Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік (1924)/Крыўскі (беларускі) іменнік

Слоўнік Крыўскі (беларускі) іменнік
Слоўнік
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Назовы птахаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крыўскі (беларускі) іменнік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЎСКІ (БЕЛАРУСКІ) ІМЕННІК.

Маткі, як ведама, дзяцям падбіраюць самыя песьлівыя імёны або, інчай кажучы, выводзяць гэты імёны ад хросных, паводле законаў, мовы і прынятага абычаям спосабу. Гэтак Антон будзе — Анцік, Юры — Юрцік, Міхайла — Місь, Міхцік; Гаўра — Гаўрык і г. д. Гэта т. ск. асноведзь, на якой як узорам вытыкаюцца розныя песьлівыя тонаціі на: чык, чычок, ачок, ічок, учочак, усючок, асючок, ятка, іська, лёк, уся, ута і г. п.

Каліж хлапца апранулі ў порткі і ён ужо стаўся мужчынам, каб зьмену гэту ў яго жыцьці яшчэ крапчэй зазначыць, яго ўжо больш не называюць Юрцік, Петрык, Анцік, ён ўжо не мамчын пястун, а ўжо работнік: будзе гусей, ці курэй пасьвіць, пёры скубаць, паедзе разам з бацькам у поле, дык і імя яго ўжо з гэтага часу дзелавое: Пятрук, Антук, Юрка і г. д. Гэта форма імён т. ск. пастускага стану.

Але, вось, хлапец падрос, ён ужо не пастух, а дзяцюк, маладзён, тут, ці сам уцёрся, ці яго мо хто ўвёў у кавалерскую і дзявоцкую кампанію, на вечарынку ці йгрышча. У дзявоцкай кампаніі такая форма імён, як Антук, Пятрук яўна не прыстойная і не стасоўная, і, зрэшта, старадаўны абычай вымагае, ў зносінах маладзежы паміж сабой, тону ўважлівага, ветлага. І, вось, тут, у гэтай сфэры, самі сабой замяняюцца Антукі ў Антоляў, Пятрукі ў Петрасёў, Юркі ў Юрасёў, і ў свой чарод, дзявочыя імёны з дзіцячых адпавядаюць хлапцоўскім, ператвараючыся у: Пятруся, Югася, Глося, Дося, Алеся і г. п.

Урэшце прыходзіць час жанідзьбы; пераход, будзь што будзь „з рабяцкага стану ды ў мужскую славу“. Тут ужо і сам Бог судзіў Ігнасю, Місю, Аркасю, Кастусю, ператварыцца ў Ігната, Міхайлу, Аркада, Кастуша і г. д. Гэта час, як кажа прыказка „мужаваньня і баяваньня“. Але час ідзе. Падрасьлі дзеці, Міхайла і Ігнат і Пятро ажаніў сына.

Нявестка прышоўшы ў новую сямью, стараецца быць да ўсіх ветлай, уважлівай, а ў першы чарод да бацькоў мужа. І, вось, Аўгей становіцца, Аўгіяшом, Астап — Асташом, Баўтрамей — Бутрымам, Грыгор — Грынём і ня толькі ў сваей сямьі, але і ў суседзяў.

І гэтак, у крыўскім (беларускім) іменніку ёсьць формы імён: для дзіцяці (Анцік, Петрык), падростка (Янук, Баўтрук), дзяцюка (Кастусь, Юрась), мужа (Аўхім, Бутрым), старца (Міхайла, Югайла; Асташ, Грынь).

Дзякуючы заміраньню роднай старасьвеччыны ў народных массах і адарванасьці інтэлігенції ад народу, многія формы ў нашых імёнах, асабліва першае і чацьвертае ступені, вымагаюць шмат працы дзеля іх адшуканьня. Як відаць з прыложанага іменніка, жаночыя імёны больш пацярпелі утрат, чым мучынскія. Гэтак, мала захавалася форм жаночых імён 4-й ступені, што гаворыць у некарысьць павагі жанкі ў крыўска-беларускай сямьі, навейшых часаў. Да вельмі цікавых збольшаных (4-й ступені) жаночых імён належаць такія, як: Марыніца, Анісіца.

