Правакацыя беларускага народу

Чаму гэта так сталася? (1931) Правакацыя беларускага народу
Брашура
Аўтар: Фабіян Акінчыц
1933 год
Аграрна-коопэратыўная палітыка будучыні (1936) →

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ф. АКІНЧЫЦ.


ПРАВАКАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА
НАРОДУ

(ДА СПРАВЫ Б. СТАРШЫНІ ГРАМАДЫ Б. ТАРАШКЕВІЧА).



Цана 40 гр.



ВІЛЬНЯ 1933

Друкарня У. Знамяроўснага, Домініканская 12.

На балонцы 33 папраўце наступныя памылкі:
14 радок знізу. Надрукована: „бліжэ ў акрэсьляны“
Павінна быць: бліжэй не акрэсьлены.
5 Надрукована: „яна пабачыць“
Павінна быць: яны пабачаць.

* * *

Апошні працэс б. старшыні Грамады Бр. Тарашкевіча, які адбыўся ў Вільні ў канцы лістапада 1932 г., выклікаў зусім зразумелае зацікаўленьне.

Гэты працэс, на нашу думку, павінен быць у вачох нацыянальна- сьведамага беларускага грамадзянства канчальнаю кампрамітацыяю як самаго Тарашкевіча, так і таго кірунку беларускай політычнай думкі, каторую ён рэпрэзэнтаваў.

Выявілася, між іншым, з поўнаю вачавіднасьцю—якую двузначную ролю ў нашым грамадзкім жыцьці адыгрываў той чалавек, каторага многія лічылі барацьбітам за беларускую нацыянальна-адраджэнскую ідэю, чалавекам, кіраваўшымся выключна сваімі ўласнымі, незалежнымі думкамі і ня здольным на якія—небудзь палітычныя авантуры.

Ягонаму слову верылі беларускія народныя масы і верылі яму тады, калі ён зусім выразна запэўніваў усіх, што Грамада зьяўляецца арганізацыяю самастойнаю, ня маючаю нічога супольнага з камуністычнаю партыяю…

Нават пасьля апошняга ягонага суду, калі выкрыліся бясумліўныя факты, устанаўліваючыя цесную ягоную сувязь з Камінтэрнам, многія з ліку тых, каторыя прывыклі муціць ваду ў грамадзкім жыцьці,—стараюцца і цяпер надаць некую туманную характэрыстыку ўсяму таму, што прарабляў гэты чалавек, ператварыўшыся ў звычайнае снарадзьдзе варожых да беларусаў сілаў.

Беларускі Звон“ (б. „афіцыёз“ полёнофільскай групы Луцкевіча) заняў у гэтай справе найбольш выразную пазыцую, пасунуўшыся ў абароне Тарашкевіча так далёка, што стараўся нават паставіць яго на „ пьедэстал“ як „героя — мучаніка“, паўшага быццам ахвяраю камуністычнай партыі, якая „у машэнскі спосаб выкарыстала“ яго імя…

Шмат каму залежыць на тым, каб Тарашкевіч і далей карыстаўся апініяю ідэёўца — незалежніка, арганізацыйна нічога супольнага ня маючага з камуністамі, за каторым трэба ісьці ўсім тым, хто хоча дабра для Беларускага Народу. Толькі такі сэнс маюць усе тыя артыкулы, як віленскай камунізуючай прэсы, так і замежнай, прысьвечанай справе Тарашкевіча.

Зусім іншы выгляд яна мела-б тады, калі-б напрыклад, ён сам выразна і аткрыта заявіў, што зьяўляецца актыўным сябрам Камуністычнай партыі і ўсё тое, што рабіў за апошнія часы — рабіў у парадку „партыйнай дысцыпліны“.

Між іншым, падобнае становішча было-б з грамадзкага пункту гледжаньня куды больш прызваітым ад таго, каторае ён заняў падчас апошняга працэсу, поўнасьцю выявіўшы сваю Камуністычную ідэолёгію і адначасна выракаючыся таго, што лёгіка выплывала з гэтакай ідэолёгіі.

Зразумела што, аткрытае выяўленьне ўсіх закулісовых бакоў сваей грамадзкай працы выклікала-б вялікую „рэвалюцыю“ сярод беларускага грамадзянства, яскрава даводзячы — якую запраўды маккіявэлявую палітыку могуць правадзіць камуністы на нашых землях.

Гэта вельмі добра разумеюць пратэктары і абаронцы Тарашкевіча і дзеля таго стараюцца ў даволі спрытны спосаб больш рэльефна размаляваць тую частку ягонай працы, каторая павінна была насіць нацыянальна-беларускі характар і каторая ў апошнія часы, толькі прыкрывала сабою галоўнае, што ня вельмі выпадала-б па тактычным мяркаваньням высоўваць на дзеннае сьвятло.

Ня гледзючы на тую павуціну, катораю апуталі „добрыя людзі“ гэтую цікавую справу — беларускае грамадзянства павінна мець, нарэшце, свой „устабілізаваны“ на яе пагляд.

Нязьбітыя факты, каторых ніхто ня шукаў і не выдумоўваў, а каторыя як тое шыла з мяшка—пачалі самі вылазіць на грамадзкую глядзельню, на жаль, павінны змусіць кожнага бесстароннага наглядальніка прыйсьці да перакананьня, што ад самага пачатку сваёй грамадаўскай кар‘еры для Тарашкевіча „ідэалы сусьветнай камуністычнай рэвалюцыі стаялі вышэй ад нацыянальна-беларускіх ідэалаў“…

Каб палітычнае аблічча б. Старшыні Грамады і ягоных таварышоў, выехаўшых у Саветы, было больш зразумелым для шырэйшых колаў беларускага грамадзянства — патрэбным зьяўляецца даць хаця-ж бы кароценькі перагляд некатарых мамэнтаў з апошніх часоў ягонай палітычнай дзеяльнасьці,

Пара, нарэшце, пэўныя Рэчы назваць іх уласным іменем…

Прадвыбарныя адозвы. Новы арышт

Тое, што казалі сьведкі на працэсе Грамады даводзючы, што некаторыя з яе правадыраў, зьяўляюцца нічым іншым як звычайным снарадзьдзем у руках Комінтэрну, — зусім выразна выявілася нават для сцэптыкаў пасьля таго, як Тарашкевіч выехаў у Бэрлін, а ягоныя таварышы Рак-Міхайлоўскі, Бурсэвіч і Мятла ў Саветы.

Апынуўшыся ў Бэрліне, Тарашкевіч пачынае вясьці там аткрытую камуністычную і процібеларускую акцыю, каторая прыняла асабліва яскравыя формы падчас апошніх выбараў у сойм і сэнат.

У гэтай акцыі ёй цынічна скідае з сябе беларускія нацыянальныя шаты, каторымі прыкрываў сваё запраўднае камуністычнае аблічча і седзючы ў тамашніх кавярнях, пад дыктоўку савецкіх „польпрэдаў“ піша прадвыбарныя адозвы, маючыя адзінаю сваею мэтаю сарваць выбарную кампанію ўсіх беларускіх арганізацыяў, прыймаўшых у ёй удзел. Вось якога зьместу „маніфэсты“ да беларускага народу пісаліся чалавекам, каторага яшчэ й цяпер многія (у тым ліку і польскі „Przegląd Wileński“) стараюцца паказаць нам у постаці „беларускага Ганді“.

„Да работнікаў і сялян і ўсіх працоўных Заходняй Беларусі.

Таварышы работнікі і сяляне! Увага!..

Хто ня хоча правакатараў, пагромшчыкаў і ўзрыўшчыкаў беларускіх работніцка-сялянскіх і нацыянальна-вызваленчых арганізацыяў, хто ня хоча фашыстоўскіх бандыцкіх нападаў на работніцка-сялянскія інстытуцыі, падкопаў пад Т.Б.Ш. і руйнаваньня ўсіх бел. кульпрасьветных арганізацыяў, хто ня хоча саджаць у вастрогі рэвалюцыйных работнікаў і сялян, рэвалюцыйную моладзь і рэвалюцыйных паслоў, хто ня хоча шпікоў, слугаў і памагароў польскага фашызму, хто ня хоча фашызаваньня беларускае школы, выкіданьня з бел. гімназіяў сыноў вясковай і гарадзкой беднаты і прышчапленьня вучнёўскай моладзі варожай да вызваленчага руху працоўных ідэолёгіі, хто ня хоча душыцеляў; катаў і грабароў бел. нац-вызваленчага руху, хто ня хоча арганізатараў вайны супроць СССР і паняволеньня БССР, — той ніколі ня пойдзе на самагубства і ніколі ня будзе галасаваць за Беларускаю фашыстоўскаю… бандаю (Цэнтрасаюзу). № 22“.

У такіх прыблізна хварсах абрысаваў п. Тарашкеіч і ўсе іншыя беларускія сьпіскі і закончыў свой маніфэст так:

„Хто хоча рашуча і ўпарта змагацца за зямлю бяз выкупу працоўным сялянам і сельска-гаспадарчым работнікам, за семігадзінны рабочы дзень, павялічэньне заработнай платы, за звальненьне ад падаткаў работнікаў, сялянскае і гарадзкое беднаты і масаў серадняцтва… той, галасуючы за ўняважнены раб.-сялянскі сьпісак „Змаганьне“, пойдзе пад сьцяг інтэрнацыянальнага антыфашыстоўскага рабоча-сялянскага блёку, які вядзе бязупынную барацьбу проці панаваньня капіталу і яго дыктатуры, — за работніцка-сялянскі ўрад, які толькі і зможа даць і забясьпечыць поўнае соцыяльнае і нацыянальнае вызваленьне працоўных.

Далоў фашыстоўскія і сацыял-фашыстоўскія сьпіскі № 1, № 23, № 25, № 19, № 4, № 7.

Далоў беларускую фашыстоўскую банду: Луцкевічаў, Астроўскіх, Акінчыцаў, Крукоў, Каралёў, Міцкевічаў, Ярэмічаў, Рагуляў, кс. Станкевічаў, Клімовічаў, Стэповічаў, Юхневчаў і іх сьпіскі № 29, № 11, № 24. Няхай жыве работніцка-сялянскае „Змаганьне“ усе галесы за ўняважнены сьпісак „Змаганьне“ № 8.

Няхай жыве работніцка-сялянскі ўрад!

Браніслаў Тарашкевіч б. старшыня Грамады. —

Гэтакага роду адозваў, падпісаных Тарашкевічам, было выдадзена аграмадныя масы, каторыя вазамі развазіліся камуністамі падчас выбараў у 1930 годзе.

