Комсамольскія вершы (1930)/Па дарозе…

Вуліца Па дарозе…
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
⁂ Я хачу ня шмат чаго

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПА ДАРОЗЕ…

На аблозе — шпілі соснаў,
Моцна сьпіць дзядуля-бор.
Над палямі ў злую ростань
Сьвішча вецер у вупор.

Ў беласьнежныя фіранкі
Захінулася гара,
І цьвіце ў марозным ранку
Цветам-чырваньню зара

Па дарозе — рып ад санкаў,
Бомы звоняць у гаі.
Ў санках едуць з бацькам Янка
На саломцы, удваіх.

Ў белым паркалю палянкі —
Бацьку-ж весела з таго,
Што сягодня яго Янку
Адзьвінела дзевяць год!..

Дзед-мароз жалезнай лапай
Сьціснуў рэйкі, правады…
— Хутка, Янка, у школу трапім, —
Бачыш — горад ужо, дым…

— Па кабыле, татка, жар ты!
(Татка надта дружны з ім)
Сёньня Янку — хіба жарты? —
Дзевяць вёснаў, дзевяць зім…

Сёньня Янка ў белым доме
З кніжкай сядзе ў першы раз,
З ім настаўнік загамоніць,
Запытаньню дасьць адказ.

А праз годзік матцы Янка
Так напіша (ясна — сам)
— Вёска Ніжняя-Туманка…
Прывітаньне тату… Вам…

На аблозе — шпілі соснаў,
Моцна сьпіць дзядуля-бор.
Гэта значыць — будзе ростань
Перад вобліскамі зор!..