Сагнаны пад зброю мільёны
Маўклівых, кастлявых людзей;
Імчацца на фронт эшалёны,
Імчацца, і ў ночы, і ў дзень.
У чорную нетру грукочуць
Адзін за адным наўздагон.
Пылаюць агністыя вочы
Налева, направа й кругом.
Узбурана мора людзкое;
Разгневаным валам гудзе…
Па рэйках адляскваюць колы,
Утома ў чыгуннай хадзе.
Закураны дымам вагоны
І пылам дарожным густым;
Ў шалёна-вар‘яцкім-разгоне
Вахтуюць, мінаюць масты.
Ў прасторах яны прашумелі,
Бы ветры з віхрамі ў жыцьці.
На захад, на фронт ачумелы, —
Вось іхны апошні сусьціг.
Пляцформы, гарматныя жэрлы,
Салдаты-запасу байцы…
Які расстракачаны вэрлах!
Як цяжка прабіцца, прайсьці.
Залюднены залі вакзалаў
І станцыі воўчых сьцяжын.
Натоўпы ахоплены жалем,
У гневе пульсацыя жыл.
Ўсё ў зроку віецца вужамі;
Сланяюцца людзі, бы цьмы, —
Прышлі разьвітацца з мужамі,
З бацькамі, з братамі, з дзяцьмі.
Сьлязамі ўмываюцца шчокі,
А вусны цалуюць чало…
Ад роспачы нехта зашчоўкаў,
Галошаньне сэрца ўшчало.
Яно у вялікім уроне:
Забралі уцеху і сум.
Званок за званком на пэроне:
Душу у трупярню нясуць.
— Ня трэба яе чалавеку,
Павінен увесь азьвярэць.
Ў закасаных кверху павеках
Пановаму будзе зарэць.
І будуць на выкаце бельмы
Глытаць кананады агонь.
Ў разьюшанай злосьці да-бела
Распыліцца чуласьць яго. —
Пашлі ўжо на прыступ колёны, —
Жыцьцё выдзіраюць з грудзей…
Імчацца на фронт эшалёны,
Імчацца, і ў ночы, і ў дзень.
Акцызьнікі павесілі насы,
Аперліся раскіслыя на шпагі.
Ня будзе іх арлом былой красы,
Ня, будзе ім самім былой павагі.
Аддадзен імпэратарскі загад:
Імпэрыю павінны ацьвярозіць!
Пад паліцэйскі аддаю нагляд
Расіі буйнай п‘яны розум.
У рэкі з бровараў — гарэлку, сьпірт,
І вымыць варам ўсе рэзэрвуары! —
Які шалёны і дзікунскі спрыт,
У гэтай сіняй і зялёнай гары!
Адкручаны у чанах краны ўсе,
Адведзен у раку латак з сукамі.
Гарэлка хваляй-грываю трасе
І вадаспадам падае на камень.
Туман зялёны ўзьняўся над ракой,
Імгліцца сумятня у сіні п‘янай.
Вады хтось зачарпнуў аднэй рукой
І неяк зьдзіўлена навокал глянуў.
Была яна адменнаю зусім:
Нутро шчыпала і п‘яніла голаў.
Той чалавек піў за здароўе ўсіх,
Пакуль не расплатаўся крыжам доле.
Дачуўся дзіву гэтаму народ, —
На жвірны бераг зьбегся на бяседу.
Тут можна перайсьці было у брод
І хутка, зручна ўсё разьведаць.
Хоць раз, хоць раз адзін на ўсім вяку
Сяляне могуць выпіць юбілейна.
Дзівіўся месяц з высі на раку
І пучыў над далінай сваё бельма.
Па-конску ухмыляўся на стагі
І піў ваду з расьсеяным запоем.
Жывёлу гналі, з поля пастухі,
І к звыкламу зьвярнулі вадопою.
Яна сьпілася ад вады удрызг
І ўлукаткі пайшла лугі трыножыць,
Сабака костку пры дарозе грыз,
І ўгору раптам выць пачаў трывожна.
Ўсплыла з затонаў рыба на відно:
Бясьсільна плюхае між хваль хвастамі,
Луской адсьвечвае глыбіняў дно
І плаўнікамі нават ня хістае.
Лаві і не ўцякае ані-ні, —
Такіх часін ня ведала ніколі.
Прышлі вясёлага пахмельля дні,
А сэрца надрываецца ад болю.
Вялікая сям‘я, сям‘я сялян
Адтопвае на поплаве гулянку.
Усюды, толькі вокам дзе ні глянь,
Заядла чокаюць збаны і шклянкі.
Навылет ноч усю і дзень увесь
Сяляне сум і гора запівалі.
Шумеў лісьцём асеньня-жоўклы лес
І разьмятаў яго па п‘яных далях.
Казёнка з бровараў сплыла з вадой,
Падохла рыба ў беларускіх рэках.
Ішло дахаты шляхам шмат удоў,
І кожная з журбою на павеках.
Гарматны гром кругом, —
Дрыжыць душа зямлі.
Гранатны бой-агонь
Акопнікі ўзьнялі.
Колёны йдуць, ідуць…
Куды і што сустрэць?
Ў вачох, і страх, і жудзь;
Цалуюць вусны сьмерць.
Заліт абшар крывёй
Гарачых сэрца ран.
Пуцінаю крывой
Ідзе людзкая рань.
Сягоньня на палёх
Расстрэл рыхтуюць ёй.
З гарматных горнаў-лёх
Агонь зіхціць зьмяёй.
У зарыве прастор;
Плянэта ўся гарыць.
Ідзе за строем строй
Усхонамі гары.
Са шчэбеня на дол
Зара свой сьвет ня льле:
Скрыгоча гнеўны боль
Ў разьюшанай імгле.
Людзкое тут жыцьцё
Цаны ня мае звань,
Бы восеньню лісьцё
Утоптанае ў твань.
Чыйго юнацтва. цьвет
Ня скошан і ня зьвяў?
Здаецца, ўвесь сусьвет
Ба помсты кліч узьняў.
Вунь чорны, слуп-маяк, —
Там тысячы сыноў,
Там тысячы ваяк
Ляглі век-вечным сном.
Здалёк, бы здань, відзён…
Вітайце, сьмерці шлюб!
То помнік, чорных дзён,
Жалобны дух-салют.
Ў хмарах зьвіліся маланкі намітусь,
Яснасьцю дзікай асьвечаны дні.
Бура навала над возерам Сьвітазь:
Ў хвалях шалеюць грымоты-агні,
Хвалі змываюць пакорнасьць і літасьць.
Выюць вятры на пагібель людзкую
Рэхам скуголіць суцемень дуброў.
Вышаў з дубровы у пору такую,
Полк азіяцкі ў атаку, у бой…
Жудасна… страшна… плянэту катуюць!
Грозныя сілы — дзьве дзікіх стыхіі
Крышаць, руйнуюць жыцьця цытадэль,
Мчацца кар‘ерам ваякі ліхія:
Падаюць голавы іх на адмель,
Рукі прасьцерла ім сьмерці багіня:
Восеньню золкаю сівер заўзяты
Справіць гульбішча на іхных касьцях.
