V. Пярэбары VI. Каля зямлянкі
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
VII. Дзядзька-кухар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VI.

КАЛЯ ЗЯМЛЯНКІ.

Я буду рады, калі ўдасца
Маім знаёмым ў вашай ласцы
Хоць на кароценькі часочак
Заняць хоць цесьненькі куточак.
Жыцьцё іх, праўда, няцікава,
Пра іх нідзе ня ходзіць слава,
Аб іх гісторый не складаюць,
Пра іх і песень не сьпяваюць,
Апроч вятроў, што нудна ў плоце
Зімою ў горкай адзіноце
Халодны сьнег нясуць-зьдзіраюць
І бедным людзям байкі баюць
Аб жыцьці, долі іх пахілай
І плачуць-стогнуць над магілай,
Дзе косьці іх у праху тлеюць —
Адны вятры іх пажалеюць.
Але ня кожны сьцяміць мовы
І жальбы ветру між будовы:
Чаго ён жаласна сьпявае,
Каму ён песенькі складае?
І бацьку скора сын забудзе —
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе. І такая
Ўсім бедным доля выпадае:
Прайсьці свой круг, прамарнавацца
І невядомымі застацца
Ды быць забытым тут усімі —
І сваякамі і чужымі.
І мне заўсёды горка стане,
Калі я ўбачу на кургане
Пад шэрым прыкладам драўляным
Прыпынак вечны селяніна.
Стаіць там крыжык-сіраціна,
Сівенькім мохам ўвесь убраны,
З павязкай белай, даматканай.
Пытаю: хто тут пачывае?
Дзяўчына можа маладая
У поўным цьвеце красы-сілы
Сыйшла, бяз часу да магілы?
Ці здатны хлопец-малайчына?
Маўчыць магіла селяніна.
А хто пахован, я ня знаю
І смутак модны ў сэрцы маю.
А тут закопаны навекі
Надзеі, радасьць чалавека,
І гора схована ліхое —
Усё жыцьце беднае людзкое.
Мае знаёмыя няўзрачны,
Нічым ня слаўны і ня значны,
Ўсё людзі простыя, малыя,
Хоць пасваёму і ўдалыя,
Але ўдалымі іх ня лічуць.
Жывуць, цярпліва долю смычуць
І крыж нясуць мужычы ціха,
Дабра ня бачачы з-за ліха.
Ды што зрабіць? Я-б сам быў рады
Ня ведаць крыўды тэй і здрады,
Што просты люд нясе вякамі
Сваімі ўласнымі гарбамі.
Ды горкай праўды не схаваеш,
Яе ніяк не ашукаеш.
Ды і навошта? Крый нас, божа!
А праўда мне ўсяго дарожай,
І бацька праўдзе вучыў змаля,
Дык з гэтай праўдай ступім далей.
Дзень добры, новая мясьціна!
Спаткай ты нас, як маці сына
Па часе доўгае разлукі,
І разгарні прыветна рукі
Для тых, хто змушаны ў няволі
Жывіцца хлебам твайго поля;
Зірні ты сьветлым вокам ласкі,
Авей крылом прыгожай казкі,
Каб гэта жыцьце-пуцявіна,
Была нам сьветлая часіна;
Узброй надзеямі нам грудзі,
Бо мы твае, зямелька, людзі!
На першы погляд няцікава
Парэчча гэта выглядала,
І смуткам сэрца калыхала
Старых бярэзін гэтых лава,
Што на балоце між лясамі
Шумела, голымі вярхамі.
Было ўсё тут параскідана,
І праслы нізкія паркана,
З трухлявых шул павыяжджалі,
І трэскі кучамі ляжалі
Па ўсім двары і на дрывотні;
Стары хлявец без падваротні,
Гумно са стрэшкай пасівелай,
Абросшай мохам, абапрэлай,
Прыгрэбнік, хата — ўсё дачыста,
Казала ясна, галасіста,
Аб непарадку, запусьценьні,
Аб гаспадарскім нерадзеньні.
Слязьмі Міхашча залілася —
Такою ямаю здалася
Старая хата ў тры ваконцы!
Парог яна пераступіла —
О, божа добры, як няміла!
Ці сьвеціць тут калі хоць сонца?
Было так цёмна, няпрытульна,
Ў гразі, ў балоце ўсё агульна:
Як печ, як столь і сьцены, лавы,
І дух пракіслы, дух трухлявы
З усіх куткоў дыхнуў сярдзіта.
Зямля на ямы ўся пабіта.
