Зачарованы край Абмылка
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Госьць (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Абмылка

I

Туман коціцца ў даліне.
Ціхне птушка на галіне.
За гай сонейка заходзіць.
Вечар летні надыходзіць.
Цень даўжэе пад лясочкам.
Ветрык вее халадочкам.
А з-пад логу, а з-пад рэчкі
Бягуць сытыя авечкі,
Падымаюць пыл аблокам.
А за імі бокам-скокам
Пастушок памалу йдзе
І у дудку сваю дзьме.

А за ім пад касагорам,
Сыпіць, смаліць крокам скорым
Падарожнік адзінокі, —
Статны радасны, высокі.
То падкіне ўверх хатулку,
То падскочыць, стукне гулка
Цьвёрдым ботам аб каменьне,
То зірне на загуменьне,
Засьмяецца, засьпявае,
Ўсё на хатку паглядае,
Што за выганам стаіць,
Дахам мшалым ў бок глядзіць.

„Эх, жыцьцё, эх, лёс батрацкі!
Ужо даўненька ў край чужацкі
Я паехаў шукаць хлеба,
Тут пакінуў родну глебу
І бацькоў старых у горы,
Зарабляў я шмат за морам.
Штосьць да хаты пацягнула.
Ажна сонейка зірнула
Весялей у родным краі…
Кожна дрэва — брат у гаі“.
Ад уцехі рвецца стогн,
Аж сьлязу пускае ён.

„Край мой бедны! родна поле!
Не забыў я вас ніколі.
На далёкай на чужыне
Жыў я, нібы ў дамавіне, —
Так хацелася да хаты,
Там, дзе матка, стары тата;
Там, дзе рэчка пяе песьні,
Дзе душы у целе цесна
Ад вясёласьці бязьмежнай;
Там, дзе вецер ўзімку сьнежну
Кажа казкі па палёх,
Веець, сьвішча па лясох“…

„Там, дзе сонца грае ўлетку;
Дзе зялёныя палеткі
Вабяць вока хлебароба,
Дзіўна хмеліць цьвяток бобу
На гародзе. А пастушкі
Пяюць песьні-весялушкі.
Ганулька мая міла
Ўжо, мабыць, мяне забыла…
Выйшла замуж за другога, —
Небарака прэч з дарогі!
Што мне грошыкі мае
Бяз любові без яе?“…

„Але ёсьць адна пацеха —
Старыкоў сваіх бяз грэху
Трымаць буду я ў пашане,
У заможным, добрым стане.
Хату новую збудую.
Эт! Дарэмна я бядую.
Як куплю зямлі з валоку,
Дык тады пускайся ў скокі.
Нажыву і гаспадыню —
Працавітую дзяўчыну…
Ці спазнаюць бацька, маць?
Буду ўмысьне я маўчаць“.

„Потым радасьці двайныя
Будуць мець мае старыя.
Ўсім хваліцца пачне тата.
Жарты — сын такі багаты.
А матуля па суседках
Будзе баяць нават дзеткам.
Што сынок такі удалы,
Мае грошы ён ня мала.
І гаворкі-пагалоскі
Жыва пойдуць з вёскі ў вёску.
Склічу ўсіх у кут у свой
Вот жа-ж будзе пір гарой!“

Вось туды бяжыць ня ў меру,
Адчыняе хутка дзьверы.
Кажа: „Пахвалёны, маці!
Мо‘ тут можна начаваці?“
— „Мы людзей не выганяем.
Чым мы можам, тым прымаем!“ —
Адказуе яму з печы
Стара бабка. „Толькі нечым
Накарміці — небагаты
Наш куточак, наша хата.
Вось нядаўна у лясок
Па сукі пайшоў дзядок“.

Як пачуў ён голас маці,
Захацелась абыймаці,
Цалаваць яе бяз конца
І сказаць: „О, матка сонца!
Як я рад, што цябе бачу!
Я ад шчасьця чуць ня плачу“.
Але, не! — я пачакаю
Аж да заўтра і спазнаю,
Як бацькі адны жылі тут,
Гаспадарку як вялі тут.
Не спазнала сына ў ём, —
Яго сэрца — хадыром.