Гордай дубровы дубовыя шаты:
Водблескам вогненым зьзяюць, шасьцяць;
Ў суме самотным сялянскія —хаты.
Словы ратунку і сьлёзы нядолі
Ловіць у невад пакуты рыбак.
Рвуцца, шчапаюцца сэрцы ад болю, —
Гоняць сялян, як бяздомных сабак,
Гоняць у бежанцы ў чыстае поле.
Стрэхі іх пушчаны з полымем, дымам;
З імі йдзе постаць чумазай чумы.
Сьлёзы крывавыя льлюцца пад тынам, —
Вечар жалобны у кожнай сям‘і, —
Сьлёзы крывавыя падаюць, стынуць.
Зоры ня сьвецяць, а ў роспачы ныюць.
Дзеці губляюць матуляў сваіх.
Людзі на ўзрэччы нябожчыкаў мыюць,
Робяць падушкі ім з лісьцяў сухіх.
Голасам немым сабакі ў сінь выюць.
Жаліць жах вусны вужакай кусьлівай, —
Валяцца, падаюць цені людзей.
Поўзаюць сьцежкамі гадзіны, сьліўні;
Ў чорнай сутане сланяецца дзень;
Дух чалавечы змарыўся, бясьсільны.
Грае музыка, — заходзяцца гусьлі,
Плачуць акорды апошняй струны.
Нехта лісты па дарозе цярусіць,
Нехта галосіць ля чорнай труны; —
Гэта сыны удавы-Беларусі.
Ночка ў полі іх крэпам накрые;
З чыстай крыніцы нап‘юцца вады.
Сьцежкі жыцьцё за курганамі крывіць, —
Той-жа над імі удушлівы дым.
Плача на сьвежым кургане Марыя.
Мая прыгожая! Ня ведаю адкуль ты й хто такая?
У першы раз красуню дзіўную такую спатыкаю.
Ў тваіх вачох затоена трагедыя людзкога гора;
Здаецца мне, што з хвалямі валос тваіх вятры гавораць.
Табе поэта юны на прадвесьні зложыць песьню песень, —
Акорды-сокалы ўзьвіюцца аж да зораў паднябесься.
Музыкі ўчуюць іх, і смутак струн уцехаю зальлецца, —
І славіць будуць ўсе імя тваё праз цэлыя сталецьці.
Поэты, ліры гучныя свае на новы лад настройце!
Усе славіць будзем існасьць? — толькі ў вобразе ня тройцы.
Ідзе нявеста з поля ў горад-хцівым бляскам скрозь заліты,
Ідзе у зморы, — спачывае ўночы на каменных плітах.
Ідзе адна пуцінай зьбітай, торнаю да сьвету, шчасьця;
Яна у росквіце красы, у росквіце свайго юнацтва.
Вятры ўзьняліся зноў і хіляцца дубы старыя;
Я першы слаўлю імя й называю вам яго — Марыя.
Нядоля ўсім голавы гне,
Нядоля вандруе па краі.
Зьвярына-разьяраны гнеў
Людзкую душу разьдзірае.
У цемень працятай імглы
Аскаліўся скаламі горад.
На вытырках згруджаных глыб
Спрадвечнае курчыцца гора.
Праходзяць туды і сюды…
Натоўпы направа й налева…
Палаты, астрогі, суды,
І нехта загады расклеіў.
Змагацца, змагацца за трон,
Ўсім слухацца высшай каманды.
Поэты, музыкі, на фронт,
Ў акопы пад марш кананадны. —
Атрушчыны белага дню
Аплёвала ноч на бульвары.
Ў ліхтарнях усхліпы агню,
І недзе мэлёдыі арый.
Бэтоннай панэлі далонь
Сабакі галодныя ліжуць
І выюць на чорны балькон —
Вэранду шантану „Парыжу“.
Сабачае сэрца шчыміць;
Праходзяць са шпорамі орды.
Сьвяцейшай награды чыны
У чадзе разьятраных оргій.
Жаночыя грудзі грызуць
З аскомай на дзяснах асьлюзлых.
З шантану садомская жудзь
У прытонныя сочыцца шлюзы.
Героі сусьветнай вайны
Ўзьнімаюць атрутную чару;
На вуснах усьмех сатаны, —
Дзень штурму, дзеньсьмерці страчаюць.
Іх сэрцы крывёй ацяклі;
Гатовы на прыступ адважны.
Крывавы ўзьнімаюць кіліх
І п‘юць за сьвяцейшую княжну.
У змроку імчыцца аўто
Да штабу заходняга фронту.
Пакетаў вялізазны стос
Прыслалі з позыцыі ротным.
— Разьбіты… наголаў… зусім…
Ня маем ніводнай колёны…
Мы выбіты, выбіты з сіл…
Рэзэрвы пяхоты ў палоне…
Трусьліва адходзім на ўсход,
«Ахоплены страхам панічным.
Германцаў жалезны паход
Дывізіі цэлыя нішчыць.
Знарадамі б‘юць і ірвуць,
І труцяць удушлівым газам.
Якая страшэнная жудзь!
У сінь узьлятаюць лабазы.
Далёка, далёка у тыл
Лятуць на зары ‘эропляны;
Ўзьнімаюць там бомбамі пыл
І ўсе перахоплююць пляны. —
— Сакрэтныя справы складаць;
Трывожныя ночы насталі. —
Бязногіх, бязрукіх салдат
Развозяць двуколкі ў шпіталі.
Мучэньні, ачумлены боль;
Ў конвульсіі сын чалавечы.
— О, жудасны, жудасны бой,
За грэх, за які я скалечан?
У братняй магіле мне тлець.
Пад марш на пляцы катэдральным
Прыдзі, о, кастлявая сьмерць,
Прымі мой уздых разьвітальныі! —
На вуліцах цёмных, глухіх
Ідуць бяспрытульныя цені.
І кожны ў азябеньні з іх
Ўсё туліцца бліжай да сьценаў.
Парваны сялянскі лахман
Абвіс на сьсінелае цела.
На рынку рышткі каля крам
Сягоньня ім будуць пасьцеляй.
На заўтрае ўстануць чуць сьвет
І выцягнуць рукі за хлебам…
На памяць пакінуць свой сьлед
Унукам пад небам ганебным.
Душу прабірае мароз,
А жылы то зябіць, то студзіць.
Усюды, усюды і скрозь
Вандруюць панурыя людзі.
— Краіна-матуля мая!..
Ў бяспамяцьці нехта ўзывае, —
У сэрца ўпілася зьмяя,
Высмоктвае сокі дазваньня.
Як трудна і цяжка цярпець!
Ўхапіцца зубамі-б за раны.
Дакуль-жа суставам рыпець?
Дакуль-жа быць краем забраным? —
Сырэны трывожна гудуць;
На бруку асколкі шкляныя.
Ускорылі людзі хаду, —
Між імі, між імі Марыя.
Жалобныя росы апаўшы ліст росяць;
Ажоўклая восень, плаксівая восень, —
Гэтакай сумнай даўно ня было.
Худыя таполі маячаць у змроку:
На вуліцы люднай таемныя крокі, —
Вечар на пліты схіляе чало.
