Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Заплаканы вечар

На восень дзіўлюся Заплаканы вечар
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
⁂ Даліны адвеялі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАПЛАКАНЫ ВЕЧАР

Трасецца асеньні заплаканы вечар;
Цьвятлівыя далі азглелі, сьсінелі.
Стаяць замарозкі ў душы чалавечай, —
Ніяк не сагрэцца пад шэрай шынэляй.

Азяблае цела ў трагічным уздыме;
Зямлі нагату акрывае лістота.
Хто з крыжа краіну расьпятую здыме?
Ўзываю, малюся у грэшнай істоце.

Я грэшнік сягоньня, — о, грэшнік вялікі:
Глумлюся ў душы над дарамі сьвятымі,
Страчаю, мінаю іюдавы блікі,
Ня гнуся каленьмі ў бажніцы, сьвятыні.

Раскаяньнем сэрца ніяк не расчулю, —
Ад болю ня рвецца, — сьціскаецца ў камень.
Услаўлю народ свой я песьняю чулай,
Хоць целам павісну на вострым паркане.

Хоць зоры, часамі, і месяц бялявы
Іскрыстасьцю сыплюць на строфы-прыгоршні;
Услаўлю ўсё-ж тое, што вартае славы,
Прад ім і схілюся у дзень свой апошні.