала,
Надоба розная стаяла.
Было ўсё зрушана, сарвана:
Крыжы з дзяжой каля паркана,
На час кароткі прыхілілісь;
Збаны, гаршкі між іх тулілісь,
І тры цабэркі там стаялі
І чарады свае чакалі;
І тут жа збоку, як той п’яны,
Ляжаў навой стары драўляны:
Варстат, на часткі разабраны,
На трэскі кінуты, валяўся;
А на вяроўцы мех гайдаўся,
Стары, скараўлены ад гною,
Забыты ўсімі пад страхою.
Пусьцела хата, сьцены, лавы
І мелі погляд няцікавы:
Ўсё тут было параскідана,
Ўсё не на месцы, няпрыбрана,
Як-бы зусім ня тая хата.
Качэргі, вілы і лапата,
Ў кутку адным цяпер стаялі;
Гвазды то тут, то там тырчалі Па ўсіх сьцянах, як-бы шчаціна.
Снавалі дзеці і мужчыны,
З сяней, з каморы скарб сьцягалі
І на вазы яго складалі.
А маці скрыню пакавала
І дробязь розную зьбірала.
Усе варушыліся, снавалі,
Як-бы мурашнік раскапалі —
Такая тут была трывога.
Вуглы счышчалі да нічога
І зьбіралі ўсё да ніткі.
Падводы пухлі ўвачавідкі.
А як закончылі складацца,
Зайшлі ўсе ў хату сілкавацца.
Між голых сьцен, несамавітых,
Такіх панурых, абабітых,
Астаўся стол адзін на месьце,
Каб у вапошні раз накрыцца
І даць мужчынам прыпыніцца,
На час кароценькі прысесьці
І выпіць чарачку, другую
За жыцьце, долю маладую.
Тут быў Базыль, Антось Тацянін,
Карусь Дзівак (ён між парканін
Схаваў трайню, рагач, дзьве восі,
Тайком узяўшы ад Антося),
Яшчэ Карусь, Паўлюк Куртаты,
Сьцяцок, Казюк Скорабагаты
Ды брат Міхася і Антося —
Мужчын ня мала набралося.
Пайшла ў круг чарка і другая,
Гаворка ў хаце ажывае.
Адзін Антось ужо сьмяецца,
Сваім закатным дробным сьмехам,
Аж галава з шырокім плехам
І з сівым воласам трасецца.
— Ды ты, брат Ганка, ня смуціся!
Вось выпі чарку, ня журыся,
Няхай дае бог спосаб новы.
— Ну, будзьце-ж — крэпенькі, здаровы!
— Э, выпі чыста! от кабета!
— Ды выпі, Ганна! ну, што гэта? — Мужчыны ўсе тут загудзелі
Ды дружна так яны населі,
Што Ганна тройчы прыгубіла
І чарку ўсю перакуліла.
— Ну, во’ гэтак, малайчына,
Дай божа добрая часіна!
— Ой, буду п'яна — ашаломіць.
— Касьцей гарэлка не паломіць, —
Крычыць Базыль: — здароў будзь, Павал! —
І галаву ён закідае
І спрытна чарку асушае
Ды ломіць хлеба цэлы кавал
Ды так жуе, што вушы ходзяць.
Мужчыны дарма час ня зводзяць
І хутка чаркі асушаюць,
Гаспадаром дабра жадаюць
І добрай долі ўсім дазваньня
І ціснуць рукі на расстаньне.
Карусь Дзівак часінай тою
Насіўся з восямі, з трайнёю,
У воз іх глыбей запакоўваў,
Ў сярэдзіну рагач засоўваў
І накрываў яго цабрамі,
Каб не знайшоў Міхась часамі.
І воз ён свой у кут стаўляе,
Астацца ззаду патрапляе.
Мужчыны вышлі на двор з хаты.
— Ну, варушы, Скорабагаты! —
Сказаў Базыль свайму суседу: —
Я за табою, брат, паеду. —
І рад нагружаных хурманак
Паволі зрушыў, мінуў ганак
І ў лес чуць значнаю трапою
Пацягся мернаю ступою.
І цяжка, цяжка Ганьне стала,
Як-бы ў грудзёх там што апала,
І сэрца горасна заныла;
І ўсё тут стала так няміла,
Што ўжо тут больш ёй не цярпелась
І бегчы ў сьвет адтуль хацелась,
Абы ня бачыць сьцен тых голых,
Куткоў пустых і невясёлых. Ўжо конь запрэжан і чакае,
Капытам дол б’е нецярпліва.
Тымчасам маці тарапліва,
Закон дзядоў сваіх спаўняе:
Кладзе кусочак хлеба з сольлю
Пад красны кут у завугольле,
Апошні раз глядзіць на хату,
Дзе многа дробязі на страту
Пашло ў час гэты перабору.
— А ну, ты, маці, йдзеш там скора? —
Міхась з двара яе пытае;
І маці хату пакідае,
Бо ёй самой тут не цярпіцца
І з плачам, хрысьцячысь, садзіцца,
Дзе дзеці дробныя сядзелі
І скарб быў зложан даражэйшы.
Алесь і Ўладзя, сын старэйшы,
Пайсьці пяхотам захацелі
І з дзядзькам лесам гналі стадка.
Апошні раз пустая хатка
З-за груш высокіх паказалась
Ды за узгорачкам схавалась:
І толькі комінак гаротна
Над дахам высіўся маркотна,
Ды студні вочап адзінока
Тырчаў над хатаю высока;
Гуменца смутна пазірала
І быццам поглядам пытала:
«Куды яны ад нас зьяжджаюць?
Чаму адных нас пакідаюць?»
|