Разусюды вітрыны й вітрыны,
Залітыя бляскам электра-дажджу;
З развалосана-русай чупрынай
Я часта па вуліцах гэтых хаджу:
Кроў пульсуе у мускуле жыльным,
Бы прагне хто сэрца маё расстраляць.
Упіваюцца п‘яўкамі ў шыльды
Рэклямы романаў, поэзій, стар‘я.
Я пад іхнім сузмрокам прайдуся,
Бы той невядомы зямлі пілігрым.
Хоць душа мая смутак цярусіць,
Ўсё-ж слова ў грудзёх паланее, гарыць,
Не хачу я сягоньня быць сьмірным,
Каб вецер у песьні рукамі разьвёў.
Беларускія кніжныя фірмы
Распродуюць лепшых поэтаў рызьзё.
Дзе тэатры, кіно, галерэі?
Прасьцерці хачу ім свае далані.
Аніяк я сябе не сагрэю,
Хоць і ў новыя стылі расьпісваю дні.
Ў каляровасьці іхняй нязвыклай,
Юнацкай душы прачытаюць пратэст.
Дарагія мае вы музыкі,
Заносьце акорды ў сузорны рэестр!
Хай у вашых славутых сонатах
Плянэты нястрыманы рытміцца бег;
Хай сальлецца сымфоній узьнятасьць
Ў стыхіі сьвятой, непакорнай сяўбе,
Не заводзьце больш шэйнакатрыны,
Я раніцай вашай, сваёй даражу…
Разусюды вітрыны й вітрыны,
Залітыя бляскам электра-дажджу.
|