Аб мядзьведзю і асінавым калу з голасам

Певень і гуся Аб мядзьведзю і асінавым калу з голасам
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 4, верасень-кастрычнік 1923 г., б. 7
Аб чорце бязродым

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб мядзьведзю і асінавым калу з голасам.

Здружыліся мядзьведзь ды асінавы кол з голасам. Здружыліся і разам на ўловы ходзяць. Мядзьведзю добра: што сам задзярэ, што кол забье, а ён, мядзьведзь, і зхрапае. Так яны два гады лавечылі, многа зьвярья накалечылі, а на трэйці год апамятаўся кол, дый кажа:

— Я, кажа, так-жа хачу сваё здаволеньне мець.

— А чаго табе трэба?—пытае мядзьведзь.

— Ды я і сам, кажа кол, ня ведаю!

Думалі, думалі,—кол ды мядзьведзь, — нічога не прыдумалі, адзін дурань, другі кол. І пашлі яны да вароны радзіцца. А варона кажа:

— Нельга, кажа, калу ніякага здаволеньня мець! Калі бье, ды ня рад,—гэта ужо апошняя справа… Ды ў кала на іншае і душы ня хопіць. Мядзьведзю—таму вун сколькі бруха дадзена, душы, жары, ды здавальняйся…

Як пачуў гэткія словы асінавы кол, дык да таго зажурыўся, што мядзьведзю чэрап пашчапаў і сам аб яго разьбіўся.

Гэтак і скончыліся іхнія ўловы.