Адбыў свой час панура-люты.
Дзянёк патрошку прыбывае,
Прыветней сонейка, бліскае,
І рве рачулка свае путы.
Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу:
Прайшоў твой час, дзякаваць богу!
Пабач, старая: там, у полі,
Чарнеюць леташнія ролі!
А ўзгоркі, вунь, паразумнелі,
Бо вельмі значна палыселі.
А лес, глядзі, які вясёлы!
І дуб сьмяецца, хоць і голы.
Паслухай добра: чуеш песьні?
Цяпер яны ўжо не заўчэсьні,
Ужо бо сонейка праменьні
Гатуюць шлюбныя адзеньні
І ткуць карону дарагую
Вянчаць зямельку-маладую…
Пара, зіма, табе складацца
І ўпроч з кудзеляй выбірацца!
І вось у дзень адзін прыўдалы
Загаманілі перавалы.
І гоман, сьпеў і шум усюды,
Як-бы ў цымбалікі і ў дуды
Загралі тысячы музыкаў,
Бы іх на баль тут хто заклікаў.
Ідзе вясна з цудоўнай лірай:
На звон яе зьляцеўся вырай, І жыцьце ўсёды вынікае,
І пташка песьню зачынае.
— Вясна павінна быць раджайна:
Вада шуміць штось нязвычайна,
Як гром далёкі — густа, глуха
І так прыятна нейк для вуха —
Міхась, вярнуўшыся з абходу,
Адзначваў добрую прыгоду.
А Костусь дома ня ўтрывае,
Паслухаць шум той выбягае;
І праўда: гук такі цікавы…
Як мілы гэтыя праявы!
Аб чым гудзе вада так важна,
Так мілагучна, так працяжна?
Напэўна гэтая вадзіца
Мабыць якая чараўніца,
Калі наўперад многа знае
І пра раджайнасьць нешта бае.
І нават тата даў ёй веры.
Праз дзень прышоў наказ з кватэры,
Якога бацька спадзяваўся,
Каб у Камлішчы ён зьбіраўся,
Бо ўжо глушцы затакавалі,
А іх прад сьвятам палявалі;
Але ўпярод, да паляваньня,
У змрок вячэрні і ў сьвітаньне
Туды на подслухі хадзілі,
Глушцоў шукалі і сачылі,
Пакуль паны не прыяжджалі.
Два буданы ў бары стаялі:
Адзін — салаш яловы, просты,
Другі драўляны і з памостам:
І вось, як панства наяжджала,
То тут яно і начавала.
Лясьнік у будцы сваёй гнуўся,
Хоць да агню ён больш гарнуўся;
Але і тут было ня міла:
Адзін бок мёрз, другі смаліла.
Міхал сабраўся, апрануўся
І ў лес павольна пацягнуўся:
Ў лясох сьнягі яшчэ ляжалі,
Ды ўжо з узгоркаў саступалі І больш тулілісь па лагчынах
Ды па цяністых раўчавінах.
Зіма і тут зьбірала клумкі.
Міхал ішоў, з ім йшлі і думкі,
А з імі вобразы ўставалі
І ў сэрцы водгук выклікалі.
І часта хваля абурэньня,
Глухі протэст нездаваленьня
Яго ахваціць і ўскалыша
І гневу знак ў душы напіша.
Паном пацеха і забава,
І ў іх гусьце гэта справа:
А ты, як Каін, валачыся,
У будане па тыднях гніся
Ды часам пану не ўнаровіш
І «пся крэў», «дурня» часта зловіш,
З апошніх слоў цябе аблае,
А то і горш яшчэ трапляе.
Была-б свая зямля і хата!..
Ды будзь ты тры разы праклята,
І служба панская, і ласка,
І доля вечная падпаска!
І многа розных дум устане,
Пакуль будан той з лесу гляне.
Між буданоў агонь палае,
Міхала Пальчык там чакае:
З другога боку йдзе Гавака.
Стары аб’езчык і служака,
Сядзіць Абрыцкі на калодзе
І грэе ногі, люльку курыць,
Зачаў гаворку, балагурыць
Аб рознай рознасьці, прыгодзе.
Чаго ён толькі ні ўспамяне!
Каму ў душу ён ні загляне!