Пасколькі мне ведама, над крыўскім (беларускім) іменнікам дагэтуль ніхто не працаваў ні ў польскай ні ў расійскай літэратуры, тымчасам праца гэта можа даць назвычайна цэнныя данныя дзеля зразуменьня многіх гістарычных імён і прозьвішч, якія у нас пераважна тварыліся з бацькаўскіх імён, прыкл.: Яраславіч, Глебовіч, Сангушка (Сонгушко, Сендюшко, Сенькушко, праўдападобна ад Санко, Сенко і Семко — Сімон), Олельковіч (Олелько — Аляксандар), Олізар (Елеазар), Грыневіч (Грынь — Грыгоры), Алехновіч (Олехно — Аляксей, ці Аляксандар), Мялешка (Малетій), Тышкевіч (Тышко, Цішко — Тимофей), Хадкевіч (Ходка — Федар), Касьцюшка (Косьць, Касьцюш — Кастантын), Міцкевіч (Міць, Міцько — Мікалай), Дашкевічы (ад Адаш — Адам), Юхневічы (ад Юхно — Акім), Арцімовічы (ад Арцім — Артемій) і г. д. і г. д.

Авгій, Аўгік, Аўгук, Аўгусь, Аўгён (ей) Аўгіяш.

Августа, Аўгуня, Аўгуся, Аўгута.

Август, Аўгісь, Аўгустук, Аўгусь, Аўгустын, Аў(Г)густым.

Авдій, Аўдзік, Аўдзук, Аўдзіясь, Аўдзей, Аўдзіяш.

Авдотья, (Аў)Дзюня, (Аў)Дзютка, (Аў)Дося, Аўдоля.

Авксентій, Аксік, Аксюк, Аксісь, Аксём, Аксайла.

Авраам, Абрасьцік, Абрук, Абрась, Абрам, Абраш.

Аврелія, Аўруня, (Аў) Рэлька, Аўруся, Раліся, Аўрэля, Раліна, Раіна.

Аврелій, Аўрык, Аўрук, Аўрусь, Аўрэль, Аўрыяш.

Агафон, (А)Гасьцік, (А)Гапук, (А)Гапусь, (А)Гапон, Гапіян(ш).

Агафія, (А)Гаська, (А)Гапка, (А)Гася, Агата.

Аггій, (А)Гіясь, (А)Гіян, (А)Гіяш.

Аглаіда, (А)Глоська, (А)Глося.

Агнеся, (А)Гнеся, Агнешка, Агнета.

Аграфена, (А)Груська, (А)Груся, (А)Грыпіна.

Адам, Адзік, Адук, Адась, Адам, Адаш.

Аделайда, Адзька, Адэлька, Адэльця, Адэля.

Адольф, Адзік, Адолюк, Адолюсь, Адольф(п).

Адріан, Адрык, Адрук, Адрыясь, Адрыян, Адрыяш.

Акім, Юктук, Якім, Юхім, Юхша.

Акуліна, (А)Кульця, (А)Куліся, (А)Куліна, (А)Куліта.

Александр, (В)Ольцік, Валюк, (В)Олек, (В)Алесь, (В)Алех, Алехна[1] (Г)Вольша, Алелька.

Алексій, Ольцік, Алёшка, Алесь, Алёкса.

Алоизій, Альзік, Альзюк (дзюк), Альдзісь, Алёйза.

Анастасій, Асьцік, Астук, Астась, Астас, Асташ.

Анастасій, Насьцік, Настук, Настась, Настас, Насташ.

Анастасія, Наська, Настка, Настуся, Наста.

Андрей, Андрык, Андрук, Андрусь, Андрэй, Андрыяш, Андрых.

Анисим, Анісік, Аніська, Аніс, Анісім.

Анисія, Аніска(сця), Аніста.

Анна, (Г)Анця, (Г)Анка, (Г)Ануся, (Г)Анна(нуля).

Анна, (Г)Анця, (Г)Анка, (Г)Апуся, (Г)Анэта.

Антоніна, Анця, Антолька, Антося(ля) Антаніна.

Антон, Анцік, Антук, Антось(ль), Антон, Антух.

