Пагост
Успаміны
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1925 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 10 (2), ліпень-сьнежань 1925 г., б. 86-91

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАГАШЧАНІН.

ПАГОСТ.
(Успаміны з нядаўнай мінуўшчыны).

Гадаваўся я змалку часьцю ў аколіцах, часьцю ў самой вёсцы Стары-Пагост, а знача дзіцячыя годы жыў яе інтэрасамі, яе сьветаглядам і абычаямі. З гэтых часаў захаваўся ў мяне даволі значны запас успамінаў і перажываньняў, якія ўрэшце дапаўняліся пазьнейшымі ўражаньнямі, дзякўючы таму, што я падтрымліваў стасункі з жыхарамі гэных аколіц.

У папярэднім сваім нарысе аб пагоскай школе (гл. „Крывіч“ № 1, б. 26) я ўжо зазначыў, што між пагашчанамі істнавалі легенды аб слаўнай мінуўшчыне хіх вёскі, якая, быццам, была калісь горадам, каторы меў многа царквей і княжае замчышча. Памятаю, раз, вяртаючыся з начлегу, мясцовы селянін, Матуз, які сярод вяскоўцаў слыў асілкам, апавядаючы аб быўшым тут горадзе і яго праваліўшыхся „ ў скрозьдоньне“ царквох і палацах, паказаў мне, дзе былі гарадзкія вароты. Гэта было за вёскай, насупраць новага магільніка, Па сьвежа скошанай нізіне, ў старану засьценка Загацьця, папраўдзе, відаць быў сьлед нейкай старой грэблі, даўно ужо закінутай.

„Вось тут былі гарадзкія вароты“, — сказаў дзядзька Матуз, паказуючы на груды камянёў і выпукласьці грунту, якія быццам і запраўды паказвалі на сьляды нейкай руіны—„а ад варот направа і налева ішла крэпкая сьцяна кругом гораду“.

І мне тады здавалася, а мо і папраўдзе гэта было, што ад мейсца, названага „варотамі“, ішлі нівамі сьляды накопнага валу. Аб „праваліўшымся“, а паводле іншых вэрсый „заварожаным“ горадзе, істнуе на ўсім абшары, як доўга і шырока крыўская зямля, безканечнае множства легенд і апавяданьняў, але, мне здаецца, нідзе яны не апавядаюцца з такой бязьмежнай верай і рэальнасьцю, як ў Старым Пагосьце.

Пры гэтым цікава, што нявідомы горад меў сваё асобнае найменья: звалі яго Багоцк. Ў некаторыя дні году горад гэты ваступаў на ўзьверх зямлі і тады, хто годзен быў, бачыў і людзей і будынкі. Многа было ачавідцаў сьведчыўшых, што бачылі Багоцк. Толькі адны апавядалі, што ў нявідомым горядзе кіпела саўсім звычайнае жыцьцё — торгоўля на рынках і вуліцах, песьні і танцы ў корчмах. Другія—бачылі жыхароў Багоцка, тоўпячыхся перад царквамі, ў якіх ішла набожная адправа пры яркім асьвятленьні царквей пылаючымі сьвячамі. Як першыя, так і другія „ачавідцы“ ў апавяданьнях дадавалі эпізод аб „Белай Пані“, каторая ездзіць ў карэце, запрэжанай чацьвёркай белых коней.

Аб „Белай Пані“ істнаваў асобны багаты цыкль апавяданьняў. Выходзіла, што яна, як быццам, была не гаражанка, а прыяжджала ў горад Багоцк са сваіх палацаў (паводле іншай вэрсыі—замку), што быў на горцы ў канцы пагоскага возера, паміж гэтым возерам і амшарай, што прылягала да Красенскага возера. Палац яе таксама праваліўся. Яе-ж, „Белую Паню“, на Купальле а-поўдні можна кождаму сьмеламу што год бачыць, бо тады разступаецца гара, і адчыняюцца дзьверы ў палац. Тыя, каторыя бачылі, апавядалі, што „Белая Пані“ сядзіць на аграмадных каваных скрынях з грашыма і горка плача, а перад ёй чатэры чорныя сабакі з аграмаднымі бліскучымі вачамі грозна рычаць на збліжаючагася да палацу. Ня было яшчэ сьмялчака, які-бы адважыўся зблізіцца да скарбаў, а каб такі знашоўся, то і сам стаўся-бы багатым і „Белую Паню“ ашчасьлівіў-бы, бо тады вышаў-бы наверх зямлі палац, і „Белая Паня“ стала-бы падаўнаму жыць на зямлі. Толькі аднэй сьмеласьці мала: трэба яшчэ „слова“ ведаць, а бяз гэтага дык і сьмялчакі, бывала, жыцьцём плаціліся. Старая ўдава, Магдалена Рыдзіка, апявядала, як яна на ўласныя вочы бачыла разступіўшуюся гару і „Белую Паню“, а перад ёй цэлы вал людзкіх касьцей: то былі косьці тых, што ня ведаючы „слова“, а кіраваныя толькі сьмеласьцю, памыкаліся увайсьці ў палац. Бачыла яна гэта, будучы яшчэ малой, пасучы гусей ў канодны Купальскі поўдзень.

