Новыя матэрыялы аб Янку Лучыне

Новыя матэрыялы аб Янку Лучыне
Літаратуразнаўчная праца
Аўтар: Лукаш Бэндэ
1945 год
Крыніца: Полымя. — 1945. — №9

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Л. БЭНДЭ

НОВЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ АБ ЯНКУ ЛУЧЫНЕ

У справе вывучэння гісторыі развіцця і росту беларускай літаратуры вялікае значэнне маюць біяграфіі паэтаў і пісьменнікаў. Для кожнага даследчыка, калі ён хоча стала вывучыць рэальныя жыццёвыя ўмовы і асяроддзе, у якіх рос, жыў і тварыў той ці іншы пісьменнік, неабходна падрабязнае знаёмства з яго біяграфіяй. А між тым гэты ўчастак бадай што найбольш запушчаны, на распрацоўку біяграфій пісьменнікаў і паэтаў недастаткова звярталася ўвагі. Дакументальны, фактычны матэрыял аб жыцці і творчасці пісьменнікаў XIX і пачатку XX вв. дагэтуль яшчэ не апублікаваны, не вывучаны.

Чытач патрабуе ад літаратурнай навукі падрабязнага, дакументальна абгрунтаванага асвятлення біяграфіі пісьменніка, ён хоча жыва ўявіць сабе канкрэтныя абставіны і ўмовы жыцця і творчасці тых пісьменнікаў, якіх ён любіць, шануе, якімі ганарыцца, як сваім нацыянальным скарбам.

У дзяржаўных архівах Ленінграда і Масквы захоўваецца нямала матэрыялаў аб многіх беларускіх пісьменніках, матэрыялаў, якія да гэтага часу не выкарыстаны як след. Апублікаванне гэтых дакументаў і матэрыялаў дало-б магчымасць запоўніць некаторыя, часамі істотныя, прабелы ў біяграфіях Дуніна-Марцынкевіча, Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Бядулі і многіх іншых. Зразумела, такія дакументы і матэрыялы маюць вялікую навуковую каштоўнасць і трэба ўсё зрабіць, каб апублікаваць іх як толькі можна паўней і тым самым даць магчымасць літаратуразнаўцам і чытачам карыстацца імі, як аўтарытэтнай Даставернай крыніцай.

Ніжэй мы публікуем дакументы і матэрыялы аб Іване Неслухоўскім (Янку Лучыне).

I

Аб Іване Неслухоўскім наша літаратуразнаўства мае не многа вестак. Вядома, што ён скончыў Мінскую гімназію, што потым вучыўся ў Пецербургскім універсітэце, а пасля ў Пецербургскім тэхналагічным інстытуце, які скончыў у 1877 годзе. Гэтыя весткі праўдзівыя, але занадта кароткія. Зараз, на падставе архіўных матэрыялаў, мы маем магчымасць больш падрабязна расказаць аб гадах навучання Івана Неслухоўскага.

У гістарычным архіве Ленінградскай обласці захоўваецца студэнцкая справа Івана Неслухоўскага — студэнта Пецербургскага універсітэта, у якой у копіях, зробленых рукою самога Неслухоўскага, знаходзяцца наступныя дакументы: атэстат аб сканчэнні Мінскай класічнай гімназіі, метрычная выпіска, пасведчанне аб паходжанні і рад іншых матэрыялаў. У справах С.-Пецербургскага практычнага тэхналагічнага інстытута таксама знаходзяцца дакументы і матэрыялы аб Неслухоўскім.

На падставе дакументаў устанаўліваецца дата нараджэння Івана Неслухоўскага. Нарадзіўся ён 24 чэрвеня 1851 года ў горадзе Мінску. Дагэтуль у літаратуры аб Неслухоўскім нідзе не называлася імя яго бацькі і маткі, дакументы даюць магчымасць запоўніць гэты прабел. Бацьку Івана Неслухоўскага звалі Люцыян Юр'евіч (сам Іван Неслухоўскі называе бацьку Люцыянам Егоравічам), а матку — Антаніна.

