Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Зашумелі лісты

Новыя лісты Зашумелі лісты
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
О, жоўталісьце мой асеньні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАШУМЕЛІ ЛІСТЫ

Верасьнёвыя смуглыя колеры
Ў задуменьні засмучаным вянуць;
Ў задуменьні бярозы пакорныя
Атрусаюць журбу на паляну.

А вятры над панурымі ўзгоркамі
Разьвяваюць лістоў пазалоту.
Ўжо рабіна з калінай прагорклаю
Абліліся крывёй каля плоту.

Расьпялёхаўся лёгкімі вёсламі
На вазёрнай суцемені месяц.
Зашумелі лісты над усплёсамі,
Залісталіся ласкава ў лесе.