XIV. Дарэктар XV. Начаткі
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XVI. Вечарамі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XV.

«НАЧАТКІ».

Мінула ночка. Дзень праз вокны
Зьнішчае цёмныя валокны,
На печ, у запек зазірае
І ночку з хаты выціскае,
У печы ўжо палаюць дровы,
І іх астатнія размовы
Так гучна, бойка застралялі,
Як-бы паны запалявалі.
Хлапцы памыліся рупліва,
І ўсе з дарэктарам пачціва,
Пасталі ў рад прад абразамі.
— Малецеся-ж вы… са сьлязамі!
Каб даў бог здольнасьці, ахвоты
Да вашай новае работы,
Панятнасьць добрую і памяць
Ўсё браць на розум вам і цяміць,
І каб да кнігі вас гарнула, —
Сказаў Міхал сыном прачула.
І хлопцы ў нейкім захапленьні
Пасталі раптам на калені
І так набожненька малілісь,
Што аб падлогу лбамі білісь.
— А па сьняданьні на навуку!
І не чакаць мне на пануку,
І самі знайце свой парадак,
Каб і да кніг, як да аладак,
Таксама дружна наляталі. —
Дарэктар, хлопцы — ўсе маўчалі,
Схіліўшы ўдумныя галовы,
Пакуль ня кончылісь прамовы.
— А ты, дарэктар, ведай дзела:
Прыпры іх добра, як вужакаў,
Каб аж заенчыў і заплакаў,
Каб у галовах іх кіпела!
Калі-ж чаго не зразумее,
Або ня ў часе задурэе,
Ці так падыме часам спрэчку, —
Стаў на калені і на грэчку! —
«Ого!» падумалі хлапяты:
«Няўжо дарэктар так заўзяты,
Што будзе права сваё правіць
І на калені што дзень ставіць?
Ну, што-ж? пабачым, памяркуем,
А зьдзеку, кпін не падаруем.
Няхай адно кране за вуха:
Як ён на двор выйдзе, псяюха,
Адзін бяз нас, як цёмна стане?
Тады што скажаш нам, Іване?»
Але навука аказалась
Ня гэтак страшна, як здавалась.
Дарэктар выдаўся мяркоўны
І лепшы нават, як свой кроўны;
Умей з ім толькі пагадзіцца,
Раменным вушкам паддабрыцца,
Ці падшыванку зьвіць на лапаць, —
За вуха ён ня будзе цапаць,
Наадварот: тады ты — дока
І пойдзеш ў лекцыях далёка.
І толькі Ўладзя хібіў часта:
Задач ніяк ня браў і — баста;
Як з ім дарэктар наш ні біўся —
Ні з месца, раз ужо спыніўся;
А не — на злосьць яму гаворыць,
А то часамі з ім і спорыць
Ці проста дражніцца, сьмяецца,
І ўзяць за вуха не даецца.
Тады дарэктар адступаўся
І да другога зварачаўся.
Ды толькі вось чым скутак дрэнны:
Міхал быў сам крыху пісьменны
І падлавіў ён раз Алеся:
Ў законе божым, як у лесе,
Ня цяміў хлопец нічагутка;
Адам і Ева, збойца Каін
Разоў пятнаццаць ім аблаен,
Але няма ўсё таго скутку:
Два словы скажа і запнецца,
Бы галава там чым заткнецца,
Ну, проста зробіцца, як звон.
Алеся лаюць за закон:
— Ото бяспамятны дурніца!
Бадай ты спрогся быў, тупіца! —
Сьмяюцца, строяць з хлопца кпіны,
Няма спакою ні часіны.
Алесь пакутуе і плача:
Надыйдзе-ж гэтака няўдача!
І вось, зашыўшыся на печы,
Ён разважае недарэчы:
Як тут зрабіць і што парадзіць?
Куды-б „закон“ яму справадзіць?
— Згарэлі-б вы былі, «начаткі»!
Парву нашчэнт вас, небажаткі!…
А што-ж? пакромсаць іх і квіта!
Абы зрабіць тут шыта-крыта!..
Алесь па сталым разважаньні
Прыйшоў да тога пракананьня,
Што каб палепшылась вучэба,
То гэту кнігу зьнішчыць трэба.
І вось уночы наш дабродзей
Ўстае і крадзецца, як злодзей,
І кнігі з скрынкі выкідае
І пад сталом іх растрасае,
А ненавісныя „начаткі“
Парваў па самыя акладкі:
«Вось вам, Абрам, Ісак і Якаў!