З „Белай Паняй“ лучыўся яшчэ другі цыкль апавяданьняў, гэта—аб скарбах, закапаных на астраўку, ў канцы Красенскага возера, пасярод вышэй спомненай амшары, куды штогодна на Купальле хадзілі акалічныя сяляне „пілнаваць грошы“, г. зн., чакаць тэй хвіліны, калі, паводле глыбокай і усеагульнай веры, яны засьвецяцца. А засьвяціцца схаваныя грошы ў купальскую ноч павінны абавязкова. Дзякуючы гэтаму, увесь астравок быў пакапаны ў ямы. Скуль там узяліся тыя грошы, — легенда апавядала вось што: „Белая Паня“, дачка князя, была невымоўнай красы, і ў ёй закахаўся чужаземны багаты купец. Бацька князёўны, хочучы заўладаць багацьцямі купца, нарушыў сьвятасьць гасьціннасьці і ўначы адсек галаву сьпячаму ў яго доме купцу, забраў каваныя скрыні золата, якое і так купец быў прывёзшы з сабой, каб аддаць ў падарунку каханай дзяўчыне. Яе бацька труп забітага і часьць скарбаў забраў і тэй-жа начы закапаў іх на астраўку, а сам па дарозе дамоў быў забіты слугой, які ў свой чарод таго-ж дня ўтонуў ў возеры. Пасьля такога злачыну зямля здрыгнулася, — і палац праваліўся. Князёўна навекі асталася за кару пілнаваць скарбаў за тое, што ведаючы аб замыслах бацькі, не паўстрымала яго. Бацька князёўны і слугі, што памагалі яму ў злачыне, былі перакінуты ў чорных сабак, яхія вечна з сабой грызуцца. Купец час ад часу ўстае з зямлі, бярэ сваю адсечаную галаву рукой за валасы і ходзіць па астраўку, пасьвечваючы сабе бліскучымі, як сьвечкі, вачамі. Тут вэрсыі разыходзяцца: адны кажуць, што ходзіць купец, шукаючы захаваных тут яго ўласных скарбаў, а другія кажуць, што — шукаючы сваіх крыўдзіцеляў,

Ня безцікаўна адзначыць, што каля 1895 году на гэтым астраўку маскаль Паўлуха выкапаў прыпадкова скарб, зложаны з некалькіх тысяч сярэбраных арабскіх манэт. Часьць гэтага скарбу, каля 2-х фунтаў, была ад яго адабрана паліцыяй і пераслана ў Петраград, ні то ў Арэолёгічную Камісію, ні то ў Эрмітаж. Як ня дзіўна, але ў вышай прыведзенай легендзе ёсьць, здаецца, нейкі адгалосак падзей, меўшых мейсца больш тысячы гадоў таму назад. Бо скуль-жа гэта вера ў тое, што на астраўку знаходзяцца закапаныя грошы? Тым больш, што закінуты паміж дрыгвы астравок, сам па сабе не выяўляў нічога асаблівага.

Вяртаючыся да заварожанага Багоцка, трэба дадаць, што пад зямлёй ён жыў поўным сваім жыцьцём, аб чым сьведчыць тое, што ў сьвяточныя дні, а-поўдні, прылажыўшы вухо да зямлі, можна было чуць званы ў царквох, а ў некатарых здарэньнях — нават царкоўныя сьпевы. Я сам, наслухаўшыся апавяданьняў аб падземным горадзе і сьвята веручы ў іх, няраз пралежваў цэлымі гадзінамі, прытуліўшы вухо да зямлі і раз заснуўшы, прысьніў такое дзіва, што прахапіўшыся, як няпрытомны, бег дамоў. А дома напужаў маю матулю сваім бяззьвязным апавяданьнем, перамешаным з дзікай фантазыяй.