Няма нічога дзіўнага, шта яны зрабілі сваё і шмат прычыніліся да зрыву выбарнай акцыі беларусаў у выніку каторай мы не правялі сваімі ўласнымі сіламі ані воднага пасла ні ў Сойм, ні ў Сэнат.

Тактыка камуністаў палягала на тым, каб нявыступаючы аткрыта самым, выкарыстаць імя б. старшыні стотысячнай Грамады.

Гэты правакатарскі манэўр, нажаль ім удаўся дзякуючы толькі поўнай дэзорыентацыі нашага сялянства, змарнаваўшага свае галасы на ўняважнены сьпісак „Змаганцаў“ — і мы цяпер маем тое, да чаго імкнуліся камуністы разам з іншымі „Змагарамі“ за хаўтуры беларускай справы.

Чым інакш як сьведамай правакацыяй беларускага народу можна вытлумачыць заклік да галасаваньня за ўняважнены сьпісак „Змаганцаў“ № 8?

Для кожнага, нават зусім не арыентуючагася ў палітычных справах, зрабілася цяпер ясным, што падобная акцыя мела на мэце аслабленьне беларускага выбарнага фронту наагул, а што за гэтым ідзе далей — аслабленьне сілаў нацыянальна-сьведамай часткі беларускага грамадзянства, узмацненьне пазыцыі польскіх шовіністаў і пашырэньне сярод гушчаў беларускага народу анарха-бальшавіцкіх настрояў.

Фактычна так і сталася, дзякуючы правакацыі камуністаў, знайшоўшых для «сябе паслухмянага выканаўцу гэтай выразнай проці беларускай акцыі.

Толькі злейшыя ворагі беларускага народу маглі зрабіць яму такую ўслугу, да якой прычыніўся гэты няўпынны барацьбіт. Прадвыбарныя адозвы, аб якіх ідзе мова, маюць такі няпрызваіты і антыграмадзкі характар, што нават самому аўтару зрабілася за іх сорамна.

Тыя з прыяцеляў Тарашкевіча, каторыя баранілі яго на апошнім працэсе даводзяць цяпер (як і даводзілі раней што адозвы поўнасьцю сфалшованы камун. партыяю.

Аб гэтай акалічнасьці найадпавядней было б заявіць самому п. Тарашкевічу, асабліва-ж выпадала зрабіць гэта падчас выбараў, заняўшы выразнае становішча ў такой паважнай для беларусаў справе.

Гэтага якраз мы і ня бачьм, бо задалёка ён заангажаваўся ў акцыі камуністаў, вядучы з іхняга ўпаважненьня барацьбу з усімі бяз вынятку нацыянальнымі беларускімі групамі.

Зразумела, што ня зусім выпадала поўнасьцю выпірацца аўторства гэтых адозваў і на судзе, а гэта таму, што ў свой час ён публічна да іх прызнаўся (гл. Савецкую Беларусь № 42 — 1931 г.) і з гэтай прычыны яму заставалася толькі агранічыцца туманным выкрутам заявіўшы, што не бярэ на сябе адказнасьці за рэдакцыю адозваў, абышоўшы моўчкі самы факт іхняга выданьня з мэтаю ўзрыву беларускай выбарнай акцыі.

Але сутнасьць справы, на нашу думку, палягае не на тэхнічным выкананьні таго, на што сваячасна была дадзена поўная згода.

Пасьля выданьня сваіх знамянітых адозваў Тарашкевіч вырушыў у Маскву, выбраўшы маршрут праз польскі „калідор“, дзе на станцыі Тчэў быў арыштованы камісарам паліцыі Скальскім, добра ведаўшым такога нефартуннага падарожніка яшчэ з працэсу „Грамады“.

Едучы пад чужым пашпартам ён меў пры сабе больш 19-ці тысяч злотых (у далярах, марках, гульдэнах і польскіх злотых), а ў куфэрках сьпіскі многіх грамадзян з іх дакладнымі адрэсамі, каторых потым у большасьці паарыштоўвалі ў розных куткох нашага краю.

Так прыблізна выглядае няскладная гісторыя яго апошняга арышту, быўшага вялікаю неспадзеўкаю ня толькі для беларускага грамадзянства, але напэўна і для тых людзей, у рукі каторых ён папаўся.

Акалічнасьці пры якіх адбыўся гэты арышт маюць такі „спэцыфічны“ характар (асабліва гэтыя даляры і гульдэны) што змусілі Тарашкевіча карыстацца падазронымі тлумачэньнямі і даводзіць, напрыклад, што грошы, быўшыя пры ім, паходзяць з некага Беларускага нацыянальнага фонду, пра каторы толькі ў першы раз нашае грамадзянства даведалася нешта канкрэтнае. Фонд гэты, паводле тлумачаньня Тарашкевіча, заложаны яшчэ да Грамады, быў закансьпіраваным і зьяўляецца астачаю грошаў скарбу Беларускае Народнае Рэспублікі, які перахаваўся за—граніцаю.

Знашоўся нават такі сьведка, як п. Р. Астроўскі, каторы ня толькі сцьвердзіў існаваньне гэтага фонду але й заявіў, што ў сваім часе ён сам быў у ліку тых, якія ім „кіравалі“.

Той-жа Астроўскі казаў на судзе, што фонд паўстаў у 1921 г., а ў 1927 годзе меў 12-13 тыс. даляраў.

Цікаўныя рэчы цікаўна і паслухаць… Яшчэ цікавей было-б даведацца больш падрабязна пра гэты закансьпірованы ад беларускага грамадзянства „нацыянальны“ фонд, каторым „кіраваў“ некалісь такі мастак ад фінансовых спраў як пан Р. Астроўскі.

Перадусім, добра-б было ведаць-якою была ягоная першапачатковая сума, на якія мэты ён расходаваўся, якім чынам „Кіраўніцтва“ ім спачывала некі час у руках п. Астроўскага і чаму, нарэшце, апынуўшыся ў Тарашкевіча, ён вывозіўся ў Саветы?

Запраўды, некі дзіўны лёс гэтага самага закансьпіраванага „нацыянальнага“ фонду, які, паўстаўшы няма ведама скуль, раптам раскансьпіраваўся, як толькі зацікаўленым асобам патрэбна было прыкрыць сваю камуністычную нагату Нацыянальным фігавым лістком!..

Наагул трэба адцеміць, што падобнага роду фонды прынасілі некаторым меўшым з імі дачыненьне, даволі значныя турботы.

Падчас працэсу Грамады шмат гутарак было напрыклад пра г. зв. жалезны фонд, арганізаваны пасламі шляхам сталых месячных складак.

Быў некалісь і такі „фонд“, які „укралі“ нявыкрытыя злачынцы падчас падарожы нашага агульнашанаванага п. Луцкевіча. Цяпер на сцэну выплыў некі новы фонд, якому „кіраўніцтва“ дало ня зусім адпаведны назоў. На вялікі жаль, справа з гэтым апошнім так званым „Беларускім Нацыянальным“ фондам, каторы апынуўся ў кішані Тарашкевіча, для агулу беларускага грамадзянства засталася даволі цёмнаю.

З усяго таго, што мы знаем пра яе для нас зусім ясна толькі адно (ні гледзючы на „рэвэляцыі“ п. Тарашкевіча і ягонага прыяцеля) што „нацыянальны“ фонд, выкрыты у б. старшыні Грамады, нічога супольнага з беларускаю нацыянальнаю справаю, ня мае, што крыніцу яго трэба шукаць там, скуль бяруцца наагул розныя фонды, вызначаныя на камуністычную працу.

На рэшту пытаньняў, якія павінны паўстаць у кожнага чалавека, адказ могуць даць толкі „утаямнічаныя“ адзінкі з ліку тых, каторыя кіруючы рознымі цёмнымі справамі вялі бойкі гандаль скураю Беларускага Народу.


„Заклік“

Апынуўшыся ў вастрозе б. старшыня Грамады не марнуе надарма часу і выяўляе свой публіцыстычны талент у пісаньні новых камуністычных „твораў“.

У лютым 1932 г. была выдадзена ў Вільні адозва пад назовам „Заклік“, каторая распаўсюджвалася камуністамі на нашых землях.

Пад адозвэю стаіць наступны, вельмі красамоўны подпіс: „Быўшыя грамадаўскія паслы — Б. Тарашкевіч (Горадзенская турма). П. Волошын (Равічская турма).

Гэтакі твор як „Заклік“ могуць пісаць толькі такія „стопрацэнтовыя“ камуністы, каторыя хацелі б зрабіць у Саветах асабістую кар‘еру, у чым вельмі лёгка пераканацца, зазнаёміўшыся з ягоным зьместам.

Тут у нас голад, нэндза, цемра, безпрацоўе, а там за савецкім кардонам—запраўдны сацыялістычны рай.

„Растуць, разбудоўваюцца гарады, узьнікаюць новыя фабрыкі—гіганты, гудзяць на палёх трактары, узгорваючы межы вускіх палосак, нішчучы адвечную бязхлебіцу і катаржную працу“.

„Там вольная (!) праца, бурны рост культурнага і гаспадарчага жыцьця, рост дабрабыту працоўных мас… там няма эксплёатацыі і прыгнячэньня“.

У такіх прыблізна хварбах малюе „Заклік“ жыцьцё ў тых самых Саветах, дзе абадраныя і галодныя працоўныя масы ня ведаюць як пазбыцца кіраўніцтва пролетарыяту і ягонага „авангарду“ — камуністычнае партыі.

Мы добра ведаем, якая „вольная“ праца заведзена ў савецкіх „калгасах“, дзе сяляне з пад бізуна камісараў і брыгадзіраў запраўды павялічываюць дабрабыт, але, на жаль, не працоўных масаў, як гаворыцца ў праклямацыі, — а толькі тых хто „ня сеець і ня жнець“, жывучы крывёю і потам прыдушанага народу.

У гісторыі Расеі ад пачатку яе існаваньня, ня было здаецца яшчэ такога зьдзеку, які наглядаецца цяпер, асабліва ў адносінах да сялянства, ператворанага камуністычным урадам у масы галодных ўбезпраўных рабоў.

І гэта ўсё аўтары пракламацыі называюць вольнаю працаю…

Сколькі тут цынізму і фалшу!

Чытаючы гэтыя радкі, сорамна робіцца за Тарашкевіча, які вельмі добра ведае, што творыцца ў Саветах і які там запраўдны „дабрабыт“ сярод працоўных масаў.

Аб гэтай „вольнай працы“ і „дабрабыце“ ня пішуць нават савецкія газэты і зусім слушна гэта робяць, бо ў вачох савецкага чытача разважаньні на падобныя тэмы толькі кампрамітавалі-б тую газэту, каторая-б іх зьмясьціла на сваіх шпальтах.