Расьпісаны далі у грозныя стылі:
Абломкі гранітаў у сіні застылі,
Хмараў мармуры ў скалістай разьбе.
Журботныя ветры сьпяваюць журліва;
Начуе ў даліне палёт жураўліны,
Лопатам крыльляў акрыўшы сябе.
Да жыл прабірае сырая суцемень;
Абвязана хмарамі гораду цем‘я,
Плечы-ж акрыты пласконным плашчом.
Міргае электра, і музыка льлецца, —
Іграюць оркестры танго у „Сэлекце“, —
Рыцары з шпорамі лезуць пішчом.
Багатых, прадажных жанчын, афіцэраў
Ўпушчаюць швэйцары ў люстраныя дзьверы…
П‘яныя пары… вясёлы садом…
Каньяк наліваюць… стрымацца ня могуць…
Сплятаюцца рукі і курчацца ногі…
Нечыя вочы працялі сутонь.
Дакорныя вочы ў пакутных абрысах;
На твары асмуглым гаротныя рысы;
Лёгкія крокі у змрочнай імгле…
Патухла сьвятло у вітрынах гандлярскіх;
На бруку парваны загад генэральскі, —
Вечар асеньні пад плотам азглеў.
Марыя, Марыя на жорсткай панэлі;
Ёй ломіць суставы, ёй ломіць калені, —
Сэрцам сагрэцца ня можа ніяк.
Ня мае нічога, ня мае прытулку;
Начуе пад клёнам у цёмным завулку, —
Кожны абходзіць: знаёмы, сваяк.
Ніхто не атуліць матулінай ласкай;
Штовечар на вуліцы продае краскі:
Белыя астры і ружы крыві.
І сёньня вось вышла з асеньнім букетам;
Ёй шлях асьвятляюць успыхі ракетаў,
Неба прарваўшы узьлётам крывым.
Цярнёвая сьцежка жыцьцём пралягае,
Над ёю віхурыцца сівер паганы, —
Гэтаю сьцежкай Марыя ідзе.
Яшчэ маладая ў юнацкім узросьце,
А людзі страчаюць з агіднаю злосьцю,
Хмары бы чорныя — сонечны дзень,
Прышла калі ў горад, ахарканы брудам,
Парою трагічнай, гадзінаю труднай,
Дзьверы ўсе ўзяты былі, на пранты.
У хату ніхто ня ўпусьціў абагрэцца, —
Ад болю зайшлося Марыіна сэрца:
— Сёстры мае вы, мае вы браты! —
Ніхто не назваўся ёй братам, сястрою:
Адзета была у нязвыклыя строі, —
Кожны праходзіў і пальцам пароў.
І кожны казаў паглядаючы скоса:
— Блакітныя вочы, ільняныя косы,
Пульс амывае пунсовая кроў. —
Прымелі каб толькі, парвалі-б кускамі…
Учора таксама і сёньня таксама
Слова прыветнага ёй не пачуць.
Радзеюць натоўпы на вуліцы золкай;
Вязуць ізноў раненых сьпешна ў двуколках, —
Муціцца радасьць, гора ў ваччу.
— Як многа, як многа! Якая іх веліч! —
Букет свой Марыя цісьне аберуч, —
Ружы крыві прамянеюць ярчэй.
Крывавіцца кожная ранаю сьвежай…
Схіліліся людзі пад стромкаю вежай, —
Падаюць сьлёзы на камень з вачэй.
Ляжаў у апошняй двуколачнай скрыні
У грудзі паранены Юры Іскрыніч.
Кроўю ацёкшы, страшэнна бляды.
Здалася яму яго ранаю ружа, —
Ён вочы зажмурыў ад страху, ад сьцюжы, —
Стылі на вуснах былога сьляды.
Балючая слодыч душу ап‘яніла;
Павісла рука у бясьсільлі на біла…
Погляд Марыі ласкавы такі.
Адстукалі колы, адцокалі коні:
Дванаццаць гадзін адзваніла ў сутоньні, —
Ціха на вуліцах ўсіх гарадзкіх.
Трывожная боязь супуціла далі;
Гудкі палахлівыя раптам падалі —
Залпы гарматныя справілі плач.
Прожэктар прарэзваў сузмрочныя шаты,
Усе асьвяціліся вуліцы-шахты…
Гул у паветры, і бомба — на пляц!
Асколкі і косьці на бруднай панэлі;
Гарматаў грымоты… разрывы… шрапнэлі…
Страшна і дзіка раве цэпэлін.
Каменьні высока, высока ўзьляцелі;
Ляжала на бруку парванае цела, —
Мяса да костак агонь апаліў.
Даволі… мне хочацца зьвесіць чупрыну.
Вам далей раскажа ўжо Юры Іскрыніч.
Шпіталь, санітары і сёстры,
Ланцэты і доктар-хірург.
Асколак іржавы і востры
Дасталі з патрушчаных рук.
Глядзяць, разглядаюць уважна!
Ківаюць галовамі ў такт;
Рукамі асколак той важаць
І робяць спагадлівы знак.
Падходзяць ка мне усім скопам
І рану ўскрываюць маю,
Тут я ўспамінаю акопы
І голаў на грудзі хілю.
Зьліваюся потам халодным
І зубы зацяўшы, маўчу.
Салдат абарваны, галодны
Паўстаў жабраком у ваччу.
Абрэзалі мяса гнілое,
Аскрэблі ад рэбраў іржу.
Сказалі: — Нямашака зломаў,
Праз месяц зноў пойдзе к „ружью“. —
Шчыльней я заціснуў павекі, —
Зьмяіцца боль-гнеў у нутро:
Усе мы, усе мы калекі
За царскі агідлівы трон…
Мужчынскага цела абрубак
На ложку жалезным ляжыць.
Хоць кроўю аплыў ён і брудам,
А хоча ўсё-ж мучыцца-жыць.
Усе — напінаюць усілкі,
Сарваць каб разгноены струп…
Панесьлі у двох на насілках
Разбухла-абуглены труп.
Як дзіка ў гэтай палаце, —
Мучэньні катуюць людзей.
Душу маю чым мне залатаць
У гэты ачумлены дзень?
Здаецца і сонца патухла,
І сінь ледзяніцца ў імгле.
Мы кормімся хлебам пратухлым, —
Народ абяднеў, анаглеў.
Пашоў жабракамі па сьвеце,
Магілы жабрачыя скрозь.
У ночы пад зорным суцьвецьцем
Сьлязіны спадаюць на скронь.
Сырыя акопы, байніцы,
На тысячу крокаў прыцэл…
Я стрэльбу у час навальніцы
Сьціскаў ‘шчэ мацней у руцэ.
Ўслухоўваўся ў шорах трывожны,
К зямлі прыціскаўся, бы крот,
І нюхаў, як вострыя ножны
Калючы раскусваюць дрот.
Мне дрож адбірала суставы,
І жылы нямелі усе.
Стральбу адкрывалі заставы, —
Гусьцеў кулямётны расьсеў.
Ўсіх выбілі, вывелі з строю, —
Жыцьцё занішто аддалі.