„Дзякуй, маць, за добра слова, —
Я і сыты і здаровы.
А чаму, кажы мне, матка,
Так пустая ваша хатка?
Ці-ж да тога давялося,
Што пад старасьць няма лёсу,
Няма сына маладога,
Працавітага якога,
Хто-б да вашай да магілы
Шкадаваў бацькоўскі сілы?
Мне вас шкода, далі пан!“
Скінуў клунак на тапчан.

Ўсе куты абвёў ён вокам,
Да стала прысеў ён збоку.
Вось бабуленька старая
З печы ціханька зьлязае,
Апаведаць пачынае,
Што і сына яна мае,
Толькі кепскія часіны
Не давалі жыць тут сыну,
Хлеба-солі было мала
І дзіцятка галадала.
Вось і будзе ўжо шмат лет,
Як пайшоў сынок у сьвет.

Захацеў ён шукаць долі
На чужым, далёкім полі.
Мо й ня вернецца ніколі,
Не пабачым яго болей.
Ён, мабыць, аб нас ня дбае,
Весткі на‘т не прысылае.
Вось пацехі мае многа
Ад дзяцей сваіх убогі
Грэюць, няньчаць маткі грудзі,
А як выйдуць дзеткі ў людзі,
Пакідаюць для пакут
Старыкоў і родны кут.

Хусткай вочы трэць бабуля.
Вось прыходзіць і дзядуля.
Стары лыпае вачыма.
Ці знаёмы? немагчыма!
То яму здалось, няйначай,
Мабыць вока кепска бача:
Дзяцюк мае падабенства
Да йго сына, што з маленства
Ў сьвет пайшоў… І чуць стрымаўся
Госьць. Маўчаў… Ён ня прызнаўся.
Цяпер ціха буду спаць,
Бацькі заўтра будуць знаць…

Дзед бабулю сваю кліча.
Госьць тымчасам грошы лічыць:
Хай-жа знаюць, што багаты, —
Маю золата, дукаты.
Дзеда золата варожыць,
Адарваці воч ня можа,
Ажна сьлінкі ён пускае,
Цяжка, цяжка, уздыхае.
„Ой, на старыя на леты,
Кабы меў я грошы гэты!“
У вачох злы аганёк.
Бабу ён таўчэ у бок.

Думкі гідкія, як зьмеі,
Думкі чорныя, страшныя
Ахмялілі глузд старога
І зьвялі яго з дарогі.
Дабрадзеяў з справы гэтай
Многа згінула са сьвету.
Грошы раптам як закруцяць,
Як зазвоняць, збаламуцяць,
Як пачнуць сваё ігрышча —
Пападзеш у іх багнішча.
Дзед на‘т мухі не чапаў,
Ды у сетку вось папаў.

„Грошы мне нагвалт патрэбны“, —
Думаў дзед. І смак іх хлебны
Так завабіў, што дзед сівы
Аж спалохаўся ад дзіва.
Што мне грошы? — Я бяз сілы,
Хутка трэба йсьці ў магілу.
Але маладога сына
Маю недзе на чужыне.
Там працуе ён да поту
У бядноце, у турботах
Для яго, каб лёс знайсьці,
Я гатоў на грэх пайсьці“…

„Мо‘ дамоў ён прыдзе хутка,
Дык паправіць жыцьце тутка,
Адсапнецца ён ад мукі,
Адпачнуць ад працы рукі.
Хай ён ведае, хай знае,
Што аб ім не забывае
Стары тата. Не загіне
Тады хлопец, і дзяўчыну
Сабе выбяра любую.
Эт! на шчасьце папрабую…
Маю-ж сына аднаго —
Папрацую для яго“…

Госьць, злажыўшы грошы ў жмені,
Сунуў кучамі ў кішэні.
Раз, другі зяўнуў на лаве
І прылёг. Камарык жвавы
Загудзеў над самым вухам.
Падарожны, што ёсьць духу,
Захрапеў пад старым „Спасам“.
Старыкі мае тымчасам
Між сабою штось шапталі
Ды на печы штось шукалі.
Потым сьціхлі, прыляглі,
Болей шэптаў не вялі.

