Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца першая

Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца першая
ГАСПАДАРКА

ЗМЕСТ:
Паніч варочаецца дамоў. — Першае спатканне ў святліцы, другое пры стале. — Важная навука Суддзі аб ветласці. — Падкаморага палітычныя ўвагі аб модах. — Пачатак споркі пра Курту і Сакала. — Жальбы Войскага. — Апошні Возны трыбунала. — Узгляд на тагачасны палітычны стан Літвы і Еўропы.

Радзіма Літва! Як здароўе, так ты, дарагая;
як шмат цябе трэба цаніць, толькі той і спазнае,
хто страціў цябе. Ўсю красу тваю бачу дзіўную
й сягоння апісваю, бо па табе я сумую.

Паненка, што Ясну бароніш гару Чанстаховы
і свеціш у Вострай у Браме[1], што горад замковы
бароніш Навагрудскі з верным ягоным жа людам!
Вось так, як мяне да здароўя вярнула ты цудам
(тады, як ад плакаўшай маці табе пад апеку
я ахвяраваны, падняў амярцвелу павеку
і зараз жа мог да святыняў тваіх да парогу
йсці пешкі, за вернута жыцце падзякаваць богу),
так нас ты цудоўна павернеш пад родны блакіты...
Тым часам душу маю стужану перанясі ты
да ўзгоркаў лясных, да зялёных лугоў травяністых,
шырокіх пры сіняга Нёмана водах бруістых,
да гэтых палёў самым розным збожжам маляваных,
пшаніцай залочаных, жытам найбольш пасрэбраных;
туды, дзе, як бурштын, стрэлка, дзе грэчка бяленька,
як снег, дзе ружовіцца дзятліна, моў бы паненка,
а ўсё спавіваюць зялёныя межаў істужкі,
ды зрэдку на межах сядзяць там ціхія ігрушкі.

Паміжы такімі палямі калісь, пры ручаі,
на ўзгорку лагодным такім, у бярозавым гаі
стаяў падмурованы двор, хоць кругом дзераўляны;
аж зводдаль свяціліся сцены яго пабяляны,
бялейшыя тым, што ад зелені цёмнай адбіты,
ад топаляў, добрай увосень ад ветру зашчыты.
Той дом невялікі, ды чысты наўкола і ўсюды;
вялізна гумно, а пры ім тры стагі, быццам буды,
дабра, што пад стрэхі ў тарпы утаўпіцца не можа.
Відаць, што ваколіца дужа багата на збожжа,
й відно з ліку копак, што свецяць так густа, як зоркі,
ушыркі і ўдоўжкі, і з ліку плугоў каля воркі,
плугоў, уздымаўшых папар шырачэнны так рана
зямлі чарназёмнай, хіба ж прыналежнай да пана,
упраўленай добра на лад агароджаных градак:
што ў доме у гэтым дастатак жыве і парадак.
А брама, расчынена насцеж, праходнаму весце,
што кожнага просяць у госці, паліць і паесці.

Якраз во й заехаў у браму панок маладзенькі
й, абегшы падвор’е, скруціў аж пад ганку ступенькі.
З ваза сабе вылез, а коні, накінуты самі,
шчыпаючы траўку, паволі цягнулі да брамы.
Пусцютка у доме, бо дзверы ад ганку замкнуты
зашчэпкамі, й тыя зашчэпкі калком ператкнуты.
Панок жа не бег на хвальварак, каб слуг запытаці:
раз-два — адчыніў, уляцеў, каб той дом прывітаці.
Даўно ўжо не бачыў яго, бо ў далёкім жа месце
навукі канчаў і канца дачакаўся нарэшце.
Ўляцеўшы, ён прагна кідае пагляды на сцены
і чула вітае старэнькіх знаёмых, нязменных.
Абоі і спраты старыя у кожным кавалку,
усё, чым любіў забаўляцца ад самага малку,
ды толькі паменшалі бытта і крышку збрыдчэлі.
Таксама й партрэты старыя на сценах віселі:
Касцюшка ў чамарцы кракоўскай, як жыў, выступае,
з вачыма, у неба паднятымі, меч свой трымае
аберуч; бо ім прысягаў ён народ ратаваці
і трох акупантаў магутных із Польшчы прагнаці
ці пасці самому на меч. Дальш у польскай апраце
сядзіць там Райтан[2] і труднуе па вольнасці страце,
трымаючы нож у руцэ з гастрыём каля лона,
а кнігі прад ім — то «Федон»[3] і пра жыцце Катона[4].
Ясінскі, прыгожы юнак, хоць пахмурны, як трупны,
а побач Карсак з ім, таварыш яго неадступны,

стаяць на акопах, сякуць Маскалёў без развагі
у цэлыя кучы, наўкола ж пажар ужо Прагі.
А нават пазнаў і гадзіннік стары курантовы,
што ў шафцы драўлянай стаяў пры ўваходзе альковы,
і рады, як малец, пацяг матузочкам праз дзюрку,
пачуць каб Дамброўскага мілу старую мазурку.

Бягма ён шукаў між пакояў святліцу дзяціну,
дзе рос ён маленькі, што дзесяць гадкоў як пакінуў.
Ўвайшоў, адступіўся, кружыў там здумлспыя вочы
па сценах: то ж гэта няйначай — пакойчык жаночы.
Да хто ж бы тут жыў? Стары дзядзька не быў і жанаты,
а цётка жыла ў Пецярбурзе, сталіцай занята.
Не быў то пакой ахмістрыні? Чаму фартэп’яна?
І ноты і кніжкі; усенечка параскідана
нядбана, бязладна — такі непарадак, то й міла:
відаць, не старая то ручанька ўсё нарабіла!
Была тут сукенка, з калка, каб адзеціся, знята
нядаўна й на поручнях крэсла свабодна распята;
на вокнах вазончыкі, розны пахучыя зёлкі,
геранія, гожа ляўконія, астры, фіёлкі.
А стаў падарожны ў ванне, дык і тамака дзіва:
у садзе, дзе некалі толькі лапух і крапіва
раслі, быў гародчык, дарожкамі складна пацяты,
паўнюткі букетаў травы і ангельскае мяты.
Платочак малюсенькі, хітра павязаны з дужак;
стакроткаў ірдзеўся рад яркіх бліскучых істужак.
Відацца, што свежа па градках было палівана,
і поўна вады йшчэ стаяла начынне бляшана,
ды толькі гародніцы ўжо анідзе не відацца.
Во толькі што вышла; не кончылі йшчэ калыхацца
варотцы папхнуты; відаць невялічкае ножкі
сляды на пясочку, ды без чаравік і панчошкі.
На дробным пясочку, сухуткім і белым, як снегу,
выразны, хоць лёгкі слядок; адгадаем, што ў бегу
у шпаркім ад печыяй дробненькай ножкі застаўся,
ад нечыяй, хто, летучы, чуць зямлі дакранаўся.

Стаяў у вакно падарожны, глядзеў задумёны
і дыхаў ад кветак павеі наздзіў дабравонны;
аж тварам сваім на кусты фіялковы схіліўся,
вачыма цікавымі й думкай па сценах насіўся,
спыніўся ізноў на слядох і не мог дагадацца,
чые то жаночыя ножкі й адкуль маглі ўзяцца.
Прыпадкам ён вочы падняў, аж прад ім пры баркане
дзяўчына стаіць маладая. На гібенькім стане
да грудкаў адно яе белая вопратка крые,
відацца ж адслонены плечыкі й лабудздзя шыя.
Літвінка у строі такім прахаджаецца зрання,
ды толькі у хаце, й баіцца з мужчынам спаткання;
таму свае грудкі рукамі закрыла паненка,
каб тое схаваці, чаго не схавала сукенка.
Яе валаскі неразвіты, ў малы вузялочкі
пакручаны й схованы ў дробныя белы стручочкі,
галоўку наздзіў харашылі: ад бліску ад сонца
свяціліся так, як карона святых на іконцы.
А твару відаць не было. Бо звярнуўшыся ў поле,
вачыма кагосьці шукала далёка у далі;
угледзела, пляснула ў рукі й зайшлася ад смеху
ды раптам, як белая птушка, з баркану ў паспеху
сарвалася й лётам гародам, праз кветную градку,
платы ўзляцела на гібку дашчаную кладку,
прыпёрту к сцяне. Не паспеў аглянуцца ў здзіўленні:
яна праз вакно, як бы месяца тыя праменні,
раптоўна і ціха, і лёгка ў пакой уляцела.
З прыпеўкай сукенку хапіла, да люстра хацела,
аж раптам — хлапец! Дык із рук яе сукня упала,
і з тварам, ад страху і дзіву збялеўшым, стаяла
дзяўчына. Хлапец загарэўся ж чырвенню на твары,
во так, як ад ранняй заранкі чырвеняцца хмары.
Ён вочы заплюшчыў стыдліва, рукой прысланіўся,
хацеў штось сказаць, перапрашаваць; толькі скланіўся
й падаўся назад. І ускрыкнула дзеўка балюча,
вось так, як дзіця, што спалохана, ў сне — нерашуча;
спалохаўся й госць і зірнуў, аж яе ані духу.
Выходзіў змяшаны, і білася сэрца у руху
гвалтоўным, а сам ён не ведаў, ці меў то смяяцца
з такога спаткання, ці цешыцца мо’, ці стыдацца.
Тым часам ужо спахапіліся й на фаліварку,
пры браме пабачыўшы тую гасціную парку.
Ўжо коней забралі у стайню, і добра ім дана
аброку і сена, як трэба у добрага пана.
Суддзя не любіў бо ніколі на новую моду
гасціныя коні к жыдам адсылаць у гасподу.
Хоць слугі й не вышлі, ды толькі не думай німала,
што бытта у доме Суддзі і служылі нядбала;[5]
чакаюць жа слугі, пакуль то пап Войскі ўбярэцца,[6]
бо ён загадаў, што вячэра за домам даецца.
Ён пана самога у доме цяпер заступае,
ў ягону адсутнасць гасцей забаўляе, прымае,
(далёкі бо панскі то родзіч і прыяцель дому).
Пазнаўшы гасця, ён да хаты садзіў пакрыёму;
не хочучы выйсці у ткацкім сваім пудармане,[7]
надзеў як мага найхутчэй жа святочнае ўбранне,
ад рання ужо прыгатована: добра бо ведаў,
што будзе нямала гасцей і вяліка бяседа.

