XII. Сэсія XIII. Падгляд пчол
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XIV. Дарэктар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XIII.

ПАДГЛЯД ПЧОЛ.

Пакуль што досыць аб панох:
Яны прыеліся, дальбог!
Яны бяз сэрца і сьляпыя
І ўсе заходы іх пустыя,
І пусты іх ўсе імкненьні
Назад ход часаў павярнуць
І дзіркі палкамі заткуць
І перарваць жывыя зьвеньні,
Якіх вякі не перарвалі
У гістарычным перавале.
Ім цёмна, нема кніга лёсу,
Яны ня бачаць далей носу
І рубяжоў свае пасады…
А ну іх к ліху! ну іх к ляду!
Час у Пярэчча йзноў вярнуцца
І ў іншых хвалях скупануцца.
Парэчча — слаўная мясьціна,
Куток прыгожы і вясёлы:
Як мора — лес, як неба — долы;
Зіхціць у кветках лугавіна…
А колькі ягад і парэчак!
Як пахне мёдам поле грэчак,
Калі пачнуць яны цьвісьці!..
Ну, як тут пчол не завясьці:
Ім столькі выгад тут, прастору!
Яшчэ з вясны, ў час перабору
Сюды прывезьлі пчол калоду,
Ну, так, між іншым, для заводу.
Але ручыцца сталі пчолкі.
Знайшліся людзі для суполкі:
Хто вульлем браў пустым, грашамі,
А хто падмазваў барышамі.
І як ня прымеш чалавека?
А ня прыймі, то небясьпека:
Памысьліць ён табе, брат, зла
Ня любіць зайздрасьці пчала.
Антось у дзеле тым пчаліным
Вёў першы рэй галоўным чынам.
Хоць гэта новая навука
На першых часах была мука,
І першы крок у новай ролі
Ён не забудзе — не, ніколі!
У летні поўдзень — была сьпёка —
Выходзіць рой, снуе высока,
І на вярбе ўгары садзіцца,
Ніяк туды не даступіцца.
Антось бярэ куродым, сіта,
Глядзіць на гэты рой сярдзіта:
Вось ня было яшчэ бяды!
Загнаў-жа чорт яго туды!
Палез Антось перш на драбінах,
З драбін цярэбіцца ў галінах.
Сяк-так прыладзіў сіта крышку,
Абрус адсунуў, бярэ лыжку
І толькі чуць крануўся рою,
Гудзе пчала над галавою,
Другая ў вуха — тыц зьнячэўку!
Схіснуўся дзядзька наш на дрэўку
І мімавольна — хоп за сук!
Тут сіта выехала з рук,
А патрывожаныя пчолы
Сьпяваюць хорам, як анёлы,
Але кусаюць пачартоўску.
Згары-ж ты лепей, рой такоўскі!
Угнуўся дзядзька — няма рады,
На землю падаюць прылады:
За імі дзядзька наш з накропам
З вярбы на землю шуснуў снопам.
Схапіўся дзядзька ды наўцекі,
Бяжыць, як-бы шалёны нейкі,
Бяжыць дваром між хлявушкамі,
Ад пчол бароніцца рукамі
Ды пад салаш бяжыць пад стрэху.
Было бяды тут, было сьмеху!
Ды потым дзядзька прывучыўся,
Да пчол зусім прызвычаіўся
І бортнік быў ён акуратны,
Хоць не такі, як Кандрат, здатны….
Тымчасам Спас сьвяты мінуўся,
І лес у чырвань апрануўся.
Дрыжаць у золаце асіны
І гнуцца кісьці верабіны
Пчала аб мёду меней дбае,
І спожыць ёй ужо ня тая:
Таксама-ж вульлі ня пустыя:
Раі ўздужалі маладыя
І мёду трохі нанасілі.
Дык вось кумоў і запрасілі
На гэты дзень падгледжваць пчолы.
Дзянёк быў ціхі і вясёлы,
Мужчыны зранку падгалілісь,
Зусім такі падмаладзісь
У ночвах голавы памылі
І вусы спрытна падкруцілі
Ды мылам іх пашаравалі,
Каб выдатней яны стаялі.
А для гасьцей, сьвятой нядзелькі
Надзелі новыя камзэлькі,
А боты так нашмаравалі,
Што проста шляхту касавалі.
— Зірніся, дзядзька, у люстэрку:
Хоць завярці вазьмі ў паперку,
Хоць у сваты едзь, хоць жаніся? —
Да дзядзькі жарты панясьліся.
— А ты, Ламук, не выскаляйся,
Лепш нос абцерці пастарайся —
Сапляк, унь, губу ўжо мінае! —
Алеся дзядзька падцінае.
«Ламук»-Алесь спускае вочы:
Сягоньня дзядзька не ахвочы
Прыймаць яго такія жарты.
