XXII. На глушцовых токах XXIII. Панская пацеха
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XXIV. Вялікдзень

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXIII.

ПАНСКАЯ ПАЦЕХА.

Якраз пад Вербніцу ў суботу,
У самы сьнег і гразь і слоту
Ў будан Міхал з Алесем пхаўся.
Конь-Ножык клыгаў, аступаўся,
Вада пад коламі плюхцела.
— Бадай тут іх нуда паела!
Вязі з гумна для іх салому
І стол цягні апошні з дому,
Каб мелі дзе, на чым пажэрці,
Бога ня нашага вы, чэрці, —
Міхал паноў кляне і лае;
А ён загад з кватэры мае
Сюды, ў будан, каб смачна спалі
І гора-бы паны ня зналі,
Завезьці стол, услон, саломы.
«Будуй ты ўсюды ім харомы.
Завошта-ж ім, спытаць, пашана?
Навошта бог трымае пана?
Дзеля таго, каб панавалі
І нашым братам папіхалі?
Ці ласку ў бога заслужылі,
Каб іх тут песьцілі, тулілі?..
Эх, брат! усё то — ашуканства!
Калі-нябудзь ім згіне панства».
І чуў Міхал нутром, душою —
Ня мае грунту пад сабою
Вось лад такі на гэтым сьвеце:
Адны ў пашане, тыя ў сьмецьці
І век жывуць пад нейкім страхам,
Ўсе-ж вышлі ў жыцьце адным шляхам!
І што ты зробіш? пакарайся
І аднаго гужа трымайся.
Да буданоў ён пад’яжджае,
Пад’ехаў, коніка спыняе,
Зьнімае стол, услон, салому,
Алеся шле з канём дадому,
А сам агонь тут раскладае,
Салому сушыць, прыбірае,
Бо заўтра будзе паляваньне:
Паны пад-вечар прыяжджаюць,
Іх на кватэры ўжо чакаюць,
Сюды прыпрэ іх у зьмярканьне.
Пад-вечар неба праясьнілась,
І ўсё вакол разьвесялілась.
«Глядзі — паном і тут шанцуе:
Сама пагода ім слугуе,
І сонца сьвеціць, стала ціша —
Багатым чорт дзяцей калыша».
Міхал у думках зазначае
І сам з сабою разважае.
І рупіць гэта паляваньне,
А заўтра ранкам у сьвітаньне
Яму падводзіць трэба пана.
А ну-ж, глушэц неспадзявана,
Зьляціць куды, ці так зарвецца,
Калі на гэта павядзецца,
А ты сьвяці тады вачамі
Перад лясьнічым і панамі.
— А, ты ўжо тут! тырчыць, як паля!
Здароў, як маешся, Міхале?
— А так і маюсь, ягамосьцю! —
Ня то з усьмешкай, ня то з злосьцю
Міхал з будана адазваўся,
А Пальчык громка засьмяяўся.
— Ты, брат, як пан той у будане.
— А што ты думаеш, васпане?
Хіба ня пан? — Міхал падняўся,
Як пан, у бокі важна ўзяўся
І з панскай мінай пахаджае,
Папольску Пальчыка пытае:
— Цо повеш, галган? цо патшэба?
Я далам тобе, дурню, хлеба!..
Ідзь до д’ябла! — Пан праўдзівы! —
Са сьмехам Пальчык адзначае;
Абодвых сьмехам пашыбае
Спатканьня гэты тон жартлівы.
Праз паўгадзіны ўсе сышліся.
Цяпер размовы павяліся
На-конт паноў і паляваньня.
Ох, дасьць Ракоўскі заліваньня,
Калі паном не пашанцуе
І сам глушца не запалюе;
Так і ўскіпіць, як рак чырвоны —
Такі ён кручаны, шалёны!
Сам вінават — цябе аблае,
За няма-што з гразёй зьмяшае.
Ох, і паганая урода,
Прышыбла-б дзе яго калода!
Абрыцкі моўчкі дым пускае
І люльку пальцам прыціскае,
Аб чымся думае сукрыта;
Усьмешка нейкая разьліта
І па твары і пад вусамі,
І толькі ўскіне ён вачамі
То на таго, то на другога,
Ды не прамовіць ён нічога,
Бы засмучае штось старога.
— Ўставайце: едуць! — Ўсе ўсхапілісь,
Захвалявалісь, захадзілісь,
Знакі на грудзях папраўляюць
І на спатканьне выбягаюць
І ўраз спыняюцца, стаяць —
Паноў тых трэба прывітаць.
