Поэмы Янкі Купалы (Вазнясенскі)

Поэмы Янкі Купалы
Артыкул
Аўтар: Аляксандр Вазнясенскі
Крыніца: Узвышша, 1927, №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Праф. А. Н. Вазьнясенскі.

ПОЭМЫ ЯНКІ КУПАЛЫ.

Сюжэтная пабудова і стыль

I

Сярод рознастайнасьці кірункаў у сфэры мастацтва наогул і слоўнага ў паасобку акрэсьлена вылучаюцца дзьве магчымасьці. Яны яднаюць розныя імкненьні мастацкай думкі ў групы двух рознародных тыпаў, якія маюць не аднакія назвы.

У азначаньні Шылера, які зьяўляецца адным з раньніх проблематыкаў двух галоўных кірункаў у мастацтве, двух асноўных стыляў у ім, яны называюцца: піэзіяй наіўнаю і сэнтымэнтальнаю[1]. Прадстаўнікі романтычнага мастацтва гэтую проблему выразілі ў проціпалажэньні: клясыкі і романтыкі[2]. Ніцше азначыў яе ў процівастаўленьні двух пачаткаў: аполёністычнага і дзіаністычнага[3]. Нэоромантыкі формулявалі сутнасьць гэтага пытаньня ў такіх найменьнях: натуралізм і ідэалізм, рацыоналізм і містыка, грэцкая спадчына і готыка, адцягненасьць і пачуцьцёвасьць[4]. У нашыя дні зноў вярнуўся да тэй-жа тэмы вядомы Ос. Шпэнглер. Ён выразіў яе ў вялікім процівастаўленьні двух тыпаў людзей―аполёністычнага і фаўстычнага; першы жыве ў эпоху культуры―у моманты росквіту сьвету і магутнай творчасьці дасьпяваючай душы, а другі―у кругабезе цывілізацыі―у часе ўміраньня творчых энэргій чалавечага духу[5].

У мастацтвазнаўстве тая-ж проблема выступае пры ўстанаўленьні стыляў Рэнесанса і Бароко[6].

У аснове стылю першага парадку―стылю клясычнага―ляжыць тое, што можна азначыць словамі―плястычнасьць і маляўнічасьць. Гэтыя ўласьцівасьці характарызуюць усе зьявы поэтыкі―фонэтычныя, стылістычныя і композыцыйныя. Для поэты-клясыка мастацкі твор ёсьць зьявішча слоўнага мастацтва; яно будуецца як мастацка-прыгожы будынак, які падлягае ў сваім будаваньні вядомым законам. Асноўныя вымаганьні гэтых законаў зводзяцца да таго, каб мастацкі твор, які будуецца з матэрыяльных даных вонкавага сьвету, меў унутраную роўнавагу і лёгічнае завяршэньне. Дзеля гэтага клясычнаму стылю ўласьціва ўсьвядомленасьць і халодны разьлік у выбары стылістычных сродкаў поэтычнай творчасьці. Поэта-клясык выбірае дакладныя лёгічна паасобныя выразы, якія надаюць слоўным вобразам мастацкую "маляўнічасьць" і "цэльнасьць". Ён ужывае словы са ўсёю поўнасьцю іх лёгічнага і рэчавага зьместу. Злучэньне слоў у тыя ці іншыя стылістычныя катэгорыі таксама асноўваецца на імкненьні да пукатасьці і чоткасьці. Композыцыя зьместу будуецца, з аднаго боку, на аснове яснага, выразнага і фізычнага адчувальнага падзяленьня ўсяго твору на часткі, а з другога,—іх аб'яднаньня ў адно мастацкае цэлае пры дапамозе стройнай мастацкай тэлеолёгіі.

Романтычная творчасьць ідзе іншымі шляхамі, чым клясычнае мастацтва, і ўжывае мастацкія сродкі іншай уласьцівасьці і віду. Поэтаромантык цікавіцца перш усяго і больш усяго сваімі ўласнымі перажываньнямі. Вонкавы сьвет для яго адыходзіць на задні плян. Для выяўленьня сваёй душы, сваіх эмоцыянальных настрояў мастак романтычнага складу шукае і адпаведных выяўленчых сродкаў. Ён ня можа паддацца якому-небудзь вядомаму поэтычнаму кодэксу, як гэта робіць поэта-клясык. Матэрыял яго творчасьці вельмі тонкі, гібкі і рознастайны, каб яго можна было зьмесьціць у вядомыя рамкі. Уласьцівасьці яго мастацкага об'екту адпавядае і характар мастацкай формы, якая адзначаецца вялікаю рознастайнасьцю і глыбокаю эмоцыянальнасьцю. Дзеля гэтага для стылю романтычнага характэрнаю рысаю зьяўляецца эмоцыянальнасьць, настрой, г. зн. нявыразныя, што не паддаюцца пэўнаму азначэньню, лірычныя перажываньні ў душы ўспрыймаючага. Лёгічны сэнс слоў губіць сваю выразнасьць і падлягае эмоцыянальнаму зацямненьню. Словы толькі намякаюць на агульнае значэньне іх. Яны паўтараюцца групамі з аднакім лёгічным зьместам, афарбованым агульным эмоцыянальным настроем усяго выражэньня. З гэтай галоўнай уласьцівасьці романтычнага мастацтва вынікае і яго асноўны прынцып—паўторнасьць, якая распрасьцірае сваю дзейнасьць на асобныя словы, вершы і цэлыя компазыцыйныя формаваньні, (пытаньні, звароткі, клічы, паўтарэньні, паралелізмы). Паўторнасьць тых ці іншых мастацкіх актыўнасьцяй твору і робіць уражаньне эмоцыянальнай кондэнсацыі і лірычнага згушчэньня ўражаньняў.

Літаратура кожнага народу, як пэўны від мастацтва, знаходзіцца ў сфэры ўплыву гэтых двух стыляў, выражаючы ў асобных сваіх творах характэрныя рысы аднаго з іх, ці яднаючы іх у адзінае гармонічнае цэлае.

Беларуская літаратура, якая займае самастойнае месца сярод літаратур старога і новага сьвету, таксама ня выходзіць з меж узьдзеяньня гэтых двух стыляў. Назіраньні у сфэры літаратурнай сучаснасьці прыводзяць да таго выніку, што ў цяперашні кругабег свайго гістарычнага быцьця яна дае ў сваіх асобных творах сваеасаблівы сынтэз гэтых асноўных кірункаў.

У паасобку, поэмы Янкі Купалы, узятыя намі для вывучэньня, зьяўляюцца асабліва характэрным прыкладам такога злучэньня. Поэмы гэтыя наступныя: „Магіла льва", "Бандароўна“, „Курган", "За што?", "Забытая скрыпка“, „На куцьцю"[7].

II

У дачыненьні асновы, г. зн. з боку тэматычнага, першая з іх—"Магіла льва" — належыць да тыпу поэм "разбойніцкіх", другая — "Бандароўна"—сямейных. Наступныя дзьве—"Курган" і "За што?"—поэмы соцыяльнага характару, апошнія дзьве "Забытая скрыпка“ і „На куцьцю" маюць у сабе значную частку фантастычных мотываў, набліжаючыся, дзякуючы гэтаму, да твораў баляднага тыпу. Аднак, праз фантастыку зьместу выразна адчуваецца налёт і соцыяльных настрояў. Але і у першых дзьвëх, пры усёй спэцыфічнасьці зьместу іх, момант соцыяльны адыгрывае значную ролю; усё апавяданьне іх афарбоўваецца ў пэўныя соцыяльныя колеры.

Агульная тэма, якая праходзіць праз усе гэтыя творы, зводзіцца да процівастаўленьня двух канцавосна процілежных грамадзкіх груп. З аднаго боку, выступае пан, пан шляхціц, а з другога—мужык. Іх узаемаадносіны прымаюць у кожнай асобнай поэме рознастайныя формы і складаюць асноўны зьмест "соцыяльнасьці" ў іх. Прычым, у першых двух апошніх творах яна зьяўляецца другарадным элемэнтам, між тым, як у рэшце твораў складае аснову фабульнага пабудаваньня. Але ў тым і другім выпадку гэты момант тэматычных зьявішч адыгрывае ролю нярухомага пункту—пастаяннай часткі мотываў, да якіх прымацоўваецца шэраг іншых тэм, рухомых, цякучых, што маюць ужо інакшы зьмест. Гэтыя другія часьці мотыву разгортваюцца для таго, каб больш конкрэтна ілюстраваць першую палову іх. Знадворныя факты фабулы маюць значэньне пастолькі, пасколькі яны раскрываюць тэму соцыяльнага конфлікту.

Гэтая манера выяўленьня соцыяльнасьці праходзіць праз усе памянёныя поэмы. Прычым, у адных яна выступае ў аголеным выглядзе; яе экспозыцыя аказваецца простаю, матыў соцыяльны складае асноўную схэму твору. У другіх яна зьяўляецца прыкрытаю тымі ці іншымі сымболічнымі аксэсуарамі; патрабуецца адпаведная работа аналітычнага характару, каб выкрыць яе прысутнасьць; у гэткіх выпадках экспозыцыя яе ў поэмах характарызуецца, як укосная.

Меней рэзка і выразна тэма соцыяльнага парадку выражана ў першай поэме "Магіла льва". Мужык Машэка робіцца разбойнікам, бо багаты баярын адабраў у яго каханую Наталку. Але мотывіроўка гэтых двух палажэньняў грунтуецца на інтрызе любоўнага характару, а не соцыяльнага. Машэка зрабіўся разбойнікам праз жанчыну:

Была прычынаю дзяўчына,
Машэка згінуў праз яе...

Аднак, і момант соцыяльны знаходзіць сваё вядомае выражэньне. Машэка забівае баярына, але і сам гіне ад рукі Наталкі, якая здрадзіла яму і пакахала яго ворага. Сымпатыі аўтара на баку Машэкі. Аб гэтым гаворыць той высокі апотэоз, які ўтварае аўтар свайму гэрою. Яго магіла атрымала ў народзе назву "Магіла льва", над ёю вырасла места Магілеў.

Больш выпукна гэтая-ж тэма праяўляецца у поэме "Бандароўна". Пан Патоцкі дабіваецца ўзаемнасьці Бандароўны, дачкі казака Бандарэнкі, але атрымлівае рэзкі адпор. Абражаны, ён прыказвае сваім гайдуком прывесьці яе да яго. Ён забівае Бандароўну. Бацька гэроіні зьбірае войска і пачынае крывавую расправу з усімі панамі прыгнятацелямі казацтва. Момант соцыяльных адносін асабліва яскрава падкрэсьлены у досказе поэмы. У рэшце частак зьмест будуецца на апавяданьні сямейнага характару і соцыяльнасьць у ім значна затушавана. Яна падрыхтоўваецца на працягу ўсіх здарэньняў, каб рэзка выступіць у канцы твору.

У поэмах другой групы соцыяльная тэма праходзіць паступова праз увесь зьмест іх.

Першая з іх "Курган" уся цалкам будуецца на соцыяльным процівастаўленьні двух рознастайных груп: князь і тыя, што акружаюць яго — з аднаго боку, гусьляр і народ, які складае пра яго песьні і леганды―з другога. Значная частка твору запоўнена песьняю гусьляра, у якой ён выкрывае цёмныя бакі сваіх соцыяльных ворагаў.

Другая― "За што?" таксама мае пэўную соцыяльную аснову. Селяніна Юрку Дзягеля, які пражыў 40 гадоў на сваёй гаспадарцы, пан праганяе з наседжанага гнязда. Шуканьне па судох справядлівасьці і аднаўленьня патаптанага права ні да чога ня прыводзяць.

Апошнія дзьве поэмы, таксама, як і першыя, перадаюць тэмы соцыяльнай уласьцівасьці ў затушованым выглядзе. Яны атулены сытуацыямі фантастычнага характару.

У поэме "Забытая скрыпка" бядняк грае на скрыпцы песьню, у якой ён марыць аб тым соцыяльным шчасьці, якое ён хацеў-бы бачыць сярод людзей.

Поэма „На куцьцю" расказвае, як духі ганцоў, што прылятаюць спраўляць штогод традыцыйную куцьцю, у сваіх гутарках разгортваюць перад князем малюнак соцыяльных умоў, у якіх знаходзіцца цёмны народ, яны перадаюць аб нягодах яго, аб імкненьні выйсьці з гэтага прыгнечанага стану на шлях "сонца", "славы" і "песьні".

Навокал гэтых мотываў кружыцца шэраг іншых, ужо інакшага зьместу, якія служаць для конкрэтнай абрысоўкі гэтых стрыжнёвых палажэньняў. Усе мотывы другога раду падзяляюцца на дзьве групы: першая―мотывы абстановачныя, другая―пэрсонажныя.

Мотывы першага парадку―абстановачныя, што рысуюць знадворную пэрспэктыву, абставіны, сярод якіх працякае дзеяньне, у большасьці выпадкаў зводзяцца да абрысоўкі малюнку прыроды. Па сваіх разьмерах, яны не аднакай уласьцівасьці.

Часам яны разгортваюцца ў суцэльныя вялікія паломны, на фоне якіх пасьля пачынае выступаць тая ці іншая частка паказанага ў вобразе дзеяньня.

Гэтакім малюнкам прыроды зьяўляецца цэлы разьдзел (ІІ) з шасьцёх чатырохрадковых строф у поэме "Магіла львай". Яго фарбы хмурныя, зусім адпавядаючыя агульнай трагічнасьці асновы поэмы. Гэтая пахмурнасьць парою набывае адцягнены характар, малюнак рысуе нам нечапаны лес, абкружаны грознымі зьявамі прыроды (гром, бура), зусім невядомы людзям, па часу аддалены―"з перадвекаў".

Над быстрым Днепрам, дзе сягоньня
Стаяць Магілева муры,
Драмала пушча ў сотні гоняў,
Змагала громы і віхры.

На дрэва дрэва нагінала,
Адно к другому прыгняла,
Сукі з сукамі пасплятала
І з ветрам гутарку вяла.

Ваўкоў, дзікоў, ласёў, мядзьведзяў
Была там днёўка і начлег
У летні час і ў галаледзьдзе,
І ў зімавы глыбокі сьнег.

Людзей ня знаў лес гэты хмурны,
Зайздросна сьцежкі свае крыў,
Адно сваім дном Днепра бурны
З вясны да восені ў даль плыў.