Паплачце вы, бо я ўжо плакаў!»
Зрабіўшы строгую расправу,
Ён кінуў далей іх пад лаву,
Як быццам тут каты гулялі
І штук такіх навытваралі
Сваімі гульнямі і скокам,
І скрынку ставіць Алесь бокам.
Паслухаў: не — ніхто ня чуе,
І ў запек ціхенька шыбуе.
Назаўтра раненька дасьвету
Руплівасьць матку падымае.
Яна ўстае, крыху ўздыхае,
Работа розная чакае,
І рух находзіць на кабету.
Карчажку паліць на камінку,
Садзіцца прасьці на часінку,
Пакуль у печы не падпаліць,
Тады работа ўся наваліць.
І дзядзька зараз абудзіўся,
У вокны глянуў — мо’ спазьніўся.
— Ох, трэба-ж борзда абувацца
І з малацьбою пасьпяшацца,
Бо мышы збожжа й так паелі, —
І злазіць борзьдзенька, з пасьцелі.
Алесь ня спіць — ён у трывозе:
Што на сягоняшняй дарозе
Яго з «начаткамі» чакае?
Як сойдзе хітрасьць яго тая? —
А як ўспомніць пра «начаткі»,
Так і палезе душа ў пяткі.
Абуўся дзядзька, штось шукае
І раптам голасна пытае:
— А во! хто-ж кнігі так раскідаў?! —
Алесь нічым сябе ня выдаў,
Заплюшчыў вочы і чакае,
Чакае, што тут далей будзе.
— Скажеце, міленькія людзі!
Мае-ж вы родненькія маткі:
Як расчвартованы «начаткі!» —
Пад лавай дзядзька вядзе сьледзтва:
— Якое зроблена, калецтва! —
І маці прасьці перастала,
Глядзіць і дзівіцца нямала.
— Каты напэўна, — кажа, маці, —
Бо гэтак бегаюць па хаце,
Калі разыйдуцца часамі! —
Алесь падзячан добрай маме,
Бо маці ў тон яму трапляе
І на катоў віну ўскладае.
І бацька ўстаў на гэту справу
Пабачыць дзіўную праяву,
«Ўсё будзе добра, калі тата
Ня надта возьмецца заўзята» —
Алесь пад коўдрай разважае,
І страх мацней яго шугае.
Да кніжак тут усе сышліся,
І разважаньні пачаліся.
«Начаткі» доўга разглядалі,
Як іх «каты» пашматавалі.
Алесь за печчу весялее,
Але падняцца ён ня сьмее,
Каб там чаго не наплясьці,
На сьлед старэйшых не ўзьвясьці…
— Не: трэба ўстаць, устаць канечна,
Бо так ляжаць, брат, небясьпечна! —
Яго аж коле пад лапаткі.
Ўстае, глядзіць ён на «начаткі»,
Глядзіць ды ў сьлёзы! як заплача!
«Ах, ты, халерына кацяча!»
Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі,
І ў абурэньне, ў жаль вялікі,
Катоў ён бедных б’е, ганяе,
За хіб у сені выкідае,
Як бы яму тыя «начаткі»
Мілей і бацькі, мілей маткі.
— А гэта Каіну ня шкодзіць:
На што ён бога ў зман уводзіць?
Няхай братоў не забівае! —
«Начаткі» дзядзька разглядае,
Ківае хітра на Алеся: —
Няма ні Сіма, брат, ні Хама,
Падралі ў дрэбезгі Адама,
А Ева дзесь сядзіць на стрэсе,
Нідзе ня знойдзеш Салямона,
Кот на хвасьце панёс Самсона.
Тут, брат, Ісая і Агей,
Прарок Ільля і Ялісей.
Пастаў цяпер ты богу сьвечку,
За цэп бярыся ды за грэчку,
«Начаткі-ж» сунь ідзі пад стрэху! —
І аж заходзіцца ад сьмеху.
— А каб яны павыдыхалі!
Чаму задачніка ня рвалі? —
Сказаў Уладзя ў засмучэньні: —
Дае-ж такія бог здарэньні,
Але ня мне яны трапляюць,
Мяне заўсёды абмінаюць. —
— Тут нават бацька ня стрымаўся
І нечакана засьмяяўся.
Алесь пачуў — мінула ліха!
І сам сябе ён хваліць ціха,
І так на сэрцы праясьнілась,
Як-бы гара з плячэй скацілась.
