Першы вытап (1933)/Р. Жалязьняк/На поўны ход

Марш лётнікаў На поўны ход
Верш
Аўтар: Рыгор Жалязняк
1933 год
Будуем дарогу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На поўны ход

Ашчэрыўся мілямі
Змораны пуць,
Ружовымі плямамі
Выплылі зоры.
Трывожна аб нечым
Рэйкі гудуць,
гудуць і пудліва
гавораць…
Агні сэмафору
У змроку расталі,
Чорны тупік —
некуды йсьці,
Стогны глухія,
Грукаты сталі.
Рэхам прарэзалі
Раніцы ціш.
Тэлеграф
стучы
хутчэй.
Зьвесткі ў кароткіх
радкох,
Паравоз сэрыі „Щ“
Наскачыў на „О“.
Рэйкі і колы
Спляліся ў бясьсільлі.
(Боль маё сэрца агнём апякла)
З Арлоўскага парку
на доўгія мілі.
Зонаю сьмерці застыгла зямля.
Варожай рукою
Шкоднік Дзерабін.
Два паравозы на згубу пусьціў.
Саставы на Магнітабуд
і Чалябінск,
Сталі панура ў тупым забыцьці.
Чуеш, Дзерабін,
Дэпо адказвае
Творчым уздымам
На сотні пагроз,
Камсамольская,
Экіпажная,
Дае звыш пляну паравоз!


Белы сьнег
Марозам пазалочаны.
Вецер сьціх,
Змарыўся баляваць…
У выходны дзень
Брыгадамі рабочыя,
Вышлі хворы парк рамантаваць.
Кволы сьвет
Расплёсквала раньне.
Вецер подых затаіў —
маўчыць.
Цягнікі з машынамі
і трактарамі.
Зноў пабеглі хутка
ў далячынь.
Ход краіны шкоднік не паслабіць,
Машыністы,
слухайце наказ:
Поўны ход саставам
На Чалябінск,
Кузьнецкбуд,
Урал,
Данбас.

Красавік 1932 г.