А з пушчы вырваўшысь на поле
Шумеў і грозны слаў праклён,
Што не даваў яму лес волі—
Давіў гальлём з усіх старон.

У гэтай пушчы з перадвекаў—
Што так драмала ўдоўж і ўшыр,—
Сялібу меў сабе Машэка,
Разбойнік страшны на ўвесь мір.

Канец поэмы таксама завяршаецца малюнкам прыроды, якая абрысована зноў цёмнымі фарбамі, толькі іншага зьместу; на фоне няпрыглядных зьявішч поэта рысуе малюнак могілак, якія чарнеюць на Машэкавай гары:

Над ёю з часам дрэвы палі,
І горад вырас, як з зямлі,
Яго Магілевам назвалі,
Бо йнакш прыдумаць не маглі.

Там, дзе пушчар быў і балота—
Муры глядзяцца ў раку,
Зіяюць вежы пазалотай,
Жыцьцё кіпіць, як у гаршку.

Пры самым месьце, дзе хаваці
Людцы нябошчыкаў нясуць,
Гару з магілкамі відаці—
Яе Машэкавай завуць.

І ціха, ціха на гары тэй,
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То зьзябшы ўзімку, ў маразы.

Падчас вясной заблудзіць птушка,
Зазвоніць песенькай сваей,
Павесялее сьпяча душка,
Ды ўзноў засьне яшчэ мацней.

А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі,
А што?—нам грэшным не паняць!

Такі-ж шырокі малюнак адчыняе дзеяньне поэмы "Курган":

Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы рэкі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў карэнасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На Купальле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпоўку воўк нема вые;
Сонцэ днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатые.
Хмары неба ўсьцілалі мо’ тысячу раз,
Пяруны білі с края да края,—
Ён стаіць—гэта памяць людзкая—паказ…
Толькі гутарка ходзе такая.

У ёй таксама праяўляецца адцягненасьць у абрысоўцы асобных драбніц: курган—гэта сымболь.

...гэта памяць людзкая—паказ...

Малюнак насычаны, галоўным чынам, зьявішчамі рознай і хмурнай прыроды, якая ў суладзьдзі з агульным трагізмам твору: узьбярэжжа ракі шумнацечнай, вецер стогне, воўк нема вые, хмары неба, пяруны білі і інш.

Поэма "На куцьцю" таксама пачынаецца вялікім малюнкам:

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срыбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася с цішыной
І спавівае ўсё у чары,
Паўзуць і сеюць шорах свой
Старым парадкам цені-мары.
Вылазе с цемры бледны звод,
Глядзіць сьліўнём на долы, горы,
І тут і там пускае ў ход
Свае нямые загаворы.
І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царство ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

Адцягненасьць гэтага вобразу мае значна большы разьмер, чым у папярэдніх выпадках. Увесь малюнак носіць фантастычны, баечны характар: ноч у ўяўленьні поэты выступае як чараўніца, якая паказвае свае цуды, пускае у ход свае загаворы. Па характару свайго зьместу гэты малюнак абрысаваны цёмнымі фарбамі. Гэта вобраз ночы, на фоне якой

Духі мінуўшчыны куцьцю
На старасьвецкі лад спраўляюць...

У канцы поэмы заключны шырокі вобраз тае-ж ночы, што дасягнула свайго кульмінацыйнага пункту—поўначы:

Плыве шумліва, як рэка,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач ад’значае.
Залопаў крыльлямі пятух,—
І ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;
Замоўк разгул, агонь патух,
Старое згасла папялішчэ.
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамерыў…
А быў тут хто, або ня быў,—
І так і гэтак мала веры.
І так і гэтак свой прыгон
Распасьцірае царство ночы:
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

Агульны характар яе той-жа, што і ва ўступным малюнку; яна таксама адцягнена, баечна, фантастычна. Поўнач на небе паказвае "нявідзіма рука". Як у байцы, у гэты час яе

Залопаў крыльлямі пятух...
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамераў... і г. д.

Яе фарбы, як відаць, тыя-ж, што і раней; яна малюецца тымі-ж хмурнымі рысамі.

Побач з гэтымі суцэльнымі пэйзажнымі палотнамі ў поэмах выступаюць і малюнкі меншага разьмеру. Як і папярэднія, яны складаюць асобныя часткі таго агульнага фону, на якім працякае дзеяньне твору. У большасьці выпадкаў яны зьяўляюцца працягам таго агульнага абставіннага малюнку ўсяго твору, які разрываецца на асобныя часткі падзеямі, што ў ім разгортаюцца. Прыкладамі такога вось ужываньня гэтых мімалётных малюнкаў можна адзначыць наступнае: у поэме "Магіла льва" рысуецца адправа Машэкі з плытамі па Дняпру: у гэты час:

Зямля сябе у зелень скрыла,
Лес цёмны з ветрам гаманіў,
Зязюля век людзям лічыла,
А сонца цешылася з ніў.
Машэка плыў... і г. д.

У поэме "Бандароўна" рысуюцца ўцёкі Бандароўны ад прасьледваньня дружыньнікаў пана Патоцкага на фоне ветранай ночы:

Уцякала Бандароўна
Ў поле з цёплай хаты,
Абымала яе ночка.
А вецер крылаты
Расплятаў ёй косы буйны,
Песьціў белы грудзі;
Болей жалю меў над ёю,
Як якія людзі.

Такія-ж вобразы ёсьць у той-жа поэме: заключэньне V разьдз.; Бандароўну схвацілі:

Пацягнулі нешчасьліву
На вялікі мукі,
Ночка цёмная глядзела
Ды цямнейшай стала,
Адна зорка мігацела
І тая прапала.

Або ў пачатку гэтага-ж твору даецца мімалётны малюнак, які ўваходзіць у склад адмоўнага параўнаньня і таксама зьяўляецца ўступнаю часткаю агульнага фону:

Ня віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць,
Не разбойнікі таўпою
За дабычай ходзяць.
На Ўкраіне пан Патоцкі...

У поэме „За што?" пачатак ІІ разьдз., які абмалёўвае месца, дзе пасяліўся Юрка:

У вадным куточку
Беларусі нашай
Пры узгорку лесу,
Пры лагчынцы пашы,
Між кустоў, з-прад летаў
На пустым дзірвані
Пасяліўся Юрка... і інш.

У другіх выпадках такога роду малюнкі зводзяцца да мімалётных уваг, аб зьмене пары году, палягчаючы, дзякуючы гэтаму, композыцыйны пераход ад аднаго дзеяньня да другога. Прыклад гэтага мы маем у поэме "Магіла льва" (гл. XІІ):

Мінула восень, а за ею
Прышла з марозамі зіма.

У папярэднім укладаньні (гл. XІ) гаварылася аб тым, што Наталка здрадзіла Машэку і асялілася ў пана. Для пераходу да наступных здарэньняў, у якіх выступае Машэка, і ўстаўлена зазначанае двухрадкоўе.

Прыведзеныя мотывы прыроды, як можна бачыць з іх зьместу, у зьвязку з фабульнымі здарэньнямі, рысуюць тыя абставіны, якія маюць бліжэйшае і непасрэднае дачыненьне да пэўнай соцыяльнай групы — да гэрояў з сялянскага асяродку.

Побач з гэтымі ёсьць і такія абставінныя мотывы, якія рысуюць знадворнае становішча асоб другога парадку, менавіта прадстаўнікоў шляхецкай групы. Апісаньне іх інакшага роду. Шырокіх малюнкаў тут зусім няма. Абрысоўка даецца нямногімі, толькі патрэбнымі словамі. Малюнкі прыроды носяць такі-ж агульны характар і рысуюцца нязьменна хмурнымі фарбамі. Гэткае апісаньне месца, где жыў баярын у поэме "Магіла льва":

Непадалёк, дзе жыу Машэка.
Быў двор вялікі, а ў двары
Стаялі хорамы ад векаў
Над самым Днепрам, на гары.
Абведзен быў высокім мурам
Палац, як той астрог, кругом,
Столетні ліпы ўкруг панура
Стагналі ночаю і днём.
Баярын тамка жыу багаты...

Блізкі да гэтага малюнку і абставіны князя ў поэме „Курган":

На гары на крутой, на абвітай ракой.
Лет назад таму сотня, ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сьцяной,
Грозна, думна глядзеў на прывольле.
У нагах яго расьцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар.
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў і г. д.

У некаторых выпадках месца дзеяньня гэрояў гэтага раду, а часам і антыподаў іх азначаецца простаю назваю яго. Напрыклад:

На Ўкраіне пан Патоцкі... (Бандароўна)
У слаўным месьце Берастэчку
Слаўны Бандарэнка (Бандароўна)
Доўга над трамай ляжала.
Сьцішна ў вясковым жыцьці...
Скрыпка адна у забыцьці... (Забытая скрыпка).

Пэрсонажныя мотывы, як ужо адзначалася, рэзка падзяляюцца на дзьве групы; з аднаго боку, гэроі з сялянскага асяродку, а з другога-соцыяльна ёй процілежнага―шляхэцкага―дваранскага. Розьніца паміж гэтымі групамі выяўляецца ня толькі ва ўнутраным зьмесьце гэрояў, якія ўваходзяць у іх рамкі, але таксама і ў самой манеры выяўленьня іх мастаком. Гэрояў першага роду ён абрысоўвае шляхам простай іх характарыстыкі, адзначваючы, між іншым, толькі іх агульныя рысы. Ён звычайна пералічае тыя ўласьцівасьці, якія ідэалізуюць іх натуры, далучаючыся ў гэтым выпадку да манеры пісьменьнікаў клясычнага стылю.

Сюды адносіцца: Машэка ("Магіла льва"). Ён уладае вялікаю фізычнаю сілаю:

Асілкам гэтакім ад роду
Машэка быў у сваёй радні,
Дзіцём нясьці ужо мог калоду,
Якой трох сталых-не маглі.

Але разам а гэтым ён―праўдзівая і сьціплая натура:

Але хоць сілу меў такую,―
Нікому крыўды не рабіў,―
Натуру меў ён залатую,
Як-бы ягнём патульны быў.

Юрка ("За што?") вызначаецца, як працавіты сумленны гаспадар:

І наш Дзягель часта
Са сваёй сям'ёю
Зьліўся, як за грошы,
Потам ды сьлязою.
Год за годам сходзіць,
Бачаць гаспадары:
Юрка арэ, сее,
Цярэбіць гушчары...

І праца яго не дарэмная:

Сорак лет так Дзягель
Жыў ня у кепскім стане...

Гусьляр у поэме "Курган", як і належыць народнаму баяну, выводзіцца ў вобразе романтычна-фантастычным, які збліжае яго з гэроямі байкі, і ў паасобку нагадвае мітычнага песьняра клясычнай старажытнасьці—Ортэя.

Ўвакруг гэтай душы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась німала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарэ як ён
Па струнах з неатступнаю песьняй,—
Сон злетае с павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакоры, чарэсьні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сьціхае;
Паміж вольхаў рэка, як што дзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун;
Каня вечнага «піць» не заводзе;
Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзе.

Той-жа романтычны колёрыт пануе і ў вобразе князя з поэмы „На куцьцю". Гэты герой баечна прыгожы:

Краса б'е з князеўных зарніц, Як блеск маланак развуглёны...

Усіх званых з блізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.

Іншымі ўласьцівасьцямі адрозьніваюцца гэроі процілежнага соцыяльнага раду. Мастак вылучае ў іх характарах выключна адмоўныя рысы, выводзячы іх пры дапамозе тых-жа прыёмаў апісаньня, як і ў папярэдніх выпадках, г. зн. простай характарыстыкі. У некаторых выпадках ён ужывае і характарыстыкі ўкосныя, калі апавядае аб тых дзеяньнях гэрояў, якія служаць яскравым паказьнікам галоўнай якасьці іх натуры.

Баярын у поэме "Магіла льва" характарызуецца словам і аўтара ў такіх выразах:

Баярын тамка жыў багаты,
Яшчэ лятамі малады,
Да сваевольства быў заўзяты.
Пасвойму час губляў з нуды.

Усюды броіў самазбродам,
Тварыў закон свой і свой суд
Над абнядоленым народам,
Што збыць ня меў сіл сваіх пут.

Паціху толькі ў вёсках людзі
Маркотну гутарку вялі
Аб крыўдах тых, што ім на грудзі
Праз пана каменем ляглі.

Ён, такім чынам, багаты, малады, але свавольны і надта дэспотычны ў дачыненьні да народу, які адчувае гэтую крыўду з вялікім цяжарам.

Такі-ж і пан Патоцкі ў поэме „Бандароўна". Ён багаты, дужы, але люта правіць народам, які сярод стогнаў шле яму свае праклёны:

На Ўкраіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хэўрай гаспадарыць
Над бедным народам.

Дзе заедзе, банкятуе
Сам ён, яго варта,
Ні старому, ні малому
Ня спускае жартаў.

Калі-ж дзе ўпадзе у вока,
Хараство дзявоча,—
Абняславіць, абнячэсьціць,
Бацьку плюне ў вочы.

Стогне змучана Ўкраіна,
К небу шле пракляцьце,
Дый Патоцкага збаўляе
Хэўра і багацьце.

Аднолькавы і князь у „Кургане"; ён грозны, недаступны, люты з народам, для якога застаецца толькі адно—праклінаць яго:

Князь у хораме жыў, слаўны сьвету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў—біў паклоны яму;
Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы ў полі і дома;
Толькі модлы расьлі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцьце расло пакрыёма,

Несправядлівасьць, якая пераходзіць у лютасьць, укосна адзначаецца і ў характары маладога пана ў поэме "За што?", які прыехаў пасьля сьмерці старога "пана" і загадаў Юрку Дзягелю выбірацца з свае гаспадаркі на панскай зямлі.

Пэрсонажы жаночага роду характарызуюцца ў тых-жа памерах і фарбах, што і гэроі першага парадку. Мастак адзначае зноў рысы ідэалізуючага парадку, галоўным чынам, прыгожасьць гэраінь. Стыль-жа абрысоўкі — яскрава романтычны. Асобныя драбніцы, якія адзначаюць тыя ці іншыя рысы дзеючых асоб маюць то яскрава конкрэтны характар, то рэзка адцягнены.