Аполина, Польця, Полька, (А)Палюся, Паліся(юта).

Аполин, Польцік, Палюк, (А)Палюсь, (А)Палім, (А)Палінар

Аркадій, Арцік, Артук, Аркась, Аркад.

Асеній, Арсік, Арсук, Арсім, Арсайла.

Артемій, Арцік, Артук, Арцісь, Арцім, Арціш.

Афанасій, Панцік, Павук, (А)Панась, (А)Панас.

Бернадій, Борцік, Барнук, Барнась, Барнат, Барнаш.

Богуслав (міл), Богцік, Багук, Багусь, Богуш, Богша.

Богуслава (міла), Богця, Багуся, Багута.

Борис, Борцік, Барук, Борка, Барыс.

Балтасарій, (Б)Вольцік, (Б)Вальцюк, (Б)Вальцісь, Бальцар.

Варвара, Варця, Варка, Варуся, Варвара.

Варвара, Барця, Барціся, Барбара.

Варлаам, Барлюк, Барлюсь, Баркулаб.

Варфоломей, Баўтрук, Баутрусь, Баўтрамей, Бутрым.

Варфоломей, Бахрук, Бахрусь, Бахрамей, Бахрым.

Варфоломей, Будрысь, Будрыс.

Варфоломей, Варлук, Варлась, Варлам, Варламей.

Васілій, Вася, Васька[2] Васілька, Васіль.

Василій, Базылька, Базыль.

Вассіан, Басьцік, Бастук, Басьцісь, Басьцей.

Венедикт, Бан(ад)ук, Бана(ды)сь. Банад(ын), Банаш.

Венцеслав, Вацік, Вацюк, Вацька, Вацлаў.

Викентій, Вінцік, Вінцук, Вінцусь, Вінцэ(н)т.

Викторія, Вікця, Віктуся, Вікта.

Виктор, Вікцік, Віктук, Віктусь, Віктар.

Владимир, Валодзік, Валодзька, Валодусь, Валадар(імір), Валодша.

Владимир, Ладзік, (У)Ладук, (У)Ладысь, (У)Ладар(імір)Ладша.

Владислав, Ладзік, (У)Ладук, (У)Ладзісь, (У)Ладыслаў,

Власій, Ўлась, Ўласук, Ўлацісь, Улас (Блажэй).

Власій, Аўлась, Аўлас.

Вѣра, Верця, Верка, Варуся, Вера.

Гавріил, Гаўрык, Гаўрук, Гаўрусь, Гаўрыла, Гаўра.

Гавріил, Габрык, Габрук, Габрысь, Габрэль, Габра.

Геновефа, Гэська, Гунэся, Гунэта.

Георгій, (Я)Юрык, (Я)Юрук, (Я)Юрысь, Юры(ла), Юрага, Юрка, Ярыла.

Герасим, Гарась, Гарасім.

Гервазій, Граўцік, Гравук, Гравась, Граўша.

Григорій, Грысь, (Г)Рыгук, (Г)Рыгась, (Г)Рыгор, Грынь, Грыдзь.

Давид, Додзік, Давыдка, Давыд.

Даміан, Дзямук, Дзямісь, Дзямід, Дзямаш.

Даніил, Доньцік, Данель, Даніла, Дануль.

Даніил, Данук, Данусь, Данут, Дануйла.

Дарія, (А)Дарка, Даруся, Дарота, Адарья.

Дмитрій, Зьмітр(о)ук, Зьмітра, Зьмітрым.

Діонисій, Дзянук, Дзянісь, Дзяніс.

Дорофей, Дарук, Дарцісь, Дарацей.

Ева, (Э)Еўця, Еўка, Яўціся, Еўга.

Евгеній, Аўгук, Аўгусь, Аўгей, Аўгіяш.

Евгеній, Геньцік, Гянюк, Гянісь, Гянят, Генюш.

Евгенія, Геньця, Гянюся, Аўгуся, Аўгіня.

Евдоким, Аўдзік, Аўдук, Аўдось(доль)Аўдот, Аўдыяш.

Евдоким, Аўдзік, Данук, Данісь, Данут.

