Не пракляну сваіх радзінаў
Пад сіпласьць ядраў халастых;
Ізноў з чужыны на радзіму
Мне хочацца паслаць лісты.
Ня вымерлі усе жывыя, —
Ёсьць там радня мне па крыві.
Чаго ваўкі так з ветрам выюць?
Чыя пагібель на краі?
Якія ў хмарах завываньні!
Як-бы нябожчыкаў нясуць.
Сьпяваюць сіверы літаньні
Пра радасьць нашу і пра сум.
Ці-ж варта сьцюжай атуляцца?
Пад ёй сінее цела й кроў,
Ржавее дзень сыры на клямцы,
Вылазіць волас з чорных броў.
Ў людзкіх вачох асеньні сполах,
Мігрэні змучанай пары.
Я чую, як пад жоўты шолах
Ганяюць чорныя шары.
Шапоча чэрап чалавечы…
Більярдны стол… жалобны кон…
Ў сягонешні сьвяточны вечар
Прайду я ціха ля вакон.
Ня буду заглядаць у шыбы —
Баюся радасных грымас.
Я вылечу свае ушыбы,
А покуль — ўсім спакойны час.
Мой родны, як здароўе, сілы?
Якія радасьці ў сям‘і?
Ці старасьць ног не падкасіла,
Ці з рук ня выпусьціў сяўні?
Хто ў ночы блудзіць ля ваколіц,
Хто моліцца перад Хрыстом?
Мяне ўсё гэта непакоіць, —
Такі асеньні ўжо настрой.
Татуля мой, паклон ад сына,
Паклон суседзям і радні.
Хацеў-бы быць я селянінам
У нашы ўзьюджаныя дні,
Ды што-ж, калі жыцьцё судзіла
Інакшы лёс ад роду мне:
Я закідаю рук вудзілны
На шыю песеннай вясьне.
Тулюся целам няпрытомным
Да палкіх форм яе грудзей.
Яна трымае песень томы
І церні радасных надзей.
Таму й пакінуў я палетак,
З курамі сонную павець.
Ня ведаю — ці ўцямна гэта,
Ці ў моцы сына зразумець?
Татуля мой, ты няпісьменны,
Жывеш ‘шчэ першабытным днём:
Заўсёды вечарам асеньнім
Ідзеш у хлеў з сьвятым агнём.
Ўсё там авеяна таемным, —
Загадкай вечнай чорны цень.
Ідзеш бачком — хадою кемнай
І моўчкі тулішся да сьцен.
Я вобраз гэты сёньня бачу
І сам падобен да яго.
Мае удачы і няўдачы
Разьвейце, ветры, па лагох!
На йгрышчы гэтым я ня буду,
А ты, татуля, ўсё-ж схадзі!
Пайду я заўтра чорным грудам
У даль маўклівую адзін.
Сяброў сваіх я там ня стрэну,
Іх сьцежкі ўлукаткі пайшлі.
З свайго дастану сэрца стрэмку
І уваткну ў душу зямлі.
Няхай адчуе боль цярпеньняў,
Якія ў песьнях я нясу.
Зара мне зваліцца на цемя,
Рассыпле йскрыстую расу.
Падстаўлю ёй гадоў прыгоршчы
І чэрап памінальных дзён.
Над смуткам, гольле распасьцёршы,
Заплача прыдарожны клён.
Лісты дарогаю гусінай
У вырай будуць адлятаць.
Татуля мой, прыдзі да сына,
Не дачакаўшыся й ліста.
Ты да магілы знойдзеш сьцежку, —
Чытаць я вершы буду там;
Сваю апошнюю усьмешку
Табе з паклонам перадам.
Халат вякоў віхры ўзматнулі,
Ў гадох застукаў дзень крыві;
Мая цярплівая матуля,
Паклон сыноўскі мой прымі.
Якія-ж дні цябе сустрэлі
Каля расхрыстаных лагчын?
Пісалі мне, што пастарэла,
Што твар на пісягох маршчын?