II

Туман коціцца ў даліне.
Сьпіць пяюшка на галіне.
А за гаем месяц ўсходзіць,
Серабром па небе водзіць.
Рэчка сьпіць пад касагорам,
Сваё люстра ставіць зорам —
Хай любуюцца пякнотай,
Хай любуюцца ў ахвоту
Ціхім гаем, ціхай вёскай,
Малой траўкай, сьветлай роскай.
Аб нябёснай вышыні
Хай пяюць у цішыні.

Поўнач. Месячыку з неба
Заглянуць усюды трэба.
Коскай у шыбу хаткі меціць,
У каморцы слаба сьвеціць.
А на лаве пад „бажніцай“
Падарожніку штось сьніцца.
Ён мармоча, балабоча
І падняцца з месца хоча.
Нешта цяжка ён ўздыхае,
Вочы раптам адчыняе,
Зноў іх сплюсьне, моцна сьпіць,
Дамавік на ім сядзіць.

Смочка кроў і душыць грудзі.
Госьць крычыць: „Ратуйце, людзі!“
Б‘е спрасонку ваўкалака
І крывавы бачыць макі
А на печы дзед нож точыць.
І чатыры злыя вочы
На тапчан стуль паглядаюць,
Як-бы шротам прабіваюць
Дзяцюка агнём зялёным,
Па вядзьмарску запалёным…
Баба — ведзьма. Дзед, як зьвер.
Цяжка іх спазнаць цяпер.

Вось абое крокам спрытным,
Крокам ціхім, крокам скрытным,
Як-бы скачучы ў забаве,
Падыходзяць да тэй лавы,
Дзе дзяцюк у новай сьвітцы
Ля стала сьпіць пад „бажніцай“.
Дзед бліскучы нож трымае,
А бабуля сярпом граe.
Раз і два нажом у сэрца —
Дзед гасьця прыбіў да сьмерці,
А бабуля, торк сярпом —
Палілася кроў руччом.

А гасьця і стогн адзіны
Не раздаўся у хаціне.
Так дзяцюк у сьне бясьпечным
Перайшоў у сон той вечны,
Дзе ніколі не прачнецца
І на кліч не адзавецца.
Старыкі яго схавалі,
Машну золата забралі,
Доўга мылі кроў густую,
Стол чырвоны, лаву тую.
Як збляднеў паўночны цень,
Яны спаць ляглі пад дзень.

III

Туман нікне на даліне.
Пяе птушка на галіне,
Сонейка па небе грае,
Шлях свой яркі адзначае
Цёплай коскай, шчаснай коскай.
На лагчыне сохнуць роскі.
Вось араты йдзець у поле.
А дзяўчынанька на волі
Пяе песьні веснавыя.
Пяе песьні залатыя.
У хаціне дзед сядзіць,
Лічыць грошы і маўчыць.

А бабуля есьці варыць,
На патэльні сала скварыць.
Між сабою ані слова.
За дзьвярыма: „Гэй, здарова!“ —
Хтосьці крыкнуў ды ў камору.
„Пахвалёны!“ — хтось гавора.
Бабы, мужыкі і дзеці,
Пруцца ў хату. Недзе дзецца.
Паглядаюць асьцярожна.
„Дзе ваш госьць? — пытае кожны. —
Што-жа ты маўчыш, дзядок?
Дзе схаваўся твой сынок?“

„Хочам ведаць мы навіны,
Што за нашаю лагчынай
Дзеецца на белым сьвеце?
Ці мо‘ сын твой у прымеце
Мае з намі ня мець дзела?
Цяпер дзеці ашалелі.
Хто вяртаецца з чужыны —
З роднай маткі строіць кпіны“.
— Ці то сын наш? — дзед шапоціць.
Ў бабы зуб аб зуб малоціць.
Людзі на гарод пайшлі
І забітага знайшлі…

Пасадзец. 1918 г.