Які калючы сум сухіх ігліц,
Як чэзнуць дні і ночы марна!
Сівы туман над далямі імгліць,
Ў людзкой душы няўтульна, хмарна.
Ня думаў я, што гэтак можа быць,
Што радасьць засумуе напрадвесьні.
Ад болю ўпаў сын чалавечы ніц
На сьцежцы торнай ля пахілых весьніц!
Праходзяць людзі — ды чужыя ўсё, —
Ня хочуць словам ласкавым азвацца.
Адчай разносяць ветры па лясох, —
Які надрыўны пошчак у няшчасьці!
Такі я чую толькі ў першы раз;
Яго сабраць хачу у рытмы песень.
Мае браты, малюся я за вас,
Хто хоча — веруй, а хто хоча — сьмейся!
Ды толькі так, было каб гэта ад душы, —
Даволі ўжо бажыцца на ўзьвей вецер;
‘Шчэ сухавей настрояў ня ссушыў
І сівер не разьвеяў па плянэце.
|