Хто думаў-бы, што нашы сяляне глядзяць на ўсякія зьявішчы прыроды і легенды, як на загадкі для бебе,—той вельмі памыляўся-б. Пасьля майго выезду ў горад і бліжэйшай знаёмасьці з кніжкай,—пачалі толькі закрадацца ў маю душу розныя неразгаданыя пытаньні, якіх раней у мяне ня было. Пакуль я жыў у вёсцы, паміж вяскоўцаў, кождая зьявішча было проста і ясна.

Вясковы жыхар, прынамні даўней, меў гармонічна закончаны свой сьветагляд. Праўда, ў гэтым сьветаглядзе рэальнай веды было вельмі мала: большая часьць яе складалася з легенд, забабонаў і традыцый, а найболей з самай буйнай фантазіі.

Фантазія вясковых жыхароў ахвотна затрымлівалася на апавяданьнях аб закапаных скарбах, і дзеля гэтага многа было мейсц, аб якіх апавядалі, што ёсьць закапаныя грошы. А аб аднэй яблынцы ў полі, старой, пакрыўленай, казалі, што пад ёй чорг нават жадаючым пазычае грошы. І гэга пераказвалі з такой верай, што ня было мейсца якому-бы то не было скептыцызму.

Аб паказваньнюся скарбаў істнаваў ня толькі бязмерны лік апавяданьняў, але было нямала й ачавідцаў, прычым такіх, аб якіх ніяк нельга сказаць, што былі гэта сьвядомыя містыфікатары. Прыкладам, успамінаецца мне расказ аднэй вельмі шанаванай у вёсцы кабеты, як ёй паказваўся скарб ў яе ўласнай хаце. Было гэта, паводле яё слоў, ў нядзельныя дні, калі выходзілі ўсе з хаты. Сядзела яна каля акна, аж бачыць,— выбягае з падпечку белы, як сьнег, барашка, другі раз—жоўты коцік, а трэцьці і апошні раз выбег з падпечку маленькі сьветлавалосы хлопчык, пакружыўся па хаце, а пасьля заплакаў і зьнік. Пры гэтым яна кождую сваю відзежу апавядала з такімі падробнасьцямі, што немагчыма, каб гэта было голай выдумкай.

Калі-ж да цыклю апавяданьняў аб скарбах дадаць ня менш абшырны цыкль аб нябожчыках, апавяданьні аб якіх перадаюцца з безпадобным рэалізмам, асабліва, аб паказываньнюся малых дзяцей плачучым на могілках маткам, — то прыходзіцца думаць, што ў данным здарэньні мы маем перад сабой не сьвядомую ману, ці ігру фантазіі, якая ў паасобных здарэньнях ня выключана, а праяву агульнага нэрвовага зьнебыткаваньня, якое служыць, асабліва ў кабет, грунтам да самых крайніх праяў гістэрыі.

Агульна бяручы, крыўская вёска жыла вельмі бедна, асабліва-ж бедна жылі жыхары вялікіх вёсак, дзе пры малазямельлі і шнуравой гаспадарцы, зямля выкарыствалася толькі напалавіну. Прыкладам, ў гэтым самым Старым Пагосьце на звыш 60 гаспадароў, толькі 3—4 гаспадары мелі хлеб на стале ад новага да новага; палавіна ж вёскі ад вясны да жніва хлеба ня бачыла.

Варункі быту вясковай жанчыны—маці і гаспадыні—асабліва цяжкія. Што год—у цяжку, адно аднімае, другое далучае да грудзей, і гэта — пры штогоднай галадоўцы і надмернай працы. Бо вясковая жанчына першая ў хаце ўстае і апошняя лажыцца спаць, маючы на сон 4—5 гадзін ў содні. Пры гэткім жыцьці 30-ці гадовая жанчына выглядае саўсім завяўшай, зьнебыткаванай, з разьбітым здароўем і нэрвамі. Палажэньне мужчыны ня лепшае за палажэньне жанкі, бо на яго падае ўся мускульная гаспадарская і заробкавая праца: Ў гэтай атмосфэры голаду, недамаганьняў, заўсёднай фізычнай працы і нястачы ўмысловай, фантазія заагняецца,—і даволі самай лёккай прычыны, каб мозг вышаў з роўнавагі і пайшоў торам гістэрыі і галюцынацій.