Пан Войскі здалёку пазнаў падарожнага тога
і з крыкам давай абнімаць, цалаваць маладога.
Пайшла памяшаная хуткая гутарка-мова,
што колькігадовы падзеі замкнуці у слове
хацела б — каротка, ды зблытана: рад запытанняў,
усклічнікаў, новых уздыхаў ды йзноў прывітанняў.
Як Войскі даволі ужо навітаў, папытаўся,
ў канцы тагадзейныя дзеі сказаць абяцаўся.

«Ну, добра, Тадэвуш (бо так называўся хлапчына,
а даць жа імя Касцюшкова такая прычына,
што, знача, у часе вайны Касцюшкоўскай радзіўся),
дык добра, Тадэвуш каханенькі, ты прылучыўся
дадому, якраз як паненак мы маем тут веле,
бо дзядзька плануе табе ужо справіць вяселле;
а ё з чаго выбраць; у нас і таварыства лічна
збіраецца гэтымі днямі на суд пагранічны,
каб з Графам пакончыць старую няскончану спорку;
пан Граф гэтаксама прыедзе у двор наш на зборку;
з сям’ёй Падкаморы[8] прыехаў судзіць у працэсе.
Ну, моладзь пайшла забаўляціся стрэльбай у лесе;
усе ж вун старыя й жанчыны жніво аглядаюць
пад лесам і тамака пэўне на моладзь чакаюць.
Хадзем, калі хочаш спаткаць недалёка ад брамы
там дзядзьку свайго, падкаморых і важныя дамы».

Пан Войскі з Тадэем ідуць аж пад лес той дарогай;
ім нагаварыцца даволі дык проста не змога.
А сонца на бераг нябесны ужо дахадзіла;
хоць меней, ды неяк шырэй, як уводні, свяціла;
усё счарванёна, як твар той здаровы, чырвоны
у гаспадара, што, закончыўшы дзень свой працоўны,
ідзе на спачынак. Ўжо сонечны круг прамяністы
спускаецца зверху на бор, і змярканне імгліста
вярховіны дрэў, галіны цямном напаўняе
ды ўсенечкі лес як бы вяжа ў вадно і злівае;
і бор зачарнеўся на від аграмнястага гмаху,
а сонца над ім, як пажар той чырвоны на даху.
І раптам запала; йшчэ раз паміж дрэваў зірнула,
як свечка праз шпаркі законных заслонаў бліснула
і згасла. Адразу пры збожжы сярпы, грамадою
звінеўшыя, й граблі, ў лугох што ішлі чарадою,
заціхлі і сталі: канец ужо працы і годзе,
ад пана Суддзі загадана канчаць пры заходзе.
«Пан свету сам ведае, колькі на працу патрэба;
як сонца, ягоны работнік, зыходзе ўжо з неба,
тады й земляніну пара уступіціся з поля».
Любіў так казаці Суддзя, а ягоная воля
таксама была й аканому пачціваму свята;
бо нават вазы, у якія ўжо складаці пачата,
ідуць з недаложаным жытам сабе ў прыгуменне,
і рады валы, што так лёгка: шчасліва здарэнне!

А з лесу вярталісь паны: хоць вясёлы — ў парадку!
Наперадзе дзеці з дазорцам, казаў бы, у статку;
за імі Суддзя з паважанаю Падкамарынай,
а побач і сам Падкаморы з усенькай радзінай;
паненкі ступалі за старшымі, моладзь жа збоку;
паненкі прад хлопцамі йшлі на якія паўкроку
(бо так выпадае). Ніхто не казаў аб парадку,
ні дам, ні мужчынаў не ставіў, а йшло усё гладка,
бо кожны парадку тады пільнаваў мімаволі:
Суддзя абычай старасвецкі трымаў і ніколі
на то б не дазволіў, каб хібілі нейкага ўзгляду
для веку, ўраджэння ці розуму альбо ураду.
«Тым ладам, — казаў ён, — дамы і народы ўзрастаюць,
з ягоным упадкам дамы і народы шчазаюць».
Таму да парадку прывыкшы ўсе хатнія, й кожны
прыезны там госць ці радня, ці чужы, падарожны,
як толькі адведаў Суддзю і забавіўся мала,
прымаў абычаі, якімі усенька дышала.

З пляменнікам коратка дзядзькі было прывітанне:
руку сваю даў ён Тадэю для пацалавання
і, пацалаваўшы ў шчаку, паздаровіў прыкладна;
хоць мала з ім гутарыў, — дзеля гасцей бо няскладна —
відацца са слёзаў было, што адлётам кантуша[9]
ён жвава абцёр, як жа моцна любіў Тадавуша!

А следам за панам да хаты усё адным разам:
і з пасбішч, і з поля, і з бору, як нейкім наказам.
У вуліцы стала авечак таўчэцца з бляяннем
пад хмараю пылу; за імі ж ідзе з разважаннем
тырольскае стада кароў і званочкамі звоне,
а далей з пакосаў нясуцца іржучыя коні.
Усё гэта рвецца да студні, дзе жораў драўляны
скрыпіць і ў карыта ўлівае напітак жаданы.

Суддзя, хоць і струджаны дужа й гасцьмі быў заняты,
павіннасць сваю гаспадарскую поўніў заўзята:
пры студні ён сам. Гаспадар бо як з вечара гляне,
то бача найлепей жывёлу, ў якім яна стане;
дазору ж такога ніколі слугам не даруча,
бо то ж гаспадарскае вока каня добра туча.

А Войскі і Возны[10] Пратазы са свечкамі ў сені
стаялі й гамонку вялі, ды крыху ў скалачэнні;
ў нябытнасць бо Войскага Возны узяў пакрыёму
й сказаў, каб з вячэрай сталы павынашываць з дому
й паставіць хутчэй як мага пасяродку замчышча,
якога відацца было аж пад лесам звалішча.
Нашто пераносіны гэтыя? Войскі крывіўся
й Суддзю перапрошываў; той, хоць не мала здзівіўся,
ды — сталася, позна! што зробіш цяпер, чалавеча?
Гасцей перапросіш і мусіш павесці ў пустэчу!
Дарогаю Возны Суддзі безупынна тлумачыў,
чаму ён устройства і панскі загад перайначыў:
няма у дварэ аніводнай абшырнай святліцы,
дзе столькі гасцей паважаных магло бы змясціцца;
у замку ж вялікія, добра захованы сені,
сцяна хоць і лопнуўшы, але цалюткі скляпенні;
што вокны без шыбаў, улетку зусім то не шкодна,
а блізкасць скляпоў, то для чэлядзі будзе выгодна...
Даводзячы, ўсё ён міргаў да Суддзі; з яго міны
відалася: меў ён і таіў важнейшы прычыны.