Чало пакрыў бялявы смутак,
Вачэй блакіт паласкавеў.
Тваёй тугі вячэрні згустак
У чары льле асеньні зглей.
Зара над хатай пазяхае;
Ідзеш адна ты цераз двор…
Вярба схілілася сухая
Каля засмучаных вазёр.
Такія вобразы і зданьні
Перад вачмі маіх трывог.
Твае сялянскія паданьні
Ў душы сваёй я не зьбярог.
Калісьці, праўда, быў аратым,
А сёньня іншае пасяг:
З сваім малодшым братам
Нясу скрываўлены твой сьцяг.
Няхай сабе растрэпле сівер,
Няхай парве і кіне ў дол.
Мая матуля, ‘шчэ ня вымер
Ў душы сыноўскай сум і боль.
Хацеў-бы я, каб паміж днямі
Прабег пудлівай масьці лось…
Ня ведаю, ці ўспамінаеш
Мяне ты за вячэрай сьлёз?
Калі вялікі ўсходзіць месяц,
Гляджу заўсёды ў даль дарог:
Якія рыцары гразь месяць
І хто зьяжджаецца на торг.
Шуміць бярозавы гасьцінец,
Гальлё сланяючы ў бакі.
Мая матуля, срэбны іней
Губляе месяц ля ракі.
Лавіць яго ў зялёных марах
Дазволена глаўлітам мне.
Я вельмі рад — жыву ня марна, —
Вянок паложаць на труне.
Пісаць ня маю больш нічога,
Пяро скрабе далоні рук.
Мая пясьнярская дарога
Не давядзе мяне к дабру.
Усе, усе й мае навіны,
Ня маю ўцешыць болей чым.
Вітаньне шчырае ад сына…
Душы ніяк не залячыць.
Ня змогуць завесьціся ў словах мікробы,
Патручаны ўсе сулімою і воцтам.
Поэты Заходняй, Усходняй Эўропы,
Вам ліст пасылаю сэкрэтнаю поштай.
Вялікую страту дзяржавам учыніць:
Ня возьмуць з яго, ні цэнзурных, ні мытных.
Поэты, хто дзьверы з вас першым адчыніць?
Хто хоча пачуць беларускія рытмы?
Даўно вы поэзіі ўжо ня чыталі;
Абрыдла як вам і жыцьцё, і плянэта!
А ў нашай краіне пад гукі цымбалаў
Уцешныя песьні сьпяваюць поэты.
У пушчы шумлівай, дуброве зялёнай
Мы ловім і любім таемнае штосьці;
Там нашы эстрады, там нашы салёны,
К нам вецер увосень заходзіць у госьці.
Яго мы частуем рабінавым сокам, —
Каб ведалі толькі, якая ў нас восень!
Ліст кожны ўзьвіваецца ў неба высока
І віхры між зорамі белымі носяць.
У нашых прасторах шмат казачных шумаў…
Ці быў хто калі з вас у нашым Палесьсі?
Ці бачыў, як сінія хвалі сумуюць?
А людзі сьпяваюць спрадвечныя песьні.
У гэтым сягоньня і наша уцеха,
Ад гэтых вось песень мы й вучымся ладу.
Поэты у нас не разьбіты на цэхі,
Ніхто не складае дакучных балядаў.
Ў нас новыя творацца песьні і жанры, —
Ня любім мы толькі кляймо на іх ставіць.
Паслухайце раніцай, вечарам раньнім,
Як ветры старонкі кніг нашых лістаюць.
Мы блізкія сёньня людзям і прыродзе, —
Ў нас пульсы крывёю зьвярынаю б'юцца.
Ці чулі што-небудзь аб нашым народзе?
Ці чулі што-небудзь аб вечным бяспуцьці?
Ліст гэты пішу я да вас з Беларусі,
Дзе зоры вачэй аніколі ня плюшчаць…
Вітаньне з паклонам зрываецца з вуснаў, —
Бывайце, бывайце!.. Вітае вас.
Пушча.
|