Я вынес цяжкія настроі
Вось з гэных крывавых далін.
Сышліся народы імпэрый,
Сышліся ў прадсьмертнай вясьне,
Ў паветры разьмякчана-прэлым
На‘т месяц струпеў, пасінеў.
Мне сорамна неяк сягоньня
І горна, пакутна ў душы.
Пакорна ішоў у агонь я,
І брата за горла душыў.
Як стацца магло так са мною?
Ня ведаю нават і сам.
Ня ўзяў-жа усіх нас маною
Сьвяты імпэратарскі сан.
Змагаўся за трон я Расіі,
Імпэрыі воінам стаў,
Хоць помніў, што колісь над сынам
Матуля схіляла свой стан.
Матуля, мая ты Матуля,
Страшною ты стала якой!
Якою ты стала сутулай,
Згубіўшы шляхі у вякох!
Злажу я поэму аб гэтым
І буду чытаць на зары.
Зьбяруцца другія поэты,
Заплачам мы ўсе наузрыг.
Ў часы, калі зьвякае зброя,
Ў часы гістарычных падзей
Народы ўсё маюць герояў,
Выдатных, славутых людзей.
Поэты іх песьнямі славяць;
Імя іх на вуснах ва ўсіх.
Заўсёды народная памяць
За іх узьнімае кіліх.
Шчасьліўцы, шчасьліўцы народы,
Плянэта для вас для адных.
Ў краіне, з якой-жа я родам,
Заўсёды жалобныя дні.
Я сёньня ўглядаўся у цемру, —
Героя пабачыць хацеў.
Пабачыў-жа вострыя церні
І чорны аплёваны цень.
Па сьцежцы ступаў ён трусьліва
І нюхаў нахрапам зару;
Праз зубы цадзілася сьліна
І пляміла сочную рунь.
Ня мужная поступ героя,
А дрыжыкі ў страсе труса.
Як глянеш — нікчэмнае гора,
Ня верыш, ня верыш на‘т сам…
Ня буду я песьняю славіць
Прыблудны і чорны той цень;
Хоць знаю — што хочацца славы
У гэты засмучаны дзень.
Імкліва глядзела вачыма;
На сэрцы туга, непакой…
Што гэта была за дзяўчына?
Прыгожай ня бачыў такой.
Пачуцьцяў распалены прысак;
Рассыпаўся горасны сум.
На твары гаротныя рысы
Шчэ больш адцянялі красу.
Кроў білася ўсьпешаным пульсам;
Цень смутку ляжаў на брыві.
Маўчалі пунсовыя вусны,
Цалуючы ружу крыві.
Хоць цела страшэнна азябла,
Ўсё-ж стройнаю постаць была.
Лісты абрываліся з яблын,
Лістамі шуршала імгла.
Крыху ачуняю, як толькі,
На вуліцу тую пайду.
Я вечарам хмурліва-золкім
Яе разгадаю хаду.
Здалёк падзіўлюся на строі,
У вочы маўкліва зірну.
Душу усхваляюць настроі,
Бы ветры вясной ярыну.
Ёй песьню, я ведаю добра,
Злажу не адну давідна.
Мне блізкаю нейкай і роднай
Яна ўсяго толькі адна.
Імя дарагое — Марыя
Пачуў, калі везьлі ў шпіталь.
Бульвары, завулкі сырыя
Ўцякалі у дзікую даль.
Туман над полем пыліць,
Вятры разносяць гар.
Над шляхам плойма пылу,
Бы шэрань сыпкіх хмар.
У тры рады павозкі,
На сотні вёрст абоз;
Дубовых сьпіцаў лёскат
І зьвяк старых атос.
Гнядое ржаньне коняй,
Падкоў адцоклы лязг.
Куды і хто іх гоніць
Пад гэты сьцюжны бляск?
Трарахкі клёкат колаў
Счарніў з зямлёй траву.
Гурты худой жывёлы
Ад голаду равуць.
Абапал рэчкі шустрай
Прыстанішча-начлег.
Як многа хрусту, хрумсту…
Маршчынаў на чале!
Зьнябытых адпачынак,
А колькі бегатні,
Мая, мая Айчына
Твае у змроку дні!
Пылаюць на іх шчоках
Агні… агні… агні…
Па цьвёрдай грудзе чокат
Казацкае ганьні.
З-пад пунь нясуць салому;
Трашчаць сяліб платы.
Усюды трушчаць, ломяць
Пад словы калатні.
— З агнём пашло ўсё наша,
Няхай ідзе й другіх.
Мы ўсе ў магілы зьляжам,
Замкнём жыцьця кругі.
Мы сёньня людзі гневу
І шлём людзям праклён.
Вятры у буйным хмелі
Латошаць злосна клён.
Скарынку хлеба просім,
Як не… то й так бяром.
Ў душы і сэрцы восень;
Журба між хмурых броў.
Дачок казакі гвалцяць,
А жонак сьмерць бярэ.
Лепш пальцы даць пад вальцы,
Чым трушчыць у ярме.
Мы сталі жабракамі,
Нас гоняць, бы сабак;
У торбу дараць камень, —
У ім спагады знак.
Худыя дні выгнаньня
Вядуць у край чужы.
Ў раскопаным кургане
Касьцяк жыцьця ляжыць.
Вайна, вайна ліхая
Са сьвету нас зьвядзе.
Краіны не адхаіць
Вялікі прышлы дзень.
Шмат новых пакаленьняў
У змроку ўзьніме сьцяг —
Ў адно пакуль камленьне
Лісты ўсе зашасьцяць.
Лясы прымеце да сябе мяне, —
Хачу забыйца і спачыць душой;
Мо‘ пройдзе сум, а з ім і боль міне, —
Я гэтага знарок да вас зайшоў.
Дазвольце сесьці на асмаленым карчы, —
Ўжо аступацца цьвёрды крок пачаў.
Што бачыў я, дарогай ідучы,
Што бачу, тут, што мірсьціцца вачам?
Прастор убёр зялёны свой знасіў,
Зімы і восені марозны стык.
Са сьвістам розгі расьсякаюць сінь, —
Вятры паабшчыпалі з дрэў лісты.
Пасыпалі на мёрзлую траву,
Растрэсьлі па пустых палёх.
Каровы бяспрытульныя ірвуць
На межах згорбленых сухі быльнёг.
А коняй капыты капыцяць рунь, —
Вярнулася дзікунская пара.
Хвасты зьвіняць у сотні струн, —
Музыка-сівер сеў за іх іграць.
Даўно, даўно ня чуў такой ігры, —
На сэрцы стала ‘шчэ цяжэй і горш.
Ўхапіцца-б мне за хвалі грыў,
І слухаць конскіх жылаў дрож.
Ўхапіцца-б і ў бяспамяцьці гукнуць:
Імчы, гарачы, жвавы мой пэгас,
Імчы мяне к разьбітаму акну!
Прышоў, настаў для ўсіх трагічны час.
Жыве на поплаве сям‘я, радня,
Накрыўшы туманом жалобны стол.
Гараць грамніцы ноч усю да дня,
Капае брат сястры азглелы дол.