Той замак шагоў дваццаць сотняў стаяў па-за домам,
паказны будоўляй, паважны вялізным агромам.
А спадчына гэта старое фамільі Гарэшкаў.
Сам вотчын прапаўшы у часе краёвых замешкаў;
майно ўсё дазвання зністожылі ўраду секвестры,
бязладнасць апекі, суды і аплаты палестры;
крыху дасталося з таго для радні па кудзелі,
крэдытарам рэшта пайшла за даўгі пры раздзеле.
А замку ніхто не хацеў, бо ў шляхоцкім то стане
і грудна лажыць такі кошт на яго утрыманне.
Ды Графіч, радня хоць далёка Гарэшкаў, багаты
сусед, калі вышаў з апекі, паніч дзіўнаваты,
муры спадабаў, як вярнуўся сюды з падарожы
бо, кажа, гатыцкае архітэктуры, харошы;
дармо што Суддзя з дакументам праконаваў потым,
што той архітэктар быў віленскім майстрам, не готам.
Даволі, што Графу ўсхацелася замку. Й старому
Суддзі зажадалася тое ж, чаму — невядома.
Цягаліся ў земстве, ў галоўным судзе — ну, бязмерне —
ў сенаце, ізноў жа у земстве, а ўрэшце ў губерні;
ў канцы, пасля коштаў страшэнных і ўказаў шматлічных
вярнулася справа ізноў да судоў пагранічных.

А праўду казаў жа той Возны, што сені замковы
і прошаных змесцяць гасцей і палестру судову:
вялізныя, як рэфектар, на філярах скляпенне
харошае выпукла пнецца, падлога з камення
і чыстыя сцены, хоць жаднай аздобы не мелі.
Наўкола аленнія й сарнія рогі стрычэлі
з надпісамі, дзе і калі кожны звер быў здабыты;
і тут паляўнічых гербоўныя клейнаты рыты
ці рэзаны, й выпісак кожны стаіць паіменні;
Гарэшкавы ж герб, той Паўкозіч, свяціў на скляпенні.

Ў парадку ўвайшлі: сталі колам; цішэй разгаворы;
вышэйшае месца заняў за сталом Падкаморы;
такі яму гонар і з веку і ўраду належа,
йдучы, усё кланяўся дамам, старым, маладзежы.
Пры ім жа квастар,[11] а Суддзя пры ксяндзу барнадыне;
кароткія пацеры той злапатаў па лаціне;
мужчынам гарэлку далі; тады ўсе пасядалі
і жвава ды моўчкі смачны халадзец засцябалі.

Тадэвушка, хоць маладзік, за гасця ж уважаны,
пасаджан высока пры Ягамосці, дзе дамы;
а побач між ім і Суддзёю адно засталося
пустое там месца, казаў бы, чакала кагосьці.
На гэтае месца й на дзверы і дзядзька ўглядаўся
не раз, і відаць, што кагосьці чакаў, дамагаўся.
Тадэвуш няўхільна сачыў за ягоным узрокам:
на дзверы, на месца пустое, маўляў, пад урокам.
І дзіўная справа! Наўкола сядзелі паненкі,
што смела здаволіць маглі б каралевіча зрэнкі,
усе радавіты, ды кожна прыгожа і складна,
а ён спаглядае туды, дзе няма ані жаднай.
Загадка!— а моладзь жа любе загадушкі гэткі.
Рассеяны так, да прыгожай сваёй да суседкі
сказаў колькі словаў тыкеле,[12] да Падкамаранкі;
не мене талеркаў і не налівае ёй шклянкі,
суседніх паненак не баве ён гутаркай ветлай,
сталічну навуку сваю паказаць каб прыметнай.
Адно толькі месца пустое яго прыцягае...
Ужо не пустое, бо думкі хлапцоўскі трымае.
Па месцы тым сотні дагадак скікае ў натузе,
як жабкі па буйным дажджы на самотным дзе лузе.
Між імі адна каралюе там постаць дзяўчыны,
бы возера ясна лілея ў пагодны гадзіны.

Далі ужо трэцюю страву. А пан Падкаморы,
падліўшы віна пару капляў дачцэ сваёй Рожы
й папхнуўшы к малодшай з талеркай бліжэй агурочкі,
сказаў: «Мушу я вам служыць, мае панначкі дочкі,
хоць бацька, стары і няўдалы». Адразу, як батам[13]
падсцёбнуты, хлопцы падскочылі й служаць дзяўчатам.
Суддзя ж тады, збоку ўзірнуўшыся на Тадавуша
і важна паправіўшы крышку адлёты кантуша,
падліў сабе венгрыну[14] й кажа: «Мы новым звычаем
цяпер у сталіцу вучыцца дзяцей пасылаем,
і праўда, без спрэчкі, што нашы сыны і унукі
балей ад старэйшых набраліся кніжнай навукі,
а бачу штодзённа, як моладзь жа траце на гэтым,
што школаў няма ўжо, дзе жыці з людзьмі і са светам
вучылі. Бывала, паводле даўнейшае моды,
на панскім дварэ вывучалася моладзь. Без шкоды
і сам я прабыў дзесяць годзікаў дворскім Вайводы,
айца то Масцівага Пана (і, кажучы гэта,
Суддзя усціснуў Падкамораму шчыра калена);
ён радай мяне да публічнае службы спасобіў,
з апекі не выпусціў і чалавекам во зробіў;
у доме маім яго памяць трываціме вечне,
штодзень за ягону душу я малюся сардэчне.
А тое, што я пры дварэ не здалеў скарыстаці,
як іншы, й, вярнуўшыся, мушу зямельку гараці,
другія ж, балей дастайнейшы Вайводы узглядаў,
дабіліся да найвышэйшых краёвых урадаў:
прынамсі, я то навучыўся, што гэтага дому
павагі пільную й не хібіў ніколі нікому
усцівасці, ветласці; ну, а скажу я вам смела,
не лёгкая ветласць навука, вялікае дзела.
Не ў тым бо канец ёй, каб толькі нагой вырабляці
умела ці кожнага з мілай усмешкай вітаці;
бо мода такая здаецца мне толькі купецкай,
а не старапольскаю ветласцю і не шляхецкай.
Належыцца кожнаму, але інакшая ветласць:
бо то ж не без ветласці й тая дзіцяча сардэчнасць,
і ў мужа для жонкі увага ў людзёх, і у пана
для слуг, але кожная з іншай адменаю брана.
І доўга то трэба вучыцца й таго пільнаваці,
каб кожнаму гонар належны й усцівасць даваці.
Й старыя вучыліся: гутарка панска, бывала,
жывую гісторыю краю сабой абымала,
а міжы шляхецтва — падзеі дамовы павету.
Давалі пазнаць брату-шляхціцу гутаркай гэтай,
што добра ён ведам, ніхто яго лёгка не важа,
дык шляхціц трымаў абычаі свае, як пад стражай.
Цяпер не пытай чалавека: а хто яго родзе?
з кім жыў? што рабіў? сёння кожны, дзе хоча, ўваходзе,
каб толькі не шпег і не быў бы у нэндзы найгоршай.
Як рымскі той Веспасіян, што не нюхаў ён грошай
і знаць не хацеў, з чыіх рук і з якое краіны,[15]
так ведаць не хочуць цяпер абычаяў, радзіны!
Даволі, як важны і з выгляду штэмпель харошы,
шануюць такога, ўсё роўна, як жыд свае грошы».

Гаворачы гэтак, Суддзя на гасцей сваіх ладна
ўзірнуўся, бо хоць гаварыў ён разумна і складна,
ды ведаў, што моладзь цяпер нецярплівая стала:
хоць мова й найлепша, як доўгая — знудзе, прапала.
Усе ж яго слухалі важна, ў маўчанні глыбокім;
Суддзя Падкаморага моў бы выпытываў вокам,
ды той жа рачэй не хацеў перабіць пахвалою,
а толькі патаківаў часта й ківаў галавою.
Прымоўкнуў Суддзя. Падкаморы скіўненнем прызволіў.
Суддзя тады, ў кубкі абодва падліўшы паволі,
далей прамаўляе: «Так, ветласць — то рэч не малая:
калі чалавек навучаецца важыць, як следна,
другіх абычаі, ўраджэнне і век: адпаведна
таму і сваю тады ўласную важнасць спазнае;
бо так, як на вазе: як хочам цяпер сваю ўсталіць,
то трэ’ на праціўную шалю другога паставіць.
А, далей жа, варта увагі й асобнае мовы
то ветласць ад моладзі нашай для гожай паловы;
тым больш, калі даме павага й фартуны шчадроты
ляпей асвятляюць прыгожасць, прыродныя цноты.
Адгэтуль ішла да афектаў, кахання дарога,
к саюзу фамільяў. Такая вось думка старога,
а знача...» І тутка зірнуў на Тадэвуша строга,
раптоўна к яму павярнуўшыся так да паловы:
відацца было, што прыходзіў да вывадаў мовы.

