Палчанін, палачанін

Навец, наўскі Палчанін, палачанін
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 6, сьнежань 1923 г., б. 50
Выцябкі і поцябкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Палчанін, палачанін. У аколіцах мястэчка Старыя Крыжы (Вяліжск. пав.) дружкаў маладога і маладой называюць „палачанамі“ і „палачанкамі“ (мабыць даўней палчанамі і палчанкамі), так сама як у іншых мясцох Беларусі называюць „дружынай“ і „дружкамі“. Першае і другое найменьне выражаюць паняцьце арганізаванай вайсковай адзінкі. Малады, маладзён (князь) прыбывае, ў дом маладой (княгіні) акружаны сваім войскам„палком“, „дружынай“, звычай гэты ёсьць вотклік тых часаў, калі жон „умыкалі“, або дабывалі сілай. Гэта „пазваляе“ зрабіць дапушчэньне, што і найменьне стара Крыўскай сталіцы, Полацак (даўней—Полтеск, Полътск), знаходзіцца ў зьвязку са словам „полк“ (стар. полък) знача: войска, вайна, бітва, вайсковы стан, а магчыма—крэпасьць. (Зраўняй: „Опыт областного Великорусского словаря“, Выд. Акад. Наук СПБ. 1852 г., дзе маецца запісь з Тверскай губэрні „полкъ“, „полчане“ ў значэньні вясельнай дружыны. Праф. Карскі паказуе у Тверскай губ. даволі значны лік беларусаў.

А. С.