У некаторых біяграфічных даведках аб Неслухоўскім гаворыцца, што ён нарадзіўся «ў спольшчанай сям’і». Гэта, вядома, недарэчнасць. Іван Неслухоўскі, як і яго бацька, быў беларусам, а не палякам, але каталіцкага веравызнання. Неслухоўскія — дваране і мабыць даўнія. Аднак, як гаворыць пасведчанне, выдадзенае Мінскім дваранскім сходам, у дваранскай годнасці Неслухоўскія зацверджаны Указам Правіцельствуючага Сената толькі ў 1838 годзе. Пасведчанне гаворыць, што прадзед Івана Неслухоўскага, таксама Іван, 27 снежня 1802 года мінскім дэпутацкім дваранскім сходам быў першапачаткова прызнаны «в древнем дворянском достоинстве». Аднак, 2 жніўня і 12 снежня 1832 г. і 20 снежня 1837 г. пытанне аб дваранскім паходжанні Неслухоўскіх чамусьці зноў разглядалася дэпутацкім сходам і толькі ў 1838 г. пастанова схода была зацверджана Сенатам.

У час нараджэння Івана Неслухоўскага бацька яго — Люцыян Юр’евіч быў у чыне калежскага сакратара, а ў час узяцця пасведчання — 5 жніўня (мабыць у 1864 ці 1865 г. перад паступленнем Івана ў гімназію) — Люцыян Юр’евіч называецца ўжо калежскім асэсарам.

Як відаць з атэстата, вучыцца ў школе Іван Неслухоўскі пачаў у 1865 годзе, гэта значыць, калі яму ішоў ужо пятнаццаты год. У гімназію ён паступіў, як гаворыцца ў атэстаце, «из домашнего воспитания» і быў прыняты ў трэці клас Мінскай класічнай гімназіі. У гімназіі Неслухоўскі правучыўся пяць год, па 19 чэрвеня 1870 года, і скончыў «полный курс гимназических наук». Згодна адзнак, упісаных у атэстат, Іван Неслухоўскі вучыўся у гімназіі пасрэдна. Толькі па трыганаметрыі, фізіцы і касмаграфіі ён меў адзнакі «весьма удовлетворительные».

Пасля сканчэння гімназіі Іван Неслухоўскі, у жніўні 1870 г. паехаў у Пецербург, каб паступіць ва універсітэт. Прыехаўшы ў Пецербург, ён пасяліўся на Васільеўскім востраве, па Наберажнай Малай Невы, у доме Жукава, кв. № 43, інакш — Сярэдні праспект, дом № 1 (10). 5 жніўня ён падаў на імя рэктара С.-Пецербургскага універсітэта наступнае прашэнне:

«Его Превосходительству Господину Ректору

Санкт-Петербургского Университета.

Окончившего курс Минской Классической

Гимназии Ивана Неслуховского

.
ПРОШЕНИЕ.

Желая продолжить своё образование в Университете, прошу Ваше Превосходительство зачислить меня в число студентов математического факультета и разряда.

При этом прилагаю свои документы: аттестат, свидетельство о происхождении и метрическую выпись.

Иван Неслуховский.

1870 года Августа
5-го дня.
Адрес: Васильевский остров,
Набережная Малой Невы, Дом Жукова, кв. № 43»
[1].

На левым баку прашэння ўздоўж нехта напісаў: «Русская словесность 5. Математика уд. 31 Августа определяю зачислить Неслуховского в студенты 1-го курса Математического разряда». З гэтай паметкі відаць, што Неслухоўскі здаваў уступныя іспыты па рускай славеснасці і матэматыцы. На гэтым-жа прашэнні, у левым рагу зверху, рукою Неслухоўскага напісана: «Установленные правила для студентов получил и обязуюсь их выполнять. Иван Неслуховский».

3 31 жніўня Іван Неслухоўскі стаў студэнтам матэматычнага факультэта і разрада С.-Пецербургскага універсітэта і з 1 верасня пачаў слухаць лекцыі. Аднак за слуханне лекцый патрэбна было плаціць, а матэрыяльнае становішча сям’і было не так добраерае, каб плата за вучэнне сына не адбівалася на добрабыце Неслухоўскіх. Беднае становішча сям’і і прымусіла Неслухоўскага прасіць рэктара аб вызваленні ад платы. Прашэнне на імя рэктара Іван Неслухоўскі падаў 17 верасня 1870 года. Вось гэтае прашэнне:

«Его Превосходительству Господину Ректору С.-Петербургского Императорского Университета.

Студента математического факультета и разряда Ивана Неслуховского.

ПРОШЕНИЕ.

Будучи по бедности не в состоянии вносить установленную плату за слушание лекций, имею честь покорно просить Ваше Превосходительство освободить меня от оной.

Иван Люцианович Неслуховский.

При этом прилагаю свидетельство о бедности, выданное мне от Минского Уездного Предводителя Дворянства.

1870 года 17 сентября
С.-Петербург»
[2].