Тут — бразь! ў залату табакерку сваю Падкаморы
і кажа: «Паночку, даўней жа было яшчэ горай!
Не ведаю, мода то можа змяняе й старога
ці лепшая моладзь — не бачу згаршэння такога.
Ах, добра я помню часы, як да нас на вялікую шкоду
яшчэ ўпершыню прывазілі французскую моду.
Вось раптам чужынцы-панічыкі к нам, якраз чары,
ўварваліся горшай гардой, як нагайцы-татары,[16]
блявузгалі богу і продкаў паганілі веру,
правы, абычаі й адзежы старую манеру.
Жалосна было спавядаць на такіх малакосаў,
у нос гаварыўшых, хоць часта, бывала, без носаў,
багатых на розны брашуркі і розны газеты,
вясціўшых і новую веру, й правы, й туалеты.
А мелі яны над галовамі моц немалую,
бо бог пакараць як захоча старонку якую,
то ад грамадзян адбірае іх розум. Глядзелі
мудрэйшыя людзі, ды з франтамі спорыць не смелі:
збаяўся народ іх увесь, як чумы якой страшнай,
бо чуў у сабе ужо немачы зарад няшчасны.
Крычалі на франтаў, а бралі ад іх жа узоры:
змянялі і веру і мову, правы і уборы.
Была машкарада тады й карнавальна сваволя,
дык после вялікі той пост жа — няволі!

 
Я помню, хоць быў шчэ маленькі, здаецца, у леце
раз неяк да бацькі майго у Ашмянскім павеце
прыехаў Падчашыц,[17] хоць пан і тутэйшага роду,
ды першы ў Літве завадзіў ён французскую моду.
Ляталі за ім жа усе, як за нейкім рарогам,[18]
зайздросцілі дому таму, прад якога парогам
спынялась Падчашыца тая двукольна дрындулька,
што звалася йнакш па-французску яна — карыулька.[19]
Замест лякаёў два сабачкі сядзелі у кельні,[20]
на казлах немчура, як дошка, худы такі вельмі;
даўгія і тонкія ногі, як хмелевы тычкі,
ў панчохах, са срэбнымі клямрамі меў чаравічкі,
парык у гарбайталі[21] звязаны, быццам у меху.
Старыя пры тым экіпажы аж пырскалі з смеху,
жагналіся ўсе мужыкі і казалі: па свеце
венецкі цягаецца чорт у нямецкай карэце.
Задоўга апісваць, як сам той Падчашыц удаўся;
даволі, што нам папугаем ці налпаю здаўся
ў сваім парыку, што да руна любіў раўнаваці,
а мы уважалі схадней калтуном празываці.
Тады, калі хто й вычуваў то, што польскія ўборы
куды харашэй за чужыя налпованы ўзоры,
маўчаў: закрычала бы моладзь, што перашкаджае
культуры, тамуе прагрэсы, ну проста — здраджае!
І тут не паможа табе аніякая рада;
такая была у той час перасудаў улада!

Абвесціў заказ свой Падчашыц, што рэфармаваці
нас будзе, цывілізаваці і канстытуаваці:
абвесціў ён нам, што французы якісь красамоўны
зрабілі такое адкрыцце, што ўсе людзі роўны;
хоць пісана гэта даўно ўжо ў гасподнім законе,
і кожны то ксёндз гэтаксама з амбоны гамоне.
Навука была то старая, ідзе аб спаўненне!
На жаль, панавала такое тады засляпенне,
не верылі рэчам, што нат найдаўнейшы на свеце,
калі не пісала аб тым у французскай газеце.
Хоць роўнасць, Падчашыц прыняў сабе тытул маркіза:
бо, ведама, важныя тытулы йдуць ад Парыжа,
тады ж там у модзе вялікай быў тытул маркіза.
Змяніліся хутка часы ды змянілі і моду.
Той самы маркіз дэмакратам, прыяцель народу;
урэшце, з адмененай модаю пад Напалёнам
з Парыжа вярнуўся дамоў дэмакрат той баронам;
каб жыўшы даўжэй ён, то можа б яшчэ раз змяніўся
й з барона ізноў дэмакратам бы перахрысціўся.
Бо частай адменаю модаў Парыж пахваляйца[22],
а штука француза якраз паляку падабайца.

А, дзякаваць богу, цяпер маладо пакаленне,
як едзе калі за граніцу, то не па адзенне
ці нейкіх правоў там шукаць у друкарскіх крамарнях,
ці краснай вымовы вучыцца ў парыжскіх кавярнях.
Цяпер Напальён, чалавек ён і мудры і гонкі,
не дасць закапацца у моды й пустыя гамонкі.
Грыміць бо аружжа, й старым нам у сэрца аж звоне,
што свет пра палякаў ізноў жа так зычна гамоне.
А ёсцека слава, то будзе і Рэч Паспаліта,
бо вырасце з ляўраў баёвых[23] свабода здабыта.
Ды сумна, што мы тут гадамі мадзеем бяздзельна,
а тыя ж далёка ад нас, ах! далёка так вельмі!
Так доўга чакаць! нават рэдка бывае навінаў!..
Што, войча Чарвяк (тут цішэй гаварыў барнадыну),
ці праўда, што нейкую маеш з-за Нёмна вядомасць;
мо’ ведаеш нешта пра нашае войска, Ягомасць?»
«Няма нічагутка», — Чарвяк адказаў раўнадушна
(відацца, што слухаць далей уважаў ён нязручна).
«Палітыка нудзе мяне, а як часам з Варшавы
і маю ліста, то усё барнардынскія справы,
духоўныя, нашы манаскія гэта паперы,
і свецкім яны не цікавы, тым больш пры вячэры».

Тут скоса зірнуў ён, дзе міжы бяседнікаў ліку
знаходзіўся госць, капітан па фаміліі Рыкаў,
маскаль і стары ўжо салдат. Ён стаяў на кватэры
у блізкім сяле і запрошаны быў да вячэры.
Той Рыкаў смачно заядаў, гаварыць не стараўся,
ды толькі ж, пачуўшы Варшаву, вось так адазваўся:
«Ну, пан Падкаморы! Ой вы! Заўсяды пан цікавы
аб тым Банапарце, вас цягне усё да Варшавы!
Айчызна! тут я не шпіён і па вашаму ўмею;
айчызна! я чую таксама усё й разумею!
Я рускі салдат, вы палякі, цяпер мы не б’ёмся,
цяпер замірэнне, то разам ямо і нап’ёмся.
Вот на аванпостах бывае, што лепш і не нада,
п’ём водку з французам; як крыкнуць: ура! — кананада.
 
А прыказка кажа, што хто каго б’е, то і любе:
дружка свайго гладзь, як душу, а лупі, як па шубе.
Па-моему, будзе вайна ўжо у нас. Да маёра
Плута ад’ютант, што са штабу, прыехаў заўчора:
збірацца ў паход! Так відацца, што пойдзем пад турка
або пад француза; ого! Банапарт — то фігурка!
Цяпер без Суворава можа часамі й патузаць!
Казалі у нас у палку, як ішлі на француза:
давай Банапарт чараваць, так тады і Сувораў
за чары,[24] бо, ведама, меў ён няўступчывы нораў.
Ў бітве́ раз няма Банапарта — шукаці, дзе дзеўся;
змяніўся ў ліса, так Сувораў ў харта абвярцеўся;
тады Банапарт абвярнуўся ў ката ды страшнога,
дзярэ кіпцюрамі; Сувораў жа ў куца малога.
Паслухайце ж з тым Банапартам далейшую справу...» —
й, прарваўшы, закусываў Рыкаў. Чацвёртую страву
якраз унасілі, як раптам адкрыліся дзверы.

І новая выпіла асоба прыстойнай манеры.
Прыгожая і маладая. Яе паяўленне
раптоўнае, зрост, хараство і бліскуча адзенне
кідаліся ў вочы; усе яе жыва віталі;
акрамя Тадэя, відацца, усе яе зналі.
А стан яе гібкі і складны ды грудзі павабны,
у сукні з ружовай матэрыі, чыста ядвабнай.
Каўнер карунковы і выцяты торс, а рукавы
кароткія; веер круціла ў руках для забавы
(было бо не горача); веер той быў залацісты,
ў ваганні блішчэў, разліваў моў бы дождж раз’іскрысты.
Убор галавы: валасы у кругі развіваны
і ў пуклі, ружовымі стужкамі пераплятаны,
між імі брыльянт нібы скрыты і не для прыкметы
свяціўся, як нейкая зорка ў хвасце у каметы, —
ну, словам, святочны убор; дык шапталі другія,
што не на штодзень, не на вёску уборы такія.
А ножкаў, хоць сукня кароткая, вокам німала
не ўбачыш: так шыбка ляцела, ну, проста сувала
нагамі, як гэныя лялькі, што ў колядна свята
ў батлейках суваюць схаваныя спрытна рабяты.
Вітаючы лёгкім паклонам усіх, праляцела
й на месцы, пакінутым ёй, ужо сесці хацела,
ды трудна было, бо як крэслаў гасцём не хапала,
сядзелі на лавах: чатыры рады іх стаяла;
дык трэ’ было рад зварушыць ці праскочыці лаву.
Паміжы дзвюх лаваў патрапіла ўсціснуцца жвава,
а после паміжы сталом і між радам сядзеўшых
кацілася, моў бы білярдная куля, ўляцеўшы.
Ў разбегу кранулася трафам такім маладзёна:
чыесь зачапіўшы калены сваёю фальбонай,
крыху каўзанулася й раптам дарэчы
на пана Тадэвуша ўспёрлася моцныя плечы.
Дык, перапрасіўшы усціва, на месцы засела
між ім і Суддзёю, аднак жа нічога не ела,
а веерам толькі махала ці веера тронкі[25]
круціла або папраўляла брабанцкі каронкі[26]
каўнерыка й лёгкім пясцівай рукі дакраненнем
ледзь гладзіла пукі валосся і стужкаў спляценне.