Было відаць, што тут ліпелі
Да часу людзі і ня дбалі,
Гразі ніколі ня зьнімалі,
Рабіць парадку не хацелі,
Жылі пасьвінску, кацьмакамі
І ў добрай згодзе з прусакамі.
Вясна была яшчэ ў пачатку,
Але сьнягі ўжо раставалі,
І дружна ў полі балбаталі
Раўкі, рачулкі і ў грамадку
Яны ваду сваю зьлівалі,
Ад сну гаі, лясы будзілі
І людзям душу весялілі.
І ўсё патрошку ажывала:
На дрэве покаўка таўшчала,
Ў сабе лісточак далікатны,
Пахучы, сьвежанькі, прыўдатны
На добрым сонцы гадавала.
Старыя хвоі і яліны,
Далёка кінуўшы галіны,
Глядзелі хораша, любоўна,
Як іх патомкі згодна, роўна
Стаялі гожай чарадою,
Схіліўшысь к сонцу галавою.
У лясох, гаёх дразды сьпявалі,
Ў балотах кнігаўкі крычалі;
А ў небе ўдзень і вечарамі
Высока здольнымі шнурамі
Зьлятаўся вырай жураўліны
І амярцьвелыя даліны
Будзілі звонкім сваім крыкам,
Як-бы прыветным гэтым зыкам
Віталі родныя балоты,
Густыя лозы і чароты.
І на душы нейк весялела,
І сэрца радасьці хацела,
А думкі ціхія і мары
На душу клалі свае чары.
Хацелась жыць, ушыр разьняцца,
За долю лепшую змагацца;
Ўзьнімалісь грудзі, чулісь сілы
І божы сьвет здаваўся мілы.
Памалу дзень за дзень ў Парэччы
(Такая ўрода чалавеча)
Зжывалісь з месцам, прывыкалі,
Гняздо старое забывалі,
І праз якіх дзьве-тры нядзелі
Ўжо весялей на сьвет глядзелі
Будынкі гэтыя старыя —
Яны зрабілісь, як ня тыя.
Агледзіў іх Антось, падправіў
І шулы новыя паставіў
Ў гнілы паркан, і лом сабралі,
Ды шыбы ў вокны паўстаўлялі,
Бо ня любілі непарадку,
І пачалі жыць зноў спачатку.
Ды йзноў бяда: праз год вясною
Згарэла хата з варыўнёю
І ўвесь набытак, што быў ў дому,
Пажар той выбухнуў, як з грому,
Хоць ён і меў свае прычыны.
Як на бяду, пашлі мужчыны
І Ўладзік з імі ў рассыпную:
Адзін у лес, той да адбору,
З сахою трэці ў гэту пору
Араў дзесь пасеку старую;
Дык што магла з дзяцьмі малымі
Зрабіць жанчына, адзінютка?
І ўсё згарэла, дачысьцютка,
Прапала марна ў чорным дыме.
Зазнала жалю гаспадыня:
У агні згарэла яе скрыня
З усім пасагам і набыткам;
Прапалі хусты яе, сьвітка,
Згарэлі кросны, рад багоў
І грошай сорак сем рублёў.
Хоць праўда, Костусь не збаяўся
І сьмела з пожарам змагаўся:
Звалок гарошыны з пасьцелі,
Тагды, як вопраткі гарэлі,
І з імі доўга ён насіўся,
Аж покі зруб не паваліўся.
Бяда, хоць плач, і дзе дзявацца?
Куды ад холаду схавацца?
І маці з дзеткамі малымі
Нядзелі дзьве жыла з сваімі.
А на пажарышчы часова,
Зьявілась новая будова —
Зямлянка-будачка, малая,
Ўвадно вакенечка, крывая,
Але да часу добра й гэта.
Тымчасам сонца йшло на лета,
Дык так-сяк кідалісь, качалісь,
Хоць дужа з горам спазнавалісь.
Каля зямлянкі тут прыветна,
Гарэў агоньчык чуць прыметна,
Абы ня зьвёўся. Вечарамі
Тут маці ўходжвалась з гаршчкамі,
Сям’і вячэру гатавала.
Тагды зямлянка ажывала:
Сьмяялісь дзеці, мятусілісь,
Як рыба ў букце, варушылісь,
Бярвенцы, трэсачкі сьцягалі
Ды на агоньчык падкідалі.
Шугала полымя праворна,
Як-бы чагось каму сьмяялась
І то свавольна ўгору рвалась,
То расьцілалася пакорна.