Алесь-жа —хлопец і няўпарты;
Ён моўчкі Костусю ківае,
Пайсьці на двор з ім заклікае.
Разблутаць трэба ім пытаньне,
Якое ўжо карціць ад раньня —
Калі, каму, дзе пасьвіць стадка,
— Скажу я вось як табе, братка:
Мы ўдвох з двара пагонім разам
І папасем пад тоўстым вязам.
Калі кароўкі папаўнеюць,
Бакі іх трохі пакруглеюць,
Тады запусьцім на балота.
І… закіпіць у нас работа:
То ты, то я — на перамену!
І дзе я толькі мёд той дзену?
Жывот зрабіць хіба ў дзьве столкі,
Як мех Баландзішын на зёлкі? —
І хлопцы ў згодзе жартавалі
Ды ў лес за рэчку паглядалі.
Пазбыўшы важнае пытаньне,
Чакалі першага спатканьня
З гасьцьмі, якіх сюды наедзе
Мо ўжо хто клыгае з іх недзе.
Малыя дзеці і дзяўчаткі
Вярцеліся больш каля маткі:
То, часам, ёй чым памагалі,
А часам, проста заміналі.
У ўсіх была тут думка тая,
Што дзень сягоньня ня звычайны,
А дзень асобны, рознастайны,
Які ў год толькі раз бывае.
На гэты дзень і сама хата
Была прыбрана зухавата:
Памыты лавы, стол, падлога,
А каля покуця сьвятога
Дзьве сьцены клёнамі убраны:
Абрусам белым стол засланы,
Сьвятых паперам агарнулі —
Яны лагодней нейк зірнулі,
Як-бы ім вельмі падабалась,
Што ім увага, дадавалась.
Мужчыны зараз па сьняданьні
Пайшлі ў гумно на спачываньне —
Аддаць мінуту для драмоты.
Прыветна скрыпнулі вароты,
З вясёлым шумам расчынілісь,
Ў гумне мужчыны прыпынілісь.
Ўсяго паўнютка, хвала богу, —
Збажынкі новай і мурогу.
Здавалась, стрэхі і пярылы
Ўсяго трымаць ня мелі сілы,
Бо з двух бакоў над самым токам
Калі на іх ты кінеш вокам,
Сянцо, збажынка навісала.
Тут лугам, полем патыхала,
А на гвазьдзі ў таўшчэрным шуле
Цапы віселі, бы заснулі,
А вілы, граблі і мяцёлкі,
Малацьбітовы прыяцёлкі,
Каля варот адны стаялі —
Таксама працы ўжо чакалі.
— У нас сяголета — сьвяціся!
— Так, дзякуй богу, паджыліся.
— Эх, брат Міхась, была-б то ўласнасьць —
Зямля ўся гэта, сенажаці!…
Чаго-б жадаць тут болей, браце
І лес, і паша, неба яснасьць,
І чысты дух, і рэчка-Нёман…
Куток павабны тут захован!
— Э, каб гэта свая ўлада!
На што-б і лепшая пасада? —
Міхал выразна замаўкае
І торпы вокам акідае.
— Так, брат! падумаць моцна трэба —
Само ня зваліцца нам з неба, —
Каб мець больш поўны свой прыпынак
І мець у ўласнасьці будынак… —
І так яны разгаманілісь,
Што й на салому не лажылісь.
І ўсё-ж ня бацькаўшчына гэта:
Жывеш да часу, з лета ў лета,
А ліха вынікне якое —
Падумаць жудасна пра тое…
Чаго-ж у жыцьці не хапае?
Дзе гэта сіла, дзе моц тая,
Што перашкод сабе ня мае
І ставіць зразу ўсіх на ногі,
Вядзе на вольныя дарогі
І сьвет прасторны адчыняе?
— Дзьве рэчы трэба мець, каханы!
Адна рэч — розум выхаваны:
Умець прадгледзіць, прылаўчыцца,
На цьвёрдым грунце закрапіцца.
Другая рэч, Антось харошы:
Таксама трэба мець і грошы, —
Міхал прамовіў ціхім басам.
Алесь і Костусь гэтым часам
Гасьцей пад дубам вартавалі
І між сабою жартавалі.
— Згадай, Кастусь, — Алесь пытае: —
Хто першы ў госьці завітае?
— Ну, хто-ж? вядома — Юрка, дружа.
— Чаму? — Бо мёд ён любіць дужа:
А там, глядзі, Язэп прыпрэцца
І Фабіян з ім з Караліны…
Падвып‘юць, ведаеш, мужчыны,
Ото гаворка, распачнецца!
А там Кандрат вазьмецца ў бокі,
Напэўна пойдзе ён у скокі;
Яго Ялэўка падтрымае,
А Вухін песьню засьпявае:
«Пі гарэлку, суседзе!…»,
— Глядзі, глядзі! хто гэта едзе? —
Алесь ускочыў, пазірае,
І локцем Костуся таўхае.
