Плынь (1927)/II/Тэтрамэтры

Ліпень Тэтрамэтры
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Кветачкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тэтрамэтры (Грамыка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТЭТРАМЭТРЫ

Сунічку апошнюю гэтага лета
Сарваў я сягоньня ды зьеў на мяжы.
Была яна сонцам цяпер перагрэта…
Раўнаньняў тут колькі і дум для поэты
На восенскім гэтым сухім рубяжы!

Салодка у роце. На сэрцы-ж гаркотна,
Хоць жоўтага лісьця навокал няма.
Ды вецер ад лесу навевам сьмяротным
Даводзіць, што сум мой ня так і дарма.

Сунічка і сэрца маё перагрэты…
Бывай-жа здарова ты, сінь цяплыні!
Сунічка праглынута сёньня поэтай,
Навокал дажатае жыта — зірні!

Калодзішчы, 26-VII-25 г.

◆ ◆ ◆