Мне прышлося раз быць ачавідцам і учасьнікам масавай гістэрыі з галюцынаціямі. Было гэта ў восенскую цёмную ноч, каля поўначы. Па вёсцы, як зазвычай, хадзілі два вартаўнікі. Адзін з іх быў Сьцёпка бондар, чалавак з пылаючымі вачыма — вынік хронічнага недаяданьня і гістэрыі, другі—малады хлапец. Сьцёпка, сваім звычаям, калі не спаў, то лгаў. Пад чорную восенскую ноч настрой ў яго быў пануры, і ён ўсё баяў хлапцу аб нябожчыках і чарцях. Хлапец слухаў з самай шчырай верай, тросься ад страху пры кождым шэлесьце і подмуху ветру. Аж, ўрэшце, даведзены да апошняга рубу напяцьця нэрваў, хлапец крыкнуў несваім голасам „чорт!“ і кінуўся ўцякаць дамоў. Сьцёпка — за ім. Убегшы ў бліжэйшую хату, з няпрытомным крыкам „чорт!“ спалашылі спаўшую ўжо сям’ю, якая ў панічным страху завыла ў унісон ускочыўшым да іх вартаўніком і інстыктыўна з крыкам, вераскам і аглушаючым візгам дзяцей апынулася на вуліцы. За 5—10 мінут была з’эліктрызавана палавіна вёскі. Усе крычэлі, дрыжэлі, плакалі і вылі,— і толькі, спусьця добрую гадзіну, больш прытомныя дапыталіся, якая прычына гэтага непакою. Калі выясьнілася, што па вёсцы ходзіць чорт,—кінуліся хто за кол, хто за сякеру, і, сагнаўшы баб і дзяцей у вясковую карчму, кінуліся шукаць чорта. У непрагляднай восенскай цемнаце наэлектрызаваная забабонным страхам таўпа ганялася ўсю ноч да раніцы за міражамі і галюцынаціямі па ўсіх вясковых гародах і рожных будынках. Калі пры дзенным сьвятле ўзбураньне адхлынула, — пачалі разыходзіцца, але так і асталіся цьвёрда пераконанымі, што чорт быў, паказваўся, а толькі не ўдалося злавіць яго. Пад раніцу, апавядалі, чорт перакінуўся ў чорнага ката са званочкам. Пры гэтым цікава, што калі ката і ня ўсе бачылі, то званочак яго усе пагалоўна чулі.

Гэткія масовыя галюцынаціі—здарэньне рэдкае. Затое склоннасьць да галюцынацій індывідуальных заўважалася ў большасьці жанок і крыху менш сярод мужчын. Надзя Гуспіковіч, жанчына каля 30 гадоў, апавядала гэткае здарэньне. Калі памёр ў яе хлопчык 8—4 гадоў, яна ніяк не магла забыць яго. Летам, полючы гародніну, жаночым абычаям, вельмі распашыраным, яна кожды дзень галосіць ды прычытуе. Ажно раз, у самы поўдзень, глядзіць, — бяжыць баразной між бульбоўніку яе хлопчык. „Дык я,— кажа,—і абамлела. Пад лыжачкай занудзіла, у вачох пацямнела, і ўсю мяне потам зьліло“. Калі прышла да сабе, — хлопчыка ўжо ня было. Але затое пасьля гэтага пачаў ён да яе, галосячай ў гародзе, часьцей прыходзіць ў поўдні. „Прыдзе, сядзе перада мной і забаўляецца, але ніколі ня даўся ў рукі ўзяць. Як я толькі выцягну да яго рукі, то ён і разьвеецца“, Кончылася гэта трагічным здарэньнем. Раз, як зазвычай, „прышоў“ яе хлопчык, прысеў перад жанчыной, а пасьля стаў расьці і страшнець, ўрэшце кінуўся біць яе. Жанчыну знайшлі пасьля гэтага ў гародзе пасінеўшай, а калі адцуцілі,—сё цела яе было пакрыта сінякамі. Гэта апошняя форма гістэрыі вядома сучаснай мэдыцыне, але ў вясковай глушы такое здарэньне прымалася, як відочны факт таго, што „трэба мець меру матчынаму жалю і не турбаваць нябожчыкаў“.

