Дняпроўскія ўсплёскі (1927)/Помста
← З рынку | Помста Апавяданьне Аўтар: Міхась Ланда 1927 год |
На кніжнай паліцы → |
Помста.
(Урывак з апавяданьня).
Гаўрыла не спаў. Чорныя злосныя думкі палілі яму галаву… Зьмяя падколодная грызла сэрца… Цэльны год… Цэльны год марыў ён стаць старшынёй каапэрацыйнага праўленьня, рыхтаваў глебу асьцярожна, абдумана, аглядаючысь…
І вось калі, прыйшоў рашучы момант — перавыбары — з соромам праваліўся…
Праваліўся… Праваліўся…
Якое жудаснае, паганае слова!..
А праваліў Сямён… Вось… вось і Гаўрыла быў-ба у заветнай мэты. З сорамам праваліў… Прад усім сходам сказаў, што ён, Гаўрыла Цьмянкоў, нясумленны чалавек і сын кулака.
Старшынёй абралі дэмабілізаванага чырвонаармейца Акуневіча, а Сямёна сябрам — камсамолец… Нутро гарэла цяплом помсты Сямёну. Вужакай мільганула думка — падпаліць…
— Падпаліць, падпаліць…
Гаўрыла паціхоньку падняўся з ложка, апрануўся і выйшаў з хаты.
На дварэ было цёмна… Пялёнкі цемры акуталі густой чарнатой усю вёску. Неба хмурнае было заткана кудзеляй сярдзітых хмарак, з-за якіх на хвілінку выглядваў бляды і сумны месік, хаваючысь зноў у іх чорную коўдру. Чувалась прыбліжэньне дажджу. На вуліцы не відна было ні воднай жывой душы, толькі на адным з канцоў вёскі, надрываючысь, выў сабака.
Гаўрыла поперак перайшоў вуліцу і апынуўся каля Сямёнавага двара, які быў яго суседам. Рукі мімаволі дрыжалі, калі Гаўрыла нашчупваў запалкі.
Выбег Сямёнаў сабака і сабіраўся заліцца брахнёй, але, узнаўшы Гаўрылу, завіляў хвастом і адыйшоў. Зайшоўшы з другога боку, Гаўрыла узьлез на прасла і дрыжучай рукой кінуў гарашчую запалку ў саломенны дах пуні.
І, не ведаючы зачым, хутка накіраваўся за вёску па напрамку к лесу.
Гаўрыла праз некалькі хвілін апынуўся за вёскай, сярод поля; азірнуушыся назад, ён убачыў невялікае зарава. Загарэлась пуня. За тым пачулісь крыкі. Між тым забарабаніў дождж, добры, пранімаючы да касьцей. Пры дапамозе дажджа пуню хутка затушылі і разышліся сяляне па хатах, мяркуючы: „хто гэта мог падпаліць?!“
Гаўрыла ішоў і ішоў. Дайшоўшы да лесу ён прытуліўся да высачэннай асіны. Галава гарэла страшнымі думкамі. А навакол глуха і сумна шапацеў лес, апавядаў полю пра нешта сумнае і страшнае. На небе невядома куды і зачым плылі сярдзітыя хмаркі: шлях, быў заткан чорным кужалям ночы.