І абгаворыць, пасьмяецца:
Паном таксама дастаецца,
Бо пан Абрыцкі, сказаць сьмела,
Між імі пёрся жыцьце цэла;
Быў на Палесьсі, на, Валыні —
Дзе толькі доля ні закіне!
Сядзеў з ім поруч Дзямідовіч,
З другога боку — Астахновіч, Ўжо лясьнікі немаладыя.
І хлопцы сталыя, такія,
З якімі можна выпіць чарку,
Таксама й езьдзіць па іх карку,
Чаго Абрыцкі ня цураўся.
Па службе выйдзе папушчэньне
Ці так ня важнае здарэньне,
Абрыцкі пэўна ўжо падкусіць,
Данесьці пану аб тым мусіць
Ды ад сябе яшчэ прыбавіць,
Каб чалавека абясславіць:
Дык на яго ня мелі вока
І з ім трымаліся далёка,
Хоць гэта ў вочы не казалі
Ды лясьнікі здарэньне зналі,
Калі Абрыцкі абмахнуўся
І пад Пшавару падвярнуўся.
Пшавара, быў лясьнік сярдзіты,
Апроч таго, ня лыкам шыты:
Шырок, плячыст, як дуб стары,
І з ім да трох не гавары!
І дужы быў ён не па меры.
Ён быў з Абрыцкім на кватэры,
І вось які быў тут учынак:
Пшавараў конь каля драбінак
Стаяў і хрумстаў сабе сена,
Сянцо мурожнае, бы пена.
Вярхом Абрыцкі прыяжджае,
Сюды свайго каня стаўляе.
Пшавара гэта заўважыў.
— О, каб яго пярун распляжыў!
Які-то гад, які вужака,
Які-то кручаны сабака
Пусьціў каня да майго воза?
— Якая страшная пагроза!
І што за тон такі мужыцкі? —
Азваўся з гонарам Абрыцкі: —
Ну, я пусьціў, то што тут будзе?
Табе што з гэтага прыбудзе? —
Ўскіпеў Пшавара ў момант вока;
Дуга была тут недалёка —
Ляжала тут-жа пад рукою — І за Абрыцкім ён з дугою!
Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі,
Бяжыць, як можа, без аглядкі,
Але Пшавара даганяе,
У ход дугу сваю пускае.
Абрыцкі — некуды дзявацца —
Спыніўся, кінуўся кусацца!
Пшавара й гэты бой прыймае:
Схапіў Абрыцкага, трымае,
Зубамі сам дае ён здачы
І нават гыркнуў пасабаччы:
— Калі кусацца, дык кусацца! —
Было з чаго тут пасьмяяцца!..
Тут сам падлоўчы паказаўся,
Ад сьмеху ён чуць не качаўся.
На ўсіх пазыцыях пабіты,
Абрыцкі збавіў тон сярдзіты
І просіць грознага Пшавару:
— Пусьці, братко, панёс я кару! —
Міхал з усімі павітаўся,
Таму, другому засьмяяўся,
Іх жарты жартам адбівае
І стражнікоў разьвесяляе.
— А што, Міхале, мілы браце, —
Абрыцкі кажа: — пэўна ў хаце
Было-б, тэж, лепш, як у будане?
— Няхай тут іх зямля апране:
Паноў, глушцоў і інша ліха,
Тады-б на сьвеце было ціха —
Сказаў Міхал нібы гняўліва: —
Ось возьмем стрэльбы, пойдзем жыва,
Ды хоць у смак папастраляем
І ўсіх глушцоў паразганяем!
— А ты забыўся, — тэж, каханы,
Выпадак быў неспадзяваны,
Як наш Вярыга сьвераноўскі
Вёў на глушца пастражнікоўскі —
Якраз лясьнічага самога:
Тры крокі скокне ён, нябога,
Ды спыніцца і спыніць пана;
Глушца-ж таго і нячувана.
І вось да хвоі даскакалі, Але глушца там не засталі.
Стаяць Вярыга і лясьнічы.
— А дзе глушэц, пан паляўнічы?
— Вось тут сьпяваў, панок, учора,
Ды перастаў на маё гора. —
Вярыга вочы апускае,
Лясьнічы воўкам пазірае
І — плясь у морду нечакана!
Вось як Вярыга падвёў пана!
— Ну, што-ж? натрапіў на такога;
А каб наскочыў на другога,
Сказаць, хоць-бы і на Пшавару:
Задаў-бы ён там пану жару! —
Гавака важна адазваўся;
Абрыцкі толькі аблізаўся,
А лясьнікі зарагаталі
І тым Гаваку падтрымалі.