Дзеля гэтага там за шмат, звычайна, гаворыцца аб „прарывах“ і розных недахопах, каторыя тлумачацца падкопамі „клясавага ворага — кулака“ і зусім не ўспамінаецца пра той дабрабыт, которым так захопліваюцца „быўшыя грамадаўскія паслы“.

Аўтары праклямацыі вельмі задаволены з культурнага поступу БССР у нацыянальна-беларускім кірунку, але чамусьці яны не ўспамінаюць пра тое, што галоўныя тварцы і кіраўнікі гэтага поступу аб‘яўлены камуністычным урадам праступнікамі, пасаджаны ў вастрогі і высланы на Салоўкі, а сам Старшыня Беларускай Акадэміі навук прафэсар Ігнатоўскі загінуў у лёхах Менскай „чэкі“ ад куляў Кагановіча.

Пятнаццаць гадоў пануе дыктатура камуністаў у калішняй Расеі і пятнаццаць гадоў льецца там кроў нявінных людзей.

Камуністы пастараліся зьнішчыць праўдзівых барацьбітаў за лепшую долю працоўных масаў абвесьціўшы ўсіх соцыялістаў контр-рэвалюцыянерамі.

Замест усяго лепшага і ідэёвага, што імкнулася да перабудовы жыцьця на больш справядлівых асновах — няма ведама адкуль вынырнула банда палітычных разбойнікаў, якая ў адпаведны спосаб арганізаваўшыся, захапіла ў свае рукі ўладу толькі для таго, каб ёю зладзейнічаць.

Афэрысты розных гатункаў і нацыянальнасьцяў, (са значнаю перавагаю жыдоў) політычныя браканыры, крымінальныя злачынцы і зладзеі, з якімі нават Ленін ня ведаў што рабіць, калі маліў іх каб кралі тысячамі, нават сотнямі тысячаў, але каб ня кралі мільёнамі, людзі бяз усякіх пераконаньняў і сумленьня, словам усякага роду грамадзкія шумавіны і лодыры, каторыя ў свой час умелі сьпяваць толькі „Божа Цара храні“ і па загаду начальства душылі ўсякія праявы нацыянальна-вызваленчага руху — будуюць цяпер „беларускі дом“, каторы так падабаецца п. Тарашкевічу.

Некалькі пакаленьняў шчырых народнікаў-рэвалюцыянераў клалі сваё жыцьцё на аўтар народнай справы, ня ведаючы таго, што ў аканчальным разрахунку над усімі вынікамі іхняе працы запануе ненажэрная і брудная пачвара, якая патопча ўсе моральныя вартасьці, зьніштожыўшы і тых людзей, якія іх будавалі.

З такімі парадкамі можна толькі вясьці рашучую барацьбу і яна ў Саветах вядзецца ўсімі, хто ня страціў яшчэ элемэнтарнага пачуцьця грамадзкай справядлівасьці.

Тарашкевіч з Волошынам скаржацца ў сваёй праклямацыі, што ўжо некалькі гадоў як яны гібеюць у каменным мяшку.

А хто-ж гэтаму вінават?

Усім вядома, што частка грамадаўскіх правадыроў была звольнена прадтэрмінова яшчэ ў 1930 г. і першым вышаў з вастрогу ніхто іншы, як б. старшыня Грамады Б. Тарашкевіч, а ўжо за ім яшчэ некалькі чалавек, каторыя выкарыстаўшы сваё звальненьне, уцяклі ў Саветы, не дачакаўшыся нават таго, пакуль звольняць рэшту засуджаных.

Зьвяртаючыся да б. грамадаўцаў і ставячы апошняе сваё прабываньне ў вастрозе Тарашкевіч з Волошынам гавораць: „Ваш наказ змагацца за вызваленьне беларускага народу з пад фашыстоўскай акупацыі будзем непахістна выконываць аж да скону сваіх дзён“.

Што датычыць Волошына, дык той як ужо ведама нашаму грамадзянству, выехаў разам з іншымі камуністамі ў Саветы ў парадку абмену палітвязьнямі і хіба-ж адтуль будзе „непахістна выконываць“ тое, што абяцаў грамадаўцам. У каменным мяшку гібее пакульшто адзін толькі Тарашкевіч, каторы бяссумліўна хутка апыніцца там, дзе апынуліся ягоныя таварышы.

Як бы там ні было, ці забяруць Тарашкевіча ў Саветы, ці не — да ягоных слоў у „Закліку“ трэба зрабіць маленькую папраўку.

Рэч ў тым, што новы арышт Тарашкевіча ў лютым 1931 г. ні ў якой лучнасьці са справаю Грамады не стаіць.

Яго арыштавалі ў Тчэве пасьля таго, як ён уцёк за граніцу і ехаў з Бэрліну ў Саветы, выконваючы такі загад, на каторы Грамада ніякага ўпаважненьня яму не давала.

Тарашкевіч разам са сваімі таварышамі падпарадкаваліся дырэктывам камінтэрну, выехаўшы туды, куды наказваў гэты апошні і з таго мамэнту мы лічым, што роля іх як грамадаўцаў закончана,

Сябры Грамады падзяліліся на дзьве часткі, адна на чале з Тарашкевічам сьлепа і бязкрытычна падпараткавалася камуністычным чыннікам, у значнай сваёй большасьці нават фармальна перашоўшы ў камуністычную партыю, і другая, каторая парваўшы са сваімі камуністычнымі павадырамі, самастойна, без дапамогі маскоўскіх агентаў, шукае новых шляхоў, якія прывялі-б наш народ да нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня.

Тарашкевіч са сваімі таварышамі яўна перашлі на камуністычны бок, зусім выразна выконваючы ўсе загады камуністычнай партыі і гэтым самым паставілі сябе паза межамі Грамады, як арганізацыі нацыянальна-радыкальнай, каторая па сваёй ідээлёгічнай сутнасьці і складу сяброў нічога супольнага не павінна мець з камуністычна-пролетарскаю, ідэолёгіяю. Толькі дзякуючы шахрайствам камуністаў і слабай палітычнай вырабленасьці беларускага сялянства, а гэтым самым і аснаўной масы сяброў Грамады — магла здарыцца такая недарэчнасьць, калі на чале гэтай тыповай сялянскай арганізацыі апынуліся камуністычныя правадыры.

Але тое, што было раней, — не паўторыцца цяпер…

І дзеля гэтага мы пэўны, што сучасныя „Заклікі“ камуністаў, хаця-бы яны і рабіліся вуснамі Тарашкевіча — ня будуць мець такога эфэкту, на які спадзяюцца іхнія аўтары.

Пройдзе раўнадушна нашае грамадзянства і міма сыстэматычнае траўлі паасобных грамадзян, якія вельмі ня мілы камуністычнаму сэрцу і для якіх у камуністычным жаргоне няма іншага назову як „фашысты“, „служкі буржуазіі“, „агенты дэфэнзывы“ і г.п., што з вялікаю прыемнасьцю запазычае Б. Тарашкевіч і зьмяшчае ў сваіх „маніфэстах“.

Трэба аддаць справядлівасьць, што мода на гэтакую дэмагогію ўжо прашла і нашае грамадзянства набыло здольнасьць адпаведна яе расцэніваць, а з другога боку і тыя людзі, да каторых падобныя звароты адносяцца, — прывыклі ўжо не зьвартаць на іх увагі.

Толькі такімі жаргоннымі аргумэнтамі могуць паслугоўвацца Тарашкевічы і Валошыны ў барацьбе са сваімі праціўнікамі, бо іншых яны ня маюць і мець ня могуць:


Чытаючы розныя „заклікі“ збанкрутаваўшай часткі б. грамадаўскіх правадыраў і ператварыўшыхся ў шкадлівае снарадзьдзе нашых ворагаў — беларускія працоўныя масы павінны памятаць, што дэмагогі ўсякіх сортаў вельмі любяць нацягваць на сябе маску „абаронцаў працоўных і прыгнечаных“ „фашыстоўскімі“ ўрадамі.

Ускладае яе і Тарашкевіч, калі гаворыць аб эканамічным становішчы нашага сялянства, белым тэрроры і іншых рэчах, на каторых можна вясьці выгадную палітычную спэкуляцыю.

Аб гэтых рэчах усе палітычныя спэкулянты лічаць сваім абавязкам пісаць і гаварыць пры ўсякай да таго магчымасьці, спадзяючыся спосабам пераўвялічаньня недахопаў, якія назіраюцца ўва ўсіх сучасных дзяржавах, пацягнуць за сабою найменш культурную і палітычна нясьведамую частку грамадзянства.

Усё няшчасьце камуністаў палягае, на нашу думку, на тым, што ў Саветах яны паказалі сваю поўную няздольнасьць да пабудаваньня такога ладу, які адпавядаў-бы інтэрэсам працоўных масаў і наагул усёй людзкасьці.

Не зьяўляючыся абаронцамі сучаснага сацыяльна-эканамічнага ўкладу з усімі яго відавочнымі недахопамі — мы лічым, аднак, што не камуністам брацца за яго перэарганізацыю.

Камуністычная партыя сваімі шкоднымі мэтодамі дзеяльнасьці толькі ўстрымлівае ў нас нармальны поступ сацыяльна-эканамічнага жыцьця, дэзарганізуючы працоўных і зашчапляючы ім рэакцыйную па сваёй сутнасьці ідэолёгію камунізму-падзелу. Асаблівую шкоду гэтая партыя прынясла нашаму нацыянальна-адраджэнскаму руху, які застаўся справакаваны і замарожаны, дзякуючы няўпыннай працы камуністаў, падшываючыхся пад гэты рух у сваіх партыйных мэтах.

Нам цяпер дакладна ведама якімі вялікімі „прыяцелямі“ беларускай справы зьяўляюцца савецкія камуністычныя ўлады.

І таму мы лічым, што кожны, хто становіцца ў сучасны момант на камуністычны бок, ці то будзе Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, ці хто іншы — фактычна зьяўляецца ворагам беларускага народу.

Сярэдзіны тут быць ня можа…

Былыя грамадаўцы, якія ўцяклі ў Саветы і дзе апыніцца Тарашкевіч, сядзяць на тым баку барыкады, памагаюць, „як умеюць“ ува ўсіх пачынаньнях камуністычнай ўлады, калі не актыўна, дык пасыўна—адным фактам прабываньня ў іх радох, а гэтым самым яны выступаюць супроць усяго працоўнага сялянства і супроць беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.