У гэты год закляты і ліхі
Каму у радасьці сьмяяцца, жыць?
Скапаны на магілы ўсе шляхі;
Усюды й скрозь панурыя крыжы.
Пад імі кленчаць зоры і вятры,
Пад імі кленчыць выгнаны народ;
Сьпяваюць псальмы раніцай віхры:
— Бясслаўна гіне чалавечы род…
Поэтам трудна быць у час такі, —
Душа заходзіцца ад горкіх слоў.
Калі гарматамі грымяць вякі,
Ня ўскінуць песьні дымавых заслон.
Яна пад імі ў змрочным забыцьці
Праходзіць ночы ціхаю хадой.
Змаўкае кананада у жыцьці,
Зьяўляецца й яна страшной, худой.
А мне ў агідны і крывавы дзень
Марыі песьні суджана дарыць.
Людзкі галосіць пры дарозе цень,
Старыя сосны плачуць у бары.
Зьмяніўся Менск няшмат,
Віюцца вуліцы ўсё тыя-ж.
Глядзіць гандляр з-за грат
І лічыць сотні залатыя.
Зайздроснаю рукой
Аблапаў ён зямлі багацьце.
Касьцюма модны крой
Адсьвечвае ангельскім глянцам.
Індустрыі пару
Ён праслаўляе ў час вячорны;
Ён воін і патруль
Славутай сьцені — біржы чорнай.
Валютчыкі вайны
У банк нясуць свае рахункі, —
Нядарам-жа яны
Зьбівалі цэлы год чыгункі.
Дзе вуліц зьбег, разьбег,
Там поліцмэн з дубінай ёмкай.
Па рэечнай разьбе
Ўсё тая-ж мчыцца конка.
Ўсе шыльды тых-жа фірм
Ў провінцыяльным стылі рускім:
Без футурыскіх рыфм,
Не ў маякоўскім рытме трускім.
Гіронія жыцьця,
Даволі быць такою кплівай!
Нам трэба рытм шаўца,
Каб песьні сходзіліся клінам.
Нам трэба шмат чаго,
Нас гэтае і тое рупіць.
Ў заводах згас агонь, —
Гарланяць ўсе ў гарматны рупар.
Панэляй я іду,
Гляджу сабак, як ловяць гіцлі;
Ў грудзёх займае дух,
А хочацца на ўсё дзівіцца.
І неяк міма ўсё,
Ў ваччу адзіны сьветлы вобраз.
Няўжо ён мара, сон?
Няўжо ён ласка, страх і грозьба?
Ня ведала зямля
Яшчэ такое героіні.
Дзе ты, дзе ты, мая
Краса-юнацкая Марыя?
Ўвесь дзень і ноч усю
Цябе я зваць і клікаць буду,
Хоць, ведаю, касу
Не расплятуць прадаўцы—юды.
Ты выйдзеш да мяне,
На рысы твару ўнікла глянеш.
Мой ціхі сум міне,
Разьвеецца ў вятрох ільняных.
Нэрвовы непакой
Ў суставах курчыцца каляных;
Дрыжачаю рукой
Ірву агідную рэкляму.
Вачмі сьвідрую рух, —
Ў ім скарб нязгублены шукаю,
Ў сузмрочную пару
Ліхтарні рот бяззубы скаляць.
Пад імі моўчкі ям
Ўступаю на квартал цэнтральны.
Вунь постаць нейчая
Дрыжыць на пляцы тэатральным.
Юнацкія гады
Ў баях на фронце ўсе знасілі…
Хутчэй пайду туды, —
Магнэсавая цягне сіла.
Пры ўходзе у тэатр
Яна хаду сваю спыніла.
— Бывае шмат утрат…
І вусны сьціснула жахліва.
— Чужыя песьні тут
Мне раны сэрца разьдзіраюць. —
Сыгнал… агонь патух…
Дрыжыць у вопратцы дзіравай.
Прашу, скажэце мне,
Крывавых ружаў дзе нарвалі?
Ў якой яны імгле
Маглі укрыцца ад навалы?
Дзе вырасьці маглі
З такім павевам сьнежным астры?
Ў якіх садох? Калі
Народ пашоў па сьвеце з кайстрай.
Палёў нізінных шыр
Впырскана крывёй гарачай.
Запушчаны пустыр
Акроплены сьлязой бядачай.
Вось там Курган-гара,
Вось там скрозь сьвежыя магілы;
Замоўкла струн ігра.
Там астры й ружы вецер хіліць.
Якога роду вы,
Што словы працінаюць сэрца?
Шалёны вецер выў…
Ня мог раней я з вамі стрэцца:
Скажэце, хоць і чуў,
Завуць як вас, як вы на імя?
Я ведаць, знаць хачу
У гэты вечар хмельна-сіні,
Бязродная, адна;
Ня ведаю сваіх я продкаў.
Няйначы ўжо віной вайна,
Што я спаткала дзень гаротны.
Ішла жыцьцё пазнаць
І думала, што горад прыме…
Мяне іначай зваць, —
Завуць-жа ўсе — Марыя.
Прабачце, я іду
Спаткаць знаёмых за заслонай.
О, колькі, колькі дум
Яна ўзбудзіла чулым словам!
Я раскажу сябрам
Аб сёньнешняй сваёй сустрэчы.
Каб толькі ўсё сабраць…
Я раскажу ня раз, а трэйчы.
Вось тут, за рогам блізка,
Даўнейшых дзён піўная.
Вось там, агонь дзе бліснуў,
Прайшоў хтось у панаме,
Хадою жвава-лёгкай
Ў суцемень проста смаліць.
Ў суцемні рот галёкнуў
І зубы сьцялі палец.
Начуе вечна й днюе
На ганку сын сабачы…
Зайду і я ў піўную
Знаёмага пабачыць.
Я колісь тут спаткаўся
З расьсеяным музыкам;
Сказаў яму: раскайся,
Што стаў чужым заікам.
На разьвітаньне шчыра
Ён мне руку паціснуў.
Паўзьлі, паўзьлі са шчылін,
Паўзьлі нямыя мысьлі.
Зайду — былое ўспомню,
Забудуся пад хмелем;
Спачну ад дзікай бойні;
На сьвет зірну праз вэлюм.
Цераз парог ступаю, —
Рукою насьцеж дзьверы,
Зялёны дым слупамі
Над чалавекам-зьверам,
Ня ўсьпеў вачмі абвесьці
Прытулак гэты п‘яны,
Як нехта раптам з месца
У радасным зіяньні:
— Адкуль? Якім парадкам?
Сядай за гэты столік!
Расказывай-жа, братка!
Ня бачыліся столькі. —
Абняліся раптоўна
У братні пацалунак, —
Я толькі тут успомніў,
Што Руцэрн так цалуе.
Знаём-жа будзь з колегам:
Антокаль, — Ю. Іскрыніч.
Я горад ўвесь абегаў, —
Шукаў твайго прыпыну.
Дачуйся, расказалі,
Што ты у грудзі ранен…
Душа сьцякала жалем,
І вечарам, і раньнем.
Ня мог знайсьці шпіталю,
У якім ляжаў, лячыўся.