Наталка з "Магілы льва" малюецца фарбамі, узятымі з блізкага акружаючага нас жыцьця, але рысуецца толькі яе знадворная прыгожасьць:


Наталька ў вёсцы між сваімі
Найпрыгажэйшаю была,
Грудзямі, шчочкамі, вачымі,
Як мак між макамі цьвіла.

Павеўна, як дасьпелы колас,
Ішла наперад у танок,
З грудзей гарачых звонкі голас
Зьмяняда ў песьню—як званок.

Прыхільна хлопцы аглядалі
Яе павабны гібкі стан,

Але разам з гэтым вобраз, які характарызуе яе вочы, адцягненай уласьцівасьці. Машэка імкнуўся:


Наталку любую сустрэці,
Аджыць агнём яе вачэй,
Бо гэткіх вочак на ўсім сьвеце
Ён ня сустрэў ані у ваднэй.

Гэткія-ж уласьцівасьці выяўленчых сродкаў ў характарыстыцы прыгожасьці Бандароўны; спачатку—рысы адцягненай уласьцівасьці. У гэроіні:

Хараства такога ў сьвеце
Ня было, ня будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
Як аб нейкім цудзе.

За гэтым—яскрава рэальныя:

Як маліны, яе губкі,
А твар, як лілея,
Як дзьве зоркі, яе вочы,
Гляне—сьвет ясьнее.

З плеч ўплываюць яе косы,
Як-бы сонца косы,
І іскрацца, як на сонцы
Брылянцісты росы.

Рост высокі, стан павабны,
Ўся, як цень, павеўна,
Як ідзе яна, бывала,
На-бок каралеўна!

Да ліку пэрсонажных мотываў належыць і гэрой колектыўных уласьцівасьцяй: гэта народ. Ува ўсіх поэмах ён выводзіцца ў дваякім выглядзе—то народам-поэтаю, які складае поэтычныя творы, то народам забітым, які зносіць усякія няпраўды з боку пануючых кляс, але разам з тым і цёмным.

Народ зьяўляецца насіцелем апавяданьняў і легэнд аб мінулых гадох ("Магіла льва", „Бандароўна", „Курган"); ён-жа творыць і песьні аб сваёй нядолі ("За што?", "Забытая скрыпка"); але звычайна гэта—народ, які знаходзіцца ў стане соцыяльнага няведаньня і політычнага сну. Прынамсі ў гэткім вобразе выяўляе яго першы ганец („На куцьцю"), які апавядае князю аб сваіх уражаньнях:


З вачэй не зьняты йшчэ павязкі,
Ці йдуць у перад, ці назад,
Відны сьляды цямрычнай ласкі.

Ён пакорна і без нараканьня зносіць ліхія гадзіны жыцьця; другі ганец („На куцьцю) апавядае:

А топчуць толькі ўсё той сьлед.
Валочуць ёрмы за сабою;
Ці ўбачуць корч, ці ўбачуць цьвет.
Аднэю жаляцца сьлязою.

Амаль што тое-ж паўтарае і трэці:

А толькі торг усё ідзе
Над іх душою патаптанай;
Яны, як цені, у грамадзе
Маўчаць і йдуць на пір паганы.

Часам гэты народ ня можа зразумець тых заклікаў да шчасьлівага жыцьця, якія час-ад-часу чуюцца ў песьнях яго песьняроў. Падарожны пясьняр, які знайшоу "забытую скрыпку“, грае на ёй і сьпявае аб шляхох да сонца, да сьветлых умоў быту, але народ яго не разумее. Калі пясьняр скончыў сваю доўгую песьню

... Глянуу, угледзіў:
Хата пустая была...

Але і ў гэтым пакорным забітым народзе ёсьць іскры сьвядомасьці і імкненьня да высокіх асноў жыцьця. Усе тры ганцы ў поэме "На куцьцю" аднолькава падкрэсьліваюць гэту ўласьцівасьць народу, якую ён праяўляе, як толькі для гэтага надыходзяць адпаведныя ўмовы, як толькі ён чуе адпаведны кліч. Першы ганец гавора:

А як ішоў між іх з сьвятлом,
Яны пачулі, ах, пачулі:
Сьляпым замораныя сном,
Худыя рукі ў высь цягнулі.
За мною ўсьцяж, і тут, і там
Іх вусны бледныя шапталі:
Адвайце сонца наша нам!
Нашто схавалі―расхваталі?

Другі перадае:

А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прассоньні,
І столькі, столькі крэпкіх рук
К маёй націснулася броні.
За мною ўсьцяж, і тут, і там
Іх вусны бледныя шапталі;
Аддайце славу нашу нам!
Нашто схавалі-расхваталі?

І, нарэшце, трэці ганец апавядае:

А як я ўдарыў па струне,
Замятушыліся, як пчолы,
І на гары, і нізіне
Мне падавалі голас кволы.
За мною усьцяж, і тут, і там
Іх вусны бледныя шапталі:
Аддайце песьню нашу нам!
Нашто схавалі-расхваталі?

На шляху да „інакшых" умоў быцьця гэты-ж народ выяўляе і больш актыўныя імкненьні. Пераносячы пакорна ліхія гадзіны жыцьця, ён адначасна з гэтым выражае і свой протэст супроць іх, пасылаючы пракляцьці прыгнятальнікам жыцьця („Магіла льва", "Бандароўна" гл. вышэй). Часамі-ж ён і актыўна бярэ ўдзел у барацьбе за праўду жыцьця, бо

Шмат цярпець народ умее,
Умее і памсьціцца,
Як дадзене вельмі крыўда,
Як зло разгасьціцца.

Вестка аб трагічнай сьмерці Бандароўны ("Бандароўна") ад рукі пана Патоцкага перапоўніла келіх народнага цярпеньня:

Зашумела Україна—
Гора паном, гора!..
Задымелі у пажарах
Панскія сялібы,
Палілася кроў ракою
На лугі, на скібы...

Апроч пералічаных мотываў—абстановачных і пэрсонажных, у поэмах, што вывучаюцца, ёсьць яшчэ і мотывы іншага парадку. Гэта—мотывы ўстаўныя. Яны разьвіваюць тэмы рознага характару—бытавога, моральнага, псыхолёгічнага і г. д. Называючы іх устаўнымі, мы ня хочам падкрэсьліць іх незалежнасьць сярод другіх мотываў ужо разгледжаных намі. Як будзе відно з далейшага выкладаньня, у композыцыйным дачыненьні яны шчыльна прылягаюць да першых, складаючы разам з імі адно бесьперарыўнае цэлае. З пунту гледжаньня тэматычнага, гэтыя ўстаўныя мотывы зьяўляюцца больш падрабязным разьвіцьцём думак, кінутых між іншым, у межах мотываў альбо абстановачных альбо пэрсонажных.

Больш усяго гэткіх мотываў ёсьць у поэме "Магіла льва". Яна адчыняецца такім, менавіта, устаўным мотывам, які трактуе пытаньне аб народным паданьні і яго лёсе. Мінулае нам пакідае шмат розных паданьняў, з якіх, аднак, застаюцца ня шмат якія:

Нам продкаў кемнасьць захавала
Шмат весьцяў дзіўных з быўшых год.
Хоць гэтых весьці ўжо нямала
Ў няпамяць кінуў сам народ.
Усё-ж яшчэ штось засталося
Унукам з прадзедаў жыцьця...
Няхай-жа гэтыя калосься
Мінуць скараньне нябыцьця!

Адным з гэтых паданьняў і зьяўляецца фабула, якая палягае ў аснове ўсяго твору.

Другім мотывам такога-ж характару ў поэме зьяўляецца той, які вызначае існасьць каханьня. Гэта складанае пачуцьцё малюецца ў гэткіх рысах:

Каханьне лёгкая прынада
Для сэрцаў чуткіх, маладых.
Хоць-бы гнязьдзілася ў ім здрада,
Хоць гэта-б яду быў кяліх.
Усе мы п'ём яго з дурноты,
Жывём ні явай і ні сном.
А прападзе к яму ахвота,
Тады—па часе ўжо—плюем...

У зьвязку з гэтым мотывам, некалькі далей разьвіваецца другі,— які кажа аб беларускай дзяўчыне, аб яе прыгожасьці фізычнай і духоўнай. Малюючы гэтыя рысы, яе, мастак, як і раней, бярэцца за апісаньні іх у адцягненых фарбах, якія ўзводзяць гэты об'ект мастацкага выяўленьня па недасяжную вышыню: тыя якасьці, якія мае беларуская дзяўчына, настолькі высокія, што, па думцы аўтара, іх можна знайсьці толькі ў бога:

О, шмат прыгожанькіх дзяўчатаў,
Старонцы нашай бог прыдбаў!
Царэвіч ехаць мог-бы ў сваты
К ёй не аднэй, каб толькі знаў.
Душы і сэрцайка такога,
І тэй бязьмернай дабраты
Шукаці хіба толькі ў бога,—
Ў другіх людзей ня знойдзеш ты.
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменем ня кінуў
І не паважыцца кідаць.

Далейшыя мотывы гэтага-ж парадку, якія ёсьць у поэме, датычацца тэм псыхолёгічных уласьцівасьцяй. Гэта мотывы аб хітрасьці людзей, аб помсьце і аб асьвятленьні агрубелага чалавека.

Першы з іх разглядае існасьць выяўленага пачуцьця і яго ўплыў на чалавека:

Людзкая хітрасьць даніманьнем
Патрапіць шмат зла натварыць,
Калі прыкінецца сьвятляным
Сьвятлом, што праўдаю гарыць
Душу вам лёстачкамі выйме,
І павядзе на павадку
Яе пуцінамі крывымі
І ўжо ня ўскрэснуць бедаку.

Тое-ж здарылася і з гэроіняю поэмы.

Другі зьмяшчае ў сабе разважаньне аб помсьце з тых-жа бакоў, што і ў папярэднім выпадку:

Што ёсьць на сьвеце горш ад помсты,
Што знойдзеш ад яе страшней,
Каго ня згоніць з сьцежкі простай.
Ня укіне у цьму, за ноч цямней?
Душу і думы атумане,
Ачэпіць зводным павуцьцём.
І распасьцяжыць уладаньне
Над целам над усім жыцьцем.
Засела так яна ў Машэкі...

Нарэшце, апошні выкладае думку аб наяўнасьці ў чалавека вышэйшых разуменьняў аб абычайным законе і аб панаваньні іх у натуры, ня гледзячы на тое, што часам чалавек можа падупасьці да агрубеньня і нават азьвярэньня. Гэткі стан перажыў і гэрой поэмы:

Як чалавек не азьвярэе
З якіх там колечы прычын.
Надойдзе час і азарэе
Яго душа хоць міг адзін.
Чуцьце прабудзіцца людзкое,
Дабро ў сэрцы ажыве,
І зацьвітуць красой сьвятою
Дзіцячы думкі ў галаве.

З рэшты поэм устаўны мотыў ёсьць толькі ў поэме „За што?" Менавіта, пачатак яе разьвівае пытаньне аб народнай песьні, аднэю з якіх, уласьціва, зьяўляецца і самы твор. У азначаным выпадку роля гэтага мотыву такая-ж, што і ў пачатковых строфах поэмы "Магіла льва". Гэтыя песьні апавядаюць аб тэй крыўдзе, аб тэй горкай долі, у якой жыве народ; дзякуючы гэтаму яны асабліва каштоўны для мастака:

Oй мае вы песьні,
Песьні весялушкі!
Будзьце мне слухмяны
Вы, мае пяюшкі.
Ці я сам у полі.
Ці я дзе з людзямі:
Цяжка мне, нялёгка,
Калі я ня з вамі...
Гаварэце, думкі,
Пакуль сонца ходзе,
Аб маёй старонцы,
Аб маім народзе.
Хай нясецца жальба
Там, гэй, на прывольле
Аб тэй нашай крыўдзе,
Аб тэй горкай долі!
Можа хто пачуе
Розгалас прастачы,
Ўстане і прагляне,
Ўсю няпраўду ўбача.

Прыведзеныя тэмы і мотывы вычэрпваюць асноўныя моманты тэматычнага боку поэм, якія вывучаюцца.

ІІІ

Сюжэтнае пабудаваньне разгледжаных мотываў мае ў сабе адзнакі сынкрэтызму літаратурных жанраў, наяўнасьць у іх апавяданьнях стыхій эпічнай, лірычнай і драматычнай. У гэтым выпадку поэмы Я. Купалы маюць тыя, менавіта, уласьцівасьці, якія зьяўляюцца характэрнымі наогул для гэтага віду мастацкае творчасьці.

Пануючым аказваецца момант апавядальны, эпічны. Ён абымае сабою значную частку мотываў, якія ўваходзяць у склад поэм. Абставіны і ход дзеяньня, характарыстыка дзейных асоб, устаўныя мотывы, усё гэта апранута ў эпічную форму. Рух апавяданьня ў гэтай частцы поэм носіць павольны, паступовы характар. У сваім апавяданьні аўтар паступова пераходзіць ад апісаньня аднаго факту да другога ў іх паступовай хронолёгічнай пасьлядоўнасьці аднаго за другім. Раптоўнасьць дзеяньня, абрыўнасьць і недаказнасьць у выкладаньні зусім ня маюць месца. У гэтым выпадку поэмы больш блізкія да гэроічных эпопей клясычнага стылю, як да поэм романтычных альбо лірычных, якія маюць іншы — больш шыбкі, усхваляваны, менш паступовы тэмп выкладаньня.

Звычайна кожны твор адчыняецца тым ці іншым "уводным" мотывам, які шчыльна зьвязаны з наступным апавяданьнем. У якасьці гэткага пачыну ці увэртуры поэта ўжывае матар'ял рознастайнага мастацкага зьместу.

Поэма "Магіла льва", як было адзначана раней, пачынаецца разважаньнем мастака аб лёсе паданьня ў жыцьці народу. Поэта шануе астаткі паданьняў, і яго зацікаўленасьць да іх адпаведным чынам адбіваецца і на яго манеры апавяданьня. Эпічнае апавяданьне зьмяняецца лірычным. Яно выяўляецца ў лірычных выклічах і зваротах да чытача:

Няхай-жа гэтыя калосься
Мінуць скараньне нябыцьця...
Зьбіраць начнем зярно к зярняці,
Былое ў думках ускрашаць...
Пачнём дакопывацца самі
Разгадку нашых крыўд і бед... і г. д.

