Песьні-жальбы (1910)/Родные абразы/Могілкі

Чугунка Могілкі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Родные песьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Могілкі (Круглае поле. Узгоркі, каменьне…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОГІЛКІ.
Круглае поле. Горы каменьня;
Лес па краёх, як сьцена.
Ціха усюды. Нудна на сэрцы…
Птушка ня крыкне нідзе ні адна.

Могілкі ў полі адны-адзінюткі.
Праслы гнілые на землю ляглі.
Крыж пахінуўся, як кветка у боры…
Многа іх, многа ляжыць на зямлі!

Кучка бярозак, верба ды хвоінка…
Вецер развеяў іх, дождж спаласкаў…
Вось дзе ад гора мужык атпачыне,
Вось дзе ён думкі і сьлёзы схаваў!