— Ды гэта-ж Вухін, брат! ён самы! —
І хлопцы кінуліся ў браму,
Бягуць навыперадкі ў хату.
— Ўжо Вухін едзе! Вухін, тата!
— Цыц! ня сьмець казаць мянушку,
А то зьніму на вас папружку! —
І бацька бровы пасувае,
Пільчак чысьцейшы адзявае,
Ідзе на двор для прывітаньня,
І для пачэснага спатканьня.
Андроцкі Вухін пад‘яжджае
І так каня свайго спыняе.
Як-бы супыну конь ня мае.
Хоць конь, як вол, непаваротны
І бегчы ўжо ня так ахвотны.
Кадушка-Зося сонцам зьяе:
Міхал ёй злазіць памагае.
Яна-ж, як гліна, надта цяжка,
Пад ёю крэхча каламашка.
—Ну, проша ў хату! проша, кумка! —
Глядзіць бутэлька, з яе клумка.
Уперавалку, як-бы качка,
У хату йдзе кума-сваячка.
Тут гаспадыня выбягае,
Ёй дзьверы ў сені адчыняе:
Кабеты тварамі самкнулісь
І так прыемна усьміхнулісь,
Як-бы дзьве рэчкі тут злучылісь,
Гарохам словы пакацілісь.
— А дзе-ж мая дачка хрышчона? —
Спытала Зося: — дзе Алёна? —
Ваўчком Алёнка пазірае;
Яе тут Зося абнімае,
Гасьцінцам дзеўчынку трактуе,
Яе і песьціць і цалуе,
У вочкі ёй глядзіць прыветна —
Сама Яхіміха безьдзетна.
Алесь пад гэты шум вітаньня
Разгледзіў клумак ўвесь дазваньня
І шэпча Костусю на вуха:
— Там, брат, гарэлка-весялуха
І каравай, і сыр, як плаха.
Эх, каб ня было, брат, таго страху,
Ось-бы дзе можна пажывіцца!
Але чакайце: даляжыцца
І караваю закаштую,
Цябе таксама пачастую! —
І хлопцы толькі пасьмяялісь
Ды вон за дзьверы паімчалісь.
Яхімаў воз ужо прыбралі,
Каня на лейцы навязалі
Ў кустох альховых каля дуба,
Дзе пагуляць было так люба.
Яшчэ счакаўшы з паўгадзіны,
Язэп прыехаў з Караліны,
Жыхар заможны і выдатны,
Ва ўсім прыкладны, акуратны —
І ў гаспадарцы, і ў банкеце, —
Ў паноў быў, нават, на прымеце,
Такі уважны і шляхетны,
Далёка ў воласьці прыметны.
Хоць не шляхецкага ён роду,
Але падтрымліваў іх моду,
А гаспадыняй меў дваранку,
Вельмі панадную шляхцянку,
З прыгожым тварам, з тонкім станам.
Жыў у хвальварку Язэп панам
І гаспадарку вёў умела.
Само сабою зразумела,
Чаму спаткалі тут пачэсна
Гаспадары з гасьцьмі сумесна.
А там Кандрат каня сьцябае.
— «Гэ, сьмерць турэцкая!» — гукае.
Як толькі згледзілі Кандрата,
Загаманіла зараз хата.
— Ну, вот і бортнік наш імчыцца,
Усіх насьмешыць, раскрычыцца:
„Ноль! сьмерць турэцкая! мякіна!“ —
Кандрат жартлівы быў мужчына
І каля пчолак хадзіў сьмела,
Бо надта добра ведаў дзела,
(Прынамсі гэтак тут казалі,
Калі Кандрата разьбіралі).
Прыехаў з маткаю старою.
Якую зваў часьцей савою.
Худы, высокі, сухарлявы,
Для ўсіх жаданы і цікавы,
Вайшоў Кандрат і павітаўся
І пра здароўе распытаўся.
Дарота, Пальчыха старая,
Таксама хлебам дом вітае —
Такі ўжо звычай беларускі, —
У клумку выпіўка, закускі.
Калі ўсе госьці пазьбіралісь,
Антось з Кандратам пажагналісь,
Ўзялі і ночвы і куродым.
— Ну, памажы, сьвяты Мікодым!..
Куды ты лезеш? ось, дурная! —
Кандрат з пчалою размаўляе;
А пчолка, быццам ў павуціне,
Ў яго заблуталась шчаціне.
Злавіў пчалу і адкідае,
Даўжнік павольненька, выймае,
— Ах, вы, гультайкі! плястры голы,
Хоць вы даўно старыя пчолы…
Дай дыму ім! дай, дай ім дыму!..
Га, трохі ёсьць! давайце выму, —
Кандрат дзялянкі падразае
І крэхча, бедны, і пацее,
Пчала, ад дыму бы п’янее,
Ў галовы далей запаўзае.
— Насілі, бедныя, зьбіралі,
А мы ў мінуту ўсё забралі, —
Тут пчолкам шчыра спагадаюць
Ды новы вулей падглядаюць,
Пакуль усіх не перабралі
