„Вёску“ — ў вёску Дзіця
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Романс вясновы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗІЦЯ

I

Родная дзетка расьце на вачох;
Новае нешта сягоньня гавора,
Скардзіцца неяк пра ўласнае гора…
Столькі выразу у сініх вачох,
Клопату столькі на гэных плячох:
Людзі вялікія — чыстае гора!

Хочацца есьці — чакаюць чагось!
Чуюць-жа, чуюць выразнае: „гі-гі“
Бачаць-жа, бачаць маленькія фігі, —
Пальчыкі ясна іх склалі наўскос…
Маці згарнула, кладзе наускос,
Раптам цалуе маленькія фігі…

„— Аа — ае, Росьцінька.
Ляжы, лялька, просьценька…
Люлі, люлі! Жыў каток,
Меў вусаценькі раток.
За вусамі зубачкі,
Вушкі — нібы трубачкі,
Сьвеціць вочкамі ўначы, —
Сьпі, Расточак, памаўчы!
— Гі-гі-гу-а-гіа-нне!
— Хто „не“, коцік? — Гіа-мме!

Плача малое, натужна крычыць,
Хоча парваць павівальныя путы:
Ножачкі, ручачкі складзены, скуты.
Вочкамі пільна за маткай сачыць,
Так і здаецца, — пад грудзі ўзьляціць,
Але-ж на крыльлях пялюшкі і путы!

— „Хэа-хэа-ва-ва-льлі“ —
Нейкая дзіўная, дзіўная мова,
Першыя птушачкі вольнага слова,
Гутарка, продкі якую вялі
Можа дзе-небудзь на гэнай ральлі, —
Спадчына першага дзікага слова…

Дагістарычны паўзьверавы рык
Чуецца часам скрозь гэныя гукі,
Першае злучнасьці смутныя мукі,
Першае любасьці радасны крык
Малпаў, нам кроўных, цікавы язык,
Пра-пра-арыйскія мяккія гукі…

— „Аа-мма-а-нна-а-льле“ —
З маткаю ў спрэчку малое ўступае,
Звольненай ручкай паветра хапае,
Раптам усьмешку — чырвонец дае,
Плечкі ўздымае, вось-вось устае,
Просіць і грозіць, увагі чакае…

„Люлі, люлі. Жыў каток,
Хадзіў, шэры, у садок,
У садочку птушачкі,
Мышачкі-зьвярушачкі
Коціка спужаліся,
Раптам пахаваліся.
Верабейка скок на плот,
— „Гігі… гу!“
А сарока крыльлі ўлёт.
Мышка за цагліначку, —
— „Аа-хэ, — гга!“
Толькі бачыў сьпіначку.

Сеў на павекі, на жылачкі сон.
Вусны частуюць апошняй усьмешкаю,
Сьвеціць галоўка, як золатам, плешкаю,
Твараў вялікіх над ёй парасон:
Ёй ў абарону, як волат-Самсон
Бацька і маці схілілісь з усьмешкаю…

II

Ночка сівая пад небам вісіць.
Сьціснула подыхам антыцыклёну.
Шэрань на дрэвах, як пасмачкі лёну.
Поўнач мінулася. Дзіцятка сьпіць.
Нешта пад чэрапам мякенькім сьніць —
І усьміхаецца антыцыклёну.

Сьпіць і ня ведае шэптаў благіх:
„Кажуць, яе і дагэтуль ня ксьцілі…
„Кажуць, ні поп і ні ксёндз не крапілі…
„Але-ж бацькоў ахрысьцілі саміх!
„Нейкая новая вера у іх, —
„Кажуць, пановаму неяк аксьцілі…

„Кажуць, чырвоны з дзяцёнкам стаяў,
„Папрыбіралі куты у портрэты,
„Пілі ўсе разам квасень перагрэты…
„Смолкай курылі, а большы пяяў
„Адылі раптам дзяцёнка узяў
„Ды абыйшоў усе чыста портрэты“.

III

Поўнач мінаецца шэптаў благіх.
Месяц спыняе свой тварык над хаткаю.
Хто там на месяцы з чорнай лапаткаю?
Гэта-ж паўзьберажжы мораў сухіх,
Гэта-ж і горы і схілы на іх, —
Кроўныя з нашай зямелькаю-маткаю…
Сінія вочкі на месяц глядзяць,
Месяц маленькі гуляе у зрэнках,
Месяц у беленькіх хмарачках-пенках.
Цягнецца ручка, каб месяц забраць:
Добра, каб з небам у хатцы гуляць!
Спрытнасьці хопіць па чорненькіх зрэнках.

IV

Так. Праз зімовую сінюю здань
Ясна прырода малога жагнае,
Ў яснай, адвечнай купелі купае.
Як-бы говора: прачніся, устань,
Ў ясныя, зорныя вочы заглянь, —
Маці-прырода твой шлях асьвятляе!

Вырасьцеш, выбераш веру сабе:
Веру у вечную волю прыроды.
Вольнай навукі пазнаеш выгоды,
Будзеш удзельнікам ў гэтай сяўбе, —
З цемраю пройдзеш свой шлях ў барацьбе,
Моцнае дзіцятка моцнай прыроды!

Сонца хай патэрам будзе для нас!
Росныя травы — хай будуць крапілам!
Хвойныя пахі — нязьменным кадзілам!
Сьвечкамі — Зоркі; між іх: Валапас,
Рэя, і Рыбы, і Ружа, Пэгас…
Прага да ведаў — і звонам і білам!
Псальмамі — гімны чаканьня вясны,
Майскае сьвята і провады лета,
Сьпевы каханьня, чым сэрца угрэта.
Жоўтаму полю паклон паясны
Хай ахвяруюць дачушкі, сыны, —
Іншых ахвяр хай ня знае плянэта!
Бібліяй будзе прыроды закон,
Будуць прарокамі людзі навукі:
Іх падтрымаюць мазольныя рукі.
Будуць „дзядамі“ лічыцца Ньютон,
Лейбніц, і Дарвін, і Маркс, і Бэкон, —
Іх сьвяткаваць будуць з часам унукі!

V

Раніца. Дзетка бяздумная сьпіць.
Месяц схаваўся, і гасяцца зоркі.
Хто-ж гэта твар паказаў з-за узгорку?
Хто гэта ледзь кругавід залаціць?
Воран схапіўся, на здобыч ляціць.
Ў небе вісіць адзінокая зорка…

— „Аа-мма-а-нна-а-лям“ —
Раптам прачнулася. Вось пазяхае.
Пэўнай увагі ад маці чакае —
— „Зараз малому я естачкі дам!“
Грудзі малому — і вера і храм:
Тут яно веры вякоў пагаджае,
Тут яно жыцьця закон выканае.
Гэтымі гукамі: „мма-а і лям“
Нас яно ўводзіць у лепшы той храм,
Людзкасьць куды уваход пачынае!

1923 г.

◆ ◆ ◆