А ветрык, злодзей, ня стрывае,
З-за хаткі хітра налятае,
Ў агоньчык раптам уварвецца:
Агонь туды-сюды матнецца,
І дымам ветра адбівае,
Як-бы тых жартаў ня прыймае,
А на двары ўжо вечарэе,
І ночка блізка, змрок гусьцее,
Агоньчык колер свой мяняе
І з чырван-жоўты блеск прыймае;
І моўкнуць птушкі ў цёмным лесе;
Баранчык божы ў паднябесьсі
Бляе маркотна над балотам,
Як-бы шукае ён каго там,
І гэта смутнае бляяньне
Ў цішы балот у час зьмярканьня
На сэрцы жалем аддаецца,
І ў душу журбаю ліецца
І мары розныя наводзіць.
І думка вынікне — праходзіць,
Як тыя хмаркі на заходзе,
Што без сьлядочка, быццам цені
У тужлівым нікнуць задуменьні.
Маўкліва-сьцішна ўсё ў прыродзе!
Напрацаваўшысь, спачываюць
Усе старэйшыя, хто ў хатцы,
А хто ў гумне ва ўсёй апратцы —
І гэтак ночкі прасыпаюць.
І вось, бывала, вечарамі
Каля агоньчыку, часамі,
Алесь і Костусь засядзяцца.
А як ўжо пачне зьмяркацца
І зоркі ў небе замігаюць,
Пужаць іх страхі пачынаюць.
Тады браты радком садзяцца,
Плячо ў плячо, але прызнацца,
Што страшна ім, ніхто ня хоча.
— Алесь! ты чуеш, як рагоча
Ў беразьняку баранчык божы?
Але ці ведаеш, з чым схожы
Той дробны рогат? Мне здаецца,
Антось Тацянін так сьмяецца! —
І хлопцы ўраз зарагаталі,
Ды ўраз-жа сьмех той адарвалі:
Вакол было ўсё так спакойна,
Дык гэты сьмех нейк няпрыстойна
Сюды, ў пакой начны, ўрываўся —
Самім ім дзікім ён здаваўся.
Маўчаць яны. Касьцёр палае,
Вакол усёды цьма густая
Пільнуе плямку агнявую
І гэту норку залатую,
Што ў нутрах цьмы агонь сьвідруе,
Каб зьнішчыць блеск. Агонь сярдуе
І цьме ніяк не паддаецца;
Часамі полымя прарвецца,
І цьма сярдзіта схісянецца,
Адскочыць далей на паўкрока.
Агочь блішчыць, як воўча вока.
Паволі дрэўцы дагараюць
І ціха іскрачкі ўзьлятаюць
І гаснуць борзда без сьлядочка.
Ўжо позны час, глыбока ночка,
А хлапчукі сядзяць маўкліва
І навакол глядзяць пужліва,
У іх фантазіі дзяцінай,
Затканай страху павуцінай,
Ўстаюць начныя страхі, здані,
І зыкі чуюцца пагані,
Чараўніка і чараўніцы
І лопат крыльлямі начніцы.
А кожны куст ім дзеда родзіць,
Таго, што ўсюды лазіць, ходзіць
З мяшком і мыліцай-кульбою
І з доўгай сівай барадою,
Ідзе і дзетак забірае,
Сьлед барадою замятае.
На полі неба лес страхлівы
Стаіць зацяты, нярухлівы.
Што ён ў сабе цяпер хавае?
Снуецца нечысьць там ліхая,
Сьмярцьвец пад ёлкай прытуліўся,
На іх цяпер утарапіўся
І зараз мёртваю рукою
Пачне хрысьціць перад сабою,
Каб рух адняць, скаваць іх сілу,
Каб зацягнуць іх у магілу.
Там ходзіць страшны воўк-бадзяга,
Разбойнік крадзецца, туляга,
З акрываўлёнаю рукою
І з страшнай цяжкай булавою.
Шалёны бегае, пужае,
Каго ні стрэне — ўсіх кусае…
— Ну, што, брат Костусь, ці баішся?
Куды так пільна ты глядзіш ўсё?! —
Алесь паціханьку пытае
І руку брата ня пускае.
— Ці бачыш што? — Не, так, нічога! —
Гаворыць Костусь, а ў самога
На лоб кучомка напаўзае…
— Мо’ пойдзем, братка? — ён гаворыць.
Алесь ахвоцен і ня спорыць.
Браты за рукі пабяруцца,
Ў зямлянку вобцас панясуцца.