Прыпынак гаворкі быў больш за чатыры мінуты;
тым часам па дальшым капцы за сталом ужо чутны
быў шорах, а зараз пайшлі у паўголас размовы;
мужчыны судзілі свае тагадзенныя ўловы.
Асэсара з Рэентам спрэчка ужо пачалася[27]
за Курту-харта, ў калатню перайшла, узмаглася.
Бо Рэент расхваліваў Курту, свайго то сабаку,
што ён гэта зайца сягоння схапіў, небараку;
на злосць жа суседу Асэсар даводзіў іначай:
што то Сакалу, а не Курту та слава сабача.
Пыталіся іншых яны, дык усе пры застоллі
Трымалі то Куртавы бок, то Саколі,
адны знатакі, а другія навочныя сведкі.
Суддзя на другім жа канцы да тэй новай суседкі
паўголасам кажа: «Даруй, але трэба сядаці
было, бо вячэры ўжо нельга было адкладаці:
галодныя госці, хадзілі далёка у поле;
я думаў, не будзеш сягоння ў застольным ты коле».
Сказаўшы, ізноў з Падкаморым пры поўным кіліху
аб справах палітыкі дай распраўляці паціху.

Як гэтак заняты абедзьвы стала палавіны,
дзяцюк прыглядаўся да тэй незнаёмай дзяўчыны.
Прыпомніў, што зараз — за першым па месцы паглядам
згадаў ён адразу, чыім мела быў пасадам.
Счырвеніўся, й білася сэрца яму незвычайна,
бо бачыў развязку таго, што адгадываў тайна.
Дык знача, відаць, ужо сам гэта лёс так прызначыў,
каб села пры ім хараство, што упоцемку бачыў.
Што праўда, цяпер выдавалася крышку буйнейша,
таму што адзета: убор павяліча й паменша.
І волас у гэнай ясней, залацей і кароткі,
у гэтай жа чорныя, доўгія віліся сплёткі.
Ды зменены колер, відацца, ад сонца прамення:
заходзячы, сонца сабою усё зачырвене.
Ён не спасцярог тады твару, ўцякла тая з’ява;
адга́дуем твар мы харошым — звычайная справа;
ён думаў, што мела, напэўна, чарненькія вочкі,
твар белы і губкі — вішнёвыя два спарышочкі.
У гэтай падобны і твар, і губкі, і вочы,
ды толькі здавалася розніца ў веку дзявочым:
гародніца тая малой выглядала дзяўчынай,
а гэтая пані даспелай гадамі жанчынай;
ды моладзь прыгожай жанчыны гадоў не пытае,
бо так: маладому, то кожная йшчэ маладая,
хлапцу што ні баба здаецца равеснай дзяўчынай,
нявіннаму ж кожна каханка святой і нявіннай.

Тадэвуш, лічыў хоць гадоў сабе дваццаць без мала,
й дзяцінства у месце, у Вільні, усё працякала,
ды быў ад дазорца свайго, ад ксяндза, пільнаваны
і ў строгасці праў дысцыпліны старой гадаваны,
таму і прывёз у старонку радзімую тую
нявіннае сэрца й душу, сваю думку жывую,
аднак — і вяліку ахвоту крыху пасваволіць.
Згары планаваў, што сабе ён на вёсцы пазволіць
з бароненай доўга свабоды зрабіці ужытак:
прыгожы ён быў, пачуваўся і молад і прытак,
у спадку здароўе дастаў ад бацькоў на спажытак,
Сапліцаю зваўся, а, ведама, кожны Сапліца
і крэпкі, і поўны, і дужы, ахвотны пабіцца
і здатны ваяка, а толькі менш пільны вучыцца.

Не быў жа Тадэвушка вырадкам нейкім між продкаў:
і конна бо ездзіў удала й хадзіў дужа ходка,
тупы ён не быў, ды ў навуках не надта ўглыбіўся,
хоць стрый[28] на яго ўзгадаванне зусім не скупіўся.
Ён лепей любіў ці страляці ці шабляй рабіць, —
а ведаў, што думалі ў войска яго прыспасобіць,
што бацькава нават такая ў тастаманце воля,
дык за барабанам тужыў яшчэ, седзячы ў школе.
Ды дзядзька вось нешта раптоўна ў намерах змяніўся,
казаў, каб прыехаў дамоў і хутчэй ажаніўся,
абняў гаспадарку; маленькую вёску ў пачатак
прырок, а пасля ўвесь маёнтак і ўсенечкі статак.

Вось гэты Тадэвуша ўсенькія цноты й захвалы
сцягнулі увагу суседкі, жанчыны бывалай.
Дык змерыла постаць ягоную стройну й высоку,
магутныя плечы і грудзь яго дужа шыроку,
зірнула на твар, што румянцам уміг заліваўся,
як толькі з яе вачыма наш хлапец спатыкаўся:
ўжо перша пужлівасць мінула, зусім аглядзеўся,
дык смела глядзеў, і агнём яго зрок паланеўся.
Яна гэтаксама глядзела, й чатыры іх вочы
гарэлі насупраць, як свечкі раратныя[29] ўночы.

А першая з ім пачала ды з французскае мовы;
вяртаўся са школы, дык, знача, пра кніжкі пра новы,
пра аўтараў новых Тадэвуша думкі пытала
і з кожнага сказу пытанне ізноў выцягала.
А после ж давай яму правіць яна аб малярстве,
аб музыцы, танцах прыгожых, разьбе і друкарстве!
Відаць было, знае і кісць яна, й ноты, і друкі.
Аж астаўпянеў наш Тадэвуш на столькі навукі;
баяўся, каб часам не стацца пасмешышча мэтай,
ды так заікаўся, як вучань, прад гэтай кабетай.
На шчасце, настаўнік той быў і прыгожы й нястрогі;
суседка згадала прычыну ягонай трывогі
й пайшла гаварыць аб прадметах менш мудрых і трудных,
аб вёсцы, вясковым жыцці, яго клопатах нудных,
як бавіцца трэба на вёсцы і час падзяліці,
жыццё каб прыемным зрабіць і другіх весяліці.
Далей гаварылі, Тадэвуш рабіўся смялейшы
і за поўгадзіны ўжо быў як знаёмы даўнейшы;
а там ужо й жарты малыя, усё як патрэба.
Урэшце прад ім яна ставе тры кулечкі хлеба,
а значыла гэта тры розны на выбар асобы;
узяў найбліжэйшую; падкамаранкі на гэтыя спробы
скрывіліся, гэта ўсміхнулася ж, хоць не сказала,
каго шчаслівейшая кулька тады азначала.

