ІЛЖЭЎДАРНІК АБРАМАЎ З ФАБРЫКІ „ДЗЬВІНА“
Фабрыка ўзьніме
жалезную лапу
і будзе працягла,
па-воўчаму, выць,
а ён? —
ён ня зрушыць сваёй галавы,
і сымбаль спакою
плыве над канапай…
Дзіўная музыка
учарайшага вечару
яшчэ жыве ў ім,
яшчэ не патухла надзея —
сьмяяцца,
сьпяваць,
і слухаць
таксама
надрыўную песьню
нейчую.
Зялёныя твары
незнаёмай казкі
крывяць ухмылкаю
вусны ў дым.
Нашто на сталох
зажурыліся краскі? —
як быццам труну
убіраюць браты!
Дымнае возера,
і, склаўшы рукі,
ён кідаецца туды
і нырцуе да дна,
і робіцца гэтак:
ні крыўды, ні мукі,
як быццам падаў хто
кілішак віна.
І думае так:
„нашто парываньні? —
я самы шчыры змагар
за жыцьцё,
бо толькі праменным
даецца зьмярканьне,
i толькі бурным
даюць забыцьцё!“
А сонца б‘е ў вокны
шырокай ракою
і муха назойліва
кратае лоб…
Ён супраць яе…
ён штурхае рукою…
зацішша ізноў,
абы добра
было-б.
І раптам
зрываецца
чорнаю хмарай
жалезнае
жорсткае слова — прагул, і горада,
раньнем абуджаны, гул
у міг разьбівае
салодкія мары.
У сэрца заглянеш —
як быццам хто плюнуў,
і ботам расьцёр
свой крывавы плявок
і сплямлены думы,
і сорваны струны,
і хітрыкі нейчай
заграз наплавок.
Ён будзе шукаць
па кішэнях на піва,
і, не знайшоўшы,
на скрыдлах тугі
стане выдумваць
байкі і дзівы
за кухаль, пастаўлены
некім другім.
А горад грыміць
і сьпявае комуна,
за працай ударнай
сьпявае зямля, і белыя вішні
ў чыгунныя струны
ўліваюць варожасьць
пчалы і шмяля.
Сьпяваюць станкі
і за вокнамі — птушка,
сьпявае нутро,
бы у першы усход,
а недзе ў далёкай піўнушцы
асушка
бярэм‘я бутэлек,
цяжару, клапот.
Тут такжа асушка,
асушка гнілога,
ўсяго,
што за дваццаць стагодзьдзяў імглы
лягло, як растручаны зьвер,
ля парога
наступнага дня
найпрыгожай зямлі…
Тут вечна асушка
і сонца кратае сваё залатое
над краем крыло,
каб у песьнях рабочых
і ў песьнях ратая
жыцьцё, нібы танец на ружах,
расло.
Тут вечна асушка,
былога асушка,
і вось,
апранутая сонцам вясны,
ганебнага бацьку
зьмяняе дачушка,
каб сэрца ня дрогнула
гулкай „Дзьвіны“.
Час выкрасьліць гэта,
як чорную драму.
Наступнае йдзе
і нямеюць шляхі,
і ён застанецца аднойчы
за брамай
высокага ўсходу —
сьляпы
і глухі…
На гэта найвышшае шкодніцтва
часу
фабрыка ўзьніме
апошні удар,
каб зьзяла жыцьцё
нячуванай акрасай
над чорнай магілай
калек і няздар.
|