Суд

28 лістапада 1932 г. у Вільні адбыўся новы суд над б. старшынёю Грамады, які засеў на лаве абвінавачаных на гэты раз побач з некалькімі камуністычнымі хлапчукамі, каторыя былі арыштаваны ў сувязі з апошняю, даволі дзівачнаю прыгодаю пана Тарашкевіча, калі ў ягоных валізах былі выкрыты ня толькі даляры і гульдэны, але і сьпіскі ахвяраў чарговай камуністычнай правакацыі.

У параўнаньні з працэсам Грамады, калі Тарашкевіч, як старшыня гэнай арганізацыі, быў тады акружаны арэолам мучаніцтва за нацыянальна-адраджэнскую ідэю—апошні яго працэс меў з грамадзкага пункту гледжаньня некі пануры характар, не пазбаўлены, аднак, паасобных даволі камічных мамэнтаў.

Перадусім, некаторыя з ягоных прыяцеляў пусьцілі такую чутку, быццам камуністы сумысьля справакавалі Тарашкевіча, каб другі раз пасадзіць яго ў вастрог і ў гэты спосаб атрымаць магчымасьць вясьці далейшую спэкуляцыю яго іменем, як б. старшыня Грамады. Гэтакая „тэорыя“, каторай трымаўся між іншым нябошчык „Беларускі Звон“ апіраецца на тым, што паліцыя была дакладна паведамлена, пра падарожу Тарашкевіча выбраўшагася ў паход праці ўсяго буржуазнага сьвету, і ехаўшага пад чужым пашпартам транзытным цягніком, у каторым яго бяз лішніх турботаў арыштавалі ў Тчэве.

Нам здаецца, што падобная „тэорыя“ крыху грашыць шкадлівым сантымэнтам да цікавячай нас справы.

Спэцыяльнай мэты, каб пасадзіць Тарашкевіча ў вастрог, камуністы мець не маглі, бо каб гэта яны хацелі зрабіць, то ні ў якім выпадку не далі б на дарогу ажно 19 з пал. тыс. злотых, каторыя й былі пры ім канфіскаваны.

Камуністы грошы любяць самі і на вецяр іх ня пускаюць.

Уся гэтая справа маець зусім, як на нашы часы, нармальны характар.

Ужо з працэсу Грамады ўсяму агулу беларускага грамадзянства ведама, што камуністычная партыя аж кішыць ад розных афэрыстаў і правакатараў, каторыя служаць на два фронты.

Варта толькі прыпомніць ролю у нашым грамадзкім жыцьці цэлага роду „выдатных“ адзінак, каторыя будучы сябрамі К.П.З.Б. — сыстэматычна правакавалі грамадаўскі рух… Падчас арышту Тарашкевіча ў Тчэве здарылася тое самае, што й можна было прадбачыць: арганізацыя, выправіўшая яго ў „паход“ мела ў сваіх радох звычайных правакатараў, каторыя выдалі яго ў рукі піліцыі.

Так як робяць з кожным, хто найбольш ім падабаецца.

Здавалася-б, што чалавек, прайшоўшы грамадаўскую школу, павінен быў нарэшце пераканацца, што г. зв. К.П.З.Б. зьяўляецца нічым іншым, як шайкаю правакатараў, (пераважна жыдоў) каторую трэба ня толькі амінаць, але вясьці з ёю рашучую барацьбу.

Ня гледзючы на ўсё, Тарашкевіч ня мог пакінуць сваіх старых прывычак і далей вёў супрацоўніцтва з тымі, хто ў другі раз пасадзіў яго на лаву абвінавачаных.

На судзе, паводле газэтных справаздачаў, б. Старшыня Грамады трымаўся даволі „геройскі“, але мы думаем, каб ён быў перакананы ў неапходнасьці адбыць на гэты раз поўнасьцю ўсю тую кару, якую адмерыў яму суд — дык гэты гэраізм быў-бы куды меншым. Прыймаючы, старым звычаем, позу, нацыянальнага героя, якая ніяк не вязалася са зьместам ягонай апошняй справы, ён спадзяваўся, што доўга у вастрозе сядзець ня будзе, а паедзе туды, куды ўжо выехалі ягоныя таварышы — Гаўрылік, Валошын, Эпштэйн, Фрышман і цэлы рад іншых патэнтаваных камуністаў.

Тыя таксама, выступаючы на судзе са сваімі занадта „баявымі“ прамовамі мелі на ўвазе ня нас грэшных, але выключна слухачоў з-за савецкага кардону, перад каторымі хацелі выслужыцца.

Тарашкевічу залежала, перадусім, каб выявіць чыстату сваіх камуністычных паглядаў, якая ні ў кога ня выклікала-б больш ніякага сумліву.

Дзеля гэтага ён казаў прыблізна тое самае, што мы знаходзім у праклямацыі „Заклік“, даводзючы, што галоўная мэта ягонай акцыі — сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне Беларускага народу — яго працоўных рабоча-сялянскіх масаў „Іх палітычна-нацыянальнае самаазначэньне — гэта далейшая справа іх уласнае вольнае волі“.

У сваёй занадта доўгай прамове, каторую церпяліва слухалі судзьдзі, пракурор і публіка, Тарашкевіч вельмі прыгожа даводзіў — як добра жывецца ў Саветах і што толькі там ён бачыць сваю бацькаўшчыну, дзе камуністы будуюць „Беларускі Дом“.

Словам прамова яго ня толькі была „гэраічнаю“, але зьяўлялася найлепшаю рэклямаю для краіны прымусу, і гэта тым болей, што апінія аб ёй была дадзена такім „незалежным“ чалавекам і „ідэёўцам“ як п. Тарашкевіч.

З гэтакаю апініяю аб савецкіх парадках запраўды прышлося-б лічыцца, каб ня тая дасадная акалічнасьць, што ў кішані „ідэёўца“ выкрыта 16 з пал. тыс. злотых яўна маскоўскага паходжаньня. Варта заўважыць, што грошаў гэтых, як выявілася на судзе, прашло праз рукі Тарашкевіча (у параўнаўча кароткі час) да 80 тыс. злотых, пра каторыя ягоныя сьведкі і прыяцелі даводзілі, быццам яны паходзяць з „Беларускага нацыянальнага Фонду“.

Даволі неспадзяванай для нас акалічнасьцю зьяўляецца тлумачэньне Тарашкевіча і пра тое, што звальненьне яго з вастрогу летам 1930 г. было зроблена без ягонае згоды.

Тлумачэньне, вызначанае таксама не для нас…

Усяму беларускаму грамадзянству ведама, што прадтэрміновае звальненьне Тарашкевіча наступіла пасьля таго, як ён даў каму трэба зусім выразную на гэта згоду праз сваяго „мужа даверу“ і асабістага прыяцеля Астроўскага.

Фактычна, іншага стану рэчаў і быць не магло, бяручы пад увагу акалічнасьці гэтай справы.

Хто-б мог пачынаць крокі ў кірунку прадтэрміновага звальненьня сяброў Грамады, не заручыўшыся на гэта згодаю з боку галоўнага прадстаўніка засуджанай арганізацыі. Калі-б гэтай згоды ня было, дык Тарашкевіч мог запратэставаць ня перад выпускаўшым яго з вастрогу „дазорцам“, на што ён адважыўся падчас сваяго звальненьня, а ў іншы, больш яскравы і выразны спосаб, чаму ня прыходзіцца вучыць чалавека маючага такія вялікія здольнасьці да пісаньня розных камуністычных пашквіляў і „Заклікаў“.

Агульнаведамым, нарэшце, фактам зьяўляецца тая акалічнасьць, што да Тарашкевіча (не задоўга перад ягоным звальненьнем) прыходзілі ў вастрог на пабачаньне ня толькі Астроўскі і Янка Станкевіч, але і некаторыя ўплывовыя прадстаўнікі польскага грамадзянства, браўшыя ўдзел у акцыі па ліквідацыі справы Грамады. Адным словам, няма сумліву ў тым, што калі-б Тарашкевіч рашуча запратэставаў проці падобнага роду крокаў — ніхто з грамадаўцаў прадчасна звольнены ня быў-бы.

З пункту гледжаньня тае зусім выразнае пазыцыі, каторую заняў Тарашкевіч у беларускім грамадзкім жыцьці, — яму трохі „не да твары“ была вельмі двузначная роля, адыграная ім у гэтай справе.

На такую акалічнасьць, бязумоўна, не маглі не зьвярнуць увагі там, дзе перахоўваўся г. зв. „Беларускі Нацыянальны Фонд“, і можна быць пэўным, што ён мусіў „gęsto się tłómaczyć“ перад тымі дабрадзеямі, каторыя выправілі яго раней у Бэрлін, а потым у Маскву.

Калі-б, запраўды, вэрсыя, якую падтрымліваюць ягоныя віленскія прыяцелі, была правільнаю — гэта значыць, што камуністы выправілі яго ў падарожу з выключнаю мэтаю зрабіць яму прыпынак у Тчэве, а потым у Горадзенскім і Віленскім вастрогах—дык толькі хіба-ж дзеля таго, каб седзючы там ён „папаправіўся“ і загладзіў свае ўгадовыя грахі… Як бачым — перасядка ў Тчэве пашла на карысьць, доказам чаго зьяўляюцца ягоныя камуністычныя „Заклікі“ і прамова на судзе…

Але затое ў апініі нацыянальна-думаючага беларускага грамадзянства ён выявіўся ў абліччы звычайнага агента камінтэрну, якія цэлымі натоўпамі раз‘язжджаюць па ўсім сьвеце з чужымі пашпартамі, развозючы ў сваіх валізах „нацыянальныя“ фонды.

Дзіўным для нас зьяўляецца тлумачэньне Тарашкевіча, што чалавек, ехаўшы з фалшывым пашпартам яўна выконваючы даручэньне камінтэрну, — ня быў сябрам камуністычнай партыі, а галоўнае — ня меў з ёю ніякай арганізацыйнай сувязі.

Гэтакую акалічнасьць яшчэ можна было даводзіць на працэсе Грамады, асабліва пасьля забойства галоўнага сьведкі Гурына, але цяпер напіраць на гэта па меншай меры было вялікаю сьмеласьцю.

Такога роду аргумэнтацыя падобна да зьдзеку над „буржуазным правам“ і судом, як з боку абвінавачанага і яго „даставернага“ сьведкі, так і з боку адвакатаў, яўна ў сваім абаронным натхненьні грашыўшых проці элемэнтарнага закону лёгікі.

Пасьля таго, як было ўстаноўлена, што Тарашкевіч браў удзел у камуністычнай канфэрэнцыі ў Гданьску — адвакаты стараліся давесьці, што з пункту гледжаньня праўнага, нават калі-б ён быў партыйным камуністам у Гданьску — дык гэта яшчэ ня значыць, што яго можна судзіць у Польшчы за прыналежнасьць да камуністычнай партыі.