З другога канца пры стале забаўляліся йначай:
ўзмагліся староннікі Сокала славы сабачай
і раптам на партыю Курты бязлітасна ўсселі,
дык спор быў вялізны, што страваў апошніх не елі;
ўжо стойма пілі й калаціліся дужа заўзята,
найгорай жа Рэент, як той цецярук глухаваты:
якраз распачаў, не кідаў сваю рэч такаваці
і жэстамі дужа дабітна яе маляваці
(даўней адвакатам жа быў той пан Рэент Балесты,
празваны Казнодзеем, надта любіў бо ён жэсты).
З рукамі пры боку, у тыл свае выставіў локці,
з-пад плеч сваіх высунуў пальцы й даўгія пазногці,
дзве стычкі хартоў прадстаўляючы гэткім абразам,
канчаў ужо справу. «Выжга! і пусціліся разам
Асэсар і я, ну так разам, казаў бы, два куркі,
што спушчаны пальцам адным у тэй самай двуруркі;
выжга! і пайшлі, а той заяц, як струнка — палямі,
сабакі за ім жа (гаворачы гэтак, рукамі
хартоў летуны прадстаўляў на стале ён удала),
сабакі туж-туж — адсадзілі ад лесу нямала;
Сакол — шмыг уперад — шпаркі ды занадта гарачы —
прад Куртаю вырваўся гэтак на палец, няйначай,
я ведаў, што хібіць. Шарак той ігрок не для смеху,
смаліў нібы проста, за ім жа й сабакі ў паспеху;
ігрок той шарак, як пачуў, што харты усе тыя
у купе, дык скік тады ўправа, сабакі дурныя
за ім, ён два скокі налева як дасць, як крылаты,
й сабакі налева за ім, ён у лес, а Куртаты
і цап!» Пахіліўшыся так над сталом, незнароку
дабег сваймі пальцамі Рэент к другому аж боку
і «цап!» — вераснуў над самюсенькім вухам Тадэю.
Як выбухам нейкім Тадэвуш з суседкай сваею,
знячэўку спужаныя ў самым сяродку размовы,
ураз ад сябе мімаволь адхілілі галовы,
як сплецены дрэў верхавіны у момант разлукі,
віхор калі іх разарве; а з тым іхныя рукі,
ляжаўшыя блізка к сабе пад сталом, разышліся
раптоўна, й два твары румянцам адным абліліся.
Прамовіў Тадэвуш, свайго каб не здрадзіць змяшання:
«А праўду пан кажаш, пан Рэент, няма сумлявання,
што Курта харошы на від, як аднолькава й спрытны...»
«Як спрытны? — ўзарваўся пан Рэент. — Мой хорт фаварытны[30]
не быў бы йшчэ спрытны?» — Тадэвуш ізноў дай лагодзіць:

ён рады, што гэты сабака без нораву ходзіць,
шкада, што здалёку, вяртаўшыся з лесу, ён бачыў,
таму і не мог распазнаці прыкметы сабачы.

На то аж затросся Асэсар, пусціў з рук кілішак,
ў Тадэвуша зрок утапіў, як страшны́ базылішак.[31]
Асэсар малога быў росту, не так і крыклівы,
як Рэент, шчуплейшага складу і меней рухлівы,
ды быў ён страшны на забаве, на сойміку, балі,
бо жала ён меў, не язык: пра яго так казалі.
Такія дасціпныя жарцікі ўмеў укладаці,
што ў календары хіба можна было б друкаваці:
ўсё злыя і вострыя. Пан быў калісьці дастатні,
ды бацькаўскі спадак усенькі і маёнтак братні,
усё прапусціў, на шырокім гуляючы свеце.
Ён дужа любіў паляванне, ці то для забавы,
ці, можа, пры голасе трубкі і відзе аблавы
ізноў яму прыпаміналісь гады маладыя,
як меў і нямала стральцоў і сабакі ліхія.
Цяпер два харты засталіся ва ўсім тым багацці,
да йшчэ за адным не хацелі тут славы прызнаці.
Дык зблізіўся й, гладзячы звольна свае фаварыты,[32]
прамовіў з усмешкай, а быў то смяшок ядавіты:
«Ну, хорт без хваста — то што шляхціц які без ураду,
бо хвост памагае харту у разгоне адзаду,
а пан уважаеш, што Курта сабака больш ходкі?
Давай, калі так, запытаемся ў Вашае цёткі.
Хоць пані Тальмена жыла у сталіцы далёка
й нядаўна у нашай ваколіцы, быстрае вока
яе лепш за моладзь спазнайца часамі:
сама бо навука памалу прыходзе з гадамі».

Тадэй, на якога зваліўся так неспадзяваны
той гром, усхапіўся й стаяў напачатку змяшаны
ды толькі страшно узіраўся і быў ужо скоры...
Аж раптам, на шчасце, чыкнуў два разы Падкаморы.
«Віват!» — усе крыкнулі; ён пакланіўся у меру
ды пальцамі звольна званіў у сваю табакеру.
Із золата то ж табакера, з брылянтаў аправа,
ў сярэдзіне быў жа партрэт караля Станіслава;[33]
ягонаму бацьку самім каралём даравана,
па бацьку цяпер Падкаморым ганорна трымана.
Ў яе зазваніўшы, даў знак, што хацеў прамаўляці.
Замоўклі усе і не смелі нат губ адкрываці.
Ён кажа: «Вяльможная шляхта, браты, дабрадзеі!
Суды паляўнічым — у пушчы й дзе луг зелянее,
дык тутака дома падобных я спраў не рашаю,
паседжанне наша на заўтра таму адкладаю,
і рэплік старон ужо будзе сягоння даволі.
Гэй, Возны, адклікай жа справу на заўтра на поле.
А заўтра і Граф з паляўнічымі ўсімі прыедзе,
ды вырушыш з намі і Ваша, Суддзя, мой суседзе,
і пані Тальмена, паненкі й паважныя пані,
ну, словам, мы зробім вялікае тут паляванне;
й пан Войскі ж адзін не захоча застацца ля дому».
Так кажучы, ён падаваў табакерку старому.
А Войскі на шэрым канцы выдзяляўся суровы.
Ўсё слухаў, заплюшчыўшы вочы, без воднага слова;
хоць моладзь не раз дабівалась ягонага здання,
бо гэтак, як ён, то ніхто так не знаў палявання, —
маўчаў ён. Табакі нюшок з табакеркі ўхапіўшы,
між пальцамі важыў і думаў, урэшце зажыўшы,
чыхнуў, аж усенька ізба́ разлягалася рэхам,
й казаў, галавой патрасаючы, з горкім усмехам:
«Ох, як жа мне сумна, старому, не да апісання!
Бо што ж тут старыя мысліўцы сказалі бы сяння,
пабачыўшы, як над картовым хвастом столькі шляхты,
паноў адпраўляюць суды, укладаюць каншахты?
Райтан, каб ажыў бы і з намі стары апыніўся,
вярнуўся б у Ляхавічы зноў і ў гроб палажыўся!
А што бы сказаў Весялоўскі, стары ваявода,[34]
што гончых трымае найлепшага ў свеце завода
і дзвесце стральцоў аж дагэтуль абычаем панскім
і мае сяней сто вазоў у дварэ варанчанскім,
а столькі гадоў, як манах, ён сядзіць сабе ў хаце
й не можа ніхто дапрасіцца яго паляваці,
нат Белапятровічу й то не шчадзіў ён адмовы![35]
Бо што ж на такіх паляваннях на вашых за ўловы?
Ці ж слаўна было бы, каб пан такі важнага роду
паквапіўся на шаракі, на сягонняшню моду!
Калісьці, мой пане, лічыліся ў мове стралецкай
дзік, лось ды вядзмедзь або воўк зверыною шляхецкай,
а звер без клыкоў, без рагоў, капцюроў пакідаўся
для слугаў для платных і чэляддзю дворскай страляўся;
ніводзін жа пан не узяў бы той стрэльбы паганай
у рукі, што дробным шаротам была набіванай!
Хартоў то трымалі, бо так: як вярталісь з аблавы
ды выскача бедны зайчына, тады для забавы
за ім уздагонку хартоў тыя смычы пускалі
й малыя панічыкі зайцаў па коніках гналі
ўваччу прад бацькамі, якія ледзь-ледзь прыглядацца
хацелі пагоні такой, а не то, каб спрачацца!
Дык Яснавяльможны мой пан Падкаморы, скасуйце
загады свае, калі ласка, й старому даруйце,
што я не паеду на гэтае ўжо паляванне,
нага мая тамака з вамі ніколі не стане!
Завуся Грачэха, а ад караля таго леха
за зайцамі, пэўне, ніводзін не ездзіў Грачэха».

Тут моладзь у смех, заглушыла і Войскага мову.
Ўставалі. А першы устаў Падкаморы і знову,
такі яму гонар і з веку і ўраду належа,
ішоў у паклонах для дамаў, старых, маладзежы.
За ім жа і квестар, а Суддзя пры самым барнадыне;
руку пры парозе падставіў ён Падкамарыне,

Тадэвуш падаў Талімене, Асэсар Крайчанцы,
а Рэент урэшце даў Войскай руку, Грачашанцы.
Тадэвуш з гасцьмі некаторымі йшоў да стадолы,
а чуўся ён нейкі змяшаны ды злы й невясёлы.
У думках разважываў дзень той, здарэннямі рэдкі:
дзіўное спатканне, вячэра пры боку суседкі;
найгорай жа гэтае «цётка» яму каля вуха
зырбела ды так надаедліва, горай, як муха.
Хацеў жа Тадэвуш у Вознага лепш распытацца
аб пані Тальмене, шукаў і не мог з ім спаткацца;
не бачыў і Войскага, бо па вячэры ён зараз
пайшоў за гасцьмі: меў вялікі амбарас[36]
гатовіць пакоі хутчэй у дварэ для спачынку.
Старэйшыя й дамы то спалі у дворным будынку,
а моладзь сказалі Тадэвушу весці на сена,
бо, ведама,летам па сене праспацца не дрэнна.