Блізкі па свайму зьместу і пачатак поэмы "За што?" Тэмаю яго зьяўляецца народная песьня. Поэта таксама выказвае высокую зацікаўленасьць ёю, дзеля гэтага лірызм апавяданьня, які выражаны тымі-ж сродкамі, апавівае яго ад пачатку да канца:

Ой, мае вы песьні,
Песьні весялушкі!..
Цяжка мне, ня лёгка,
Калі я ня вамі...
Дык-жа будзем жыці,
Разам днём ці ночай і г. д.

Поэма "На куцьцю" пачынаецца малюнкам прыроды, які разгорнены на шырокім чатырохстрофным палатне і перададзены поэтаю ў спакойным эпічным тоне:

На небе зоры ужо мігцяць і г. д.

Такога-ж „прыроднага" характару увэртура і ў поэме "Бандароўна“. Толькі тут яна сьціснута ў вузкія рамкі і вырашаецца адмоўным параўнаньнем:

Ня віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць.
Не разбойнікі таўпою
За дабычай ходзяць.

Рэшта поэм: "Курган“ і „Забытая скрыпка" гэтакіх уступных частак ня маюць; іх апавяданьне пачынаецца ад апісаньня дзеяньня іn medіas res:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Удзірванелы курган векавечны...
("Курган").
Доўга пад трамай ляжала
Сьцішна ў вясковым жыцьці,
Доўга ляжала, чакала
Скрыпка адна у забыцьці...
("Забытая скрыпка").

Сьледам за ўводзінамі поэмы наступае пачатак дзеяньня, прычым між гэтымі двума компанентамі — зачынам і апісаньнем фабулы—існуе самая шчыльная сувязь. Раптоўнасьці пераходу, як гэта можна наглядаць у поэмах стылю романтычнага, няма. У поэме "Магіла льва" ўводзіны маюць у сабе тэму аб народным паданьні, а фабула яе і апісвае адно з такіх паданьняў. Такая-ж сувязь і ў поэме "За што?", апавяданьне аб падзеях і ўяўляе сабою адну з сумных песень, аб якой гаворыцца ўва ўступнай частцы.

Зачын поэмы "На куцьцю" служыць малюнкавым фонам, на якім разгортваецца падзея фабулы (асновы). Сувязь між імі падкрэсьліваецца і тэматычным дубальтаваньнем двух думак, з якіх адна заканчвае ўводзіны, а другая адчыняе дзеяньне. Канец выражаецца ў гэтых словах:

І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

Пачатак "падзей" адчыняецца словамі:

Запыла ўсе, замёрла ўсё,—
Ня сьпіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыцьцё
Ў вагнях старога папялішча.

У тым і другім выпадку ў рознай слоўнай форме выяўляецца начная цішыня, спакой, сон. Тэматычна, дзякуючы гэтаму, абедзьве часткі стаяць вельмі блізка адна да другой.

У поэме "Бандароўна" уверцюраю зьяўляецца вобраз адмоўнага параўнаньня:

Ня віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць і г. д..

а прадмет яго складае ўжо пачатак самой асновы:

На Украіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хэўрай гаспадарыць
Над бедным народам.

Апісаньне дзеяньня поэмы ў компазыцыйным дачыненьні, уяўляе сабою паступовае, хронолёгічнае выяўленьне падзей, якія ўтвараюць фабулу іх. Кожны факт шчыльна зьвязан з папярэднім і наступае за ім у парадку часовай пераемнасьці. Агульная схэма ўсіх поэм у гэтым выпадку будуецца па наступнаму пляну.

"Магіла льва": 1. Каханьне Машэкі да Наталкі. 2. Машэка знаходзіцца ў адсутнасьці; у гэты час Наталка гіне. 3. Яе пакахаў пан, і яна перайшла да яго. 4. Машэка робіцца разбойнікам і забівае пана. 5. Наталка помсьціцца за гэта і забівае Машэку. 6. Магіла Машэкі—магіла льва; на гэтым месцы цяпер м. Магілеў.

"Бандароўна": 1. Пан Патоцкі пануе на Украіне. 2. Бандароўна, дачка Бандарэнкі з Берасьцечка, лічыцца найпрыгажэйшаю ў вакрузе. 3. Патоцкі прабуе ўзяць яе, але спатыкае рэзкі адпор. 4. Бандароўну прыводзяць да пана і ён забівае яе. 5. Пахаваньне Бандароўны.

„Курган": 1. У гордага недаступнага князя банкет. 2. Дзеля забавы ён запрашае гусьляра. 3. Гусьляр сьпявае госьцям песьні, у якіх выкрывае няпраўду князя. 4. Сьмерць гусьляра; на яго магіле курган.

"За што?": 1. Селянін Юрка, па прозьвішчы Дзягель, пасяліўся на новым месцы. 2. Дзякуючы напружанай працы, ён організуе сваю гаспадарку і жыве ў дастатку. 3. Але цераз 40 год новы пан вымагае ад Юркі выдаленьня з занятай ім зямлі. 4. Ідуць суды, і Юрка робіцца бедаком; яго высяляюць з наседжанага месца.

"Забытая скрыпка": 1. Народны пясьняр выпадкова знаходзіць у хаце селяніна забытую скрыпку. 2. Ён грае на ёй аб шчасьці жыцьця. 3. Але песьні не знайшлі водгуку ў сэрцы народу; ён пакідае яго, і пясьняр застаецца незразумелым.

"На куцьцю": 1. У замку, ноччу, аднойчы ў год, духі мінулага зьбіраюцца на куцьцю. 2. Выхад князя і княжны. 3. Размова князя аб штогодных зборах іх на куцьцю. 4. Размовы ганцоў аднаго за другім. 5. Другая адказная размова князя. 6. Банкет і канец яго у поўнач.

У рамках апавяданьня аб падзеях мастак, як зазначалася, ня раз устаўляе і мотывы "пабочных" наўваходных уласьцівасьцяй, але яны не парушаюць агульнай пасьлядоўнасьці апавяданьня і плаўкасьці цячэньня падзей. Яны шчыльна зьвіваюцца з тымі "сьценкамі", што іх абкружаюць.

Усе гэтыя мотывы шчыльна прылягаюць да агульнага ходу апісаньня дзеяньня, бо як папярэдняе да іх апавяданьне, так і наступнае, у дачыненьні сваёй тэматыкі, выражае тую-ж ідэёвасьць, што і ўступныя часткі. Так, напрыклад, у поэме "Магіла льва" ўводны мотыў аб помсьце ўстаўляецца ў агульную плынь думак, не парушаючы іx парадку і паступовасьці. Страфа, якая папярэджвае гэты мотыў закончваецца апавяданьнем аб цяжкім імсьцівым стане Машэкі:

З дня ў дзень хмурней ён станавіўся,
Расла ў ім помста, як зьмяя,—
І сам, як гадзіна, ў ёй віўся,
Ў жыцьці ня бачачы пуцьця.

Далей ідзе самы мотыў, які пачынае новы разьдзел поэмы:

Што ёсьць на сьвеце горш ад помсты і г. д.

Наступнае выкладаньне зноў варочаецца да дзеяньня, працягвае тую-ж думку аб помсьце, даючы, такім чынам, адзінае бесьперарыўнае апавяданьне:

Засела так яна ў Машэкі
І суладаць з ёю ня мог,
Крыві-б пусьціў, здаецца, рэкі
І ў іх-бы з крыўдай сваёй лег.

Заключная частка поэм, іх дасказ, які складае самастойную кампонэму сюжэтнага пабудаваньня, у ідэйным дачыненьні таксама прылягае да агульнага зьместу твораў, працягваючы адзіную бесперарыўную занізку апавяданьня.

Поэма "Магіла льва" у сваёй асноўнай частцы канчаецца апавяданьнем аб тым, як на "Магіле льва", г. зн. Машэкі, вырасла места Магілеў, як каля яго ўзвышаецца гара:

Яе Машэкавай завуць.

Далей наступае дасказ, які, зьмяшчаючы ў сабе апісаньне малюнку прыроды, ідэёва зьвязаны з агульным зьместам:

ціха, ціха на гары тэй
Чарнеюць пліты і крыжы,
То летнім сонейкам сагрэты,
То зьзябшым ўзімку, ў маразы.
Падчас вясной заблудзіць птушка.
Зазвоніць песенькай сваёй.
Павесялее сьпяча душка,
Ды ўзноў засьне яшчэ мацней.
А пад гарой Дняпровы хвалі
З вясны да восені шумяць
І штось гавораць цёмнай далі
А што?—нам грэшным не паняць!

Такім чынам асноўныя часткі сюжэтнага пабудаваньня—зачын, апісаньне дзеяньня і дасказ—уяўляюць сабою хронолёгічна паступовы малюнак, у якім асобныя часткі ідуць адна за аднэй у строгай пераемнасьці як часовай, так і лёгічнай.

Але ў межах эпічнага апавяданьня ёсьць такога роду элемэнты, якія, не парушаючы суцэльнасьці твораў, характарызуюць, аднак, ужо іншыя ўласьцівасьці іх. Гэта прысутнасьць у поэме стыхіі лірычнай і драматычнай. Тая і другая ўносяць у апавяданьне момант эмоцыянальнага ўсхваляваньня і ўласнай зацікаўленасьці аўтара.

Лірызм апавяданьня выступае на сцэну ў тых выпадках, калі асобныя моманты дзеяньня поэм дасягаюць свайго найвышэйшага разьвіцьця і вялікай напружанасьці. У гэтых выпадках апавяданьня служыць адным з сродкаў іх слоўнага выражэньня.

Асабліва характэрны рысы лірызму ў поэме "Бандароўна", дзе лірычная манера яны прадстаўлены ў большай колькасьці выпадкаў, чым у рэшце твораў.

Першы выпадак лірычнай зацікаўленасьці аўтара выступае ў момант зьяўленьня Бандароўны на арэне дзеяньня, калі прыгожасьць яе дасягае найвышэйшай чароўнасьці.

У гэтую рашучую мінуту поэта асабіста зварочваецца да гэроіні:

Ой, гуляй-жа, Бандароўна.
З вечару да ранку!

жадаючы падкрэсьліць прызначаньне хараства для весялосьці, яшчэ раз яго вышыню і значнасьць.

Альбо далей―калі пан Патоцкі прыходзіць у карчму і калі становішча завастраецца, бо

найгорай к Бандароўне
Ён прыстаў абрыдка;
Цалаваць, абняці хоча,
Ажно глянуць стыдна.

Поэта нанова праяўляе вялікую зацікаўленасьць у лёсе сваіх гэрояў і, зварочваючыся да Патоцкага, лірычна выклікае:

Асьцярожна, пан Канёўскі!
Будзе ліха, будзе,
Не забудзься, што сумленьне
Ёсьць і ў простым людзе! і г. д.

У некаторых выпадках лірызм апісаньня сказваецца настолькі патрэбным, што ён заменьвае сабою другую стыхію драматычную. Па ходу апісаньня чытач чакае, што на пытаньні адного з гэрояў будзе адказваць другі; другімі словамі, поэта павінен перайсьці да дыалёгу, г. зн. да драматычнай манеры апавяданьня, але, дзякуючы тэй-жа ўласнай зацікаўленасьці да сваім персонажаў, ён нечакана пераходзіць да лірычнай.

У тэй-жа поэме Патоцкі, зварочваючыся да прыведзенай у яго „сьвятліцу“ Бандароўны, задае ёй пытаньні:

Ну, што воліш сабе выбраць,
Пышная паненка:
Ці ў бяседзе засядаці
Вось пад гэтай сьценкай.
_______
І са мною піць, гуляці,
Ночкі каратаці?
Ці навекі косьці парыць
У зямельцы-маці?

Заместа гэроіні у гэты рашучы момант яе жыцьця адказвае сам мастак:

Не такую, ясны пане,
Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсьць і славу
Прадаваць з табою...
Не прадасьць яна дзявоцтва,
Як ты, пан, сумленьня;
Твае ўгрозы ёй нястрашны,
Нястрашна цярпеньне...

Размоўная форма апавяданьня ўводзіцца мастаком таксама ў пэўных выпадках. Яна выступае, калі эпічнае апавяданьне даходзіць да расказваньня аб падзеях, якія маюць значную ўнутраную напружанасьць; звычайна размова пачынаецца, калі спатыкаюцца гэроі соцыяльна і псыхолёгічна разнародных і варожых адзін другому. У гэтых выпадках ён выказваецца ў маласлоўнай, але яскравай фарбамі форме. Момант дзеяньня, які выяўляецца ім, перадаецца ўва ўсёй яго паўнаце і сіле; ён узмацняе драматычную відавочнасьць сцэны і рухае больш імкліва, чым апавяданьне эпічнае, разьвіцьцё далейшых падзей.

У поэме "Бандароўна" размоўная форма пачынаецца ў адзін з найбольш напружаных момантаў дзеяньня. Патоцкі дабіваецца ўвагі гэроіні, але тая выцяла яго па твары. Загарэліся вочы ў пана і ён гаворыць:

Выгражае кулакамі
Усёй казачай браці,
— Ўсё адказ дасьцё мне зараз—
Дачка, бацька, маці!

Банкетуючыя казакі яму адказваюць:

Асьцярожна, ясны пане,
З грозьбамі сваімі!..

У некаторых выпадках размова зацягваецца і набывае больш працяглую форму. Гэта здараецца асабліва ў тых выпадках, калі выяўляецца соцыяльна-варожы бок, калі, дзякуючы няпрыхільнасьці і нянавісьці да яго, мова пэрсонажаў затрымоўваецца і прымае выгляд монолёгу.

У тэй-жа поэме "Бандароўна" Патоцкі задае гэроіні пытаньне:

Ну, што воліш сабе выбраць...
Ці са мною піць, гуляці,
Ночкі каратаці?
Ці навекі косьці парыць
У зямельцы-маці?..


Пасьля лірычнага монолёгу, які сказаны самім мастаком, дзяўчына, сьмела гледзячы ў вочы, адказвае:

Дужы ты з сваім багацьцем,
А я сілы большай, —
За мной праўда і народ мой,
За табой-жа—грошы!
Чым з табою піць, гуляці,
Ночку каратаці,—
Лепш навекі косьці парыць
У зямельцы-маці!

