Прастор, агарунены шумам бяроз,
Напевы рассыпаў у хвалях крынічных.
Мэлёдыі іх разьліваюцца скрозь,
Мэлёдыі іх у маршчынах аблічча.
Лазьняк на балотах увесь не пасох, —
‘Шчэ доўга з ім будуць хістацца чароты.
Краіна мая шумазвонных лясоў,
Твае на курганах губляюцца тропы.
Праходзілі імі вячэрняй парой
Ў навале сузмроку навалы чужынцаў,
З іх кожны ў пакорнае вока пароў,
Крывавай сьлязою хацеў пажывіцца.
На ростані ўсходня-заходніх дарог
Цябе, дарагая, яны ўкрыжавалі;
Твой сын весялосьці таму й не зьбярог,
Згубіў ён яе у шалёных навалах.
А ветры разьнесьлі з імглой навальніц,
Таму вось, часамі, й заходзяцца струны,
Таму вось, часамі, душа і смыліць,
Бы хто налівае пякельны яд-трунак.
Прастор, агарунены шумам бяроз,
Напевы рассыпаў у хвалях крынічных.
Мэлёдыі іх разьліваюцца скрозь,
Мэлёдыі іх у маршчынах аблічча.
|