І думаў ён і пацяшаўся,
Што ўжо з законам паквітаўся,
І цэлы дзень ён быў вясёлы,
Як-бы нясьлі яго анёлы.
Ды памыліўся ён бязьмеры:
Прыходзіць бацька па вячэры,
Алеся з запеку ён кліча
Ды ў нос «начаткі» яму тыча!
— Глядзі-ж ты іх цяпер, як вока:
Папруга ўжо ня так далёка;
Калі каты іх зноў парвуць,
То паўхіры тут паўстаюць! —
І тое месца сына-блазна
Айцец паказвае выразна.
Алесь, у смутку джургануўшысь,
Пашыўся ў запечак, сагнуўшысь.
І доўга ён заснуць ня можа:
Зноў Лот, Абрам… Мой моцны божа!
У ваччу «начаткі» мітусяцца,
Ад іх ня можна адвязацца;
Зноў тая самая бядота.
Зноў сьлёзы, крыўда і згрызота,
Адно Алеся суцяшала —
І Кастуся бяда спаткала:
Кастусь на «верыі» сеў макам, —
Абодвым кепска, небаракам!
І кажа раз Алесік брату:
— Закінем кнігі ў сьнег за хату —
Ты «верую», а я «начаткі»,
І пойдуць іншыя парадкі.
— А будуць біць? — То што? паплачам,
Затое-ж потым мы паскачам!
— А тата кніжак зноў дастане?
— Ну й што? і тым дамо мы рады,
А там падыдуць і Каляды,
А там, дасьць бог, вясна настане…
Эх, брат: які ты баязьлівы!
Ня бойся, Костусь: будзем жывы!
Чаго баяцца? нічагутка!
Закінем іх у сьнег ціхутка.
А ты маўчок! ні шэп! ні слова,
І ўсё, брат, пойдзе адмыслова.
— Не, брат Алеська: не рабі ты,
Бо тата наш такі сярдзіты!
— Дык ты ня хочаш? — Не: баюся!
— Адзін і я, брат, адступлюся, —
Сказаў Алесь і засмуціўся
І ў свае думкі углыбіўся.
Па скорым часе ранічкою
Алесь у кепскім быў настроі:
Хадзіў, бурчаў, ня змоўчваў маме,
Ўсё дагары вярнуў нагамі,
— Бадай яны былі згарэлі!
І дзе чарты іх тут падзелі?..
— Чаго ты шворышся, мармотка? —
Ў пытаньні маткі злосьці нотка
Зусім Алеся угнявіла.
Зірнуў на матку ён няміла.
— Няма, «начатак!» — Зноў «начаткі?»
Калі ўжо будуць ім канчаткі? —
Ён ператрос і вугалочкі,
Як ёсьць, аблазіў і куточкі;
Глядзеў за бэльку і ў пячуру,
Падняў такую шуру-буру,
Што хоць ты з хаты выбірайся
І тых «начатак» адцурайся.
Алесь раскіс і ня ў гуморы.
— Мо’ іх забраў Марцін з каморы?
(Марцін нядаўначка з кватэры
Прыносіў нейкія паперы).
Алесь Марціна прыплятае
І ўсё шукае ды шукае
І не знаходзіць сваю страту.
З гуменца бацька шусь у хату!
І, не гаворачы нічога,
Рвануўся раптам да малога!
Аж задрыжаў. І ў момант вока,
Ў гары матнуўся пас высока,
І ў тую-ж самую хвіліну
Агнём апёк Алесю сьпіну.
Алесь заенчыў праразьліва,
Упаў і зноў схапіўся жыва,
А дзеці ў плач, ў енк, у сьлёзы,
І ўсе рассыпалісь, як козы;
А бацька, страшны, поўны злосьці,
Алеся лупіць бяз літосьці;
І маці рады даць ня можа —
Так моцна бацька абурыўся.
Даў бог, Ксавэры налучыўся.
— Пакінь, Міхал! пакінь, нябожа!
Апамятуйся! ці так можна?
Насьмерць заб’еш неасьцарожна! —
Прыбег і дзядзька на падмогу,
Насілу вырвалі нябогу.
А бацька сек, пытаў скрозь гнеў:
— Куды «начаткі», гад, задзеў? —
Алесь бяз вопраткі і босы
Бяжыць у сьнег, праставалосы,
За хлеў ён чэша безаглядкі:
— А во яны! а во «начаткі!» —

І мушу я адно зазначыць,
Няхай тут праўду кожны ўбачыць,
Што гэта прыкрае здарэньне
Пайшло яму на паляпшэньне.