Форму выкрывальнага монолëгу набывае гутарка, якая адбываецца паміж князем і прыведзеным да яго гусьляром у поэме "Курган". Прамова гусьляра, уся напоўненая выкрываньнем і злосьмехам, займае цэлых тры страфы:

Гэй, ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы белсьвет!

У рамках гэтых компанэм, буйных па свайму разьмеру, мастак разгортае цэлы шэраг іншых, якія таксама будуюцца па пэўнаму пляну і разьмешчаны ў паступова-дакладным парадку.

У дачыненьні распарадку дзейных асоб вызначаецца адна вядомая схэма, якая абавязкова для ўсіх, што разглядаюцца намі, поэм.

Усе яны будуюцца на грунце вызначэньня трох галоўных гэрояў. Першыя месцы займаюць пэрсонажы, якія падзелены непраходнымі соцыяльнымі і псыхолёгічнымі сьценкамі. Гэрой першага раду—звычайна мужчына, які належыць да вышэйшай арыстократычнай клясы. У поэме „Магіла льва"—гэта багаты баярын, у "Бандароўне"—пан Патоцкі, у „Кургане"—князь, у поэме „За што?"—малады пан, у поэме „На куцьцю"—тыя неназваныя "другія", якія трымаюць народ у політычным і соцыяльным прыгнечаньні і нарэшце у "Забытай скрыпцы" — той народ, які дзякуючы свайму агрубеньню і цемры не разумее слоў музыкі, якая імкнецца расказаць яму лятуценьні аб шчасьлівым, асмысьленым жыцьці.

Гэрой другога раду—антыпод першага—або жанчына-дзяўчына Наталка ("Магіла льва"), прыгожая Бандароўна („Бандароўна") альбо мужчына-гусьляр ("Курган"), Юрка ("За што?"), князь і яго прыбліжаныя ("На куцьцю"). У поэме "Забытая скрыпка" гэрой гэтага парадку сымболізуецца тою цудоўнаю скрыпкаю, якую знайшоў бядак. Усе гэроі гэтага раду―выхадцы з простага сялянскага люду. Нават "Забытая скрыпка" аказваецца

Доўга пад трамай ляжала
Сьцішна ў вясковым жыцьці...

Узаемныя адносіны гэтых герояў двох радоў у пералічаных поэмах розныя. У большасьці выпадкаў першы з гэтых персонажаў імкнецца да таго, каб устанавіць тую ці іншую сувязь з другім, але часта спатыкае рашучы адпор, які і складае грунт фабульнага руху поэм.

Патоцкі ("Бандароўна") хоча заўладаць Бандароўнаю, але натыкаецца на рашучы адпор; вынікам гэтай сутычкі зьяўляецца сьмерць гэроіні.

Князь з поэмы "Курган" запрашае да сябе для забавы гусьляра і просіць яго прасьпяваць яму свае песьні. Гусьляр сьпявае яму песьню, у якой выкрывае розныя цяжкія злачынствы князя. У выніку сьмерць гусьляра.

„На куцьцю" падкрэсьлівае супраціўнасьць паміж духамі мінулага—князем і яго ганцамі—і тымі "другімі", якія пануюць над іх народам.

Поэма „За што?", якая пабудавана на яскрава соцыяльнай аснове, захоўвае тую-ж схэму адносін між гэроямі, толькі надае ёй адпаведную соцыяльна-гаспадарную афарбоўку. Стары пан даў магчымасьць селяніну Юрку Дзягелю стаць заможным і пажыць у дастатку. Новы пан, які зьмяніў старога, праганяе Юрку з яго гаспадаркі. У гаспадарчым стасунку ён аказваецца мерцьвяком. Соцыяльна ён з моцнага селяніна робіцца пролетарам.

Некалькі іншыя стасункі паміж паказанымі гэроямі ў поэме „Магіла льва“. Тут няма супраціўнасьці паміж імі. Наадварот, устанаўляецца на грунце пачуцьця вядомая псыхолёгічная сувязь. Багаты пан знаёміцца з дзяўчынай Наталкай, пакахаў яе і, карыстаючыся яе ўзаемнасьцю, бярэ яе да сябе. Але гэты контакт двух гэрояў значна ўзмацняе варожасьць у дачыненьні іх да трэцяга, што і прыводзіць да трагічнага канца.

У "Забытай скрыпцы" адчужанасьць і варожасьць падкрэсьліваецца тым, што народ не хацеў слухаць песень на скрыпцы аб шчасьці жыцьця.

Гэрой трэцяга раду—рознастайны. Ён аказваецца антыподам у стасунку да першага дзеля тых ці іншых сувязяй, якія існуюць паміж дзьвюма першымі асобамі.

Аднак, апроч таго ён процілежны і па свайму соцыяльнаму становішчу. Яго варожасьць да антыпода, аднак, рознай напружанасьці і якасьці. У адных выпадках яна выражаецца ў рэзкай і яскравай форме, складаючы галоўную спружыну ўсяго дзеяньня і надаючы другараднае значэньне адносінам першых двох персонажаў. Апроч таго, гэрой гэтага раду аказваецца цэнтральнаю асобаю усяе поэмы. Наадварот, у другіх яна мае менш напружаны характар і не займае настолькі цэнтральнага становішча ў творы, адыходзячы на задні плян; першараднае значэньне у гэтых выпадках атрымоўваюць дзеяньні герояў першых двох радоў.

Схема першага раду яскрава выступае ў поэме "Магіла льва". Трэцім гэроем тут зьяўляецца Машэка. Ён, як было паказана раней, быў ціхім работнікам. Пакахаў прыгожую Наталку. Але тое, што бататы пан украў яе, мяняе яго жыцьцё. Ён робіцца разбойнікам і забівае потым пана, які ўкраў яго каханую ад яе, аднак, гіне і сам. Гэтыя драматычныя сувязі Машэкі ў стасунку да першых двух гэрояў і складаюць асноўную вось дзеяньня, вакол якой яно імкліва і круціцца. Сувязі-ж паміж панам і Наталкай маюць другараднае значэньне; яны на другім пляне. І іх мастак гаворыць толькі ў нямногіх словах. Яны служаць толькі дапаможным сродкам да ўзмацненьня напружанасьці галоўнага дзеяньня: бо-ж Машэка і робіцца разбойнікам дзякуючы каханьню Наталкі і пана.

Настолькі-ж актыўным і дзеля гэтага выконвае першую ролю і бядак, які знайшоў забытую скрыпку. Ён грае на ёй, рысуючы ў сваіх музыкальных лятуценьнях ідэалы шчасьлівага жыцьця. Гэтая „ігра" аб шчасьці і складае грунт поэмы. Але як вядома, народ, што заняты матэрыяльнымі клапатамі аб жыцьці, яго не разумее. У часе яго граньня хата застаецца пустою. Гэта частка дзеяньня ня значна па разьмеру; яна выступае толькі як заключэньне, дасказ поэмы.

У рэшце поэм праводзіцца плян другога парадку. У іх трэці гэрой не адыгрывае настолькі значнай ролі. Часам ён выступае ў затушаваным выглядзе. У абрысоўцы яго аблічча і становішча адчуваецца азначаная недаказанасьць.

У „Бандароўне" ў якасьці трэцяга гэроя выступае пэрсонаж колектыўнага парадку. Гэта — казакі і на чале іх бацька гэроіні—атаман Бандарэнка. Але ён зьяўляецца, як асоба актыўная, якая зьбірае "войска сільнае" супроць паноў-прыгнятальнікаў, ужо ў канцы дзеяньня, ў дасказе яго. На працягу падзей, якія папярэджваюць разьвязку, у гэтай ролі трэцяга гэроя выступаюць казакі, якія зьяўляюцца заступнікамі гэроіні, між іншым, не асабліва адважнымі і жвавымі; як вядома, яны не патрафілі абараніць яе ад пагоні Патоцкага і захаваць ад сьмерці. Дзеля гэтага дзеяньне, якое разгортваецца вакол іх, мае другараднае значэньне. Галоўная ўвага скружаецца на стасунках Патоцкага і Бандароўны.

Тая-ж схэма і ў поэмах: "Курган", "За што?" і „На куцьцю".

У першай з іх ролю трэцяга пэрсонажа выконвае той народ, які ўтварае легенды і апавяданьні аб забітым гусьляры, рэагуючы гэтым на стасункі першых гэрояў. Прычым гэты герой выступае ў самым канцы поэмы, у яе завяршаньні, дзеля таго гэта частка падзей твору мае вельмі невялікае значэньне. Увесь цэнтр увагі спунктованы на дзеяньнях першых двух персонажаў.

Другі твор у якасьці такога-ж гэроя выстаўляе зноў той-жа народ, які творыць сьлёзныя песьні аб убогай долі Юркі; з гэтым героем ў сугучнасьці і прырода, якая ў сваіх апавяданьнях аб горкай долі зьліваецца з народам, утвараючы аднаго песьняра аб роднай старане поэты.

Трэцяя поэма гэткім гэроем мае народ, аб якім вядуць гутарку князь і яго ганцы. Але сам ён не адыгрывае актыўнай ролі; аб ім толькі гавораць другія.

Адзначаныя зьявішчы сюжэтнага аб'яднаньня тэматычнага матэрыялу складаюць характэрныя і найбольш пукатыя асаблівасьці разгляданых поэм,
ІV.

Стыль вывучаных твораў Янкі Купалы з боку характару і ўласьцівасьцяй выяўленчых сродкаў сьцьвярджае і дапаўняе назіраньні ў галіне сюжэтнага пабудаваньня поэм, іх композыцыі. У гэтым стасунку паміж стылем і пабудаваньнем поэм вызначаецца поўная роўналежнасьць.

Перш усяго мы спынімся на эпітэтах, якія, як гэта ўстанаўляе тэорыя літаратуры, маюць вялікае стылістычнае значэньне ў мастацкай творчасьці і займаюць сярод поэтычных прыёмаў па сваёй мастацкай значнасьці адно з першых месц. У поэмах яны таксама належаць да ліку асабліва характэрных прыналежнасьцяй яго стылю, складаючы ў колькасных адносінах сярод другіх зьявішч пераважную большасьць.

Агульная ўласьцівасьць эпітэтаў у разгляданых творах, якая асабліва кідаецца ў вочы, гэта іх адцягненасьць. Яны ўзяты альбо зусім з галіны адцягненых разуменьняў, якія недаступны нашаму зразуменьню ў конкрэтнай форме, альбо з кругу зьявішч унутраных псыхолёгічных уласьцівасьцяй, але зьявішч таксама мала акрэсьленых у сваім рэальным выяўленьні. Эпітэты гэтага парадку складаюць самую шматлікую іх групу. Па свайму характару гэтая адцягненасьць вобразаў не аднародна. У адных выпадках яна носіць абсолютны характар. Такой, менавіта, уласьцівасьці эпітэты мастак ужывае усякі раз, калі ён хоча выразіць надзвычайную ступень тэй ці іншай якасьці прадмету. Сюды належаць такія прыклады, як: весьцяў дзіўных (131), у беспрасьветнай векай мгле (131), бязьмернай дабраты (135), ненаглядненькай дзяўчыне (136), непамернай вайны (141), красой сьвятою (142), косы буйны (150-155), крыўды страшнай (152), недаступнай сьцяной (216), казак дзіўных (217), нязвычайны агонь (217) і гэтак далей.

Сярод адцягненых эпітэтаў асаблівым замілаваньнем аўтара карыстаюцца такія, як: родны, [роднай мяжы (136), родныя куты (136), вёскай роднай (140, 144), радзімай стараны (140) і г. д.), вялікі [двор вялікі (137), чары вялікай (144), вялікі мукі (151), захад вялікі (152), гульні вялікай (152), сьвет вялікі (157), і інш.], вечны [вечным агнём (144, 156), вечна хаваньне (157), адвечнае замчышча (192), курган векавечны (215)].

Другая група эпітэтаў гэтага раду носіць менш адцягнены характар. Яны маюць у сабе ўяўленьне аб некаторай частцы элемэнтаў матэрыяльных уласьцівасьцяй. Іх зьмест выклікае ў думцы ўспрыймаючага вобразы конкрэтнага сьвету, хоць яны і ня маюць у сваім абрысе яскравай дакладнасьці і рэзкай азначанасьці; гэта эпітэты: разбойнік страшны (132, 144), натуру залатую (133), пуцінамі крывымі (138), горкай долі (139), у муках страшных (140), дзіцячы думкі (142), грэшную русалку (143), добрыя весьці (іb.), сьпячага душка (146), бедным народам (146), вецер крылаты (150), зямліцы соннай (151), крыўды страшнай (152), немыя загаворы (192), дум жывых (193), душою патаптанай (195), він заморскіх (216) і г. д.

З эпітэтаў гэтага парадку аўтар часьцей ужывае такія, якія выражаюць вымер граніц. Гэткія: высокім мурам (137), дол глыбокі (144), насып высокі (іb.), рост высокі (147) і г. д.

Эпітэты адцягненыя, што ўжываюцца мастаком, служаць для мэт эмоцыянальнага парадку. Не ўладаючы фізычна адчувальнаю матэрыяльнасьцю, яны выклікаюць толькі вобразнасьць неакрэсьленую, туманную, якая запоўнена толькі эмоцыянальным зьместам.

Значна меншую групу складаюць эпітэты конкрэтныя, якія даюць яснае ўяўленьне аб матэрыяльнасьці вобразаў, імі выражаных. Характар зьместу таксама не аднакі.

Вялікі лік іх—эпітэты зрокавыя, што звычайна выражаюць уласьцівасьць на цэльнасьці і матэрыяльнай выяўнасьці азначаных імі прадметаў. Аднак, у поэмах Я. Купалы эпітэты гэтага роду выконваюць задачы некалькі іншага характару. Прыклады іх: гладзьдзю сіняй (136), лес цёмны (іb.), цёмнай далі (146), белы грудзі (150), ночка цёмная (151), кроў чырвону (151), чорны бровы (153), касьнікі чырвоны (155), срэбны сьнег (192), пахані чорнай (216) і г. д. Як відаць з паданага, некаторыя з іх служаць для мэты ўзмацненьня эмоцыянальнай уражлівасьці ад тых прадметаў, да якіх яны прыданы; гэта: белы грудзі ночка цёмная, кроў чырвону, срыбны сьнег, пахані чорнай. Пералічаныя прадметы самі па сабе-па сваёй прыродзе маюць у сабе ўжо тыя ўласьцівасьці, якія пасьля падкрэсьлены яшчэ раз даданымі да іx эпітэтамі. Гэтае паўторваньне і ў прадмеце і ў вобразе эпітэта аднэй і тэй-жа уласьцівасьці і стварае вядомую кондэнсацыю эмоцыянальнай выяўнасьці іх. Гэтыя эпітэты можна назваць тожслоўнымі.