Самоты дні насталі,
І сум між слоў сачыўся.
Ніхто мяне з знаёмых
Ніразу не наведаў.
Акно ў сукне зялёным
Не прапушчала сьвету.
За гэтаю заслонай
Міналі дні ў халаце.
Два месяцы з паловай
Адлежаў я ў палаце,
Пасьля — агляд камісій,
І месяц мне папраўкі.
Пятлёй пуціны завіліся,
Ўпіліся ў ногі п‘яўкай.
Хадзіў я штодзень імі
І ў муках страшных тросься.
Аб гэтым успаміны
Ня здолеюць забросьняць.
Я звалакаўся ў поле,
Я быў сабакам збродным,
Я выць пачаў ад болю
За лёс краіны роднай.
Каму жыцьцё ручыла?
Хто быў з людзей шчасьліўцам?
Ў каго ня нылі жылы
Ад дзікай навальніцы?
Між нашага народу
Такіх няма, ня знойдзеш.
Увесь ён гэтым годам.
У край чужацкі сойдзе.
Сыны-ж яго на фронце
За Русь сьвятую гінуць;
Ня знаюць, што пад сонцам
Ёсьць недзе іх краіна.
Дый што з таго, што знаеш,
А йдзеш, ідзеш пакорна.
Што сталася вось з намі?
Ўздыхаем толькі горна.
Ўздыхаць так доўга будзем
І наракаць бясслаўна
Хапаць рукой за грудзі
І вершам слаць пасланьні.
Занадта гнеў лірычны,
А часам холад, сьцюжа.
Мы да ўсяго прывычны, —
Наш дух зямлёй кантужан.
Мне хочацца парою
Гарою стаць вялізнай,
Каб засланіць сабою
Ад бур навальных бліжніх.
Хацець — яшчэ ня значыць,
Што хопіць сілы зьдзейсьніць
Мы маем многа мачых
І ім складаем песьні.
За іх часамі робяць
Лісьлівую нам міну.
Сябры, здаецца, дробязь,
А ўсё-ж як горна сыну!
Як цяжка ў хворых лёгкіх, —
Разьеў іх газ атрутны…
Жыцьцё прайсьці нялёгка,
А вельмі й вельмі трудна.
Для нашага вось брата,
Які заўсёды ўзрушан,
Утрата за утратай
Ў нялюдзкай гэтай калатушы.
Ў тональным гуку, слове,
Ў расплыўчатае фарбе
Кладуцца сьцені слоем,
І рытм ў сьценях зябне.
Хацеў я словы сёньня
На музыку пакласьці, —
І вышла вяла, сонна,
Душа была хоць насьцеж.
Ну сорамна, дый годзе…
Яна-ж такой прыгожай
На сьвет хоць зрэдзь выходзіць,
А зрок людзкі трывожыць.
Што кажаш ты? Што чую?
Каго назваць ты хочаш?
Ніяк я ня ушчуну
Уцехі ў пылкіх вочах.
Зірні, як я зьмяніўся, —
Ўвесь ахоплен шчасьцем:
І боль суціх зьмяіцца,
І пульс біцьцё учасьціў.
Няйначы ты гаворыш
Аб тэй, што краскі носіць,
Што вырасла у горы
І зябне ў гэту восень?
Няйначы аб Марыі
Ты нам хацеў напомніць?
Гатоў я кінуць-рынуць
І гойкнуць скрозь сутоньне.
Чакай, мой дружа слаўны,
Што я скажу, паслухай!
Туманам сінь заслана,
Зара ў палёх патухла.
У далях абліваха, —
Пад ёй азглелі людзі,
А ноч зайшлася яхам
І шлях сьлізготай лудзіць.
Куды, куды ты гойкнеш?
Усюды пуста, дзіка:
Лісьцё ў садзе мокне,
А ў хатах смага ікаць.
Цяпер яе ня стрэнеш, —
Яна ў сьлязах нішчымных,
Адна, бяз родных стрэньніх
Ўшчыняе дзьверы шчыльна,
Я вобраз гэты бачу,
Ён у ваччу заўсёды.
Я не магу іначай
Узьняцца на‘т на ўсходы.
Мне вобраз гэты сьветлы
Ня раз сюжэтам будзе,
На выстаўцы сусьветнай
Яго пабачаць людзі.
І я вам тут клянуся,
Што прысьвячу ёй творы;
З такой, няйначай мусіць,
Каменьне й то гаворыць.
Яна такой нязвыклай,
Яна такой таемнай;
Таму ня быць музыкам,
Хто гэтага ня ўкеміць,
Сябры, сябры мае вы,
Як весела мне з вамі!
Ў раі, напэўна, Еве
Так ня было з Адамам.
Калі лятуць… у вырай —
Люблю сачыць за лётам.
Кахаю я Марыю
Усёй сваёй істотай.
Калі-ж я чую часам
Яшчэ чыё прызнаньне, —
Тады душа ня гасьне,
Тады душа ў сьвітаньні.
Вы тут перада мною
Нядаўна прысягнулі;
Я веру, — не з маною-ж
Зайшлі сюды вы з вуліц.
Прысягу — абяцаньне
З вас зьдзейсьніць кожны, кожны.
Пагодны дзень настане,
Мы выйдзема на пожні.
Там стрэнемся па-брацку, —
Ў зямлю вачэй ня ўтупім.
Уцехай разгарацца
Настроі у наступным.
Народ мы апавесьцім
Аб вобразе мастацкім;
Той музыкай, той песьняй.
А трэці ў фарбе яснай.
Узьнімем шклянкі вышай
І чокнемся за творчасьць!
Мы дні наноў расьпішам:
У яснасьць і узорнасьць.
За тост мы піць гатовы,
За тост і за мастацтва.
Радзеюць ночы бровы,
Пара і нам растацца.
Зьвякае, лязгае зброя —
Лязгам па сталі, па броні.
Лушчыць галовы, бы зёрны;
Хвалі чырвоняць вазёры.
Ў гневе народныя зборні, —
Рвуцца спрадвечнасьці корні.
Іх разгрызаюць зубамі;
Прышлыя дні іх ня збавяць.
Прышлыя дні неўзабаве, —
Цемру крывёю разбавяць.
Казку суровую збаюць, —
Ліцьме кроў з белага збана.
Многа заўсёды на згоне
Бруду бывае і гною.
Будуць імчацца ў пагоню
З кодэксам новых законаў.
Цяжка паверыць сягоньня, —
Раны-ж ачысьцяць, загояць.
Слаўлю я гэнымі днямі
Повеі косаў ільняных.
Палкасьць—ажогі агнямі
Я не дазволю спаганіць.
Выйду к табе на спатканьне, —
Узлокчуся моўчкі на камень.
Буду чакаць твайго выйсьця, —
У сіні супуцяцца лісьця.
Смутак ня будзе імгліцца
У лесе з хваёвых ігліцаў.
Зоры па іншаму бліснуць, —
Шчодра рассыплюць іскрыстасьць.
Ты не мадонна, Марыя,
Граю табе я на ліры.
Самыя кволыя словы
У тонах музычнай асновы.
Ўслухайся, ўслухайся толькі,
Шчырасьці сэрца ў іх колькі!
