ПЛЫТНІКІ.
Клунак за плечамі,
Кій ў руках хваёвы,—
Валіць чарадамі
Бедны люд вёсковы
Босые іх ногі,
Твар іх загарэлы;
Кажушок убогі,
Чуць прыкрыты целы.
Ззаду ледзь ступае,
Хлеб вязе кабыла;
Нукае, гукае
На яе Кірыла…
Ярка сьвеціць сонцэ,
Ліст не скалыхнецца;
Горача бяз конца,
Пот на землю льецца.
Срэбрам адлівае,
Як люстэрка, Нёман
З ранку не сціхае
Над вадою гоман.
Толькі крыкі чуеш:
„Вазьмі на „барбару“!
„Чаму не тарнуеш?!
„Гад! пабью ўсю хару!
„Закідай шырыгу!
„Папхні прысам ў ліва!
„Варушыся, падла,
„Ня сьпі ў шапку! жыва!“
І заднік без толку
Па плыту летае;
Згубіў ўсю знароўку—
Не ў той бок трымае.
Гнецца плыт дугою,
Ӯ бераг яго клоніць;
Быстраю вадою,
Як вужаку, ломіць.
Вось, на мель ўзагналі
Крык, сярдзіты голас.
Порткі паскідалі,
Ӯсе ў вадзе па пояс,
Бомы ўсе пабралі.
„Рразам, хлопцы! рразам!
„Ну, ешчэ! што сталі?
„Ну, ешчэ прыляжэм!”
Вецер загуляе —
Хвойнік, лозы гнуцца;
Пдытнік спачывае,
Як сабака ў будцэ.
Гнецца плытнік ў полі,
Мёрзне ён у холад;
Знае ён нядолю,
Знае ён і голад.
Што ж? беднота гоніць!
Толькі сілы траціш;
Толькі косьці ломіць,
Як хваробу хваціш…
Эх, ты доля, доля!
Голад ты, беднота!
Не свая тут воля,
Не свая ахвота!..
|