Другія эпітэты той-жа групы выяўляюць агульныя ўласьцівасьці красак і колераў, якія мастак хоча падкрэсьліць у выяўленых прадметах (гладзьдзю сіняю, лес цёмны і інш.), даючы гэтым вядомую ступень конкрэтнай выяўнасьці.

Сярод зрокавых эпітэтаў другога парадку ёсьць адзіночныя прыклады і эпітэтаў сынтэтычных, якія выражаюць вядомыя адценьні колераў, гэта: залататканы абрусы (192), беласьнежны пасад (193) і інш.

Эпітэты другіх відаў налічаюць толькі некалькі прыкладаў. Акустычныя: звонкі голас (135), зычныя званы (196), ракі шумнацечнай (215), уздыханьнем глухім (215). Псыхолёгічныя: маркотну гутарку (137), дакучных кпінак (139), штосьці жуткае (140), сумнае іграньне (157), задумных вочак (217). Гэтыя эпітэты таксама служаць мэце эмоцыянальнай абрысоўкі прадметаў.

Цікава адзначыць, што эпітэты, якія ўжываюцца пісьменьнікам, па свайму зьместу даволі рэзка распадаюцца на дзьве рознародныя групы, у залежнасьці ад таго, якую катэгорыю гэрояў апісвае аўтар. Рысуючы дзеючых асоб нізкага пахаджэньня, а таксама і зьвязаныя з імі дзеяньні, мастак ужывае эпітэты, якія адзначаюць тыя ці іншыя дадатныя бакі выяўленых прадметаў; гэта такія прыклады: натуру залатую (133) (Машэка), прыгожай Бандароўне (147), стан павабны (іb.), белы грудзі (150), нязвычайны агонь у задумных вочах (217), казак дзіўных (іb.) і інш.

Наадварот, высокім гэроям надаюцца эпітэты з зьместам адмоўным; хэўраю лядачай (148), бясчэсну славу (іb.), бядзе паганай (150), дзікая пагоня (151), дзікім сьмехам (151), краважадным чынам (151), крыўды страшнай (152), бясьсільнай злосьці (152) і г. д.

Разгляд эпітэтаў у поэмах Янкі Купалы ў зьвязку з мастацкімі мэтамі, якія выконваюцца імі, прыводзіць да таго заключэньня, што ў сфэры ўжываньня іх аўтар выключна сочыць задачы эмоцыянальнай выяўнасьці. Прыклады эпітэтаў конкрэтнай уласьцівасьці адзіночны і зусім стушоўваюцца ў агульнай масе эпітэтаў эмоцыянальных.

Пасьля эпітэтаў значную стылістычную ролю ў поэмах Янкі Купалы адыгрываюць параўнаньні. Па колькасьці яны займаюць наступнае за эпітэтамі месца.

Аўтар ужывае параўнаньні выключна яўныя, г. зн. такія, якія выяўляюцца характэрнымі для іх граматычнымі формамі. Прычым з параўнаньняў гэтага парадку ён карыстаецца як бяззлучнымі, якія выражаны творным склонам ці пры дапамозе іншых граматычных форм (параўнальная ступень), так і злучнымі, іначай гаворачы, параўнаньнямі, якія выражаны пры дапамозе тых ці іншых злучных слоў; звычайнымі ў гэтым выпадку зьяўляюцца: як, так, бы і інш.

Параўнаньні першага раду па сваіх выяўленых якасьцях ня маюць выразнасьці ў самым акце параўнаньня. Яны амаль зусім унікаюць ад чытача, і пагрэбна больш высокая напружнасьць увагі, каб іх устанавіць у процэсе чытаньня мастацкага тэксту. Дзеля гэтага іх паясьняльнае значэньне, якое патрабуе для сябе выразнасьці і пэўнасьці ў стасунку паміж вобразам і яго прадметам, ня мае высокай сілы. Іх уласьцівасьці—узбуджэньне эмоцыянальных уражаньняў, між іншым, дзякуючы іх кароткасьці, вельмі вузкіх і павярхоўных. Бяззлучныя параўнаньні—эмоцыянальныя па пераважнасьці.

Больш выразныя ў дачыненьні адчувальнасьці самога акту параўнаньня, прыёмы якія выражаны параўнальнай ступеньню, каторая, як вядомая граматычная катэгорыя для азначэньня, іменна, параўнаньня, і падкрэсьлівае гэты момант у чалавечай мове. У гэтых адносінах яны блізкі да параўнаньняў злучных і займаюць сярэдняе становішча паміж імі і бяззлучнымі. У адносінах сваіх якасных уласьцівасьцяй параўнаньні гэтага парадку належаць да эмоцыянальных, пасколькі граматычная прымета іх—параўнальная ступень—па сваёй прыродзе выражае зьявы, якія даступны толькі эмоцыянальнаму ўспрыяцьцю, тое, што можна толькі эмоцыянальна уявіць, што больш ці менш вядомага прадмету.

У поэмах Я. Купалы лік бяззлучных параўнаньняў вельмі невялікі. Сюды адносяцца гэткія выпадкі: птушкаю з выраю буду, пеці зязюлькай пачну (199).

Сюды-ж прылягаюць і параўнаньні, якія выражаны параўнальнаю ступеньню: і разгарнецца ясьней паходня радасьці забытай (196), ямчэй нацягваецца лук (196).

Сярод злучных—адна група параўнаньняў эмоцыянальных, другая—паясьняльных.

Першыя зьмяшчаюць вобраз параўнаньня на першым месцы, а прадмет яго—на другім. У гэтым выпадку вобраз, што ўспрыймаецца чытачом у першую чаргу, вывучаны ім тады, калі яшчэ самы прадмет яго невядомы, служыць мэце эмоцыянальнай уражлівасьці, псыхолёгічнай выяўнасьці. Паясьняльнае значэньне іх вельмі невялікае, бо ўвага чытача пасьля таго, як вобраз параўнаньня вывучаны, спыняецца на прадмеце яго, а затым ідзе для ўспрыняцьця далейшага апавяданьня, у выніку і атрымоўваецца толькі эмоцыянальны адбітак.

Наадварот, параўнаньні, у якіх тэма іх ставіцца на першы плян, а вобраз адсоўваецца на задні, мае другі характар. Яны выконваюць задачы паясьняльных уласьцівасьцяй.

Дзеля таго, што тэма стаіць на першым месцы і ўспрыймаецца, дзякуючы нескладанасьці сваёй унутранай будовы, вельмі скора, а вобраз наступае за ім, разгортваючы малюнак, што вобразна разьвівае прадмет параўнаньня,—у выніку атрымліваецца конкрэтызацыя тэмы, рэальнае, плястычнае выяўленьне яе. Параўнаньні гэтага парадку ўласьцівы, галоўным чынам, стылю клясычнаму.

Большасьці параўнаньняў, ужываных Я. Купалам у азначаных поэмах, належаць да паясьняльных. Між імі адрозьніваюцца асобныя катэгорыі, няроўназначныя па сваёй мастацкай выяўнасьці. Самую вялікую групу іх складаюць параўнаньні з вобразамі зрокавых уласьцівасьцяй. Адны з іх могуць мець мэту лёгічнага паясьненьня прадмету, а другія—мастацкага. У першых вобраз параўнаньня зьяўляецца лёгічным дапаўненьнем да яго прадмету, без якога ён ня мае поўнай лёгічнай яснасьці і патрабуе паясьненьня. Між тым, як у другіх тэмы параўнаньняў па свайму лёгічнаму зьместу зусім ясныя, пэўныя і не патрабуюць дапаўняючага асьвятленьня, дадзеныя ім вобразы ўжо мастацка (а не лёгічна) дапаўняюць іх.

У вывучаных поэмах мы знаходзім толькі прыклады другога парадку: павеўна, як дасьпелы колас (135), абведзен быў высокім мурам палац, як той астрог, кругом (137), яна ішла за ім, як цень (138), Машэка... блукаўся, як цьма (139), расла ў ім помста, як зьмяя (140), зьмяніўся ўвесь, як воўкалак (140), твар, як лілея (147), з плеч сплываюць яе косы, як-бы сонца косы, і іскрацца, як на сонцы брыльлянцісты росы (147), увесь гарыць, бы ў жары (149), прыцягнулі Бандароўну к пану ў сьвятліцу, як праступніцу якую, ці як чараўніцу (151), у вочках толькі рдзяцца сьлёзы, як улетку росы (151), павалілась на зямельку, як бярозка бела (154), кроў чырвона блішчала па ўсёй сьцежцы, як раса на полі (155), краса б'е з князёўных зраніц, як блеск маланак развуглёны (193), барада, як сьнег белы—такая (217), сум і сьціша заляглі, як ночай (220), і інш.

З пункту гледжаньня тэматычнага, пададзеныя параўнаньні неаднолькавы. У большасьці з іх мастак дае вобразы высокай мастацкай яскравасьці і сілы (як дасьпелы колас, як лілея, як-бы сонца, косы, і г. д.); іх конкрэтнасьць поэтычнага характару, якая ўзвышаецца над узроўнем прадметаў, што нас атачаюць, штодзенных; яны—вынік мастацкай вынаходкі. У некаторых-жа выпадках (як той астрог, як цень, як цьма і інш.) вобразнасьць, наадварот, будзённага характару, для нас прывычная.

Па пабудове сваёй формы яны аднародны. У іх вобразы і прадметы зьвязаны аднакім дзеяньнем—адным агульным выказьнікам; гэта набліжвае іх адно да другога і скарочвае разьмеры іх мастацкага размаху.

Затым даволі значную групу сярод параўнаньняў паясьняльных складаюць такія, што маюць вобразы іх адцягненыя. Тэма-ж звычайна конкрэтных уласьцівасьцяй і не патрабуе дапаўняльных тлумачэньняў; дадзеныя ім вобразы, што ўзяты са сфэры адцягненых зьявішч, утвараюць эмоцыянальны вэлюм, якім зацягвае конкрэтныя рысы ў прадметах параўнаньняў. Гэткія параўнаньні: Аб ёй людзі гаварылі, як аб нейкім цудзе (147), а сягоньня-ж выглядае лепей, як заўсёды (148), задзіўляе ўсіх чыста, як зара якая (148), болей жалю меў (вецер) над ёю, як якія людзі (150), Натальку жыцьцë у ім цешыць не магло, за тую грэшную русалку—жывыя людзі і сьвятло (143) і інш. Адцягненасьць некаторых пададзеных вобразаў носіць асобны характар, бо вобразы іх самі па сабе маюць конкрэтны выгляд (зара, людзі), але яны атрымліваюць адценьне адцягненасьці, дзякуючы даданьню ім гэткіх слоў, як: якая, якія і г. д. У апошнім прыкладзе адцягнены характар надаюць вобразы, што ўзяты з баек і мітаў.

Рэшта відаў параўнаньняў гэтага-ж раду вельмі нямногалікая. Ёсьць некалькі прыкладаў параўнаньняў маторных: жыцьцё кіпіць, як у гаршку (145), мёд, віно ў жбанах б'е пенай, як-бы мора тое (152), замятушыліся, як пчолы (195), на вясельле-разгул наплыло, як на сход (216).

Ёсьць акустычныя: з грудзей гарачых звонкі голас зьмяняла ў песьню—як званок... (135), а быў другі і з ног і з рук, як гром з жывымі пярунамі (194).

Другую даволі значную групу складаюць параўнаньні эмоцыянальныя. Яны таксама рознародныя па характару свайго зьместу. Сярод іх ёсьць зрокавыя: як-бы ягнём, патульны быў (133), як сноп, зваліўся ўжо фурман (142), як маліны, яе губы (147), як дзьве зоркі, яе вочы (147), як палацам, хатай пахваліцца можа (202); маторныя: як пёрка носіць на руках (133), бы тую пёрынку птушыну, у сваю бярлогу яе нёс (142); адцягненыя: як-бы дзівы, ёй брэдні ўсякія складаюць (138), як мір-сьвет коціцца разгон і ў думцы казкай раздаецца (197).

Агульнае мастацкае значэньне эмоцыянальных эпітэтаў было ўжо адзначана. Што датычыцца тэлеолёгіі кожнай з адзначаных груп, то першыя дзьве маюць больш конкрэтны характар, паколькі зрокавасьць і маторнасьць больш рэальна адчувальны, чым вобразы, напрыклад, акустычныя або адцягненыя. У іх эмоцыянальнасьць мае больш рэзка абрысованы характар, чым у другіх, дзе яна прыймае расплыўчатыя і туманныя абрысы. Усе малюнкі параўнаньняў гэтага роду ўзяты мастаком са сфэры блізкіх штодзенных зьявішч (ягнём, сноп, зорка, пярун і г. д.). Дзякуючы гэтай уласьцівасьці самі вобразы набываюць такі-ж характар. Яны не вымагаюць высокай напружанасьці і ўспрыяцьця і неабходнасьці ўзмоцненай работы выабражэньня, выклікаючы "хутка" звычайны від знаёмага ўсім малюнку. Мастацкая значнасьць іх у гэтым выпадку нявысокай якасьці.

Асобную катэгорыю складаюць параўнаньні, якія займаюць па сваёй пабудове сярэдняе становішча паміж параўнаньнямі папярэдніх двух катэгорый—эмоцыянальнымі і паясьняльнымі. Вобразы разгледжаных ужо параўнаньняў адносяцца да поўнага разуменьня тэме ўсяго параўнаньня, якая выражана аднім ці некалькімі словамі. Гэтыя вобразы альбо папярэджваюць прадметы параўнаньня, як гэта мы маем у параўнаньнях эмоцыянальных, альбо наступаюць за імі, што мы назіраем у паясьняльных. Параўнаньні апошняй адмены маюць іншае пабудаваньне. Тэма іх выяўляецца звычайна некалькімі словамі, якія шчыльна зьвязаны паміж сабою і якія складаюць галоўныя часткі ўсяго сынтаксычнага цэлага. Вобразы гэтых параўнаньняў зьмяшчаюцца такім чынам, што падзяляюць тэмы параўнаньня—увесь слоўны выраз яе—на дзьве часткі, зьвязваючыся, аднак, як з першаю з іx, так і з другою. У выніку атрымліваецца схэма, у якой першая частка тэмы, выражаная ў тэй ці іншай слоўнай форме, праводзіцца параўнаньнямі паясьняльнымі, якія выяўляюць яе, значыць тут у наяўнасьці мы маем уласьцівасьці паясьняльных параўнаньняў. Затым той-жа вобраз аказваецца папярэджваючым другую частку тэмы, выконваючы ў стасунку да яе задачы ўжо эмоцыянальнай выразнасьці. Дзякуючы гэтаму, тэма параўнаньня аказваецца зьвязанаю адзнакамі эмоцыянальна-паясьняючага характару.