Так праз паўгадзіны ў дварэ не чувацца ні духа,
бы ў кляштары, после званення на пацеры, глуха,
і ціш прарываў толькі голас начное старожы.
Паснулі усе. Сам Суддзя ісці спаць шчэ не можа:
спадарства ўсяго правадыр, ён у поле мазгуе
паход і у доме на заўтра забаву плянуе.
Загады дае аканомам, вайтам і гуменным,
стральцам, пісарам, ахмістрыні, урэшце, стаенным;
як кончыў у дзённых рахунках усіх разглядацца,
сказаў тады Вознаму, што ўжо пара разбірацца.
Паяс адвязаў яму Возны ўжо, слуцкі, ўвесь літы,[37]
густыя блішчэлі пры ім кутасы, бытта кіты,
на полі з парчы залатое — пурпурныя краскі,
навыварат — чорны ядваб пасярэбраны, ў краткі;
паяс такі можна насіць на старонкі на обе,
парчу залатую на свята, а чэрню ў жалобе.
Сам Возны умеў той паяс адвязаць і злажыці,
ды, робячы гэта, канчаў ён вось так гаварыці:

«Ну, што тут благога, што вынес сталы я ў замчышча?
Не страціў на гэтым ніхто, толькі Пан можа зышча,
за гэты ж бо замак цяперака точыцца справа.
Тым часам ад сёння да замку набылі мы права
й, нягледзь на старонкі праціўнай заядласць,
ўзялі відавочна замчышча ў сваю падуладнасць.
Бо хто запрасіўшы у замак гасцей на вячэру,
відацца, што ўласнасць тут мае і добрую веру.
Праціўную нават старонку мы возьмем у сведкі:
я помню, калісьці бывалі здарэнні во гэткі».

Суддзя ужо спаў. Тады Возны ціхутка у сені,
пры свечцы прысеўшыся, кніжачку ўзяў із кішэні,
казаў бы святу́, без якой абысціся не мог жа,
якой не кідаў ані дома, ані ў падарожы.
А гэта была «трыбунальска ваканда»;[38] там радам
стаялі спіса́ныя справы, што перад урадам
ён сам сваім голасам вызваў калісь прад гадамі,
або што даведаўся іншымі после шляхамі.
Каму дык ваканда здавалася б прозвішчаў спісам,
а Вознаму важных, вялікіх малюнкаў нары́сам.
Чытаў і раздумываў Возны: Агінскі з Вызгірдам,
Тут з Рымшаю дамініканцы, а ён з Высагірдам,
з Радзі́вілам пан Верашчака, Гедройць з Радултоўскім,
з кагалам жа пан Абуховіч, Юрага з Пятроўскім,
Малескі з Міцкевічам, Граф і Сапліца ў канчатку.
Чытаючы прозвішчы гэтыя ўсе па парадку,
прыводзіў на памяць працэсаў прабег і наследкі;
стаяць прад вачмі яго суд, і старонкі, і сведкі;
і сам сябе бача прад тым трыбуналам прад цэлым
у контушы сінім, у гожым жупане у белым,
на шаблю руку палажыў, а другой падзывае
старонкі к сталу й «Супакойцеся!» ўсіх заклікае.
У думках канчаючы пацеры, гэтак памалу
заснуў той апошні ўжо Возны Літвы трыбуналу.

Вось так на Літве і забавы і спрэчкі вяліся
у дворнай цішы. А на свеце шырокім ліліся
ракамі і слёзы і кроў, калі муж той, празваны
што богам вайны, цэлай цьмою палкоў спамаганы,
гарматамі збройны, арлы залатыя і срэбны
запрогшы ў сваю калясніцу, пад Альпы пад небы
аж з-пад пірамідаў ляцеў і грымеў перунамі
у Табар, Марэнго, у Ульм, Аўстэрліц. За арламі
ішлі Перамога й Захват. А вялізная слава
дзядоў і герояў кацілася з гукам і жвава
ад Ніла на поўнач, аж тутка пры беразе Нёмна
адбілася, як бы ад скал, ад стаяўшых нязломна
маскоўцаў, Літву бараніўшых жалезнай сцяною
прад весткаю тэй для Расіі, як пошасць, страшною.

А ўсё-ткі не раз навіна, бытта камень той з неба,
злятала ў Літву. Не раз дзед, папрашаючы хлеба,
жабрак без рукі ці нагі, падаянку пабожна
прыняўшы, ўставаў і наўкола глядзеў асцярожна.
Калі ж у дварэ не пабачыў расейскіх жаўнераў,
ярмулак, ані паліцэйскіх чырвоных каўнераў,
тады прызнаваўся па праўдзе, кім быў: лег’яністым,
прыносіўшым косці старыя у край свой айчысты,
балей ваяваці не могшы... А як жа бывала,
сям’я тады панская й чэлядзь яго абымала
з няўстрымлівым плачам! А ён, за сталом там сеўшы,
расказваў гістор’і, за казкі старыя дзіўнейшы.
Казаў, як стараецца слаўны ваяка Дамброўскі
з зямлі італьянскай у край свой сцягнуцца у польскі
і як сабірае сваіх на Ламбардскім ён полю;[39]
казаў, як Князевіч загады дае з Капітолю
і кінуў, здабыўшы ў баёх ад патомкаў цэзараў,
у вочы французаў ён сотню крывавых штандараў;[40]
і як Ябланоўскі забег, аж дзе перац зрастае,[41]
дзе топіцца цукер ды вечна вясна дзе трывае
й пахучы лясы зеляніць; з легіёнам Дунаю
ваяка там мурынаў б’е, а ўздыхае да краю.

А гутаркі старца кружылі далей пакрыёму;
хлапец, толькі тое пачуў, прападаў раптам з дому;
лясамі, балотамі перакрадаўся таёмна,
ўцякаючы ад Маскалёў, ён кідаўся да Нёмна
й, нырнуўшы, на бераг Варшаўскага княства прачаліў,
а там яго міла ужо як калегу віталі;
аднак на адходзе ўсаскоча на ўзгорак з камення
і крыкне маскоўцам праз Нёман: «Ну, да пабачэння!»
Вось так Межаеўскія, Пац, Гедымін, Абуховіч,
Пятроўскі і Купсць, Абалеўскі, Ружыцкі, Яновіч,
Гарэцкі, браты Барнатовічы й іншых нямала,
украдкам праз Нёман праплыўшы, туды паўцякала:
бацькоў і любіму зямельку сваю пакідалі,
а маемасць іхную ў царску казну забіралі.

Часамі ў Літву і далёкі квастар заблуджаўся
й, як толькі з панамі двара ён бліжэй спазнаваўся,
газету паказываў ім, адпароўшы з шкаплераў.
Стаяла напісана тамака лічба жаўнераў
і прозвішча кожнага правадыра легіёну,
апісана кожнага дзень перамогі ці скону.
Праз толькі гадоў першы раз прынадзіла навіна
ў сям’ю аб жыцці ды аб славе і смертухне сына:
жалобаю дом пакрываўся, сказані ж не смелі,
па кім та жальба; аднак дагадацца умелі
ў ваколіцы, бо у паноў то журба тады гэта
і радасць ціхая былі, як адзіна газета.

Такім патайным квастаром быў Чарвяк той, казалі,
і часта асобна з Суддзёю яны размаўлялі.
Па гутарках гэтых заўсёды якіясь навіны
ішлі па суседству. З манаха фігуры і міны
відалася: не заўсягды ў каптуры ён мадзеўся
і не у кляшторным муры барнадын састарэўся.
Ён меў над сківіцаю правай, над вухам, ад раны
ў далонь шырынёю пісогу скуры разадранай
і у барадзе свежы след ад кап’я ці пастрэлу,
а нельга тых ран прыпісаці пабожнаму дзелу.
Не толькі паглёд яго грозны і ран зарубцоўкі,
а голас і рух нешта мелі з ваеннай муштроўкі.

