Покуль, зорка, ўранці твой…
*** Покуль зорка ўранці твой… Верш Аўтар: Поль Вэрлен Пераклад: Максім Багдановіч Крыніца: Багдановіч М. Поўны збор твораў у 3 тамах. Т. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. Ст. 177 |
* * *
Покуль, зорка, ўранці твой
Бледны блеск яшчэ зіяе,
(Між травой
Перапёлак цьма спявае).
Абярніся, глянь ка мне
Ў вочы, поўныя кахання,
(К небу мкне
Стая жаваранкаў зрання).
Кінь пагляд, што ледзь відаць,
Бо нябёсы ззяюць сіне,
(Шум чуваць,
Гул вясёлы у даліне)!
І кахання думкі ў даль
Унясі на светле шпарка,
(Быццам сталь,
Траў раса блішчае ярка).
К мілай, што салодка сніць,
Іх прымчы цераз аконца…
(Трэ спяшыць,
Бо вось-вось заззяе сонца)!
<1911—1912>