Сямімільнымі крокамі Мільён
Паэма
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Вецярок ды сьняжок

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МІЛЬЁН

I

Чырвоная ночка.
Бялюткі сьнег.
Ні хаты, ні хлявочка,
Ні жартаў, ні пацех…
Эх, прытулі сыночка.
Эх — грэх, эх — грэх!


∗     ∗

Дык-жа на ўсім сьвеце
Вецер, братка, вецер,
Завіруха круціць.
— Хлопцы, спрытны будзьце!
Зьбіў саўсім падноску, —
Каб на вёску, ў вёску!

II

Вёска, ці маёнтак…
— А-ну, адчыняй,
Пакідай ложка!
А з хаты хрыпіць „контак“:
— Пачакай, пачакай трошку…


∗     ∗

— Матка боска,
Колькі іх, колькі! —
Шэпча старая,
Дзьверы адчыняе.
У адказ армеец чырвоны:
— Кінь старыя паклоны,
Кінь матку боску,
Сядай цётка, закурым папіроску,
Дык пройдуць і ойкі і болькі, —
Ці-ж мы паны?
— А то не! Я думала: яны.
Ну, дзякуй богу, дзякуй…
— Добра! Ня ўжываеш табакі?
— Не, родненькія, не:
Старэнькая ўжо, сівенькая…
Пайду паклічу дзеда і сына
(„Ва імя ойца і сына“),
Схаваліся, думалі: паны-палякі,
Аж гэта свае палкі…
— Ну і цётка, —
Далі-бог, як тая малодка!
— Паклічу, прынясуць саломкі…
— Нясі, нясі, —
Спаць будзе ёмка…
Толькі да сябе не прасі:
Змарыліся.
Ха-ха-ха!


∗     ∗

Вясёла ім, молада…
Пагаварылі, пакурылі,
Улажыліся,
Шэрымі дзіркамі прыкрыліся:
Ці-ж ім пужацца холаду?

III

У хаце ночка,
За вакном сьнег.
Сьпяць у куточку,
Сьпяць без пацех…


∗     ∗

Цік-цік… цік-цік, —
Гадзіньнік за сьценкай
Б‘е свой час.
Зьнік-зьнік, яшчэ зьнік…
— Зьмілуйся, панбуг, абарані нас!
Бабуля моліцца за сьценкай,
Як заўсягды,
Як і тады,
Калі была паненкай.
А Езус, зьвісшы ў куту,
Глядзіць на сьпячых чараду,
Да модлаў ён здаўна прывык.
Дык вось сталёвы, мокры штых
Рабрыну панбугу падпёр:
З прасонку пхнуў ружжо Рыгор…


∗     ∗

Ўкруг ног Езуса пацеры
Дзядоўскія вісяць.
Сыны зямліцы-маці
Далей упокат сьпяць.
Бягуць ад іх „пагонныя“,
За імі ўсьлед чырвоныя.
Дык трэба-ж ім спрасоннае
Пусьціць слаўцо ўздагоннае,
Каб хоць слаўцом дагнаць:
„Бяжы, там Вісла — маць!“

IV

Сьпіць пад сьнегам раніца,
Сінь-лясок туманіцца…
— Што-ж я выйшла, ды куды?
Ці-ж пазбыцца мне нуды?
— Дзеўча, ўзімку вёсанька!
Хай чакае кросанька;
Ты Алеся, я — Рыгор.
Сьпяць армейцы, сьпіць і двор!
Глянь-зірні на зорачкі,
Вочкі пакажы,
Не сьпяшайся ў норачку,
Ціха, не бяжы!
Во, і спатыкнулася на аборачку…
— Пусьці!
— Адзін пацалунак, дзяўчына,
Апошні ад роднай краіны;
А там, у здагонку за панам
Мы пойдзем, і хто яго знае,
Што братку-Рыгора чакае…
Сказаў і глыбака так глянуў,
Нібы прадчуваў тую рану…


∗     ∗

Дзяўчыніна сэрца „тук“ блізка.
Схілілася вочкамі нізка…
— Ня хочу! Ня верыш ты ў бога!
Рыгор у адказ ёй: — Ў якога?
— Ну, бога, звычайнага бога…
— Іх многа, галубанька, многа…
— Які ты! У пана Езуса!
Усьмешка скацілася з вуса,
І вырас прад дзеўчай Чырвоны,
І рушыць пачаў забабоны.