— Ну, што, панове ягамосьці:
А ці ня час рушыць ў госьці? —
Абрыцкі погляд ускідае
І шчыльна люльку накладае.
— Што-ж! трэба рушыцца — цямнее:
Якраз зьлятаюцца, зладзеі!..
Эх, брат, наняўся — як прадаўся! —
Сказаў Міхал і сам падняўся;
За ім другія паўставалі
І ў цёмны лес павандравалі.
І разышліся ва ўсе бокі
Сачыць глушцоў, шукаць іх токі.
Міхал з дарогі зварачае
І далей, глыбей забірае.
Вось ён разважліва спыніўся,
Прыслухаўся і прытаіўся;
Яшчэ павольненька праходзіць,
Дазорчым вокам лес абводзіць.
Стаяць вакол маўкліва хвоі,
Бы служкі ў панскім дзесь пакоі;
І дрэмлюць чорныя яліны,
І моўкне ў лесе сьпеў птушыны,
І толькі дрозд высьвістваў штучна,
Як на клярнэце, мілагучна;
Ды змоўк і ён, і ўсё зьнямела. У небе зорачка нясьмела,
Над гэтым лесам цемраністым
Зірнула вокам прамяністым.
А лес маўчыць, глухі, таемны.
Міхал — сам слых, але дарэмны
Вушэй чульлівых натужэньні:
Нідзе ні зыку-шарасьценьня,
І толькі шум, бы кім насланы,
Бы тыя гулкія арганы,
Ў вушшу стаіць, грыміць і звоніць
І штось няўцямнае гамоніць.
«Чусь сю! чуг-гі!» — дзесь зык падаўся.
Міхал як-бы чаго спужаўся,
І сэрца ў ім мацней забілась,
І радасьць нейкая зьявілась.
Глушэц чым далей, то ўсё болей
Дзесь на суку за тоўстай хвояй
Расьсеўся важна і балбоча,
А як сьпявае — плюшчыць вочы,
Тады нічога ён ня чуе:
Але ня цягам ён такуе,
А робіць часта перарывы,
Тады ўжо чутак ён на дзіва,
Тады замры і стой зацяты;
Пачне сьпяваць — хоць бі з гарматы.
Міхал стаіць, штось разважае,
Відаць, ён месца замячае,
А кашаль, падла, так і душыць.
Міхал наш з токаў хоча зрушыць,
Ісьці ў будан, той, ды ўнікае:
Другі глушэц ток зачынае,
Перачакаўшы з паўгадзіны,
Міхал павольненька, як можна,
Пакінуў токі; асьцярожна,
Выходзіць зноў на пуцявіны.
Цяпер на збор і ён шыбуе,
Чаго-сь вясёлы, ног ня чуе;
А лясьнікі ўжо ўсе у зборы.
Ідзе гаворка сярод бору
І сьмех і жарты, нават кпіны.
Агонь бадай да палавіны
Высокіх хвояў дасягае. Абрыцкі рапарты прыймае,
Хто чуў глушца, якія токі,
Адлегласьць мерае на крокі,
А Дзямідовіч люльку смаліць,
Ніяк глушцоў сваіх ня хваліць.
— Няма нідзе, папрападалі,
А мо‘ на зіму паздыхалі, —
Гаворыць ён, рукой махае.
Яму Міхал напамінае,
Як летась ён усім на дзіва
Упаляваў зайца, шчасьліва,
Калі той здуру памыліўся
І сам у яму заваліўся.
І ўсе сьмяялісь, рагаталі
І з тога зайца жартавалі.
— А што-ж тут вельмі выпірацца?
І з-за чаго ўжо так старацца?
Брашы ўсю ноч хоць, як сабака —
Адна і ласка і падзяка.
Міхал занадта ўжо служака,
А медалёў не начапілі,
За глупства ў лыжцы-б утапілі.
— Ты праўду кажаш, пан Амброжа,
Ды йначай наш Міхал ня можа:
Натура ўжо яго такая! —
І Астахновіч зазначае.
Вясёлы сьмех і жарты, спорка —
Вядзецца доўгая гаворка,
Будан жыве, будан гуторыць,
Аж покі сон усіх ня зморыць.
|