Евдокія, Аўдзіся, Аўдотка, Аўдольця, Аўдося(ля).

Евдокія, Донька, Дануся(та), Дануля.

Емельян, Амелька, Амельян.

Евпраксія, Прося, Проська, Праксэся, Праксэда.

Евстафій, Астась, Астап.

Евтихій, Аўтук, Аўтусь, Аўтух.

Евфимій, Хімцік, Хімук, (Аў)Хімтусь, Аўхім, Хімко.

Евфимія, Хімця, Хімка, Аўхіся, Аўхіня.

Ефросинія, (П)(Ф)Хрузька, (П)(ф)Хрузіся, (П)(Ф) Хрузына.

Екатерина, Кася, Каця, Кацярына.

Елена, Альця, Аліся, Алена.

Елена, Гальця, Галь(ш)ка, Галя, Гэля, Галена.

Елисавета, Альжуся, Альжбета.

Елисѣй, Гілюк, Гальясь, Гальяш.

Еремій, Ярка, Ярмук, Ярэма.

Ермолай, Ярмук, Ярмол, Ярмойла.

Ефим, Яхімка, (Аў)Яхім.

Ефрем, Ахрук, Ахрусь, Ахрэм, Ахрамей.

Жозефина, Юзя, Юзька, Юзэфа.

Жанетта, Анця, Ануся, Анэта.

Захарій, Захарка, Захар, Захарьяш.

Зиновій, Зецік, Занук, Занцісь, Занон.

Зиновія, Зіця, Зенька, Занціся, Зіта.

Зосіма, Зосьцік, Застук, Засьцісь, Засьцём.

Иван, Івась, Івашка, Іван, Івон[3] Іваш.

Исидор, Сідзік, Сідук, Сідзісь, Сідар.

Иларіон, Лаўрык, Лаўрук, Лаўрысь, Лаўрын, Лаўрыш.

Илларіон, Гілік, Гілюк, Гілясь, Гіляр, Гіляруш.

Ипполит, Гіполісь, Гіпалюк, Гіполюсь, Гіпаліт.

Иродіон, Радзік, Радук, Радзюк, Радзісь, Радзім, Радзівон.

Іаков, Якцік, Яктук, Якусь, Якута, Якаў (уб), Якта, Якша, Яц.

Іакинф, Кантук, Канцісь, Якант.

Іакинф, Юхнук, Юхцісь, Юхінт, Юхно.

Іоаким, (Ю)Як(х)імка, [Ю]Як[х]цісь, (Ю)Як(x)ім, Якша.

Іоанна, (Ю)Ягася, (Ю)Ягата, (Ю)Яга.

Іоанн, (Ю)Ягцік, (Ю)Ягук, (Ю)Ягась, (Ю)Ягайла, (Ю)Ягаш.

Іоанн, Ясь, Ясюк, Яська, Ясюль.

Іоанн, Янцік, Янук, Янка, Януль, Януш.

Іосиф, Юзік, Юзюк, Еська, Язэпусь, Юзуль, Язэп.

Іуліан, Юлік, Юлюк, Юлісь (цісь), Юльян, Юльяш.

Іуліанна, Юльця, Юлька, Юльціся, Юля, Юляся.

Казімір, Казік, Казюк, Казімір.

Карл, Карук, Карусь, Каро(у)х, Корша.

Каролина, Каруся, Карута.

Кирилл, Кірык, Кірук, К(у)ирилла, Кирьяш.

Киріак, Кірук, Карэй, Кірша.

Кипріан, Купрык, Куп(Цып)рук, Куп(Цып)рысь, Купрэй, Цыпрыян.

Клавдій, Клаўдзік, Клаўдук, Клаўдусь, Клаўдыян, Клаўдзіяш.

Клементій, Клімцік, Клімук, Клімась, Клім, Клімаш.

Кондратій, Кандрук, Кандрась, Кандрат, Кандраш.

Константин, Косьцік, Касьцюк(стук), Кастусь, Косьць, Кастуль, Касташ.

Константин, Канстась, Канстант, Канстайла.

Константія, Косьця, Кастуся, Кастуля.

Косьма, Кузік, Кузюк, Кузьмісь, Кузьма, Кузьмей.