На прашэнні напісана: «Освободить от всей платы. 17 сентября 1870 г.»

Пасведчання аб беднасці, якое Неслухоўскі прыклаў да свайго прашэння, у справе няма, ён забраў яго назад у 1871 г. На адвароце прашэння рукою Неслухоўскага напісана: «Свидетельство о бедности получил обратно 14 августа 1871 г. И Неслуховский».


Як вучыўся Іван Неслухоўскі, якія ён меў поспехі ва універсітэце, вестак аб гэтым няма. Вядома толькі, што ён не скончыў першы курс універсітэта і пераводнага экзамена не трымаў. 6 мая 1871 г. з прычыны невядомых нам дамашніх абставін Неслухоўскі падаў на імя рэктара прашэнне, у якім пісаў: «Домашние обстоятельства заставляют меня немедленно уехать в губернский город Минск, а потому прошу Ваше Превосходительство о выдаче мне билета на выезд и проживание в вышеозначенном месте. Переводного экзамена держать не буду»[3].

7 мая яму быў выданы білет за № 1417, які сведчыў, што Неслухоўскі, згодна прашэння, адпушчаны ў водпуск у горад Мінск тэрмінам па 15 жніўня 1871 г. На білеце паметка: «Возвратился 14 августа».

Вяртаючыся ў Пецербург, Неслухоўскі не думаў больш вучыцца ва універсітэце. 14 жніўня, гэта значыць у дзень звароту з Мінска, ён падаў на імя рэктара новае прашэнне, на гэты раз аб звальненні яго з універсітэта. У сваім прашэнні Неслухоўскі пісаў: «Желая поступить в число слушателей Технологического Института, прошу покорно Ваше Превосходительство о разрешении выдачи мне моих бумаг, состоящих в Университете». У той жа дзень Неслухоўскі ўзяў назад атэстат Мінскай гімназіі, метрычную выпіску, пасведчанне аб беднасці і пасведчанне аб паходжанні. А між тым пытанне аб звальненні яго з Універсітэта канчаткова было вырашана толькі 19 жніўня. На прашэнні напісана: «19 августа 1871 года определяю Ивана Неслуховского из студентов и выдать ему его документы».

23 жніўня 1871 г. канцылярыя універсітэта падрыхтавала Неслухоўскаму пасведчанне, якое ён атрымаў толькі 1 кастрычніка. У справах захаваўся толькі чарнавік гэтага пасведчання.

Такім чынам устаноўлена, што Неслухоўскі паступіў у Пецербургскі універсітэт 31 жніўня 1870 года і зволіўся 14 жніўня 1871 года, не скончыўшы першага курса.

У час знаходжання ва універсітэце Неслухоўскі жыў спачатку на Васільеўскім востраве, па Сярэдняму праспекту, у доме № 1/10 Жукава, кв. 43. З 18 лістапада 1870 г. ён быў прапісаны па Афіцэрскай вул., дом № 7, кв. 11. На універсітэцкім пасведчанні ёсць Яшчэ адна паметка: «По Биржевой Горе, Елисеева, кв. 46».

II

Увосень 1871 года Неслухоўскі паступіў у С.-Пецербургскі Практычны Тэхналагічны інстытут, на механічнае аддзяленне вольнаслухачом. З 1872 года ён быў унесены ў спіс пастаянных студэнтаў інстытута. У Тэхналагічным інстытуце Неслухоўскі правучыўся да 1877 года.

Па архіўных дакументах можна прасачыць увесь ход вучобы Неслухоўскага ў Тэхналагічным інстытуце, але гэта залішне загрузіла б наш артыкул.

10 верасня 1877 года вучэбны камітэт інстытута на сваім паседжанні аформіў выпуск скончыўшых інстытут. У ліку выпушчаных і Іван Неслухоўскі, якому прысвоена ступень інжынер-тэхнолага. 14 верасня пастанову вучэбнага камітэта зацвердзіў таварыш міністра фінансаў.

Дыплом аб сканчэнні інстытута і аб прысваенні Неслухоўскаму ступені інжынер-тэхнолага не быў яшчэ гатовы ў час выпуску.

Затрымлівацца ў Пецербургу, пакуль будзе надрукаваны і падпісаны дыплом, Неслухоўскі, зразумела, не мог. Перад ад’ездам з Пецербурга, 15 верасня, ён падаў на імя дырэктара інстытута прашэнне:

«Честь имею просить покорно Ваше Превосходительство о высылке мне диплома на имя моего отца Люциана Егоровича Неслуховского в губернский город Минск, по Юрьевской улице в доме Лапицкого».