І ночвы мёду не надралі.
Гудуць пакрыўджаныя пчолкі,
Бы плачуць, бедныя саколкі,
Што праца іх неспадзявана,
Людзкою хцівасьцю забрана.
Прынесьлі ночвы мёду ў хату.
На долю выпала, Кандрату
Дзяліць мёд гэты між кумамі.
Жанкі ідуць сюды з збанамі.
Тут сьмех і жарты, таўканіна, —
Найцікавейшая часіна!
І стол тымчасам накрываюць,
Гасьцей шумлівых запрашаюць.
Садзяцца госьці, ды ня зразу,
За стол ня лезуць для паказу,
Бо так шляхетнасьць вымагае.
Ідзе тут спрэчка не малая,
Калі пачнуць тут адмаўляцца:
— Сядай, Язэп! — Няхай садзяцца,
А я прыткнуся потым з краю.
— Ах, вось, дзіўны!.. — Ну, ну, сядаю!
— Пан Фабіян і ты, Кандраце,
Яхім і Ян і Юрка-браце!
Ну, проша-ж, проша! — Пасадзілі,
Такім-жа чынам упрасілі
Жанок прысесьці тут на ўслоне.
Антось у ход пусьціў далоні
І коркі спрытна, выбівае —
Так, што зьдзіўленьне выклікае.
Крыніцы бурнага натхненьня,
Мінут вясёлых, ажыўленьня,
Стаяць, як біскупы, бутэлі,
І ласа ўсе на іх глядзелі.
Ляжыць гарамі ў іх падножжы
Закуска, гэта міласьць божжа:
Тут сыр, як першы сьнег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсьць у Беларусі.
А масла!.. Не! маўчу, баюся
У час пайковай суяты
Дражніць пустыя жываты.
Мой мілы Янка, мой Купала!
Ў агульны вір нас доля ўгнала.
Чаму-ж, чаму часінай тою
Мы не спаткаліся з табою,
Каб стол сялянскага банкету
Разьвесяліў душу паэту?
Міхал тут чарку налівае.
— Ну, да каго-ж мне піць? — пытае,
Гасьцей абводзячы вачыма.
— Пускай з канца, пачні з Яхіма.
— Ну, кум Яхім, стары дружака!
Няхай міне нас гора ўсяка;
Дай божа добрую прыгоду,
Каб больш на лета было мёду;
Каб мы пілі, яшчэ прасілі,
Каб на галовах захадзілі.
Дык будзь здароў! — Ну, дай-жа, божа!
— За ваша, госьцейкі, здароўе! —
І пасьля гэтага прыслоўя
Міхал куляе чарку гожа;
Глынуў і губы абцірае,
Яхіму чарку налівае.
З рук ў рукі чарка захадзіла
І ў галавах зашаламіла.
І госьці што раз весялеюць,
Ўсё больш іх твары чырванеюць,
А голас крэпне і дужае,
І сьмех гаворку аздабляе.
Для ўсіх ласкава і пачціва,
Як-бы пад ветрам тая ніва,
Гасьцей частуе гаспадыня,
І на ўсіх чыста вокам кіне,
То сыр, то масла ім падносіць
І закусіць так шчыра просіць.
— Ну, закусеце-ж, калі ласка!
Вось проша сыру, проша мяска,
Ці кумпячка або каўбаскі,
Ну, пірага хоць закаштуйце,
Бярэце масла, не шкадуйце! —
Бутэлька выпіта; другая,
Як бачыш, месца, заступае,
А госьці вокрыкам зьдзіўленьня
Яе вітаюць тут зьяўленьне.
Жанкі, таксама, балявалі
І ад мужчын не адставалі,
Але ад іх адмежавалісь —
Сваёй гарэлкай частавалісь.
Гарэлка-ж іх тым адлічалась,
Што ў бутлі слодыч дадавалась.
І вось зірнуць было цікава,
Як у жанок вялася бава,
І колькі мілых было сварак,
Як адмаўляліся ад чарак!
— Ну, проша-ж, пані Юзафова!
— Ой, не, не, кумка, даю слова!
Зусім я п’яна, бойся бога!
— Ну, выпі-ж, кумачка, нічога! —
Кума на просьбу паддаецца,
За чарку тройчы ўжо бярэцца
І толькі-толькі прыгубляе
І чаркі йзноў не дапівае
І руку цягне да бутэлькі.
— Ня дам, кума! ня дам, Анэлька!
(Бо ўжо так звычай вымагае:
Хто чарку п’е, той налівае).
Ну, выпі-ж чысьценька-чысьцютка!
— Ой, я-ж п’янею вельмі хутка!
Язэп мой лысы, унь, сярдуе! —
Куму Анэлька тут цалуе
І адмаўленьне тым канчае,
Што гэту чарку асушае.
І вось жанчыны ня стрывалі
І песьню-кпіну засьпявалі,
Каб пасьмяяцца, з нежанатых:
З Антося, Яські і Кандрата.

