Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Гары, сьвяці

Грахі мае душы Гары, сьвяці
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
⁂ Сягоньня ноч пагодная

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАРЫ, СЬВЯЦІ…

Шумяць, шасьцяць,
Асеньні псальм пяюць…
Красу жыцьця
Я чарай поўнай п‘ю.

Зарніц агні
Зіхцяць крывёй калін;
Выводжу дні
З балотных каляін.

Ў палёх аўсы
Трасуць на дол расу.
Я сумны сын
Краіне дар нясу.

Рака цячэ,
Цалуюць хвалі шыр.
Гары ярчэй,
Агонь мае душы!

Гары, сьвяці,
Сагрэй цяплом братоў.
Іду ў пуці
Я з лірай залатой.

Адна яна
Ў самоце весялосьць.
Яна вясна,
Яна і маладосьць.

Вятры шасьцяць, —
З іх кожны вечна юн.
Красу жыцьця
Я чарай поўнай п‘ю.