Прабіта сінь цьвікамі,
Паранен дзень суботні.
Сябры, я вас чакаю
У гэты час самотны.
Сагнуўся лёс акрайцам;
Заслона паміж намі…
Пара, пара зьбірацца,
Мой дзень не за гарамі.
Хачу зірнуць у вочы, —
А іх няма, ня бачу.
Прайшоў і кожны збочыў,
Азябіў пульс гарачы.
Адзін іду ў дарогу,
Няма на‘т і сабакі;
За мною толькі рогат
І хмар асеньні накіп.
Прастор шуміць паводкай
І хвалі белым стосам.
Іду хадою лёгкай,
Настрой душу латошыць.
Няма з кім разьвітацца,
Наўкол усе чужыя.
Ў сялянскай курнай хатцы
Калісьці ціха жыў я.
Гады майго калісьці,
Што вам сказаць мне сёньня?
Вы ўпалі жоўтым лістам
З сьлязой на падаконьне.
Часамі нейкі сполах
Над вамі мне схіляцца…
Павеяў вецер з поля
І вельмі-ж неяк падзівацку.
Лісты лятуць з дубровы
І круцяцца над доляй.
Бывайце ўсе здаровы,
Ліхім ня лайце словам.
Нікога з блізкіх і знаёмых, —
Сьцяны панурыя чатыры:
Успамінаюцца імёны
І доктар з бутляй нашатыру.
Яму здалося падазроным
Маё здароўе, няіначай, —
Расьпісваў я на смутку чорным
Грымасы дзён крывёй гарачай.
Няма й яго у гэтых сьценах, —
Усе за небасхілам зябкім.
Якое ў ветрах апусьценьне!
А ў мёрзлых паясьніцах схваткі.
Суставы цёплых дзён азглелі
І галаледзіцай зьліліся.
Ў палёх суботняе маленьне,
І сівераньне ў сініх высях.
Калені неяк вельмі ломіць, —
Хачу устаць і боль адштырыць.
Нікога з блізкіх і знаёмых, —
Сьцяны панурыя чатыры.
Ты зноў прышла на мой парог
І ў хату просішся пагрэцца;
Асыпала ўсяго да ног
Лістамі свае жоўтай сьмерці.
Ты сыплеш іх ка мне на стол, —
Мне трохі боязна і страшна;
Асыпала ўсе сьцены й столь
І клічаш дзень мой учарайшы.
Ня веру я сваім вачам,
Што ты маёй сягоньня госьцяй.
Я не магу ў душы маўчаць,
Мне плакаць хочацца чагосьці.
Застанься ты на ноч са мной,
Хачу з табою быць шчасьлівым;
Тваё асеньняе віно
Іскрыстым палыскуе сьліўнем.
Напіцца мне ты ўсё-ж дасі, —
Няхай нутро яно апаліць.
Развага выбілася з сіл,
Другою стала й мая памяць.
Ў садох асеньнія настроі,
Ў садох мае краіны любай.
За кожнай згорбленай вярстою
Лісты зьбіраюцца да шлюбу.
Хачу пабыць на іх вясельлі, —
У шуме й віхры папырсклівым.
Ў даліне скошаных аселіц
Асеньні дзень убёр раскінуў.
Яго ніхто не разглядае,
Узоры дзіўныя ўсе топчуць.
Мае засмучаныя далі,
Да вас прыду я гэтай ноччу.
Сям‘ю маю к сабе паклічце,
Яе хачу я вельмі бачыць,
Хачу зірнуць ёй у ваблічча —
Поэтам хоць і стаў сабачым.
Як сьмешна і балюча слову!
А я-ж такі й на самай рэчы.
Мяне сягоньня вецер зловіць
І раны выветрыць, залечыць.
На сьвет яшчэ раз нараджуся, —
Ня ведаю — вясной ці летам,
І ўсё-ж для роднай Беларусі
Хачу застацца я поэтам.
Нікому ліры не расстроіць,
Хоць сівер музыку й расхлюпаў.
Ў садох асеньнія настроі,
Ў садох мае краіны любай.
|