Ў Саветах зусім слушна назвалі-б такую, за перапрашэньнем, аргумэнтацыю—злосным „очковтірательством“ і пасадзілі-б паноў адвакатаў разам з падобнымі сьведкамі на лаву абвінавачаных побач з Тарашкевічам.

Нават з гэтага самага, як яны кажуць „праўнага“ пункту гледжаньня — паны адвакаты „паролі чапуху“, бо ўсім добра вядома, што кам. партыя зьяўляецца партыяю інтэрнацыянальнаю і той, хто належыць да яе, напрыклад, у Гданьску — мусіць належыць усюды, і нават на „Лукішках“, калі-б толкі там паказаўся.

Наагул трэба сказаць, што ў сучасных адвакатаў, асабліва калі ім добра заплаціць, можа нахадзіць вялікае натхненьне і яны здольны тады перарабіць сланя ў муху…

Падчас свайго апошняга працэсу прамова Тарашкевіча цягнулася каля 3 гадзін, каторых хапіла на тое, каб ён зусім выразна ўсьпеў выявіць свой камуністычны сьветапагляд і яшчэ раз давясьці, што некаторыя сьведкі, успамінаўшыя пра ягонае супрацоўніцтва з камуністамі, казалі праўду.

Наагул, сваімі чынамі, асабліва за апошнія часы, ён даў шмат козыраў у рукі тых, каторыя вельмі ахвотна стараюцца злучыць беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух з камунізмам.

Ужо за гэта адно беларускае грамадзянства павінна быць вельмі ўдзячна таму чалавеку, каторы прыкрываючыся нацыанальнымі шатамі, капаў разам са сваімі таварышамі магілу для беларускай справы ў Польшчы. У сваёй прамове, зацікавіўшай ня толькі беларускую, але і польскую грамадзкую апінію, гэты „нацыянальны“ герой выразна выказаў, што найлепшым грамадзкім і палітычным ладам лічыць той, які пануе цяпер у Саветах у постаці дыктатуры камуністычнай партыі.

Гэтым, фактычна, сказана ўсё…

Але для Тарашкевіча такога прызнаньня было мала.

Ён, як ўсе „прававерныя“ камуністы навейшай, сталінаўскай даты, асудзіў разам дзеяльнасьць тых, каторых абвінавачываюць у Менску ў нацыянал-дэмактатызьме, а тым самым, пастараўся заасэкураваць сябеад усякага падазрэньня ў падобнага роду „ерэсі“, добра ведаючы, як ня любяць яе савецкія камуністы.

Прызнаўшы, гэтакім чынам, дзеяльнасьць менскіх катаў з Г.П.У., замучыўшых праф. Ігнатоўскага, пасадзіўшых у вастрогі беларускіх дзеячоў і папоўніўшых тысячы іншых праступленьняў—правільнаю,—Тарашкевіч даў ім палітычную і маральную паддзержку.

Калі-б б. Старшыня Грамады ня быў арганізацыйна зьвязаны з камуністычнаю партыяю, а застаўся так сабе камунізуючым „верхаглядам“, за якога ўважаўся ў беларускім грамадзянстве—ён мусіў-бы, як чалавек культурны, з аднаго пачуцьця агіды перад крывавым тэррорам, публічна забраць голас у такой паважнай справе, каб гэты пратэст пачуў увесь беларускі народ.

І ў той час, калі ўсё нацыянальна-сьведамае беларускае грамадзянства ўжо даўно выказала сваё запраўднае абурэньне проці таго, што тварылася і творыцца за савецкім кардонам—наш „нацыянальны герой“ цынічна прызнае дзеяльнасьць менскіх чэкістаў правільнаю…

Ці-ж адно гэта не зьяўляецца найлепшым доказам таго, што Тарашкевіч ні па сваёй „ідэолёгічнай сутнасьці“ ні па сваёй партыйнай прыналежнасьці, нічым не адрозьніваецца ад тых „таварышоў“, каторыя душаць беларускі народ у Саветах.

Сваімі апошнімі выступленьнямі ён давёў—якія глыбокія выкрутасы і закамаркі мае душа кожнага чалавека і якую колькасьць няшчырасьці яна можа ў сабе зьмясьціць

Зразумела, што стаўшы на чыста камуністычную „плятформу“ Тарашкевіч мусіў трымацца яе і далей.

Таму ня прыходзіцца дзівіцца, што ён выхваляў савецкі прыгон як найлепшую форму сельскай гаспадаркі і даводзіў, што ў Саветах вельмі добра жывецца ўсім працоўным.

Словам, і ў гэтай галіне ён казаў тое, што толькі можа сказаць кожны „przeciętny“ сябра камуністычнай партыі, які моцна трымаецца гэнэральнай лініі „таварыша Сталіна“.

Нічога цікавага для нас і новага ён не сказаў, тым больш, што ўсё гэта гаварылася выключна на экспорт…

Менскія газэты і тыя шкумаціны, накшталт „Барацьбы“, якія выдаюцца коштам „беларускага нацыянальнага“ фонду—залічылі яго да нацыянальных беларускіх герояў і мучанікоў за ідэю, але, здаецца, мала каго ў гэтым пераканалі.

Задалёка пасунуўся Тарашкевіч у „адраджэнскім“ кірунку, пераблутаўшы нацыянальны беларускі ідэал з камуністычнаю дыктатураю.

Суд, адбыўшыся ў гэтай справе, сказаў сваё апошняе слова, налажыўшы на яго кару ў 8 гадоў цяжкага вастрогу, каторая была зацьверджана Апэляцыйным судом 24 лютага 1933 г. Мовы няма, што гэтая кара вельмі цяжкая.

Але для Тарашкевіча такою страшнаю яна ня будзе, бо пасядзеўшы нейкі час, ён можа выехаць туды, дзе яго спаткаюць, як чырвонага героя і змагара за ідэалы сусьветнай рэвалюцыі, даўшы адпаведную нагароду, на якую ён выслужыўся перад камінтэрнам.

Куды цяжэйшаю караю будуць тыя доўгія годы катаржнай турмы, каторыя былі вымераны Віленскім судом для Рэшатава і іншых хлапчукоў, стаўшых чаргавою ахвяраю камуністаў.

Гэтых людзей ні Акружны, ні Апэляцыйны суд не пашкадаваў, але нам іх шкада, — шкада за тое, што лепшыя годы свайго жыцьця яны змарнуюць з прычыны сваёй нясьведамасьці і наіўнай веры ў тое, на чым спэкулююць цяпер нясумленныя людзі.


Хто яго бароніць?

У той час як амаль усё беларускае грамадзянства заняло ў справе Тарашкевіча некую „вычаківаючую“ пазыцыю, баючыся, як відаць, выказаць сваю ўласную думку, камуністычныя „сфэры“ не марнуюць надарэмна часу і разьвілі шалёную агітацыю.

Нам дакладна няведама, чаму гэта арганізаваная частка беларускага грамадзянства выяўляе пасыўнасьць у такім пытаньні, адносна каторага кожны павінен даць сабе выразны адказ—„З ім, ці проці яго“ — гэта значыць: „спачуваю ягонай праграме, ці пагадзіцца з ёю не магу“.

Магчыма, што гэтакая акалічнасьць тлумачыцца дыплёматычнымі меркаваньнямі, галоўным чынам страхам „скампрамітаваньня перад масамі“…

Як бы там ні было, ідэолёгічны разгард‘яш у нашым грамадзкім жыцьці дайшоў да такой высокай ступені, што нават беларускія полёнафілы Луцкевіча—Астроўскавае фармацыі стараліся апраўдываць дзеяльнасьць Тарашкевіча. Ці гэта былі з іх боку праявы камунізуючага рамантызму, ці асабістага сантымэнту да Тарашкевіча, ці звычайная палітычная спэкуляцыя, маючая некія ўкрытыя, бліжэй не акрэсьленыя мэты—сказаць трудна.

Наймацнейшы голас у абароне б. старшыні Грамады, як і трэба было спадзявацца, забралі „афіцыяльныя“ камуністы і зразумела, што сваёю абаронаю, асабліва яе спосабамі, топяць яго аканчальна ў апініі нацыянальна-сьведамага беларускага грамадзянства. Па сутнасьці справы асоба Тарашкевіча, як такога, павінна адыйсьці на задні плян, бо нічога надзвычайнага з сябе яна ня выяўляе.

Акалічнасьці злажыліся так, што ён высунуўся на чало грамадоўскага руху, і цяпер тую каламесу, каторая паднялася каля ягонай асобы, трэба разглядаць як звычайную камуністычную акцыю, маючую на мэце ажыўленьне псэўда-нацыянальнага камунізуючаго руху сярод беларусаў.

Іхная акцыя ў гэтакім „нацыянальным“ кірунку толькі лішні раз даводзіць—якая ідэолёгічная і тактычная блізасьць існуе паміж тымі, „хто“ бароніць і „каго“ бароняць…

Спроба ажыўленьня грамадаўскіх настрояў і скіраваньне іх на выразна „рэвалюцыйны“ камуністычны шлях—абстаўлена камуністамі вельмі хітра і пакуль што даволі памысна.

У кастрычніку 1932 г., у Берліне пачала выходзіць газэта „Барацьба“, каторую выдаўцы (як відаць—па „тактычным“ меркаваньням) рассылалі з Францыі.

З першага нумару газэта зусім выразна выяўляе сваё „нацыянальнае“ аблічча запэўніваючы, што яна будзе стаяць „на шляху безпашчаднай безкампрамісовай нацыянальнай барацьбы“… адначасна выкрываючы „перад беларускімі масамі як у краі. так і на эміграцыі сапраўднае аблічча павадыроў беларускае буржуазіі“…

Самарэкляма такога роду, што змушае нас крыху бліжэй прыглядзецца да той беспашчаднай і бескампрамісовай, а галоўнае „нацыянальнай“ барацьбы, якую маюць павесьці новыя кадры барацьбітаў, узяўшых пад сваю высокую апеку беларускі народ.