Вечарам гэтакім сінім
Першая ты між усімі.
Рукі к табе прасьціраю, —
Хочу зямнога я раю.
Тут прыгажосьць і пякнота,
Узьлёты людзкія ў ясноты.
Тут найвялікшая творчасьць
З хлебам пракіслым і чорствым.
Ўсё падарыць ты у моцы;
Гэткія бровы! а вочы!..
Зналі поэты прыгожых, —
Славіў па своему кожны.
Кожны ў сьвятым захапленьні
Слаў свае песьні-маленьні.
Сёньня такім я шчасьліўцам, —
Маю каму памаліцца.
Песьня мая не загіне, —
Слаўлю Багіню Багіняў.
Толькі зямную, зямную…
Сьцюжы у полі зімуюць.
Ў сэрцы ня сіверыць вецер, —
Зоры і сонца ў ім сьвецяць.
У іхных яснотах праменных
Слоў залатыя імгненьні.
Вецер павеяў паўночны
У вочы, блакітныя вочы.
Скроні нітуюцца шчыльна, —
Вецер над сьцежкаю пыльнай.
Вецер такі неахайны, —
Хоча разьвеяць каханьне.
Радасьць апошнюю вырваць,
Кінуць на беразе жвірным.
Ходзяць дзе чорныя птахі,
Быццам пустэльні манахі.
Вецер паўночны, суціхні!
Годзе ўжо гойсаць на зьвіхах.
Дзень учарайшы успомніў,
Хіба таму й непакойны?
Хіба сьпяваеш па ім ты
Гэтак працягла, інтымна?
Заўтрашні дзень прыгажэйшы, —
Лепш прывітай яго першым
Ўрэжся прарэзьлівым сьвістам
Лепш у туманную мглістасьць.
Вецер—гайсун мой заўзяты,
Ў слове і песьні узьнятасьць!
Будзь-жа крыху ласкавейшым, —
Дай ёй прайсьціся па сьцежках.
Глянуць у чыстыя далі, —
З ёю краса маладая.
Так-жа — і дні маладыя —
З творчым запалам, уздымам.
Сонца, ўсьміхніся ігрыва,
Сонца, ўсьміхніся Марыі!
Родны народ у выгнаньні,
Што яму песьні каханьня.
Ў рваным, дзіравым адзеньні
Зглее, трасецца штодзенна.
Сьлёзы, жалоба, хаўтуры, —
Стаў ён панурым і хмурым.
Толькі адны прычытаньні
Чутны на змроку й сьвітаньні.
Чорныя, чорныя ночы…
Колькі ў душы чэрваточын!
Як яна можа сьмяяцца?
Гнойныя раны у лямцах.
Іх аніхто не загоіць, —
Боль у магілу загоніць.
Дзікая жудасьць, адчайнасьць;
Горач пячэ надзвычайна.
У гэтакім часе жахлівым
Песьні складаю Марыі.
Я ня умею іначай
Дзён гаратлівых адзначыць.
Можа мой грэх і сьмяртэльны?
Можа я вырадак, шэльма?
Што-ж, няхай сына прабачаць,
Сын ня умее іначай.
Сьцежкай ня йшоў-бы якою
Песень ніяк не ўспакою.
Песьні ў гармоніі дзіўнай
Змрочнай вячорнай гадзінай.
Музыкай вобразаў стройных
Рвуць, разрываюць настроі.
Шэрань спадае, радзее;
У сэрцы квітнеюць надзеі.
З імі ня знаеш трывогі,
Узносішся духам убогім.
Ў целе бадзёрасьць ня гасьне,
Ў зроку імклівасьць і яснасьць.
Вобразы ў сьмелых абрысах
Гордыя голавы высяць.
З імі лягчэй і мучэньне, —
Радасьць ня так яно чэрніць.
Плашч свой ускіну, адзену,
Покуль ня зьвялі надзеі.
Зоры цярусяць мякіну,
Выйду й вачыма акіну.
Квола настаўлю прыгоршні
У сіні засмучаны водшыб.
Буду зьбіраць гэту россып,
Быццам гаючыя росы.
Хай сабе буду дзівачным, —
Дзе-ж мне такому дзявацца?
Зоры ў сузор‘ях начуюць, —
Голас з зямлі не пачуюць.
Радасьці смутак ня муціць;
Зоры ня маюць пачуцьцяў.
Імі-ж ахоплен я сёньня,
Быццам вясновы дзень сонцам.
Песьню яны выклікаюць
У рытме музычным, цікавым.
Ў слове хілюся на персі, —
Вобраз Марыі у песьні.
Чулая й скромная духам;
Цела — гармонія рухаў.
Гэтакай лёгкасьці грацый
Дзевы ніколі ня знацьме.
Дзевы—мадонны музэяў,
Голавы ніжай наземце!
Вы пры жыцьці бессаромным
Лёгка растрачвалі скромнасьць.
Кожнаму ў палкай пасьцелі
Вы аддаваліся целам.
Кожны хацеў стаць шчасьліўцам, —
З персямі й вуснамі зьліцца.
Сталі таму і бясьсьмертны, —
Славяць вас людзі і ветры.
Дзевы, чало нахіліце!
Дзевы, пападайце ніцма!
Будзе праходзіць між вамі
Дзева у косах ільняных.
Нізкім паклонам вітайце, —
Дні яе толькі сьвітаюць.
Прыдуць красы яе творцы
З воляй няўломнай і моцнай.
Ўжо ім ня скажуць: — Ня слаўце,
Ў нашай ня будзеце ласцы. —
Гэтакіх слоў не пачуюць;
Ведаць ня будуць ушчунку.
Дні будуць сонцам лістацца,
Дні будуць сьветлым юнацтвам.
Радасьць — Марыя і шчасьце,
Песьні з табой не растацца!
Заўтра канчаецца месяц, —
Тэрмін пабыўкі і песень.
Сэрца зноў горач ахопіць, —
Духу стрымацца ня хопіць.
Ў далях скрыжуюцца тропы, —
Імі прайду я ў акопы.
Хрусьне пад крокамі крэмень;
У плечы урэжацца рэмень,
Зьвіснуць патроны на грудзі, —
Смутак іржою забрудзяць.
Пояс абвесяць гранаты;
Будзе таварышам ратнік.
Ўночы пад сьвісты і шумы
Пойдзем ў атаку страшную.
Новы, мой любы таварыш,
Што мне тады ты параіш?
Пэўна, ня зможаш даць рады, —
Будуць ірвацца знарады.
Тысячы вострых багнэтаў
Будзе мігцецца ў агне тым.
Нас разарвуць яны люта, —
Кроў успаветраць салюты.
Годзе, даволі прароцтваў…
Сумам авеецца ростань.
Нізка я, нізка схілюся,
Горкай сьлязою зальлюся.
Ўзойдзе змардованы месяц;
Прыдзеш мяне ты уцешыць,
Вусны прыложыш да раны;
Горача ў вочы я гляну.
Будзе апошняя стрэча
Ў заўтрашні, заўтрашні вечар.