Паны ў калясцы пад’яжджаюць.
Фурман тут лейцы падцінае,
Стаенных пару прыпыняе,
А пан Абрыцкі з лясьнікамі
Скланілісь нізка прад панамі.
Паны чуць-чуць адно зірнулі,
На іх увагі не зьвярнулі,
Як-бы ня людзі то стаялі,
І ў свой будан павандравалі.
Тут лясьнікі бягом да брычкі,
Бо знаюць панскія прывычкі,
Нясуць іх стрэльбы і пакункі,
Прылады розныя, ладункі
І ў будане іх прыбіраюць,
Паном, як могуць, дагаджаюць.
Паны-ж ня бачаць іх, ня чуюць,
Бярэ іх нейкі рух, жартуюць;
Усё іх цешыць, забаўляе,
На лад вясёлы падымае:
Будан, агонь, начлег цікавы,
Прасьцецкі стол, салома, лавы,
Таксама цешыць паляваньне, —
Ім тут цікава ўсё дазваньня,
Апроч людзей, што ім так дбаюць
І ўсе іх глупствы выпаўняюць.
Тут быў Ракоўскі, пан лясьнічы,
З Нясьвіжа глаўны кіраўнічы
Маёнткаў княжыцкіх, пан Сьвіда,
І трэці пан, даўгі, як дзіда,
Быў пан Кржывіцкі, равізовы,
Яшчэ нябачаны тут, новы.
Цямнее ў лесе. Ноч надходзіць,
Марозік зьлёгка націскае;
На неба месяц усплывае,
Задуму смутную наводзіць
І лес маўклівы азірае.
Гарыць-дрыжыць агонь шумлівы,
А залатыя пералівы,
Вуглёў міганьне-дрыгаценьне
Ім ткуць чароўнае адзеньне:
Шчыты агнёвыя, кароны,
То ярка сьветлы, то чырвоны.
Шугае полымя бурліва,
А іскры-зорачкі шчасьліва
Бягуць-плывуць бліскучым роем
Угору ў голькі к тоўстым хвоям
І ў верхавінах прападаюць,
Бы вочкі плюшчаць, уміраюць.
Тут сьветла, весела, ўсё жыва,
А ў лесе цьма ляжыць маўкліва,
Глядзіць панура, неласкава,
Што ня ў свой час ідзе забава.
Дрыгучы блеск вакол гуляе
І цьму адгэтуль адганяе
І піша здольныя малюнкі
І фарбаў розныя гатункі
Па тоўстых хвоях раскідае,
Дзівоты чараў выяўляе.
Сядзяць паны, як страхі тыя,
А міны важныя такія,
Ўсе няпрыступны і ўсе горды,
Рашучы погляды і цьвёрды,
А ў кожным слове, ў кожным руху
Відна зьнявага да «пся юху».
«Пся юхі»-ж ім усяк слугуюць
І для вячэры стол гатуюць,
Ў агонь бярвеньні падкідаюць
І прад панамі выдыгаюць.
І вось за стол паны садзяцца,
Ім заманулась частавацца:
Кілішкі «вудкай» наліваюць
І чаркі з чаркамі стыкаюць,
Жуюць смажэньне і вяндліну
І хваляць добрую часіну.
А «вудка» больш разьвесяляе:
Пан равізовы зачынае:
«Ешчэ польска не згінэла,
Покі мы жыемы».
Паны адны перад другімі
Шыкуюць жартамі сваімі,
Свой розум, гонар выстаўляюць
І дубальтоўкі выслаўляюць,
Ракоўскі, злосны з лясьнікамі,
Зусім ня той цяпер з панамі.
Паны ў хвальбе ня зналі меры,
Самім сабе ня мелі веры,
Ды пра лганьнё сваё маўчалі,
Не падсяваючы ўсе лгалі.
— А я, — тут Сьвіда выступае,
Ён вус угору падымае
І панству кідае з запалам: —
Седм вількув забіл едным стржалам!»
Паны на момант слупянеюць,
Жаваць іх сківіцы ня сьмеюць:
Загнаў пан Сьвіда ім загвоздку,
Як-бы у горла ўсунуў костку.
— Дальбуг, цікава, даен слова! —
Сказаў нарэшце равізовы.
— Гм! як-жа гэта, проша пана? —
Ўсіх зрэзаў Сьвіда нечакана
І верх цяпер над імі мае.
Паноў аж зайздрасьць разьбірае.