Дыплом быў гатовы 30 верасня 1877 года. 12 кастрычніка таго ж года канцылярыя інстытута пры адносіне № 424 адаслала яго ў мінскую паліцэйскую ўправу.

Адначасова канцылярыя інстытута адносінай за № 425 паведамляла аб высылцы дыплома Івана Неслухоўскага.

Адносіна і дыплом былі атрыманы мінскай гарадской паліцэйскай управай 17 кастрычніка, а 19 кастрычніка дыплом быў ужо перададзены бацьку Івана Неслухоўскага — Люцыяну Юр’евічу. На адвароце адносіны значыцца: «1877 года Октября 19 дня присланный при сем диплом за № 2236 получил Неслуховский (бацька).

Вручил: Помощник полицмейстера».

10 снежня 1877 года Мінская паліцэйская ўправа распіску Люцыяна Юр’евіча адаслала ў канцылярыю Тэхналагічнага інстытута.

У справах Тэхналагічнага інстытута захаваўся і чарнавік дыплома, які выдаваўся скончыўшым інстытут.

Да чарнавіка прыкладзены ліст паперы з распіскамі ў атрыманні дыплома. На гэтым лісце, замест распіскі Неслухоўскага, напісана: «Инженер-Технологу Ивану Люциановичу Неслуховскому от 30 сентября 1877 № 2236. Отослано при отношении Канцелярии Института в Минское городское полицейское управление от 12 октября 1877 г. № 424».

III

Па-беларуску Іван Неслухоўскі пачаў пісаць вершы ў канцы 80-х гадоў, калі ў газеце «Минский Листок», побач з вершамі Янкі Лучыны на рускай мове, сталі з’яўляцца і беларускія вершы за тым жа подпісам. Частка гэтых беларускіх вершаў Янкі Лучыны потым увайшла ў зборнічак «Вязанка», а некаторыя з іх так і асталіся не перадрукаванымі, а таму і невядомымі для шырокіх кругоў чытачоў. Ніжэй мы перадрукоўваем тры вершы Янкі Лучыны, два беларускія і адзін рускі. Першы з іх, «Вясновай парой», перадрукаваны і ў «Вязанцы», але са значнымі скажэннямі ці цэнзурнага ці рэдакцыйнага парадку. Усе тры вершы перадрукоўваюцца з газеты «Минский Листок».

ВЯСНОВАЙ ПАРОЙ

Гараць лучы ранняй зоркі,
Свецяць божыя служкі,
Блісцяць расой усе прыгоркі,
Заспявалі птушкі.

Ціха ў полі, на балоце,
Спяць паўсюды вёскі,
Толькі вецер ў пералёце
Калыша бярозкі.
Ноч не спаўшы за гулянкай
На вяселлі, сваты:
Піліп Окунь з Бычком Янкай
Валаклісь дахаты.

Буркнуў Піліп, зубы сцяўшы
У гутарцы з Янам:
— Не прыкраўшы, не прылгаўшы,
Тай не будзеш панам!
Праўда, кажуць, за тры мілі,
А крыўда у хаце.
Не папаўся, не злавілі, —
Зух ты, пане-браце!

Дурна кажа салавейка,
Брэша сын сабачы:
Дай! дай!.. Песня та капейка!
Лепшы говар драчый:

Дзяры!.. бяры!.. Будзем есці
І мёд піці дзбанам,
Пры худобе і пры чэсці
Скора станеш панам.
А вароны што казалі,
Он там, у граніцы?..
Яны кажуць: кралі… кралі!..
Тай на шыбяніцы.


∗     ∗

Заходзіць сонца за горы,
Паклаліся цені па лесе.
Вяршыня старай аборы
Пазалацілася на стрэсе.

Ось, вецер цёплы ад рэчкі
Нясе пах з лесу жывіцы,
І польных цвяткоў і грэчкі
І мурматанне крыніцы.

Як ціха! Там, у патока,
Кулік часамі засвішча,
Толькі здалёка, здалёка
Шуміць з карчомкі ігрышча.

Знаць там гуляюць і рады,
Знаць весяляцца багата,
Гутораць старцы грамады
І скачуць хлопцы, дзяўчата.

Чаму ж па лесе, па полю,
Як воўк, адзін я заўсюды,
І плачу ціха на долю
Поўны смутку і нуды?

Ці не такі я, як людзі?..
Чаму ж грамады дзічуся?..
Ой, жаль мне ўеўся ў грудзі
Па табе, зорка-Гануся!