У залежнасьці ад таго, што паясьненьне можа быць ці мастацкім, ці лёгічным, і параўнаньні гэтага роду распадаюцца на эмоцыянальна-мастацкія і эмоцыянальна-лёгічныя. Так у параўнаньні: парасплеценыя косы, як тыя галінкі, леглі пасмамі хваліста тут-жа—ля дзяўчынкі (154) —тэму яго складае выраз—косы леглі; вобраз яго: як тыя галінкі, — якія знаходзяцца паміж прадметам і дзеяньнем яго і ў аднакай меры адносіцца да тога і другога. Але першую частку тэмы—косы—вобраз мастацкі тлумачыць, поэтычна выяўляе: парасплеценыя косы, як тыя галінкі, а другі—ляглі—надае эмоцыянальную выразнасьць: як тыя галінкі, леглі.

У поэмах Янкі Купалы ёсьць толькі параўнаньні эмоцыянальна-мастацкага характару. Гэта: з руты-мяты ёй вяночак вілі ў дамоўку, як карону каралеўне, клалі на галоўку (156), (Юрка) зьліўся, як за грошы, потым ды сьлязою (201), уся яго работа каля маткі-нівы, пойдзе, як у процьму, марна нешчасьліва (203), і сядзіць гэты сумны, як луна, белы дзед (217).

Дагэтуль мы мелі справу з гэткімі параўнаньнямі, што па сваёй знадворнай форме не вызначаюцца шырокімі памерамі. Як відаць з папярэдняга, іх асноўная частка, г. зн. вобраз, мае толькі адну самастойную частку сказу—дзейнік, супадаючы ў дачыненьні выказьніка з дзеяньнем тэмы параўнаньня, гэткім чынам і прадметы іх у разгледжаных прыкладах выражаюцца звычайна толькі адным сказам.

Але апроч гэтых выпадкаў у разгляданых тэмах ёсьць некалькі прыкладаў параўнаньняў разьвіненых. Гэта ўласьцівасьць разьвіненьня дасягаецца падвойным спосабам: альбо шырокім малюнкам вобразу, альбо намнажэньнем асобных параўнаньняў. Поэмы Я. Купалы даюць толькі некалькі прыкладаў першага парадку. Асаблівасьцю іх зьяўляецца вобразны малюнак, настолькі шырокі, што ён заводзіць увагу чытача ў бок і скружае яе на ім, прымушаючы забываць рэшту яго частак. У гэткай конструкцыі гэтыя прыёмы дапамагаюць мастацкай эмоцыянальнасьці поэтычнай мовы, мала даючы для выяўнасьці об'екту параўнаньня. Апошняя ўласьцівасьць іх зусім відавочна з таго, што, дзякуючы шырыні малюнку, сувязь паміж вобразам і тэмай у чытача амаль што зусім сьціраецца. Вобраз набывае значэньне самостойнай поэтычнай актыўнасьці, трацячы функцыі параўнаньня. Прыклады разьвіненых параўнаньняў: сама (Наталка) к бядзе пайшла сваёй... не прачувала горкай долі, якую лёс людзям нашле; раз, як пайшла ў двор, дык болей яе ня ўбачылі ў сяле. Сваю так сетку распускае на мух услужлівы павук, пакуль ня ўваліцца якая і ўсіх ня выведае мук (139), і стаіць яна прад панам, як калінка тая, што ў лузе, над ракою вецер пахіляе (152), сьпета Юркі песьня, ўсё пайшло па сьвеце: жонка у пясочку, людзям служаць дзеці... (203), так зьвярцелась прахам доля чалавека, так усё ідзе ў нас ад веку да века... (204).

На больш нізкім колькасным узроўні ў поэмах Я. Купалы знаходзяцца (перанясеньні), мэтафоры, г. зн. такія зьявішчы стылю, што зьмяшчаюцца ў поэтычна-паясьняльным выяўленьні вядомай тэмы пры дапамозе разуменьняў, якія знаходзяцца з ёю ў кроўных сэнсавых стасунках, ступень гэтых дачыненьняў можа быць рознастайнаю. Найбольшы лік мэтафор у поэме "Магіла льва". Большасьць іх вобразаў узята з прыроды, прычым мастак альбо ажыўляе, псыхолёгізуе іx, надаючы выгляд ажыўлёных прадметаў, альбо пры дапамозе рэальных малюнкаў конкрэтызуе зьявы адцягненага парадку. Прыклады мэтафор першага парадку: драмала пушча, у сотні гоняў, змагала громы і віхры (132), (пушча), на дрэва дрэва нагінала, адно к другому прыгняла, сукі з сукамі пасплятала і з ветрам гутарку вяла (132). А з пушчы вырваўшысь на поле шумеў і грозны слаў праклён, што не даваў яму лес волі—давіў гальлём з усіх старон (132), аб чым з сабой (Машэка і Наталка) тады ў дваёчку снавалі думкі, сеўшы ў рад,—пытаць аб гэтым трэба ночку і за вакном вішнёвы сад (134), сталетні ліпы ўкруг панура стагналі ночаю і днём (137), паціху толькі ў вёсках людзі маркотну гутарку вялі аб крыўдах тых, што ім на грудзі праз пана каменем ляглі (137). Сюды-ж далучаецца і малюнак ночы, пераносна жывы, у поэме „На куцьцю":

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срэбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася з цішынёй
І спавівае ўсё у чары.
Паўзуць і сеюць шорах свой
Старшым парадкам цені-мары.

Вылазе з цемры бледны звод,
Глядзіць сьліўнём на долы, горы.
І тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.
І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы (192).

Для другога віду мэтафор ёсьць гэткія выпадкі: няхай-жа гэтыя калосься (легенд) мінуць скараньне нябыцьця! (131), зьбіраць начнём зярно к зярняці, былое ў думках ускрашаць, каб быт на новы лад пачаці і сеўбу новую начаць (131), пачнëм дакопывацца самі разгадку нашых крыўд і бед, што леглі цёмнымі лясамі на нашай долі з даўных лет (136), каханьне ў сэрцы гэтак сеяў, а жаць пры плося пракляцьцё (137).

У песьні гусьляра ("Курган“) мэтафора гэткай формы набывае шырокія разьмеры, разгортваючыся ў вялікі малюнак:

Ты брылянтамі ўсыпаў атласы і шоўк―
Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў разьвіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.
Стол ты ўставіў ядой, косьці шмат пад сталом,―
Гэта косьці бядноты рабочай.
Пацяшаешся белым, чырвоным віном,―
Гэта сьлёзы нядолі сірочай.
Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфована цэгла і камень,―
Гэта памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта сэрц скамянеўшыхся пламень... (219).

Ёсьць яшчэ некалькі прыкладаў мэтафорных выразаў, якія ня вылучаюцца сярод іншых яскравасьцю сваіх вобразаў і складаюць прыналежнасьць штодзеннай мовы; гэта мэтафоры, што страцілі полыск (бляск) свайго вобразу: спаў Машэка вечным сном (144), сьпіць сном вечным Бандароўна (156) і інш. Сярод іх ёсьць такія, што блізкі да мэтафор народнай творчасьці: гэта ці навекі косьці парыць у зямельцы-маці? (153), спушчалі Бандароўну на той сьвет вялікі (157) і інш.

З боку мастацкіх уласьцівасьцяй гэтыя мэтафоры выконваюць пэўныя задачы; яны даюць яскравыя вобразы, якія ўзяты з сьвету конкрэтных зьявішч і якія рысуюць або мертвыя прадметы ў жывым выглядзе, або адцягненыя разуменьні ў рэальнай форме. Але самі па сабе мэтафоры, як прыёмы стылю, больш усяго па сваёй прыродзе, якая мае ў аснове нешта сымболічнае, характэрны для романтычнага кірунку.

З другіх зьявішч стылю ў поэмах Янкі Купалы трэба адзначыць гэткія прыёмы эмоцыянальнай мовы, як: паўтарэньні, воклічы, пытаньні.

Прыём першага роду―паўтарэньні, як ужо зазначалася, складае характэрную прыналежнасьць романтычнага стылю. Але ў разгляданых творах ён мае толькі адзін прыклад. Сюды адносіцца гэткі выпадак. У поэме "На куцьцю" першы і апошні разьдзелы (І і XІІ) маюць у сабе апісаньне абразоў ночы; у першым выпадку мы чытаем:

На небе зоры ўжо місцяць,
На полі срэбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася з цішыней і г. д

У другім:

Плыве шумліва, як рака,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач адзначае.
Залопаў крыльлямі пятух... і інш...

Такім чынам тэматычна абодва разьдзелы знаходзяцца ў пакравенстве. Мы маем у гэтым выпадку паўтарэньне сэнсавага характару. Блізкасьць іх, апрача таго, падтрымоўваецца і з формальнага боку: той і другі разьдзел закончваецца адным і тым-жа чатырохрадкоўем:

І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царства ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

У заключнай страфе пераменен толькі першы верш чатырохрадкоўя:

І так і гэтак свой прыгон...

Такім чынам, адзначанае паўтарэньне па свайму характару зьяўляецца кальцавым: яно абкружае гэтую поэму разьдзеламі з "паўтаральным" зьместам і паўторнаю заключнаю страфою.

Пытальныя сказы ў поэмах Я. Купалы таксама выконваюць функцыі эмоцыянальнага характару, але розныя па свайму зьместу.

У адных выпадках поэта, парушаючы "эпічнасьць" выяўленьня прадметаў вонкавага сьвету, зварачаецца да чытача з пытаньнем, якое знаходзіць адказ і тлумачэньне далей. Пры гэтакай форме выяўленьня мы маем два моманты: спачатку―уласнае я мастака, якое выражана ў пытальным сказе, зьвернутым да чытача альбо да самога сябе, што і ўтварае, менавіта, лірычны момант твору; пасьля―апісаньне вобразу з вонкавага сьвету, што складае зноў эпічны працяг яго. Так, у поэме "Магіла льва", аўтар, расказваючы гісторыю Машэкі, у паасобку, абрысоўваючы яго характар і натуру, перажывае свой твор пытаньнямі:

Чаму ён так зьмяніўся з часам,
Што да разбойства давяло,
І да крыві людзкой стаў ласым,
Свае пакінуўшы сяло?
Ці дома хлеба меў замала,
Ці крыўду вызнаў ад каго,
Ці мо' прастору не ставала,
І ў пушчы стаў шукаць яго?

Адказ наступае непаспрэдна:

Ўсё гэта ня было прычынай,
Але, як вестка падае,
Была прычынаю дзяўчына.
Машэка згінуў праз яе.

Асабліва многа пытаньняў у поэме "За што?" Тут эмоцыянальнасьць мовы, якая выражана лірычнымі пытаньнямі самога аўтара, паказана шматлікімі прыкладамі. Асабліва частыя яны ў той частцы поэмы, што апісвае цяжкае становішча Юркі, які па загаду новага пана павінен пакінуць сваю гаспадарку. Аўтар некалькі раз перарывае сваё апавяданьне, задаючы чытачу свае пытаньні: Юрку загадалі выбрацца з яго хаты.

А ці-ж лёгка гэта?

задае пытаньне мастак і тут-жа адказвае на яго:

Дык хто з вас ня знае,
Як наш брат к зямельцэ
Быццам прырастае... і інш.

Альбо далей. Юрка, судзячыся з панам, робіцца ўсё бяднейшым і бяднейшым. Аўтар перарывае:

Дзе той спрыт падзеўся,
Дзе тое здароўе?

Пытаньне застаецца бяз простага адказу. Далей зноў эпічнае апавяданьне:

У хаце непарадкі,
Проста, безгалоўе і г. д.

Канчаючы сваю поэму, аўтар зноў зварочваецца з пытаньнем да чытача:

Можа хто ня верыць
Гэтай песьне сьлёзаў?

Адказвае:

Дык паслухай толькі
Гоману бярозаў і інш.

У другіх выпадках пытальныя сказы падаюцца ад гэрояў і складаюць ужо прыём для выяўленьня жаданьняў і настрояў у размоўнай форме дзеючых асоб. Размова іх, дзякуючы наяўнасьці пытаньняў і адказаў, набывае эмоцыянальна-ўсхваляваны характар. Прыклад гэткага роду пытаньняў мы маем у песьні гусьляра („Курган"). Пясьняр задае князю шэраг пытаньняў:

А ці чуў ты, аб чым там араты пяе?
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?
Ці-ж прыгледзіўся, хорамны княжа? і др. (218).

Гэтыя пытаньні застаюцца без адказу.

Праз вусны князя падаецца таксама шэраг пытаньняў, зьвернутых да гусьляра:

Што-ж маучыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песень-бай,
Славай хат маіх падданых слаўны?

У поэме "На Куцьцю" і "Бандароўна" таксама ёсьць некалькі пытальных сказаў, якія надаюць размове адценьне ўсхваляваньня.

Часьцей спатыкаюцца ў поэмах Я. Купалы клічныя сказы. Самым звычайным тыпам іх зьяўляюцца такія, у якіх поэта вылучае, шляхам клічу, найбольш важныя моманты ў тэматычным складзе твору. Гэтым шляхам ён надае выяўленьню ўзвышаную ўражлівасьць у параўнаньні з эпічным тонам усяго твору.

У поэме "Бандароўна", дзе клічы асабліва шматлічны, гэты прыём ужываецца ў тых месцах, дзе апавяданьне, дзякуючы шчапленьню акалічнасьцяй, дасягае значнай напружанасьці. Так, апісваючы прыгожасьць гэроіні і жадаючы паказаць яе высокую ступень, аўтар канчае свой расказ аб гэтым клічным сказам:

Хараства такага ў сьвеце
Ня было, ня будзе...
Рост высокі, стан павабны...
Як ідзе яна, бывала,
На бок каралеўна! (117).