«Сядзіць дома, як пужала,
Не з кім слова мовіць;
Ой, жаніся-ж: часу мала,
Старасьць цябе зловіць!
Пастарэеш, небарака,
Дзеўкі ўсе зракуцца,
А ты будзеш, як сабака,
Туляцца і гнуцца
І падлізваць будзеш місы,
Не свае — чужыя!…
Дык жаніся, Кандрат лысы,
Жанецесь, дурныя!»

— Ну, зацягнулі ўжо, завылі!
Адно-б вы толькі і жанілі!
У, турэцкія вы сваці!
Як вас няма, то й ціха ў хаце! —
Кандрат вачыма тут бліскае,
А Яська, брат яго, сьпявае:

«Я — адзін; сьцежкі мне
Адчынены ўсюды.
А як жэнішся, тады
Не хадзі нікуды.
Я — адзін, я — казак
І на ліха жонка?

Яна зьвяжа цябе,
Чортава галёнка!
Бог мужчыну стварыў,
Потым памыліўся;
Драў чупрыну Адам,
Што з Евай жаніўся.

— Вось так вы іх! вось, малайчыны! —
І аж ня ўрымстуюць мужчыны.
— Ну, выпіць, выпіць, хлопцы, трэба!
Яхім! пускай, брат, да Язепа!
— Не, брат Міхась, дальбог, ня буду!
— Пі!.. ня люблю цябе, маруду! —
Яхім дайшоў да пункту тога,
Дзе ён у сьведкі клікаў бога,
Што больш ня вып‘е ўжо нічога.
Але Яхімаў звычай зналі,
Дружней мужчыны пасядалі,
І наш Яхім, хоць і бажыўся,
Але й з бажбою піць злажыўся.
А далей ён такім-жа чынам
Рабіў замінкі тут мужчынам,
Але піў чарку ў чарку з імі —
І вось ён лыпае вачымі
І рукі зараз разьнімае,
Старую песьню зачынае:

«Ой, ляцеў авадзень,
А насустрэч мушка.
Прыхіліся, кума:
Пашапчу на вушка!»

На хату Ганна выступае,
У ладкі плешча, падпявае:

«Заіграйце, музыкі,
Каб я паскакала;
Купіў бацька чаравікі,
Каб я патаптала!»

Мужчыны выклік той прыймаюць
І Фабіяна выпіхаюць.
У скокі зараз-жа пусьціўся
Наш Фабіян і закруціўся.

«Падзівіся, Гапка,
Як трасецца шапка!»

А замест шапкі валасамі
Трасе, як вецер каласамі,
І разьмінае свае косьці.
І разышліся нашы госьці.
Тут грэбень Пальчык Ян хапае,
Сюды паперку далучае
Ды так-жа грае спрытна, здольна,
Што ногі скачуць мімавольна.