— То пан жартуе, як то можна? —
Паны развагу вядуць розна:
Сказаць: салгаў — не выпадае,
Паверыць — веры не хапае;
А паўнамоцны ў здаваленьні,
Як-бы агорнуты ў праменьні,
Навокал горда пазірае
І важна шчокі надзімае,
Як-бы паноў ён і ня бачыць.
— Няхай-жа, пан, то растлумачыць!
— А так, панове: едным стржалам! —
Зноў ткнуў іх Сьвіда як-бы джалам.
Ў канцы дае ім тлумачэньне:
Забіў ваўчыцу на шчаненьні.
Паны — лясьнічы й равізовы —
Як па камандзе, б’юць галовы;
— І як то мы не дагадалісь —
І доўга ўсе яны сьмяялісь.
Назаўтра рана, чуць разднела,
Чуць-чуць на ўсходзе пасьвятлела,
Была кароткая парада,
Каму вясьці якога пана.
«Абы ня гэтага шатана,
Хоць-бы ня мне ўсучылі гада»,
Міхал падумаў аб лясьнічым.
«Абы ня з гэтым паляўнічым»,
Так і другія разважалі,
Пераглядаліся, чакалі.
Але як Сьвіда быў тут глаўны,
А з лясьнікоў найболей слаўны
Міхал даўно ўжо тут лічыўся,
То ён Міхалу даручыўся,
Кржывіцкі Пальчыку застаўся,
А ў трэцяй пары аказаўся
Ніхто другі, як наш Гавака;
Аж уздыхнуў ён, небарака.
Разьмеркаваўшысь такім чынам,
Паны па розных пуцявінах
Ідуць на токі з лясьнікамі.
Міхал здалёк пайшоў цянькамі:
Гатовы плян даўно ён мае,
Ідзе і Сьвіду навучае,
Гаворыць з прыціскам, хоць ціха,
Каб ня ўстрывожыць тое ліха.
— Вось тут, паночку, «такавіска»,
Глушэц асочаны ўжо блізка,
Няхай-жа пан ідзе ціхутка,
Бо гэта штучка вельмі чутка:
Не асьцярогся — і прапала.
І Сьвіда слухае Міхала,
Што толькі той ні загадае.
Міхал над панам волю мае,
Цяпер ён пан хоць на мінутку.
«Скачы-ж, браток, пад маю дудку,
Прызнай-жа мне і ты пашану!»
Міхал у думках кажа пану.
— Як скокну я — і пан хай скача;
Спынюся я — і пан спыніся!
Глядзі-ж, панок, не памыліся,
Каб тут ня вынікла няўдача! —
Міхал замёр, стаіць маўкліва,
А з ім і Сьвіда нярухліва.
У лесе значна пасьвятлела,
І вось дзесь блізка, перш нясьмела
Заграў глушэц і абарваўся,
Ды зноў зачаў, разбалбатаўся.
Міхал даў знак. Скок-скок! Спыніўся.
З ім радам Сьвіда апыніўся.

— Ці бачыць пан? унь-унь чарнее…
Ой, не: хай, пан, цярпець умее! —
А Сьвіда стаў пароць гарачку
І ўжо у стрэльбе ўзьвёў сабачку.
— Ня руш! ня руш, пан! о, крый божа:
Пан папсаваці справу можа! —
Яшчэ мінуту улучылі,
На крокаў дваццаць падступілі.
Цяпер глушэц, як на далоні,
Сядзіць, бы шула, чуць ў заслоне
Хваёвых лапак, хвост мятлою,
Як-бы любуецца сабою,
Балбоча, крэхкае і сьвішча,
Глушыц склікае на ігрышча,
А мо‘ хваленьні жыцьцю правіць
І гэты бор спрадвечны славіць.
Міхал і Сьвіда тэй часінай
Стаялі моўчкі пад ялінай.
Пан Сьвіда стрэльбу падымае
І доўга цэліцца… страляе.
Бух! — гукнуў стрэл, лес узбудзіўся,
Дымок раўнюткаю стралою
Жахнуў старую гэту хвою,
З якой глушэц даўно зрадніўся;
І раптам з ёю разлучыўся
У момант зьвяў і страціў сілы
І не пасьпеў разьняць ён крылы,
На мяккі дол, на мох зялёны
Упаў, насьмерць акрываўлёны;
Ўзьнялась галоўка і апала,
Два разы лапка задрыжала,
Навек застыла нярухома.
А Сьвіда рад быў, рад, вядома:
Рублём Міхала ён трактуе,
Цыгарай хвацкаю частуе.