Відочна, гэтым ўсеагульным аслабленьнем нэрваў трэба тлумачыць вялікую склоннасьць жанок да сьлёз. Палавіну свайго жыцьця жанкі плакалі ня толькі з прычын, годных плачу і роспачы, але і з прычын нічога ня вартых, як прыкладам, калі ўпадзе прыпадкам лыжка на памост, ўзьляціць курыца на лаву і г. п. У ацэне праяў бягучага жыцьця вяскоўцамі, а асабліва жанкамі, рэдка праяўлялася памяркоўнасьць і развага: больш-менш значнае здарэньне выклікала крайнасьці. Калі курыца прыпадкам забралася {Абмылка{|ня|на}} ляху з цыбуляй, жанка ўжо галосіць і прычытуе, што курыца агалодзіла сям‘ю. Лёгкае зачаджаньне, ці недамаганьне праводзілася стогнамі і прычотамі ў чаканьні нямінучай сьмерці і асірочаньня дзяцей. Затое запраўды вялікае калецтва, пажар, цяжкую хваробу— умелі паранасіць з дзіўным спакоем.

Ў вёсцы былі свае „багатыры“ (г. зн., людзі багатыя), сераднякі і бедныя; пры гэтым захоўвалася свая кастовасьць. Гаспадарскай дачцэ, што вясну галадаючай, ня прыстала дружыць з бязумоўна больш сытай і лепш адзетай беззямельнай дачкой кутніцы, якая, вярнуўшыся са службы ў родную вёску, гасьціла да новай службы тыдзень-другі ў маці. Істнаваў свой таварыскі этыкет, ня менш зьвязуючы, чым ў любой арыстакратычнай сфэры, свая градація ў адношаньні да суседзяў, а што найцікавейшае,—дзяленьне на свайго роду патрыціяў і плебэяў. Родаводы ўсіх вяскоўцаў былі ўсім ведамы на некалькі пакаленьняў назад. І сямья, ў родзе каторай былі асобы, чым-колечы выдзяліўшыяся, а галоўна—багацьцем, калі не сваім, то іх сваякоў,—лічылася да добрародных, і, наадварот, семьі, ў якіх ня было ні „багатыроў“ ні выдатных людзей,—стававілі ніжэйшую касту. У ацэне вясковай апініі багацьце з аднэй стараны выклілала рабскае пакланеньге, а з другой—зайздрасьць і ненавісьць. Што пераважала,—трудно сказаць.

З івдывідуальных рысаў характару асабліва цанілася скрытнасьць і хітрасьць. Людзей гутарлівых, адкрытых любілі, але іх не паважалі і не цанілі; нааддварот, чалавека скрытага, замкнутага ў сабе,—баяліся і паважалі.

У стасунках паміж сабой сяляне кождую праяву свайго дабрабыту, разумеецца,—дабрабыту з пункту гледжаньня галоднай вёскі, стараліся скрыць. Першай тэмай размоў пры сустрэчы гаспадынь паміж сабой было сталае нараканьне на малы удой каровы, на ненясушчасьць курэй, на няўдачу сьпечанага хлеба, на благія адношаньні мужа, сьвякроўкі і г. п. Калі селянін, акром прыродных хвалуноў, хваліўся чым, то гэта мела якую-колечы надуманую мэту. Стала і звычайна ўсе жаліліся слушна й няслушна на ўсіх і ўсё: гэта было зялезнае правіла вясковага этыкету.

Магчыма, што гэтае правіла было узгадавана доўгалетняй прыгоннай няволяй, непасільнымі паборамі з сялянства, але яно і ў пазьнейшых пакаленьнях было выдатнай, кідаючайся ў вочы, рысай.