«Бяз музыкі, бяз дуды
Скачуць ногі ня туды;
Грай-жа, дудка мая!
Куды дудка, туды я!»

Сам гаспадар з кумой Анэлькай,
Руку прыгнуўшы над камзэлькай,
На панскі лад мяце-вальцуе,
Ўсіх далікатнасьцю касуе.
Таксама Юзаф з Караліны
Ня траціць добрае часіны —
І з гаспадыняй так кружыўся,
Аж покі потам лоб ня змыўся.
Андроцкі кінуў і бажыцца,
Сядзіць, ня можа варушыцца;
Адзін з ім Юрка яшчэ бае;
Яхім-жа тоненька сьпявае:

«Пі гарэлку, мой суседзе,
Покі п‘ецца!
Конь да дому сам заедзе,
Не саб‘ецца».

— Скакаць хачу! Хто мне паграе?
Музыку! — Пальчык Ян гукае.
І, не чакаючы адказу,
У танцы рынуўся адразу.
Прысеў наш Яська, закруціўся
Ды як пайшоў, ды як пусьціўся!
Адкуль і дзе і што бярэцца —
З дарогі ўсё зьмяце, здаецца.

«Там-там! тара-рам!
Там-та-ціта, ціта-там!
Хадзі, хата, хадзі, печ!
Не шкадуй-жа сваіх плеч!

Я найму дудара,
Дударыка-камара.
Грай, дударыку, грай,
А ты, муха, выцінай!
Грай на скрыпцы, сьляпень,
На, басэтлі, авадзень!
Чмель, у бубен бубні!
Шэршань, песьню утні!
Я хачу паскакаць,
Ўсіх на баль паскліваць.

Разгарніся-ж, душа!
Сьцеражыся Тамаша!
Бо тады толькі пан,
Калі добра я п‘ян;
Тады весел і рад,
І сам чорт мне ня брат!..

Там-там, тара-рам!
Там-та-ціта, ціта-там!

Лысы чорт бег з балота:
Надаела адзінота.
І хіцёр, а змыліўся,
Ажаніўся і — ўтапіўся.
А ня будзь, чорце, слабы,
І ня рэмсьціся да бабы:
Баба доўгі волас мае,
Каго хочаш, ашукае —
І Язэпа і Міхала,
А мяне не ашукала!
Хіба, толькі розум страчу,
То й я тое ліха ўбачу.
Але не, недачаканьне!
Не пацярплю ашуканьня!»

Тут госьці з месца паўставалі,
У ладкі білі, падпявалі.
— Бадай ён скіс! ото прыўдаўся! —
А Пальчык пыху набіраўся!
І ўсё нагамі вырабляе,
Як-бы сам чорт яго шугае;
І плечы скачуць, рукі ходзяць
І ў абурэньне ўсіх прыводзяць.

Тымчасам стала і зьмяркацца.
— Панове! час, ой, час зьбірацца!
— А пасядзеце, пагуляйце,
Павесялецесь, пасьпявайце.
— Ну песьню, песьню! пачынайце!

«Ой, пара вячэраць, няма-ж бацькі дома.
Ці яму дарожка гэта незнаёма?
Ці ён памыліўся, ці конічак зьбіўся?
Ці сярод дарогі ён адзін спыніўся?
Блудная дарога, ды конь яе знае,
Толькі-ж конік волі сам прыйсьці ня мае.
Ой, хто-ж па дарозе каня паганяе,
Каня паганяе, сам песьню сьпявае?
А то сусед едзе з гасьцінцам вялікім —
Вязе сыну боты, дочцы чаравікі.
А нашага бацькі ўсё няма — гуляе
І пра сваю хату, пра дзяцей ня дбае.
Пара спаць лажыцца, няма бацькі дома,
І дарога біта і добра знаёма.
Вось і поўнач скора, а ўсё няма таты!..
Ой, пара нам, госьці, ой, пара да хаты!»

І нейкі жаль няяснай страты
Ад гэтай песьні патыхае.
На сьвеце ўсё канец свой мае,
І ты, мінуціна зьмярканьня,
Сьпяеш нам песьню расставаньня.
І госьці свой банкет канчаюць,
Адны другім дабра жадаюць,
А ў час апошні разьвітаньня
Стаялі цмокі цалаваньня.
— Ну, выбачайце-ж, ня крыўдуйце,
Калі што кепска, то даруйце! —