Такога вось чулага сына
Ўзрасьціла Матуля ў нядолі, —
Хоць вораг яе і асіліў,
Хоць плечы прыгнуліся долу.
З гаротнай сваёю сястрою
Ніколі ня быў у солёнах…
Нязвыклая чуласьць настрояў,
І нейкая шчырасьць у словах.
Дзіцяці малому равесьнік,
З душой неасмоктанай вусьнем;
Заўсёды ласкавую песьню
Дарылі свавольныя вусны.
З яе гаварлівай усьмешкай
Ішоў да людзей, у жыцьцё.
Віліся вужакамі сьцежкі
На хібе разьюшаных дзён.
Ён імі дайшоў да адчаю,
Ў адчаі пашоў і пад зброю.
Пачаў ён і днямі й начамі
Балюча насупліваць бровы.
Ў душы расьцілалася восень,
Ажоўклыя рвала паданьні —
B толькі ўсяго засталося
Уцехай сьвятое каханьне.
Яго ён у песьні уславіў
Тады, калі людзі зьміралі,
Калі на жалобнае лаве
Нізалі з сьлёз сьмерці каралі.
Уславіў, і ў дзікую бойню
У заўтрашні вечар пагналі.
Аб гэтым я сёньня ўспомніў,
Калі углядаўся ў далі.
Якраз падрыхтоўка да штурму
Вялася ў ягонае часьці,
Быў ён нявясёлым і хмурным, —
Такое ўжо выпала шчасьце.
Жыцьцё на крывавых руцінах,
— А радасьць у віхры зялёным;
Ён ліст напісаў на радзіму
Да блізкіх і добрых знаёмых.
Прыводжу ліст гэты ў поэме
У росчырку простым і звыклым,
Прыводжу яго тут бяз зьмены, —
Сябры, прачытайце унікла.
Мой любы сябра Руцэрн,
І дарагі сабрат Антокаль!
Як тут знарады рвуцца,
І колькі раненых навокал.
А колькі бітых, мёртвых
Ляжыць у чорна-сінім змроку.
Жыцьця надзеі сьцёрты, —
Пільнуе сьмерць на кожным кроку.
Паўзе асьлюзлым гадам,
Працягвае свае мне рукі…
Якая кананада!
Які грымотны грукат!
Руйнуе ўшчэнт акопы,
Зямлю узносіць аж да зораў.
Пад кулямётны лёкат
Густой крыві цякуць разоры.
Які я ўвесь зьнябыты!
Гатоў ад смагі з іх напіцца.
Таварышы пабіты, —
Тырчаць з грудзей іх рэбраў сьпіцы.
Мабыць ў атаку кінуць
Пад гэтым полымем грымучым.
Усім тут нам загінуць,
Усіх бязьлітасна замучаць.
Апошні ліст няйначай
Да вас, сябры, пішу я з фронту.
Вас болей мне ня ўбачыць…
Засну пад дымнаю ратондай.
А як душой жадаю
Яшчэ хоць раз сустрэцца.
Ў вачох паўсталі зданьні
Кастлявай і агіднай сьмерці.
Я вочы засланяю, —
Яна-ж збліжаецца ўсё бліжай.
Я нават сам ня знаю,
Хто шчокі й вусны мае ліжа.
Чаго так б‘юцца жылы
І водзяць алаўком няроўна?
Мне тут усе чужыя,
Ніхто й па сьмерці ня прыгорне.
Сябры мае, даруйце!
Усё-ж яшчэ я не нябожчык.
Калі знарады рвуцца,
Я чую нейкі дзіўны пошчак.
Хачу часамі нават,
Каб рваліся вось гэтак песьні;
Каб іх адчай і лямант
Віхры над пушчамі разьнесьлі,
Ну што-ж, калі й загіну.
І косьці струшчацца на порах,
Затое-ж вы краіну
Аздобіце ў свае узоры.
Сяброўскі гэны вечар
І шчырасьць вашых слоў гарачых
Маю душу тут лечаць,
Калі заходзіцца ад плачу.
Ўжо ліст пісаць даволі…
Паклон аддайце мой Марыі, —
Ня здраджу ёй ніколі…
Да вас з пашанаю.
Іскрыніч.
Чытач мой і крытык дасьціплы,
Ці быў на узгор‘і ты стромкім?
Там ветры ня юдзяць асіпла,
Лістаючы песень старонкі.
Мне сорамна й неяк няёмка,
Што й сам я на ведаю добра,
Ці голас героя замоўкнуў,
Ці блудзіць з жабрачаю торбай?
Ня бачу Іскрыніча штосьці
У нашай сям‘і абяднелай;
Ці-ж ветры патрушчылі косьці
Калі яшчэ толькі віднела?
Няўжо яно гэтак збылося?
Ніяк не магу я зьмірыцца!
Няўжо так накпілі над лёсам
І сьлёзы зьмялі у крыніцы
Хто песьню сягоньня нам зложыць
І смутак разьвее Марыі?
Ці зможам жыцьцё упрыгожыць
Ці толькі сябе з ім памірым?
Баюся, што можа так стацца,
Хоць можа й ня кемяць другія.
Ці-ж старасьць у нашым юнацтве,
Што толькі й складаема „гімны“?
Хоць часам і хочаш другое,
А ўсё неяк рытмы калечыш,
Ці-ж „гімны“ нам раны загояць,
Што іх узвалілі на плечы?
Ну што-ж — хай сабе і ня зьдзівяць
Вось гэтыя ціхія словы;
Я хочу, каб толькі радзіме
Яны не спляліся ў заломы.
Бо толькі мая ў ёй уцеха —
Ня хочу я з гэтым хавацца;
Хоць знаю — аб гэтым бяз сьмеху
На‘т дзеці ня кажуць і матцы.
Прабачце, калі што ня гэтак,
Бо неяк ня ўмею пад струнку.
Ня быў-бы я й мусіць поэтам,
Прасіў каб ад бога ратунку.
Ня ходзіма сьцежкаю чорнай
І голаў пад ногі ня земім…
Абходзіў я сёньня і ўчора,
Абходзіў тэатры, музэі.
Хацеў адшукаць, падзівіцца
На тое, на што прысягалі
Антокаль і Руцэрн…
Калі чырванелі прагалы.
Ды толькі нідзе анічога
З тых слоў не пачуў і ня ўбачыў;
Здалёку пачуў адно скогат —
Ня знаю — людзкі ці сабачы…
Эх вы, мастакі і музыкі,
Дзе вашыя слаўныя творы?
Няўжо іх падралі на лыкі,
Калі разгараліся зоры?
Няўжо так загінула дзіка
Ўсё тое, што вы падарылі?
Мае мастакі і музыкі,
Ўшануйце, услаўце Марыю!
Калючай няма агарожы,
Загоены ржавыя раны.
На вашым шляху, падарожы
Такое вясёлае раньне.
Ня выбіты сілы дазваньня
І сэрца, душа не астылі.
Мне хочацца разам быць з вамі.
Тварыць у народжаным стылі.
Якія нязвыклыя тоны
У фарбах і словах агняцца,
Ня ведацьмем з імі утомы,
Мае спадарожныя брацьці!
1927—28 г.
|