Кристин, Крысь, Крыстук, Крыстусь, Крыстын.

К[Х]ристина, Крыся, Крыстуся, Крыста.

Ксенія, Аксюта, Акціся, Аксёна, Аксініца.

Канон, Канук, Канцісь(нась), Канаш.

Лаврентій, Лаўрык, Лаўрук, Лаўрусь, Лаўрын, Лаўрыш.

Лаврентій, Гільцік, Гільтук, Гілярусь, Гіляр.

Лев, Леўцік, Лявук, Лявось, Лявон.

Леонія, Леўка, Лявося.

Лолій, Лелік, Лёлька, Лёлюсь, Лелюш.

Лонгин, Лу(ы)нгук, Лу(ы)нгась, Лу(ы)нгвён.

Лука, Луцук, Луцэсь, Луц, Лукаш.

Лукіан, Люцік, Лютук, Лютысь, Лют, Люціян.

Лукерія, Люцька, Лютка, Люцыся, Луцэся.

Людовик, Людзік, Людзька, Людвісь, Людвіг.

Маврикій, Маўрык, Маўрук, Маўрусь, Маўра, Маўрыяш.

Магдалена, Магдзя, Магдзіся(уся), Магда.

Макарій, Макрук, Макар, Макрэй.

Максим, Максюта, Максімка, Максім.

Маланія, Маланка, Малася, Маляньня.

Мамій, Мамук, Мамцісь, Момат.

Маргарита, Маргуся, Магарэся, Магарэта.

Марія, Марка, Маруся, Марья(яна), Мара.

Марія, Марця, Марыся(ля), Марыня, Марівіца.

Мартин, Мартук, Марцісь, Марцін, Марцей.

Мартіана, Марця, Мартуся, Марц(э)іся, Марцэля.

Марфа, Марця, Мартуся, Марта.

Матвѣй, Матук, Мацісь, Матыс, Матьяш.

Матрена, Матруся, Матруна, Мотра.

Мелетій, Мялешка.

Мина, Мінцік, Мінук, Мінась, Мінайла.

Мірон, Мірцік, Мірук, Мірась, Мірон, Міраш.

Михаил, Mic(у)юк, Місь, Місай, Міхайла.

Михаил, Міхцік, Міхалка, Міхась, Міхал, Міхайла.

Михей, Міхцік, Міхук, Міхно.

Мойсей, Майсюк, Мойжа.

Настасія, Настка, Настуся, Наста.

Наталія, Наталка, Натася, Наталя.

Никита, Мітка, Міцька, Мікіта.

Никифор, Мікіпар.

Николай, Міколка, Міколя, Мікола, Мікалай.

Олизарій, Алізар.

Ольга, Вольця, Волька, Вальціся, Вольга.

Онисим, Аніська, Анісь, Аніс.

Онуфрій, (А)Нупрук, (А)Нупрысь, (А)Нупрэй, (А)Нупрым.

Остафій, Асьцік, Астук, Астась, Астап, Асташ.

Осип, Юзік, Юзюк, Юзусь, Язэп.

Павел, Паўцік, Паўлюк, Паўка, Павал.

Павел, Пашка, Пацька[4] Пашко, Пац.

Параскева, Параска, Парася.

Парфеній, Пархом.

Пелагея, Паласка, Палася, Паланея.

Петр, Петрык, Пятрук, Пятрусь, Пятро, Пятраш.

Полина, Польця, Полька, Палюся, Палюта.

Прокофій, Пракопка, Пракоп, Прокша.

Протасій, Процька, Пратась, Пратас, Прот.

Радіон, Радзік, Радзька, Радзюк, Радзісь, Радзівон, Радзівойла.

Рафаіл, Рап(ф)ук, Рап(ф)ась, Рап(ф)ал.

Регина, Рася, Раська, Ра(ю)іся, Раіна.

Рихард, Рышка, Рысь, Рышко.

Розалія, Рузька, Рузя, P(а)узаля.

Роман, Ромцік, Рамук, Рамась, Раман, Рамаш.

Рустик, Русік, Русук(ак), Русьцісь, Рус, Рустым.

Савелій і Савва, Саўка, Саўцісь, Савель.