Бадай ці варта разглядаць на гэным мейсцы зьмест тых бязграматных і вульгарна-дэмагогічных артыкулаў, якія там знаходзяцца і якія нічым не адрозьніваюцца ад звычайных камуністычных праклямацыяў: тое самае выхваленьне С.С.С.Р. гармідар з прычыны падгатоўкі да нападу на гэты пролетарскі рай і г. п. добра знаныя нам рэчы. На ўвагу заслугоўвае толькі тое, што зьяўляецца фактычна квінтэсэнцыяй вышаўшых нумароў гэтай часопісі і на чым камуністы вядуць чарговую палітычную спэкуляцыю—гэта апошняя справа Тарашкевіча і Грамада;

У першым нумары „Барацьбы“ зьмешчаны спэцыяльны артыкул, прысьвечаны „гэройскім“ чынам б. старшыні Грамады разам з ягоным партрэтам. У наступным нумары таксама знаходзім „апотэозу“ нацыянальнага барацьбіты з адпаведнымі лёзунгамі, надрукаванымі мэтровымі літарамі: „Вырвем Тарашкевіча з крывавых лап акупанта!“ а ў іншым мейсцы: „Звольніць с. Тарашкевіча“. Ясна для нас, што пачынаецца новая эра „нацыянальна-вызваленчай“ барацьбы пад кіраўніцтвам таго-ж самага Камінтэрну, каторы маючы ў сваім распараджэньні розныя нацыянальныя фонды адчувае часам недахоп адпаведнай маркі нацыянальных герояў.

У артыкуле „Шляхам Грамады“ (Барацьба № 2 1932 г. між іншым чытаем:

„Пераможны грамадаўскі рух падарваў уплывы беларускіх буржуазна—кулацкіх (!) партый у масах і тым самым расчысьціў шлях да рэвалюцыйнай барацьбы“…

На жаль „Барацьба“ на гэты раз кажа праўду, бо ўсе іншые кірункі беларускай палітычнай думкі (і ня толькі „буржуазныя“ і „кулацкія“), акрамя камуністычнага, значна аслабелі, дзякуючы няўпыннай прапрацы такіх герояў як Тарашкевіч і таму вярхоўнаму кіраўніцтву грамадаўскім рухам, якое спачывала ў руках Луцкевіча і Ваявудзкага.

Гэтыя людзі энэргічна і салідарна расчышчалі шляхі да збальшавізаваньня нашых масаў з яўным ушчэрбам іхняй нацыянальнай і агульна — грамадзкай сьведамасьці.

У свой час, як нам вядома, розныя камуністычнай маркі змагары, барацьбіты і нацыянальныя героі, прарочачы хуткую „перамену“, толькі і займаліся тым што разбуралі слабенькія і без таго беларускія арганізацыі і партыі, уважаючы іх за фашыстоўскія і буржуазна-кулацкія.

Ашуківалі народ раней, стараюцца ашукаць і цяпер.

Зноў, як некалісь, мы чуем, на гэты раз са шпальтаў „Барацьбы“ старыя прароцтвы камуністаў пра „збліжэньне вызваленьня і пра збліжэньне часу зьдзейсьненьня лёзунгаў Грамады і змаганьня“…

Якая, фактычна, мэта падобнага абману, каторы распаўсюджываецца камуністамі праз розныя „нацыянальныя“ выданьні?

А выключна тая, каб і далей трымаць народ у вычаківаючым напружаньні, якое карысна толькі для іх і якое так фатальна адбіваецца на нацыяна-культурнай і гаспадарчай працы беларускага грамадзянства. Адзіным сродкам проці падобнай камуністычнай інтрыгі было-б ўзмацненьне з нашага боку беларускай культурна-нацыянальнай і грамадзкай працы, чаму на перашкодзе стаіць, на жаль, незразуменьне гэтай справы шовіністычна настроенымі коламі польскага грамадзянства, не страціўшымі яшчэ надзеі на апалячаньне нашага народу.

Стараючыся за ўсялякую цану ператварыць Тарашкевіча ў нацыянальнага героя — ашукваюць нават у драбніцах, але спатыкаюцца тут з дасаднаю для сябе акалічнасьцю, бо гэты „герой“ адгуляў, як ведама, вельмі не геройскую ролю ў справе звальненьня грамадаўцаў з вастрогу, якое адбылося ў 1930 годзе.

І таму „Барацьба“ змушана тлумачыцца нам, быццам маем тут дачыненьне са звычайнаю правакацыяю і даводзіць, што тыя, ад каго залежала іхняе звальненьне, перарываюць кару Тарашкевіча, маючы надзею гэтакім чынам калі не здабыць яго для „нацыянальна-фашыстоўскага лагеру, то хаця аслабіць яго актыўнасьць на шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы і падарваць яго аўтарытэт. Але і на гэты раз правакацыя не ўдалася. Тарашкевіч адразу зразумеў гэту правакацыю і гостра запратэставаў проці яе. Выйсьці з турмы змусілі яго сілаю“.

Гэтакім чынам тая „камэдыйка для прастачкоў“, каторую адгуляў Тарашкевіч перад вастрожным сторажам, ператвараецца на нашых вачах у вельмі геройсні пратэст… Нам здаецца, што пасьля візытаў да Тарашкевіча такіх асобаў як Астроўскі і Ко, візытаў, якія адбываліся ў Вільні на Лукішках (студзень-люты 1930 г.) ягоны „пратэст“ меў не такі ўжо героічны выгляд, як-бы таго хацелася некаторым.

Нічым іншым як сьведамым ашуканствам мы лічым выхвальваньне падобных учынкаў Тарашкевіча, даўшага праз сваіх прыяцеляў поўную згоду на звальненьне часткі грамадаўцаў, а ў першую чаргу на сваё асабістае.

Сумліўна, каб у такі „дыплёматычны“ спосаб паступалі запраўдныя грамадзкія дзеячы…

Для нас зусім зразумела чаму гэта камуністы так старанна вышукваюць нацыянальных герояў сярод сваіх людзей, але для нас дзіўна тое — чаму гэта да сёньняшняга дня многія з беларускага грамадзянства дакладна яшчэ не ўяўляюць сабе гэтай прымітыўнай бальшавіцкай правакацыі.

Запраўды-ж, так „дурачыць“ беларусаў, як гэта робяць у нас агенты камінтэрну—рэдка дзе ім удаецца.

Тарашкевіч разам са сваімі таварышамі зьяўляецца за апошнія годы запраўдным няшчасьцем для беларускага народу, такім самым, якім быў у свой час „радыкал“ і „незалежнік“ А. Луцкевіч пакуль аканчальна не адыйшоў „на эмэрытуру“.

Для беларускага нацыянальнага руху дрэнна ўжо тое, што ён сваёю популярнасьцю, якую здабыў за часоў Грамады, сьведама вядзе яўна-камуністычную працу, прыкрываючы яе нац. — вызваленчаю фразэалёгіяю.

Разважаньні гэтага „змагара“ прыблізна такія: пры існуючым грамадзкім і палітычным ладзе ў Полmшчы ня можа быць вырашана як беларускае пытаньне, так і ўсе іншыя—зямельнае, рабочае і г. д.

Адсюль вывад—павінна паўстаць рабоча-сялянская ўлада і самавызначэньне беларускага народу „аж да адарваньня“. Вельмі прыгожа.

А што-ж будзе далей?

Няўжо-ж Тарашкевіч думае, што апынуўшыся на чале такога „рабоча-сялянскага“ ўраду яму далося-б стварыць некі палітычны арганізм, які-б жыў самастойна і быў-бы нечым пасярэднім паміж буржуазным і савецка-камуністычным?

Аб гэтым ён не гаворыць і гаварыць ня думае.

Ясна для нас, што палітычным ідэалам Тарашкевіча зьяўляецца прылучэньне Заходняй Беларусі да Ўсходняй Савецкай і гэтым самым ператварэньне беларускіх земляў у краіну прымусу і чырвонага тэрору.

Гэты „акадэмік“ павінен нарэшце ўяўляць сабе як гэта выглядала-б практычна, калі-б і ў нас пачалі працаваць „чрэзвычайкі“, калгасы, камісары з наганамі, а на рынках зьявіліся-б бульбяныя лупіны і г. п. рэчы.

Усё гэта ён дасканальна разумее, як здае справу і з таго, што робіць цяпер, каб толькі прысьпяшыць крыху спазьніўшуюся сусьветную рэвалюцыю.

Няўжо-ж ён верыць у тое, што калі-б і мы дачакаліся нарэшце савецка-калгаснага ці, як ён кажа, рабоча-сялянскага ладу, большасьці людзей было-б вельмі добра, а заразам зьдзейсьніліся-б і беларускія нацыянальныя ідэалы?

Уся бяда ў тым, што ў гэта ён ня верыць, як ня вераць у сацыялізм (хаця ім і прыкрываюцца) тыя тварцы „новага жыцьця“, якія праліваюць кроў непавінных людзей, заганяюць у прыгон савецкіх сялян, развозяць награбленыя каштоўнасьці і як той савецкі дыплёмат Красін,—абдараюць імі сваіх каханак. (Прыпомнім сабе кракаўскі працэс Цюнкевічовай у 1933 г.—каханкі Красіна, якая выявіла на судзе — скуль у яе ўзяліся мільённай вартасьці каштоўнасьці.)

Тарашкевіч ніколі сацыялістам ня быў.

Яго „сацыяльны“ нахіл (пасьля эпохі полёнафільства і палітычнай дружбы з Ваявудзкімі) пачаўся адразу з супрацоўніцтва з камуністамі ў чыста практычным напрамку і гэтае супрацоўніцтва ўкладалася неяк так, што вязала яго заўсёды з рознымі „фондамі“ вельмі цёмнага паходжаньня.

Легенда аб ягонай ідэёвасьці і нацыянальным гэраізме павінна закончыцца назаўсёды…

Што Тарашкевіча бароняць ягоныя палітычныя прыяцелі і „ідэёвыя кіраўнікі“—у гэтым няма для нас нічога дзіўнага і незразумелага.

Але дзіўнаю для нас зьяляецца тая акалічнасьць, што з гэтаю абаронаю мы спатыкаемся на шпальтах польскай прэсы, каторая ўважаючы сябе за „дэмакратычную“ павінна была-б асуджваць, ня толькі яўныя камуністычныя акцыі, але і такія, каторыя па тактычным меркаваньням сваю ўнутраную камуністычную сутнасьць прыкрываюць нацыянальна-вызваленчымі лёзунгамі.