∗     ∗

Пачаў ён, як Шатан праклённы,
Зьдзіраць прад вачыма заслоны.
Ды часам, каб сэрцу даць згоду,
Паказваў ёй на прыроду.
— Майсей, твой пан Езус, ды Буда
Далі нам слоў пекных аж груду,
Але тыя словы бясьсільны
Зьмяніць гэты холад магільны,
Пазбавіць хваробы і сьмерці, —
Ці верце вы ў іх, ці ня верце…
— Бяз бога няможна, няможна.
А сэрца дзяўчыны „тук“ блізка.
Стаіць перад ім асьцярожна.
Во, зорка скацілася нізка…
— Галубка, гаворыць так кожны,
Пакуль не пазбудзецца жаху
Прад сумнай, няпэўнаю доляй.
А як запануюць на полі,
Ў паветры, у лесе, на горах,
А як пабудуюцца гмахі —
Дварцы-палацы аб‘яднаньня
І моцы навукі і знаньня —
Па усіх па зямельных прасторох, —
Тады хіба часам прысьніцца
Той бог, што цяпер па капліцах
Вісіць на крыжы бледаліцы…
— Няможна! — Схапілась маланкай
І раптам — да ганку.
— Ня хочаш — ня трэба!
Мы звыклі бяз хлеба
Па сьнегу, пад сьнегам з вінтоўкай.
Ідзі, даглядай за кароўкай.
Хай толькі, як будзеш маліцца,
Табе гэта ночка прысьніцца!


∗     ∗

Зьнікла дзеўча, а Рыгор
Абыйшоў наўкол дазор,
Зноў у хаце, на мяжу
Лёг ля самага крыжу.


∗     ∗

Сьпіць бабуля, дзеўча моліцца,
Але нешта не здаволіцца;
Шэпчуць вусны модлы-верую,
Вочкі бачаць вочы шэрыя…
І словы ідуць мімаволі,
Якіх ня ўжывала ніколі:
— Пан Езус, чаму-ж ты ня з намі?
Чаму-ж ты дагэтуль з панамі,
А нас, мазалістых з зямліцы,
Пакінуў чамусь, бледаліцы?
Ня хочу маліцца, ня хочу!
Сьлязіна хай высахне ноччу!


∗     ∗

Чырвоная ночка,
Бялюткі сьнег.
Сьпяць у куточку
Модлы і грэх…

V

Уперад, уперад! Кідайце салому!
Уперад да бойкі-крыві!
Дамо сёньня жару тым птушкам-арлом мы, —
Іх сьцягі з арламі — лаві!
Уперад з песьнямі-прадвесьнямі!
Уперад з гіканьнем,
Пакуль ня выганім!


∗     ∗

Вось і бойка. Куля з шаблямі,
Штых з гарматай паспрачаліся.
Гэта біліся-стараліся
Белапан з чырвоным парабкам —
Зраньня біліся-стараліся,
Па сьнягох-лясох бадзяліся…


∗     ∗

З дрогі прэч,
Хлоп‘я цеч —
Я тут ваявода!
Стрэльбу жуць,
Разам — круць:
Шабляй скіну ў блота!


∗     ∗

Пачакай, пачакай,
Найясьнейшы пане!
Лепш скідай,
Тут скідай
Ты сваё убраньне!
Бо мы тут.
Наш „статут“ —
Нас амаль мільёны.
З вёсак мы,
З куляй мы, —
Будзе: „пахвалёны!“


∗     ∗

Схапіліся людзі
Ля крыжу;
Схапіліся людзі
Ля слупу дарожнага.
Чырвоную жыжу
На сьнег выліваюць
І лаюць, бяскроўныя, лаюць адзін аднаго,
Бязьлітасна варожныя…


∗     ∗

Рыгор наперадзе,
Пан перад ім, як у нераце.
— Хай жыве!
— Нех жые!
— Здавайся!
— Ня лайся!


∗     ∗

І шабля-маланка
Па шыі лізнула;
А штых, нібы сьвідар, заеўся.
Куды жвавы воблік падзеўся!
Чакайце, Алеся ды Ганка! —
Іх коўдра сьнягоў прыгарнула…


∗     ∗

Глядзі-ж, глядзі-ж:
Той самы крыж
Ляжыць ля іх у сьнег нічком,
Нібы скасіла пяруном.
Ці шабляй зьбіты,
Ці штык сярдзіты
Праткнуў яго?
Па полі рэха:
Ого-го!
Па полі громы-пяруны.
Бягуць і нашы, і паны…


∗     ∗

— Матка боска, колькі іх, колькі!
Шэпча старая,
За ёй маладая:
— Рыгорка, Рыгорка!
Шукалі-ж мы столькі!..
— Кінь, цётка, кінь, малодка!
Калі не памерці,
Дык дзень сьцерці! —
Сьмяецца Чырвоны,
Адкінуўшы ўсе забабоны.
І плача матуля старая,
Шукае свайго маладая…
А там, ля узгорку
Рыгорка ляжыць.
Ён сьпіць, і панок нейкі побач з ім сьпіць.
І сьніцца абодвум,
Што час настае,
Калі ўжо ня будзе мо‘ бойкі тае,
Калі мо‘ апошні праб‘е барабан,
Каб зьнішчыць апошні пануючы стан…
І з глебы, угноенай чырвань-крывёй,
Чароўныя кветкі ўзыйдуць над зямлёй.

10-V—23 г.

◆ ◆ ◆