І далей, адзначаючы асаблівую прыгожасьцю Бандароўны ў той момант, як яна выступае ў пачатку поэмы, аўтар зноў заканчвае гэтае апісаньне клічным сказам:

А сягоньня-ж выглядае
Лепей, як заўсёды...
Задзіўляе усіх чыста.
Як зара якая...
Ой, гуляй-жа, Бандароўна,
З вечару да ранку! (148).

Таксама, калі пан Патоцкі хоча зьвярнуць увагу Бандароўны на сябе і

Цалаваць, абняці хоча,
Ажно глянуць стыдна...

пісьменьнік перарывае сваё апавяданьне грознаю перасьцярогаю:

Асьцярожна, пан Канеўскі!
Будзе ліка, будзе,
Не забудзься, што сумленьне
Есьць і ў простым людзе! (148)

У такой-жа форме перасьцярогі паўтараецца некалькі і далей:

Асьцярожна, ясны пане,
З грозьбамі сваімі! (149)

Ёсьць і яшчэ шэраг прыкладаў гэткага-ж характару для гэтага прыёму (стар. 149, 150, 154, 155, 157).

Багата клічаў і ў поэме „Забытая скрыпка" асабліва ў той яе частцы, дзе выкладаецца песьня, якой акомпануюць на "Забытай скрыпцы":

Слаўся, сьвятая дабыча!
Пан я сягоньня ўсіх ніў!
Песень маіх не паліча
Той аж, хто зоры зьлічыў!
Птушкаю з выраю буду.
Пеці зязюлькай пачну.
Радаўніц жалямі люду.
У вочы цікава зірну!..
Грай-жа ты, скрыпка жывая,
Кожнай разходзься струной!..
Гэй-жа, за мною, са мною!
К сонейку шлях пакажу!

У рэшце поэм клічныя сказы таксама ёсьць, але ў значна меншай колькасьці ("Магіла льва", стар. 135, 136, 137, 146; "На куцьцю" ― 194, 195; "Курган" 217, 218, 219, 220).

З агляду разгледжаных прыналежнасьцяй стылістычнай композыцыі відаць, што поэта карыстаецца ў сваёй творчасьці адначасна прыёмамі стылю клясычнага і романтычнага. Лікавая пераважнасьць, аднак, належыць прыёмам другога парадку.

V.

Асаблівасьці тэматыкі ў поэмах Я. Купалы іх композыцыйнага пабудаваньня, а таксама і зьяў стылістычнага характару прымушае дасьледчыка бачыць у гэтых творах наяўнасьць двух, аб якіх ужо гаварылася, стыляў літ-ры, якія прыведзены, аднак, да пэўнага гармонічага сынтэзу.

Стыль першага парадку―клясычны―характарызуе сабою толькі некаторыя зьявішчы тэматыкі і формы разгледжаных поэм. У гэтым кірунку характэрную прыналежнасьць іх складае манера падзяленьня ўсіх гэрояў на дзьве групы―пэрсонажаў з дадатнімі рысамі з сялянскага асяродку, і з адмоўнымі―з вышэйшае клясы. Гэтая рыса, як вядома, зьяўляецца свайго роду condіtіo sіne gua non клясычнай поэтыкі. Прыемы выяўленьня дзеючых асоб таксама зьяўляюцца характэрнымі для гэтага-ж стылю. Як вядома, мастак абрысоўвае сваіх гэрояў толькі ў агульных рысах, адзначаючы пры гэтым у іх характары і уласьцівасьцях толькі рысы ідэалізуючага парадку; асабліва гэта трэба сказаць аб гэроях з дадатнымі рысамі. У гэрояў з адмоўнымі бакамі—даволі пуката выступае некаторая аднароднасьць і аднастайнасьць у тых якасьцях іх натуры, насіцелямі якой яны зьяўляюцца. Сама манера эпічнага апавяданьня—об'ектыўнага апавяданьня, якая набліжвае поэмы да гэроічных эпопей, таксама ўласьціва галоўным чынам клясычнаму кірунку. Сюды-ж належыць і пасьлядоўнасьць апавяданьня, якая разгортвае перад чытачом адзін вобраз за другім, у парадку іх хронолёгічнай і лёгічнай паступовасьці.

Другія зьявы формы, а таксама і тэматычны бок поэм поўнасьцю характарызуюцца наяўнасьцю стылю другога парадку, стылю романтычнага.

Тэматыка поэм Я. Купалы значна адрозьніваецца ад зьместу эпопэй клясыцызму. Там, як вядома, абрысоўваецца здарэньне высокай важнасьці або нацыянальнага, або гістарычнага парадку. Звычайнымі мотывамі ў іх зьяўляюцца вялікія нацыянальныя войны і выдатныя праслаўленыя гэроі з іх высокімі ўчынкамі і непараўнанаю адвагаю. Тут-жа, у поэмах Я. Купалы, фабула новэльлістычнага парадку. Дзеяньне грунтуецца на фактах індывідуальнага жыцьця гэрояў, якія ня маюць высокага значэньня ў нацыянальнай і політычнай гісторыі народу. Гэта—асобныя асабістыя выпадкі, якія, аднак, афарбоўваюцца ў значнай меры фарбамі соцыяльнай уласьцівасьці. Гэтая соцыяльнасьць, як проблема чалавечай культуры і жыцьця, надае, аднак, фактам індывідуальнага быцьця гэрояў, якія знаходзяцца ў аснове поэм, уласьцівасьці пэўнай высокасьці і значнасьці сфэры адносін культурнага характару. У гэтых уласьцівасьцях чуецца аддаленая рэміністэнцыя аб высокіх тэмах эпічных твораў клясыцызму, але гэты водгук нязначнай сілы і напружанасьці. У агульным выніку тэматычны бок належыць стылю романтычнаму. Прычым у разьбіраных поэмах яна падзяляецца нераўнамерна. Калі з гэтага пункту гледжаньня разгляданыя творы разьмясьціць у адпаведным лёгічным парадку, то на больш далёкай адлегласьці ад романтычнага ўплыву акажуцца поэмы: „Бандароўна", "За што?“, "Курган", "Магіла льва" і на значна блізкай—поэмы "Забытая скрыпка" і "На куцьцю". Тэматыка гэтых двох твораў, што прыймаюць часта фантастычныя ўласьцівасьці, носіць пэўны романтычны характар, значна набліжаючыся да такіх жанраў гэтага стылю, як баляды. Асабліва гэта трэба сказаць аб поэме, "На куцьцю", якая носіць у значнай мэры балядны характар.

У дачыненьні формальных зьяў стыль гэтага парадку характарызуе наяўнасьць у поэмах стыхій лірычнай і размоўнай, якія, як было зазначана раней, уносяць у об'ектыўнае апісаньне паступова разьвіваючыхся здарэньняў пэўную ўсхваляванасьць і напружанасьць.

Стылістычнае пабудаваньне гэтых стыхій таксама зусім суладжана з іх агульным характарам. Як размова, так і лірычныя адступленьні пабудованы на зьявішчах, якія выклікаюць эмоцыянальную напружанасьць; ужо гаварылася, што тая і другая стыхія ўжываюцца мастаком у тых выпадках, калі здарэньні твораў дасягаюць верхавіны свайго разьвіцьця і ў самай прыродзе ўжо заключаюць значную частку афэктацыі і страсьці. Гэтыя настроі ахопліваюць і гэрояў, што рушаць дзеяньне, утвараючы ў агульным выніку настрой дэклямацыйнага пафасу. Для выражэньня гэтай падкрэсьленай экспрэсыўнасьці мастак ужывае такія мастацкія прыёмы стылю, якія, менавіта, і перадаюць эмоцыянальную настроенасьць, гэта — пытаньні, клічы, звароты і г. д.

Ужываньне асобных зьявішч стылю таксама вызначае, менавіта, романтычную манеру творчасьці нашага пісьменьніка. Ужо было зазначана, што пераважная большасьць эпітэтаў эмоцыянальнага характару, таксама і параўнаньні ў гэтых поэмах у значнай меры сочаць задачы эмоцыянальнай выяўнасьці. Паясьняльныя параўнаньні зрокавага характару, а таксама моторнага, што сочаць мэту плястычнай абрысоўкі прадметаў і характарызуюць стыль клясычны, значна ўступаюць па сваёй колькасьці агульнаму ліку эмоцыянальных параўнаньняў розных відаў; яны гінуць у агульнай масе эмоцыянальных прыёмаў выяўленчай мовы аўтара і ня вылучаюць яскрава і пуката ўласьцівасьцяй клясычнае поэтыкі. Рэшта прыёмаў стылю: мэтафора, паўтарэньне, клічы і пытаньні—у значнай сваёй частцы таксама выконваюць задачы эмоцыянальнага ўплыву на чытача.

Композыцыйнае разьмеркаваньне гэрояў і адносіны іх між сабою зноў характэрны для поэмы, менавіта, романтычнай, такой, што закрасавала асабліва пышна ў эпоху байронізму эўропэйскай літаратуры.

Вызначаючы больш конкрэтныя сувязі паміж поэмамі Я. Купалы і творамі адпаведных стыляў у літаратуры эўропэйскіх народаў, мы павінны перш усяго адзначыць у гэтай галіне пэўную блізасьць іх да таго літаратурнага кірунку, які прынята называць байронізмам. Больш блізкія адносіны да твораў нашага мастака мае тая плынь яго, якая знайшла сваё выражэньне ў літаратуры расійскай і польскай.

Пералічаныя намі асаблівасьці ў стасунку ідэёвасьці і формы, якія характарызуюць стыль романтычнага характару, складаюць належнасьць, менавіта, поэму байронічнай. У формальным стасунку, часткова і тэматычным, разгледжаныя намі поэмы Янкі Купалы блізкі да байронічных поэм у літаратуры расійскай, а таксама і польскай.

З гісторыі расійскай романтычнай поэмы, якая разьвінулася ў пэрыод 20-30 гадоў мінулага стагодзьдзя на тым-жа байронічным грунце, працягваюць свае зьвязваючыя ніткі да поэм Я. Купалы, галоўным чынам, у стасунку формы, а часткова і зьместу, гэткія творы, як „паўднёвыя" поэмы Пушкіна ("Каўкаскі Пленьнік", "Брацьця разбойнікі"). Сюды-ж далучаецца і цэлы шэраг романтычных поэм з асновамі разбойнічага характару. Гэткія таксама поэмы цяпер забытых аўтараў, як „Разбойнік" Машкова, "Пяшчэра Кудзеяра" Сьцяпанова, "Братаўбійца“ Губэра, "Сцэна ў цямніцы" Апалёна дэ*** і інш. Трэба адзначыць, што аснова гэтага роду была асабліва популярная ў сусьветнай літаратуры, і традыцыі яе даходзяць да "Разбойнікаў" Шылера, "Праматерии" Гільпарцера, роману Пушкіна „Дуброўскій" і інш. Але трэба яшчэ раз падкрэсьліць, што гістарычныя традыцыі захоўваюцца галоўным чынам, у межах формы, г. зн. у стылі і сюжэтным пабудаваньні. Тэматыка поэм нашага мастака знаходзіцца значна далей. У гэтым кірунку яна бліжэй да сучаснай расійскай поэмы, якая, як гэта можна назіраць, цяпер зноў становіцца гэроіняю сярод сучасных літаратурных жанраў. Поэма цяпер пачынае займаць адно з галоўных месц. І калі гэтыя поэмы нашай сучаснасьці параўнаць з поэмамі Я. Купалы, якія мы вывучаем, то акажацца, што ідэёвы бок тых і другіх значна блізкі адзін да другога. У іх таксама разглядаецца пераважна тэмы соцыяльнага характару. Зразумела, па характару зьместу соцыяльнасьць поэм Я. Купалы і поэтаў сучасных рознага характару. Калі ў першых разьбіраецца соцыяльнасьць ва ўмовах мала выгадных для барацьбы да яе, то ў другіх яна выводзіцца ў вобразе, як апофеоз яе перамогі.

З твораў польскай літаратуры бліжэй усяго стаяць да твораў нашага мастака, зноў такі ў стасунку формы, поэмы польскіх мастакоў, г. зв. Украінскай школы, гэта „Мар'я" Мальчэўскага, "Канёўскі Замок" Гашчынскага, "Баллядына" Славацкага, "Дума аб Вацлаве", "Казакі і Украіна", „Русалка" Залескага і інш.

Такім чынам, калі байронічная поэма ў тым ці іншым выглядзе была свайго роду традыцыйным для поэм Я. Купалы элемэнтам, які, аднак, атрымаў у яго індывідуальнае дастасаваньне, то ў стасунку да поэмы сучаснай гэтыя творы нашага мастака аказваюццца ўжо тыповаю зьяваю, характэрнаю для росквіту, які пачынаецца ў межах літаратуры сучаснай.

Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу композыцыйнага пабудаваньня і стылю разгледжаных поэм зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры эўропэйскай.


  1. Fr. Schіller. Über naіve und sentіmentalіsche Dіchtung. Іn den "Horen" 1795-96.
  2. Cp. F. Strіch. Deutsche Klassіk und Romantіk oder Vollendung und Unendlіchkeіt eіn Vergleіch. Munchen, 1922.
  3. Fr. Nіetzsche. Über das Apollonіsche und Dіonysіschen. Geburt der Tragödіe. 1870-71.
  4. Worrіnger. Abstraktіon und Eіnfühlung. München, 1908; 9 Aufl., 1919.
  5. Os. Spengler. Untergang des Abendlandes. München. 1. Bd. 1918, 2. Bd. 1922.
  6. H. Wolfflіn. Renaіssance und Barock. München. 1915; Kunstgeschіchtlіche Grundbeg.іfte. München, 1915.
  7. Поэмы: "Магіла льва" (стар. 131-146) і "Бандароўна" (стар. 146-158) цытуюцца па выданьні: "Янка Купала. Спадчына". (Менск 1922 г., а поэмы "За што? (ст. 200-204), "Курган" (ст. 215-220), "Забытая скрыпка" (197-200), "На куцьцю" (192-197) па выданьні: "Янка Купала. Шляхам жыцьця". (Пецярбург, 1913 г.).

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.