На нашу думку розьніца паміж рэдактарам камуністычнай „Барацьбы“ і п. Тарашкевічам палягае толькі на тым, што ў першым выпадку мы маем дачыненьне з некім паўпісьменным савецкім „выдвіжэнцам“ у той час як Тарашкевіч зьяўляецца савецкім акадэмікам (сябрам Менскай Акадэміі Навук). Але розьніца гэта чыста вонкавая, бо ідэолёгічная сутнасьць у абодвых аднолькавая—і тут і там маем выразную „ступрецэнтовую гэнэральную лінію таварыша Сталіна“… Нам выдаецца, што баронячы б. старшыню Грамады ў апошняй ягонай справе пасьля выяўленьня такіх фактаў, каторых проста немагчыма ўціснуць у рамкі запраўднай нацыянальна-вызваленчай ідэолёгіі—польскія публіцысты робяць вялікую памылку. Некаторыя іх аргумэнты такога роду, што паўстаець пытаньне — ці запраўды мы маем тут дачыненьне з элемэнтарным нязнаньнем абставінаў беларускага грамадзкага жыцьця, ці маем перад сабою выразнае жаданьне баламуціць гэтае жыцьцё, шляхам накіданьня беларускаму народу такога „нацыянальнага героя“, каторы ў вялікай пашане ня толькі ў польскіх „дэмакратаў“, але і ў савецкіх камуністаў.

Ня трэба быць пракурорам, а трэба толькі крыху ўважней прыглядзецца да таго, што прарабляў Тарашкевіч за апошнія часы сваёй грамадзкай працы, каб прысьці да перакананьня, што ўсе ягоныя чыны зусім солідарызуюцца з камуністычнаю ідэолёгіяю і хіба-ж толькі тлумачэньне праз яго „Пана Тадэуша“, чым так захопліваюцца некаторыя (гл. „Kurjer Wileński“ ад 24.II.33 г.) магло ўвесьці ў блуд лёгкаверных людзей.

Але нас падобная акалічнасьць пры ацэнцы палітычнай дзеяльнасьці Тарашкевіча не саб'е, якне саб‘е і таго, хто добра прыглядзеўся да ўсіх ягоных палітычных фокусаў. Што Тарашкевіч па сваім палітычным перакананьням камуніст—няма ні ў кога сумліву, што ён быў у цеснай лучнасьці з камуністычнаю партыяю—дакладна выявілася на судзе.

Цяпер застаецца толькі адказаць на пытаньне — на чыю-ж карысьць ён вёў сваю практычную працу? Ані водная беларуская арганізацыя ня прыймае на свой рахунак усяго таго, што ім зроблена, а з другога боку нічога ня чуваць каб Тарашкевіч утварыў некую новую палітычную групіроўку. Застаецца адно — ён працаваў, і то вельмі шчыра, у радох тае партыі, якая вядзе барацьбу з усім беларускім грамадзянствам наагул, а такою арганізацыяю на нашых землях ёсьць К.П.З.Б.

Запраўды, шкада траціць часу на падобнага роду разважаньні, каторыя самі сабою павінны паўстаць у кожнага бесстароньняга наглядчыка нашага сумнага грамадзкага жыцьця.

Той аканчальны вывад, да каторага трэба прыйсьці і каторага нельга ўрываць, палягае на тым, што б. старшыня Грамады вёў яўна камуністычную працу, будучы актыўным камуністам і як такі належаў да сяброў кам. партыі.

З сумам трэба прызнаць, што абарончая акцыя на карысьць цікавячай нас асобы, каторая вядзецца часткаю віленскай польскай прэсы, прычыняцца толькі да паглыбленьня дэструкцыйных настрояў сярод беларускага народу, каторы і без таго даволі ўжо здэзорыентаваны савецкімі агентамі.

Няўдзячную задачу бяруць на сябе тыя, хто й далей хацеў-бы ператвараць гэтага чалавека ў нацыянальнага героя…

Сутнасьць справы палягае на ашуканстве камуністамі ўсяго беларускага грамадзянства, але гэтакае ашуканства будзе небясьпечным толькі да тае пары, пакуль не зробіцца для ўсіх зразумелым.

Кожны ўжо пачынае сабе ўяўляць, што шляхі да дыктатуры камуністычнай партыі могуць весьці праз умелае выкарыстаньне фахоўцамі між іншым і нацыянальных непаразуменьняў, якія існуюць у паасобных дзяржавах.

Беларускі народ апынуўся ў надзвычай цяжкім і можна сказаць трагічным палажэньні, калі з двух процілеглых бакоў дзеюць на яго такія сілы, каторыя гвалтам пхаюць „у камуну“ і таму трэба вялікіх высілкаў, каб утрымаць сваю самастойную лінію, як нацыянальную, так і палітычную.

Толькі разбудаваўшы асновы ўласнай і незалежнай грамадзкасьці нам ня будуць страшнымі як камуністы так і тыя, хто не адступаючы ад сваёй полёнізатарскай „гэнэральнай лініі“ — даюць гэтым самым козыры ў рукі камуністаў і фактычна зьяўляюцца найлепшымі іхнімі памоцнікамі ў справе збальшавізаваньня нашага краю.


ВЫВАДЫ

Дзяржаўны суд над Тарашкевічам адбыўся. Наступіў час калі слова ў гэтай справе павінна забраць нашае нацыянальна-думаючае грамадзянства. Для таго, каб вывады былі правільнымі, справу Тарашкевіча трэба паставіць у сувязь з тымі мэтамі, каторыя мае на нашых землях камуністычны інтэрнацыянал.

Гэтая арганізацыя, раскідаўшая свае агентуры па ўсім сьвеце, ад самага пачатку існаваньня Польскай дзяржавы, імкнулася справакаваць малады беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух, накіраваўшы яго на „рэвалюцыйныя“ шляхі.

Камуністы, узяўшы пад сваю апеку беларускую справу, вельмі зручна выкарыстоўвалі няўдольную палітыку польскага грамадзянства адносна г. зв. меншасьцёвых пытаньняў і дабіліся нарэшце таго, што беларускі народ паступова пачаў траціць веру ў магчымасьці паправы сваяго нацыянальна-палітычнага і культурнага лёсу пры існуючых соцыяльна-эканамічных умовах жыцьця.

Упарта і сыстэматычна ў голавы грамадзянства ўбівалася тая думка, што поўнае нацыянальнае адраджэньне Беларускага народу магчыма толькі тады, калі будзе асягнена „соцыяльнае вызваленьне“.

Паглыбленьне гэтай думкі, дзякуючы спрыту камуністычных агітатараў і публіцыстаў, ішло далей: пад такім „вызваленьнем“ разумелася камуністычная рэвалюцыя, а Савецкая Беларусь рэклямавалася як краіна, дзе ўсе нацыянальныя жаданьні беларусаў зьдзейсьніліся поўнасьцю.

Адсюль вывад, які напрашываўся сам сабою—для таго, каб наступілі сапраўдныя магчымасьці для зрэалізаваньня беларускай нацыянальна-культурнай праграмы патрэбным зьяўляецца і на нашых землях такі самы лад, які ў выніку кастрычнікавай рэвалюцыі запанаваў у Саветах. З гэтага пункту гледжаньня камуністам, па сваёй сутнасьці зьяўляючымся інтэрнацыяналістамі, — неабходным было ў мэтах апанаваньня нашага краю падтрымліваць беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух з тым, каб апанаваўшы кіраўніцтва над ім, уцягнуць яго на камуністычны шлях.

Для поўнага асягненьня гэтай мэты агенты камінтэрну стараліся здушыць у самым зародку ўсякія праявы запраўднай беларускай нацыянальнай думкі, і мы бачым, што гэтая праца пры дапамозе розных перакупленых камунізуючых канальяў вялася вельмі энэргічна.

Дзякуючы пастаяннаму чаканьню міравой рэвалюцыі, каторай ніяк ня могуць дачакацца Тарашкевіч, Валошын і іншыя яе прарокі, значная частка нашага грамадзянства апынулася ў некім спараліжаваным стане, будучы атручана бальшавіцкім дурманам.

Пакладаючы надзеі на „перамены“, каторыя раптоўна павінны вырашыць усе ня толькі нацыянальныя, але і соцыяльныя пытаньні—людзі лічылі непатрэбным вясьці дробную, буднюю працу, бо яна ўсёроўна, па іх думцы, змыецца вялікімі падзеямі, якія ў хуткім часе павінны падыйсьці.

У выніку такіх шкодных настрояў усюды маем развал і заняпад, творчая энэргія беларускага народу замарожана і пакуль што ў культурна-нацыянальным і арганізацыйным адношаньні мы апынуліся на апошнім мейсцы сярод усіх іншых народаў, насяляючых Польшчу.

І толькі адна анарха — бальшавіцкая пошасьць мае вялікія магчымасьці да сваяго распаўсюджаньня, якія рэдка дзе надараюцца.

Гэта якраз і было патрэбна Камінтэрну і тым ягоным агентам, каторыя, надзяваючы на сябе нацыянальна-беларускія шаты—ашуквалі ўсіх, каб потым пісаць свае „заклікі“ і спавядацца, што „ідэал сусьветнай рэвалюцыі“ для іх стаіць „вышэй ад ідэалу нацыянальнага адраджэньня Беларускага народу“.

Тарашкевіч адгуляў у гэтым палітычным машэнстве вельмі выдатную ролю і адгуляў яе сьведама.

Разам са сваімі таварышамі, выконваючы заданьні камінтэрну, прыкрываючы сваю працу нацыянальнымі шатамі і ён падводзіў беларускае грамадзянства пад абух дзяржаўных рэпрэсіяў і ў гэты спосаб прычыніўся да замарожаньня запраўднага нацыянальна-адраджэнскага беларускага руху. Тэорыя (калі наагул такая была) адносна магчымасьці ўзмацненьня нацыянальнай сьведамасьці Беларускага народу шляхам злучэньня нацыянальнай справы з „сацыяльным вызваленьнем“ (як гэтае вызваленьне разумеюць камуністы) пацярпела ў нашых умовах жыцьця поўны крах, фатальна адбіўшыся на беларускай нацыянальнай справе. Нашыя камунізуючыя паслы займаліся толькі тым, што кіруючыся на „сусьветную рэвалюцыю“, трымалі народныя масы ў нейкім нездаровым псыхолёгічным напружаньні і зусім ня лічылі патрэбным зварочваць. увагу гэтых масаў на пазытыўную, культурна-нацыянальную і гаспадарчую працу.

Яны не пабудавалі ані воднага коопэратыву, не залажылі ані воднай беларускай культурна-прасьветнай інстытуцыі, а калі нешта і тварылі—дык ўсё гэта было з іх ведама падмінавана камуністамі, справакавана і ў аканчальным разрахунку — зьмецена з твару зямлі.

За ўвесь час „камунізаваньня“ беларускіх паслоў быў арганізаваны імі, здаецца, толькі адзін коопэратыў „Сноп“ (у Дзісьнен. пав.) і той быў хутка вымалачаны паліцыяю, бо ператварыўся, як гэта выявілася на працэсе Грамады, у явачны пункт для камуністычных правакатараў.