Севастіан, Сабук, Сабоста, Сабасьцей.

Самуил, Самук, Самусь, Самуль, Самойла.

Сасоній, Сас(ц)ук, Сацісь, Сацько, Сац.

Софроній, Супрук, Супрусь, Супрон, Супраш.

Семен, Сë(і)мка, Сымон, Сімаш.

Сигизмунд, Зыгмук, Зыгмусь, Зымунт.

Симеон, Сімка, Сімась, (С)Шымон, (Ся)Шымаш.

Силуан, Сенька, Сільвась, Сілаш.

Софія, Зоська, Сонька, Зося, Соня.

Софроній, Супрук, Супрусь, Супрон.

Станислав, Стасік, Стасюк, Стась, Станіслаў, Станіш.

Степан, Сьцёпка, Сьцяпан.

Сусанна, Зулька, Зуліся, Зуля.

Тимофей, Цімук(мка) Цімусь, Цімон.

Тихон, Цішка, Ціхон.

Юстын, Юсьцік, Юстук, Юстусь, Юстын, Юстыян.

Устиная, Юсьця, Юстуся, Юста.

Урсула, Аршуся, Аршуля.

Федор, Ходзік, Ходка, (Хвя)Хадась, (Хве)Ходар, Хадаш.

Федор, Хвядук, Хвеська, Хвядос, Хведша.

Филимон, Халюк, Халюсь, Халімон.

Филипп, (Хві)Піліпка, (Хві)Піліп.

Флорентій, Хролька(люк)Хральцісь, Хрол.

Франциск, Пронцік, (Ф)Пранук, (Ф)Пранціс, (Ф)Пранціш, Пронь.

Христина, Крыся, Крыстуся, Крыста.

Христіан, Крысь, Крыстук, Крыстусь, Крыстын, Крыстым.

Христофор, Крыштук, Крыштусь, Крыштапор.

Цецилія, Цэся, Цэська, Цыцыля.

Эдуард, Эдзя, Эдзюк, Эдзька, Эдзісь, Э(А)двард.

Эмиліан, Мільцік, Амілюк, Амільясь, Амільян, Амільяш.

Эмилія, Мільця, Амільця, Аміля, Мільцеся.

Юлій, Юлюк, Юльцісь, Юльян, Юльяш.

Юльянія, Юльця, Юлька, Юльціся, Юля.

Юльянія, Улціся, Ульяна.

Яков, Якусь(та), Якуб, Якаў, Якуш.

Фадей, Хвядук, Хведась, Хвядос, Хведзь.

Фадей, Ходзік, Хадук, Хадась, Ходар, Ходша.

Фекла, Тэця, Тэцька, Таклюся, Тэкля.

Фекла, Хвеся, Хвеська, Хвяціся, Хвекла.

Федора, Ходзька, Тадося, Тадора.

Федора, Хадося, Хадора.

Феодор, Тодзік, Тадук, Тадусь, Тодар.

Феодор, Хведзік, Хвядук, Хведась, Хведар.

Феодосій, Хвядось, Хвядос, Хведзь.

Фома, Томка, Тумась, Тумаш.

Фома, Хомцік, Хомка, Хомцісь, Хама, Хамаш.



  1. Александр або Олелько Валадзіміравіч кн. Капыльскі +1455. Старыйкоўскі 1885 ч. ІІ. стр. 74. Жаргоннай вымовы гэтага імя, як Ляксандра, ня падаю ў рубрыцы.
  2. Цікава мяркаваньне Нарбута (Dzieje Nar. Lit. Т. III. стр. 479), што імя Вячко „толькі папсаванае, зьменшанае імя Васіль. У нашых крыніцах знаходзім кн. Вячко, пад імем Wasskonius i Wasskon г. зн. Васька, зьменшанае ад Васіль, „Василій“. Зраўняй Войшэль, або Волштиник Lat. Lit. i Kron. Rus. 148.
  3. „Я Ивон схимник“… Вит. Стар. Т. V. R. I. стр. 13.
  4. … Павел инако прозываемый Пацько… полацкі мешчанін В. Ствр. Т. V. ч. I стр. 15.