Песьні-жальбы (1910)/С турмы/Маці

Хмары Маці
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Родные абразы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маці (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЦІ.
Непрыветна цераз вокны
Ночка пазірае,
Ціха ў хаці — ўся сямейка
Сьпіць ды спачывае,
Натрудзіўшы добра рукі,
Натаміўшы плечы.
Толька матка з вераценцэм
Прытулілась к печы
І прадзе, прадзе кудзельку.
Скачэ вараценцэ,
А за ім густые цені
Бегаюць па сьценцэ.—

* * *

На камінку корч пылае,
Злотам іскры скачуць.
За ваконцам вецер ходзіць,
Глуха вербы плачуць.
Зябнуць вербы на марозі,
Прытуліўшысь к стрэсі,
Сьнегам вецер сыпле ў дзверы;
Ходзіць шум па лесі…
І пад гэты шум трывожны
Думае старая,
А ў сьлед думкам неспакойна
Вецер падпевае.

* * *

Ўсё прачнулось прэд вачыма
Беднае кабеты:
Маладые дні дзяціны,
Дзявочые леты,
Радасьць, жыцьця і нягоды,
Сваркі, трасяніны —
Ўсё, чым жыцьцё спатыкае
Цяжкую часіну,
Усё прыпомнілась старэнькай.
Горка беднай стала, —
Галаву на грудзь схіліла.
Прасьці перэстала.

* * *

Муж — нябошчык ўсплыў на думку—
Рана сьмерць скасіла!
Дробных дзетак ён пакінуў…
Без пары магіла.
Жыў ён бедна. Спадзеваўся
Свой прыдбаць куточэк:
Хату вывясьці, зямелькі
Прыкупіць шматочэк.
Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
Жыцьцё пад’ярэмна…
Ды ня выйшоў с пад няволі,
Біўся век дарэмна.

* * *

Гасьне корчык на камінку.
Пацямнела ў хаце.
Поўнач пеўні пракрычалі,
Ды ня сьпіць ўсё маці.
Цягне нітку. Вераценцэ
З рук упаўшы грукне.
Ды нясьмела, як убогі,
Вецер ў дзьверы стукне.
Думкі думку падганяюць,
Не даюць спакою:
Усё летаюць над кабетай
Нуднай чэрадою.

* * *

Уздыхнула цяжка матка.
Аб сынку гадае,
Што ў турме, у паняверцы
Кару адбывае.
І за што? У толк ня возьме
Бедная кабета
Ні законоў гэтых мудрых
Ні парадкоў сьвета…

* * *

Вецер вые за вугламі,
Ӯ коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
Матку не заносіць?
Зябнуць вербы на марозі,
Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
Думка думку гоніць.