Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Спаткаў яго я на вакзале

⁂ Сягоньня ноч пагодная ⁂ Спаткаў яго я на вакзале
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
Ня стлеў, ня згас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Спаткаў яго я на вокзале,
З ім быў яго сьвяцейшы сан.
Адзін другому штось сказалі,
А што — ня помню добра й сам.

Пайшоў ён ў залю першай клясы,
Мяне-ж не прапусьціў патруль.
Там нехта некаму ўсё кляўся,
Зубамі скусваў з вуснаў муль.

Было казённа ўрачыста,
Крычалі некаму ура.
Віна хмялёвая іскрыстасьць
Лілася ў чары цераз край.

Ўсяго я вокам гэта й скеміў,
Прысеўшы на дарожны кош.
Ня бачыў, як наш ціхі гені
Дапіў хвалебнай песьні коўш.

Пайшоў я да дзяжурнай касы
Пляцкарту да білета ўзяць.
Чарга… драўляныя балясы…
Агні зайздросьліва мігцяць.

Сыгнал… адкрыты сэмофоры…
Імчацца вочы ў чорны дзень.
Падходзіць да пэрону скоры
Аддаць і падабраць людзей.

Я ўжо ў купэ свайго вагону;
Прабіла галасьлівых два званкі…
Мігаюць у ваччу прагоны…
Ў крутую мчыць каля ракі.

Бывай, бывай, мая краіна!
Твой сын самім сабой нярад.
Учора я сям‘ю пакінуў
І твой асеньня-сумны сад.