У ШКОЛКУ.
Ярка на камінку
Смольны корч палае;
Бацька на колодцы
Лапаць выплетае.
Латае халацік
На услоне матка;
Ў школку заўтра пойдзе,
Іх сынок Ігнатка.
Сын васьмігадовы
Корчык падкладае,
З бацькавай работы
Вочэк не спушчае.
Сьветлая галоўка.
Мысьлямі занята;
Многа ўсякіх думак
У вачах Ігната!
—„Ну, Ігнат, глядзі, брат,
Не дурэй, вучыся!
Годзі жыць бяз дзела —
За буквар вазьміся.
Будзь старанным, сынку,
Станеш чэлавекам,
Будзеш ты чытаць нам—
Цёмным неумекам,
Што у кнігах пішуць,
Што мы ў сьвеце значым,
Бо мы самі цёмны,
Сьвету мы ня ўбачым.
Слухай, што настаўнік
Гаварыць там будзе
Пра навуку, кнігі
І аб цёмным людзе…
А старанным будзеш,
Да навукі здатны,
Я прадам кароўку
І кажух астатны;—
Далей йдзі ў навуку!
Толькі, брат, вучыся…
Дык глядзі, сыночак,—
Шчырэнька вазьміся!
На гульню пустую
Плюнь, махні рукою,
Каб і я і маці
Цешылісь табою“.—
На казаньне бацькі
Атказаў Ігнатка:
—„Буду я вучыцца,
Як ты кажаш, татка!“
А як спаць улёгся,
Думкі ўзварушылісь,
І ўсю ноч Ігнасю
Школа, кнігі сьнілісь.
|