Певень і гуся
← Дзед і ўнук | Певень і гуся Апавяданьне Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 4, верасень-кастрычнік 1923 г., б. 6-7 |
Аб мядзьведзю і асінавым калу з голасам → |
Певень і гуся.
Заглядзеўся Певень на Гусю і да таго сказіўся, што не ў пару пеяць стаў. Куры вельмі ўстрывожыліся, гаманілі, раіліся. Пеўня лячылі,—непрыходзіць у розум.
Усе саромілі:
— „Лепей бы ты Певень, гарэлку піў“.
Раз у такі непрыстойны час запеяў певень, што самому сорам настала. І пашоў певень да знахара.
— „Памажы, кажа,—так мне Гуся палюбілася, што сонейку пеяць забыўся, куры праходу не даюць, жыцьцё абрыдла!“ .
— „А якая-ж такая твая ўлюбка?“—пытае знахар.
— „Ах!. Мая краля-саколка сабой высока, галасок звонкі, хахалок тонкі, насок жоўты, вочкі як зоркі, ножкі чырвоныя, перайкі аксамітныя… Па травіцы ідзе—каліўца не пагне, а як сядзе на рэку—кука-рэку!
Бачыць знахар: саўсім спракудзіўся певень, напушчанае думае і кажа:
— „Ну і дурны-ж ты певень! Ты на сонейка доўга глядзеў і асалавеў… Ты што гэта мне нагаварыў? З тваіх слоў выходзіць—жар-птаха! А твая любка ўся як ёсьць гуся, ды і толькі! Такжа хараство знашоў! Сабой гарбата, нос як лапата, вочы як пацёркі, па траве як ідзе—земля гудзе. А ўжо што да „ку-ка-рэ-ку“, дык во табе, певень, мой сказ: ні тады ты, певень, павінен крычаць ку-ка-рэ-ку, калі гуся садзіцца на рэку, а павінен ты пеяць, пецел, як яснае сонца прымеціў.
Засароміўся певень, але ўзваротам пашоў паглядзець на гусю.