Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Палац

Як люба тут Палац
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
Малюся я за вас
Іншыя публікацыі гэтага твора: Палац (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЛАЦ

Пад зорамі палац — як той антычны жрэц;
Яго пад рукі сьцен падтрымлююць калёны.
Прышоў сюды вось я душу сваю сагрэць
І ўспомніць дні юнацтва вечарам зялёным.

Вятры з вакон павыбівалі шыбы ўшчэнт
І гойсаюць з шалёным сьвістам па пустэльні.
Ці вырву радасьць тут я з залатых кляшчэй,
Ці сэрца зноў скалечу аб калючы ельнік?

Ўскудлачаны саломы космы на страсе;
Скасіліся на бок фронтоны, сад запушчан,
І толькі яблыня адна гальлём трасе,
А шум яе такі таемны, быццам пушча.

Ступаю стомлены з братамі на парог,
І раптам сталася мне радасна да болю:
Ў сівы палац браты сышліся ўчатырох,
І кожны з іх хварэе за краіны долю.