Дзьверы нашых маладых і няўзмоцненых школаў яны шырака адчынілі для „камсамолу“, мэтадыстаў і іншых цёмных сілаў, меўшых на мэце ператварыць нашу моладзь у сваё сьляпое снарадзьдзе.

Б. паслы Дварчанін і Гаўрылік па прастаце сваёй былі перакананы, што лёсы сусьветнай рэвалюцыі спачываюць у мурох беларускіх гімназіяў, дзеля чаго аткрыта выклікалі моладзь на „рэвалюцыйныя“ выступленьні. Беларускае грамадзянства было загіпнатызавана праз камунізуючых дзеячоў і маральна праз іх стэрарызавана, дзеля чаго ўсякі цьвярозы голас лічыўся праяваю „фашызму“ і „дэфэнзывы“.

Дружнымі высілкамі гэтай стады чорных крукоў і запраўдных грабароў беларускай справы разбіваліся ўсе арганізацыі, каторыя былі так патрэбны Беларускаму народу і разбіваліся толкі таму, што яны былі непажаданымі для камінтэрну.

Ва ўсім гэным бальшавіцкім „сьвістаплясе“ вадзіў рэй ніхто іншы як сам п. Тарашкевіч, прарабляючы гэтую, яўна варожую для беларусаў працу, пад плашчам нацыянальна-вызваленчай барацьбы.

Разам са сваімі таварышамі і ўкрытымі дарадцамі (тыпу Луцкевіча і Ваявудзкага) ён стаў на чале тае шырака закроенай акцыі, мэтаю каторай было закінуць сеці на беларускае грамадзянства і выцягнуць яго на камуністычны бераг.

Толькі цяпер, і то з вялікімі высілкамі, яно звальняецца патроху з гэтай бальшавіцкай матні, куды папала дзякуючы няўпыннай працы сьпеўшыхся і добра аплачанай кумпаніі яўных агэнтаў камінтэрну.

Гэтыя людзі ў канчальным разрахунку ўскладнілі беларускае пытаньне ў межах Польшы, дзе значная частка грамадзянства (асабліва польскага) дзякуючы вытварыўшайся „сытуаціі“, ня можа аддзяліць беларускую справу ад камуністычнай і заўсёды яе путае.

Лёс Белерускага народу п. Тарашкевіч і яму падобныя хацелі-б злучыць з лёсам камуністычнай дыктатуры ў Саветах і тае сусьветнае рэвалюцыі, каторую за вялікія грошы хочуць распаліць камуністы.

Але лёс як сусьветнай рэвалюцыі, так і самой Савецкай Расеі хутка будзе вырашыны гісторыяю.

Мы перакананы, што тая форма дыктатуры, каторая ўстанавілася ў Саветах, згіне, бо такі пачварны рэжым доўга ўтрымацца ня можа.

Камуністычная дыктатура стаіць там на гліняных нагах, узяўшы пад увагу настроі сяляньства, і трымаецца да першай ваеннай завярухі, падчас каторай яна будзе паднята на штыкі змабілізаваным азлобленым грамадзянствам. Паднявольныя народы—украінцы, грузіны і іншыя—толькі чакаюць тае хвіліны, каб са зброяю ў руках расквітавацца з крэмлёўскімі сатрапамі. Словам, усё прамаўляе за тое што ў хуткім часе „камуна“ у Саветах падзе і там запануе некі іншы, бліжэй акрэсьляны парадак рэчаў. Мы пераконаны што ня гледзючы на ўсё—такой рэвалюцыі, да каторай імкнуцца камуністы, ня будзе зусім і што яны самі праз некі час зыйдуць з гістарычнай відоўні.

На сьвеце вытвараюцца і ўжо ўзмоцніліся іншыя палітычныя сілы, каторыя адгуляюць рашучую ролю ў пераарганізацыі сучаснага грамадзянства на больш дасканальных асновах…

Няхай толкі камуністы папрабуюць падняць рэвалюцыю, напрыклад, у Нямеччыне і яны пабачаць, што гэтая чарговая справа закончыцца для іх куды гарэй, чым яна законьчылася тады, калі злажылі свае голавы разам з іншымі галоўныя павадыры нямецкай кам. партыі Роза Люксэнбург і Лібкнэхт.

Ужо ня раз у працягу апошняга дзесяцігодзьдзя камінтэрн прабаваў падняць завярухі ў розных краёх, але заўсёды яны канчаліся для яго вельмі плачэўна. Было паўстаньне ў Баўгарыі, некі час камуністы трымаліся ў Вэнгрыі, была спроба захапіць уладу ў Італіі і Эстоніі, у 1930 г. яны былі раздушаны ў Чылі, у 1933 у Румыніі словам усюды, дзе можна, яны прабавалі свае сілы, але ўсюды атрымалі належны адпор з боку арганізаванага грамадзянства.

Здавалася, што Кітай ператворыцца хутка ў Савецкі Саюз, дзе запануюць камуністы. Аказалася, аднак, што проці збальшавізаванага Кітаю выступіла азброеная да зубоў Японія, каторая наводзіць там парадак.

Так прыблізна абстаяць справы на сьвеце і вось пры гэтакіх абставінах Тарашкевіч падняўся місіі злучыць лёс Беларускага народу з лёсам СССР і камуністычнай рэвалюцыі.

Лёс гэты настолькі няпэўны, што нават некаторыя камуністычныя тэорэтыкі ня вельмі оптымістычна заглядаюць на будучыню.

На жаль для п. Тарашкевіча, можа стацца якраз так, што ён не дачакае таго, на што пакладае, дзякуючы сваяму камуністычнаму „донкіхоцтву“, такія вялікія надзеі.

І што ён скажа тады?

А што-б ён сказаў, калі-б падняўшаяся рэвалюцыя была здушана разам з Беларускім народам, каторы ён стараецца пацягнуць за сабою ў камуністычную падарож?

Людзі, падобныя Тарашкевічу, палітычныя дыльлетанты, ці то звычайныя кар‘ерысты — стараюцца аканчальна здэзорыентаваць нашае грамадзянства скіраваўшы ягоную ўвагу ў той бок, каторы можа прынесьці пры ўсякіх гістарычных выпадках ў будучыні адну толькі пагібель для беларускай справы.

Мазгі, атручаныя бальшавіцкім дурманам, ніяк ня могуць зразумець тае простае рэчы, што беларускае пытаньне ва ўсёй ягонай паўнаце можа быць вырашана без дапамогі камуністычнай рэвалюцыі, каторая так патрэбна Тарашкевічу для здзейсьненьня ягоных „ідэалаў“.

Вельмі цяжкія ахвяры прышлося-б панесьці ўсяму беларускаму грамадзянству, каб наступіла такое „нацыянальнае вызваленьне“ якое патрэбна камуністам.

Многія з сучасных камунізуючых „романтыкаў“ пашкадавалі-б за свае палітычныя памылкі, але направіць іх было-б немагчыма.

„Увязка“ нацыянальнага беларускага пытаньня з камуністычнаю праграмаю была выгадна толькі для камуністаў і мы бачым як зручна рукамі Тарашкевічаў і ягоных прыяцеляў гэную ўвязку яны праводзілі ў нашу сьведамасьць.

Вырашэньне ўсіх складных соцыяльна-эканамічных пытаньняў, каторыя паўсталі і будуць паўставаць на сьвеце, таксама можна правесьці без карыстаньня тымі прымітыўнымі сродкамі, якія прыгатаваны ў Маскоўскай Камуністычнай лябараторыі.

І мы бачым, што акрамя камуністаў, якія з размаху змаглі толькі ўстабілізаваць дзяржаўны капіталізм у горадзе і дапатопны прыгон на вёсцы—над соцыяльнымі праблемамі ломяць голавы ўсе палітычныя партыі з ліку тых, каторыя ня прызнаюць існуючы соцыяльна-эканамічны лад за найдасканальшы, які толькі можа быць на сьвеце.

Мы верым ў тое, што найгалаўнейшыя соцыяльныя проблемы будуць вырашаны з карысьцю для працоўных, але толькі не камуністамі, давёўшымі СССР да жабрацкай торбы, дзе, як кажуць, нават бульбяныя лупіны прадаюцца па высокай цане.

Тарашкевічу ўсё гэта вядома быць можа ня горш ад нас, але ўсё-ж такі ў працягу цэлага раду гадоў ён упарта накіроўваў на гэты „саветафільскі“ бок.

Чым, нарэшце, усё гэта можна вытлумачыць?

Пракурор на апошнім працэсе тлумачыў такую дзівачную акалічнасьць звычайным карыярызмам і вялікаю прываблівасьцю „нацыянальных фондаў“, проці чаго горача запратэставаў Тарашкевіч, а яшчэ гарачэй ягоныя адвакаты.

Нам здаецца, што пракурор, як гэта часта здараецца з пракурорамі наагул, сказаў ня ўсё.

Бязумоўна карыерызм у пэўнага сорту людзей зьяўляецца вялікім „маторам“ іхняй грамадзкай працы.

Не магчыма было-б выэлімінаваць гэты „матор“ з грамадзкай дзеяльнасьці Тарашкевіча, сына беднага селяніна з Віленшчыны, раптоўна ператварыўшагася па сканчэньні унівэрсытэту ў заможнага буржуя.

Мы не памылімся калі скажам, што Тарашкевіч, будучы чалавекам слабавольным, „метнулся“ у камуністычны бок дзякуючы шкадлівым уплывам „злых духаў“ Беларускага народу, якія заселі ў Вільні і кіруюць адтуль усімі цёмнымі справамі праз падстаўных людзей.

Яны плянова і сыстэматычна губяць ўсе патрэбныя для баларускай справы адзінкі, якія толькі падпадаюць пад іхнія ўплывы і яны-ж зьяўляюцца галоўнымі вінавайцамі таго, што здарылася з Тарашкевічам і ягонымі таварышамі. Толькі дзякуючы гэтай акалічнасьці і сваяму ўласнаму бязвольлю Тарашкевіч, наперакор здароваму сэнсу цьвердзіць, што ўсе ягоныя сымпатыі там, дзе камуністы пабудавалі „Беларускі Дом“…

Калі небудзь мы будзем сьведкамі таго, як ён апыніцца ў гэтым „доме“ і загаспадаруе…

Цяжка быць цяпер прарокам, але думаем, што ад ягонага выезду беларуская справа ў Польшчы нічога не страціць, а ў Савецкай Беларусі—нічога не прыбудзе.

Магчыма й так, што Тарашкевіч сам, разам са сваімі таварышамі, пераканаецца, нарэшце, якімі фалшывымі шляхамі яны ішлі, шукаючы спосабаў вырашэньня беларускага пытаньня. Але будзе позна…


Сакавік 1933 г.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.