Пры ймшы, калі ён да народу звяртаўся з рукамі,
паднятымі ад алтара, каб сказаці: «Бог з вамі!» —
то часта так спрытна паверне, бывала,
як «права у тыл» яму нейка каманда сказала,
і слова літург’і такім выгаварываў тонам
к народу, як той афіцэр прад сваім эскадронам:
заўважылі гэта хлапцы, што прыслужвалі до мшы.
Чарвяк і у справах палітыкі болей знаёмшы
быў, як у святых жыціёх; калі ж ездзіў па квесце,
то застанаўляўся ён часта ў паветавым месце.
Паўнюсенька меў інтарэсаў: то пісьмы забраці,
якіх не любіў пры чужых і зусім адкрываці,
то слаць пасланцоў, але дзе і на што, невядома;
бывала, ўначы вымыкаўся і сам пакрыёму
да панскіх двароў і са шляхтай няспынна шаптаўся,
наўкола па вёсках усіх акалічных таптаўся
і часта у корчмах з сялянамі правіў нямала
аб тым, што падзеі ў старонках чужых закранала.
Цяпер і Суддзю, што заснуў не далей ад гадзіны,
прышоў разбудзіць: пэўне, мае якія навіны.

Зноскі

правіць
  1. Усе ў Польшчы ведаюць цудоўны абраз святой дзевы на Яснай Гары ў Чанстахове. У Літве слывуць цудамі абразы святой дзевы Астрабрамскай у Вільні, Замкавай — у Навагрудку, а таксама Жыровіцкай і Барунскай (А.М., Б.Т.)
  2. Райтан Тадэвуш — пасол у сойм з Навагрудскага ваяводства, пратэставаў проці раздзелу Польшчы і закончыў жыццё самагубствам(Б.Т.)
  3. «Федон» — названне твора грэчаскага філосафа Платона аб несмяротнасці душы(Б.Т.)
  4. Катон — надта заўзяты рымлянін; не хочучы здацца на ласку ворагаў, закончыў жыццё самагубствам. Пра жыццё Катона пісаў Цыцэрон, вядомы аўтар(Б.Т.)
  5. Царскі ўрад у здабытых землях ніколі адразу не разбурае правы і грамадзянскія ўстановы, але паволі падкопвае і падточвае іх указамі. У Маларасіі, напрыклад, аж да апошніх часоў прытрымліваліся Літоўскага Статута, які быў адменены ўказам. Літве пакінулі ўсю даўнейшую сістэму грамадзянскіх і крымінальных судоў. Таму па-ранейшаму тут выбіраюцца земскія і гарадскія суддзі ў паветах і галоўныя суддзі ў губернях. Але паколькі апеляцыі скіроўваюцца ў Пецярбург, у многія інстанцыі розных ступеней, таму ў мясцовых судоў засталася толькі цень даўнейшай традыцыйнай павагі.(А.М.)
  6. Войскі (tribunus) бываў калісь апекуном жанок і дзяцей шляхты ў часе паспалітага рушэння. Здаўна ўжо гэты ўрад без абавязкаў зрабіўся тытулярны. У Літве звычайна паважаным асобам дзеля ветласці даецца нейкі стары тытул, які ўжываннем упраўляецца. Тынкуюць, прыкладам, суседзі свайго прыяцеля абозным, стольнікам або падцятым спачатку толькі ў гутарках і ў карэспандэнцыі, а затым ужо і ў актах урадавых. Расійскі ўрад забараняў падобных тытулаў і стараўся іх асмяшыць, а на іх месца ўвесці тытулаванне паводле рангаў сваёй іерархіі, да якой літвіны дагэтуль маюць вялікую неахвоту. (А.М., Б.Т.)
  7. Пударман, пударманталь — балахон палатняны ад пылу(Б.Т.)
  8. Падкаморы, калісь высокі і важны ўрадовец, princeps nobilis, пад расійскім урадам зрабіўся толькі тытулярным. Судзіў яшчэ часамі гранічныя справы, але ў канцы і гэта права страціў. Цяпер заступае часам маршалка і назначае каморнікаў, знача павятовых землямераў.(А.М., Б.Т.)
  9. Кантуш (кунтуш) — багаты ўбор польскіх паноў, пераняты імі ад венграў пры каралі Баторыі.(Б.Т.)
  10. Возны або генерал, выбраны трыбунальскай альбо судовай пастановай з аседлай шляхты, разносіў позвы, абвяшчаў уводзіны, рабіў меснае дазнанне і г. д. Звычайна дробная шляхта настаўлялася на гэты ўрад.(А.М., Б.Т.)
  11. Квастар - збірае квэсту, г. з. педанцкі на манастыр; барнадын — манах бернардынскага ордэна (Б.Т.)
  12. Тыкеле — толькі; ужываецца рэдка, паміж іншым у Фр. Багушэвіча.(Б.Т.)
  13. Бат — пуга.(Б.Т.)
  14. Венгрына — венгерскае віно.(Б.Т.)
  15. Веспасыян — рымскі імператар (69—79 г. н. э.) налажыў падатак на публічныя адходныя месцы, гаворачы: грошы не смярдзяць!(Б.Т.)
  16. Гарда (арда) — арганізацыя качуючых народаў; нагайцы — татарскае племя з-пад Волгі і Азоўскага мора, пусташыўшае не раз землі В. Кн. Літоўскага.(Б.Т.)
  17. Падчашыц — сын падчашага; падчашы — прыдворны тытул.(Б.Т.)
  18. Рарог — з сямейства ястрабаў. Ведама, што за ястрабам, каршуном дробныя птушкі, асабліва ластаўкі, уганяюцца натоўпам. Стуль і (польская) прыказка: лятаюць, як за рарогам.(А.М., Б.Т.)
  19. Карыулька (Франц, саггіоlе) — павозка.(Б.Т.)
  20. Кельняй праз сходнасць з мулярскім начыннем называлася задняя часць павозкі, прызначаная для лакея.(Б.Т.)
  21. Гарбайталь (нямецк. Наагbецtеl) — сетка на валасы, на касу, якую насілі мужчыны.(Б.Т.)
  22. Пахваляйца — пахваляецца. Перакладчык ліча магчымым ужыць гэту скарочану форму ў вершы таму, што часта яе можна пачуць у жывым выгаворы.(Б.Т.)
  23. Грэкі і рымляне вянчалі галовы пераможных ваякаў, герояў і паэтаў ляўравымі вянкамі.(Б.Т.)
  24. Сярод простага рускага народа нямала расказваецца пра чары Банапарта і Суворава.(А.М.)
  25. Тронкі — чарон, чарапок.(Б.Т.)
  26. Брабанцкі каронкі — слаўныя сваім хараством каронкі з бельгійскай правінцыі Брабант.(Б.Т.)
  27. Асэсары твораць земскую паліцыю павета. Паводле ўказаў часамі іх выбіралі абываталі (паны), часам яны пазначаліся ўрадам; гэтыя апошнія называліся кароннымі. Апеляцыйныя суддзі завуцца таксама асэсарамі, але тутака не аб іх гаворка.
    Рэенты актовыя загадуюць канцылярыяй, дакратовыя (пішуць) выракі, усе ж яны вызначаюцца з рукі судовых пісараў.(А.М., Б.Т.)
  28. Стрый — дзядзька, брат бацькі.(Б.Т.)
  29. Рараты — начное набажэнства перад калядамі.(Б.Т.)
  30. Фаварытны - любімы.(Б.Т.)
  31. Базылішак — род яшчаркі, у народных казках-легендах мае від пеўня або індыка са змяіным хвастом, погляд яго лічыцца забойчым.(Б.Т.)
  32. Фаварыты — бакі.(Б.Т.)
  33. Станіслаў Панятоўскі — апошні польскі кароль.(Б.Т.)
  34. Граф Юзаф Несялоўскі, апошні навагрудскі ваявода, быў старшынёй рэвалюцыйнага ўрада ў час паўстання Ясінскага. (А.М.)
  35. Ежы Белапятровіч, апошні пісар В. кн. Літоўскага, актыўна ўдзельнічаў у паўстанні Літвы пад кіраўніцтвам Ясінскага. Ён судзіў дзяржаўных злачынцаў у Вільні. Дзеяч, вельмі паважаны ў Літве за свае дабрачыннасці і патрыятызм.(А.М.)
  36. Амбарас — клопат.(Б.Т.)
  37. У Слуцку была фабрыка залатога шыцця і літых паясоў, славутая на ўсю Польшчу і ўдасканаленая стараннем Тызенгаўза. (А.М.)
  38. Ваканда, вузкая, прадаўгаватая кніжачка, у якой запісвалі прозвішчы цяжабных асоб у парадку разгляду спраў. Кожны адвакат і возны павінен быў мець такую ваканду. (А.М.)
  39. Ламбардская раўніна ў паўночнай Італіі.(Б.Т.)
  40. Генерал Князевіч, высланы італьянскай арміяй, склаў перад Дырэкторыяй здабытыя ў баі сцягі.(А.М.)
  41. Князь Ябланоўскі, які камандаваў Наддунайскім легіёнам, памёр на Сан-Дамінга, дзе загінуў амаль увесь легіён. У эміграцыі засталося некалькі ветэранаў, якія ўцалелі ад таго няшчаснага паходу, паміж іншымі — генерал Малахоўскі.(А.М.)