Дзеля багацтва старому
Ўсе твае косы дзявочы!..
Дзеля худобы з сарому
Не кажу людзям я вочы!..

Толькі між хвоі, бярозы
Бяжыць па лесе у сваты
Мой голас смутны і слёзы:
Гануся, зорка мая ты!

«Минский листок» № 70.
ад 8 верасня 1889 года.

ДЖЮБЕЛИНИ-РЯДНОВОЙ

(В память бенефиса 22 февраля в Минске в 1891 году)

Вы — дочь Италии, где и народа сфера
Художества чертой уже озарена,
В салоне богача и в песнях гондольера
Звездой является она.
В вас чуткая душа, в вас дышит красотою
На сцене каждый шаг, ваш голос — так глубок.
Быть может… не поймет бездушною толпою
Художницы души наш тихий уголок?
Быть может наш привет раздастся неудачно?
Быть может часто он замолкнет невпопад?
И в говоре толпы лишь станет то прозрачно,
Что пошлости одной уста заговорят?…
Но искры божии, что бросить вы успели,
Проникнут в глубину умов, сердец и душ.
А тем на шаг один поближе к цели
В понятья красоты, в искусстве наша глушь.
Так пой, художница! Веди веди нас к свету!
Откроется для нас искусства ясный храм!
И не сочти во зло безвестному поэту.
Когда он свой поклон к твоим принес стопам.

«Минский листок» №16,
ад 22 лютага 1891 года.
IV

У 80-я годы Іван Неслухоўскі некаторы час быў досыць актыўным карэспандэнтам вядомага фалькларыста Паўла Васільевіча Шэйна. Сярод папераў Шэйна, якія захоўваюцца ў архіве, трапляюцца народныя творы, запісаныя рукою Неслухоўскага. Там-жа, сярод папераў Шэйна, мы знайшлі і надзвычай цікавы ліст Івана Неслухоўскага да П. В. Шэйна. Ліст напісаны на рускай мове.

«Милостивый государь Павел Васильевич!

Записывая для Вас сказки, поговорки и проч., я убедился что надо мне иначе легко могу побывать в деревне и пополнить пробелы в моей памяти, переврать. Батлейки уже записаны, но опять таки надо проверить, а главное снять чертеж, чего я не мог сделать теперь, потому что теперь то и начинаются куклы и ящик батлейщиками к сезону. То, что батлейщики поют по-польски, не буду записывать иначе как по-польски, т. к. русская азбука не имеет букв для носовых звуков. Запишу нарочно с ошибками и изменениями, так как поют. Быть может ноты мотивов запишет кто-нибудь из моих знакомых? Все это могу сделать на Рождество или даже после, раньше право невозможно.

«Край» — хотя сам меня пригласил писать корреспонденции, не поместил ничего из присланных мною, даже не удостоил меня ответом. По всей вероятности, я не попадаю в тон или просто плох как репортер.

Настаивать не буду, так как пишу теперь стихами целую поэму, положительно поглощающую всего меня. Сюжет из жизни крестьян Игуменского уезда-действительный случай. Пришлось побывать на месте, съездить в Минский острог. Быть может ничего путного не выйдет из моей работы? Тем не менее горю желанием довести ее до конца, а отзывы многих возбуждают мою самоуверенность.

На днях получил я письмо от польской поэтки Марии Конопницкой - самой даровитой из всей парнасской братии и, если бы мог поверить ему, — черт знает какую хвалу на свой счет принял бы. Конечно, местный отзыв не более как поощрение к труду и проч.

С истинным к Вам почтением
И. Неслуховский.
10 октября 1887 г.
Минск».

Янка Лучына па праву лічыцца, побач з Ф. Багушэвічам, адным з пачынальнікаў новага этапа ў развіцці беларускай літаратуры. Не гледзячы на невялікую колькасць яго беларускіх твораў, вядомых нам, яго імя ніколі не будзе забыта гісторыяй літаратуры. Мы мала ведаем аб жыцці і ўмовах творчасці Янкі Лучыны, таму кожная новая звестка, кожны новы дакумент аб ім, натуральна, выклікае асаблівую цікавасць і набывае надзвычайную навуковую каштоўнасць.

Ліпень 1945 года.
Ленінград.


  1. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Ленінградскай обласці. Фонд 14, св. 1162. справа 16655, ліст 3.
  2. Дзяржаўны Гістарычны Архіў Ленінградскай обласці. Фонд 14, кв. 1162. справа 16655, ліст 5.
  3. Там-жа, ліст 6.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.