Яшчэ ў 1890-х годах падзел паміж сялянамі і дробнай вясковай шляхтай, якая жыла тэй самай заможнасьцю і бытам, быў у поўнай сіле. У адным з засьценкаў, прылягаючым да Пагоста, былі дзьве сямьі запашнікаў, Казлоўскі і Міцута. Адна сямья — сялянская, другая сямья шляхты, прыпісанай гадоў з трыццаць раней да воласьці. Працуючы дзень ў дзень, абое поплеч, на чужой ніве ў арэндатара селяніна, Міцута да Казлоўскага заўсёды зьвяртаўся на „пане“, а Казлоўскі да Міцуты—на „ты“. Гэты стасунак не зьмяніўя нават тады, калі дачка Казлоўскага вышла замуж за Міцутавага сына; рожніца стала толькі ў тым, што Казлоўскі час ад часу пачаў называць Міцуту „пане сват“. Пры гэтым трэба заўважыць, што ў сваім падзеле сельскай беднаты на шляхту і не шляхту вяскоўцы кіраваліся не герольдычнымі паперамі, а толькі ім адным ведамымі мяркаваньнямі традыційнага характару.

Адношаньне да жыдоў у сялянства было протэкціянальна грэблівае. Селянін цаніў у жыдзе яго практычнасьць і уменьне прыспасобіцца да жыцьця, што называў „хітрасьцю“, ахвотна ішоў да яго радзіцца ў трудным палажэньні і меў больш веры да яго рад, чым да рады інтэлігента-хрысьціяніна, але лічыў жыда ў істоце чымсьці ніжэйшым, горшым ад сябе. Расавай і наагул ненавісьці ў стасунках між жыдамі і сялянамі ня было, істнаваў толькі глыбокі веравызнаўчы падзел і абустаронны рэлігійны фанатызм. На гэтым грунце разыгрываліся часам чорныя трагедзіі. Адну з гэтых трагедзій, яшчэ сьвежую ў людзкой памяці, апавядалі ў годы майго дзяцінства Пагашчане. Гаспадарскі сын і дачка карчмара ўзаемна закахаліся і умовіліся, што за тыдзень дзяўчына ўцячэ ад бацькоў, а ён за гэты час умовіцца з сьвятаром, каб ахрысьціў нявесту і павянчаў іх. Размову закаханых падслухала малодшая сястра, якая расказала бацьком маладой аб яе праектах перайсьці ў хрысьціянства. За некалькі дзён пасьля гэтага адбылося ў карчме галасьлівае сабраньне зьехаўшыхся з аколіцы жыдоў. А на другі дзень стала ведама, што старшая сястра карчмара памерла. Паводле вясковай вэрсіі яна была задушана пярынамі пасьля таго, калі ўсякія угаворы сабранай жыдоўскай старшызны ня здолелі яе адвярнуць ад паўзятай пастановы хрысьціцца.

Разумеецца, мог быць у гэтым здарэньні чысты прыпадак, які вёска вытлумачыла пасвойму, але такая легенда мела падставы ў бязмежным рэлігійным фанатызме сялян і жыдоў ў стасунках паміж бабой.

Адношаньне вяскоўцаў да акалічннх маскалёў (так называлі старавераў, паселеных тут пасьля 1863 году) было няпрыязным. Сяляне ўнікалі іх, як толькі маглі. У гэтым здарэньні прычына была не веравызнаўчая, а розны характар і псыхіка. У дадатку маскалі, як упрывільяваны ў краю элемэнт, трымалі сябе ў стасунку да мясцовага крыўскага сялянства зачэпна-вызываюча і за дадзены ім адпор мсьцілі нашым сялянам калі ня бойкай, то абвінавачаньнямі палітычнага характару, якія зазвычай прысьвядчалі дружна усей сваей калёніяй. Дзякуючы гэтаму, стасункі з маскалямі былі ўвесь час напружанымі.

Адзяваліся сяляпе выключна ў домаробныя тканіны, белыя і чырвоныя кажухі. Першы чорны кажух быў зроблены ў вёсцы для аднаго вясковага хлапца, які выехаў у Пецярбург і прадаваў у Пуцілаўскім заводзе. Ён прыслаў на кажух грошы і ў пісьме жаліўся, што ў горадзе сьмяюцца з яго чырвовага кажуха. Адступленьне ад старых традыцій пачаліся ад жаночых галаўных хустак. За імі пайшлі „кофткі“, а пагадзя—і крамныя спадніцы. Аднак старыя жанчыны яшчэ ў 1895 годзе лічылі сорамам для сабе насіць крамніну замест домаробнага кужалю.

Гэтакай была наша крыўская вёска яшчэ гадоў 30-40. Сягоньня-ж варункі і псыхіка з грунту зьмяніліся. На лепшае, ці ва горшае,—пакажа будучына, нам сучасьнікам трудна судзіць аб гэтым.