Майму таварышу аднагодку
прынесьлі ружы
чырвоныя і белыя —
кроў і сьляза,
і вочы бліснулі —
два промні ляза,
Зразаючы думак
суровасьць
і сьцюжу.
Гэта яго
надарыла каханьне,
музыка блізкай
і роднай істоты,
шчырасьць зямлі
і зямныя клапоты
ў момант
вясновага ix
разьвітаньня.
Любая дзяўчына! —
гэта ня словы,
гэта
алмазныя кроплі крыві,
і ты не нахмурыш
журлівыя бровы,
ня станеш ухмылкаю
вусны крывіць.
He! He табе
жабраваць у тумане
з просьбаю сонца
вышэйшай ясноты…
Гэта з табой,
і ня будзе зьмярканьня
ў часе прыліву
тваёй адзіноты.
Хто-ж там сьмяецца?
хто плача з дакорам? —
Наша за намі…
Галіна, пастой:
цябе хвалявала
нялюдзкая змора, а час супакоіць
гаючай
вадой.
Іграе вада
белапеннай імглою,
мінаюць гады,
адыходзяць сябры.
Юнацтва, як песьню,
на шпальты бяры
і вырасьцеш казкай
над дымнай зямлёю.
Зямля — гэта база,
жыцьцё-ж — надбудова,
і ты, чалавек,
толькі частка зямлі,
ствараеш законы
на думкі і слова,
каб лепш твае ўнукі
і дзеці жылі.
Заўсёды магчыма
суладзіць з патрэбным,
з сабой-жа суладзіш
да пэўнай пары. Хай славяць курорты Барашкі сябры,
блукаючы ў горах,
пад месяцам срэбным…
А горы дымяцца,
красуе Каўказ,
і хмарка
на чыстым ўстае небакраі,
дзе Лермантаў вёў
свой нярадасны сказ
пад гыркат і сьмех
гругановае зграі.
Там Пушкіну
родным быў Церака гул,
і глыбаў каменных
ўстрывожаны рогат,
і песьні грузінкі,
і ворага скогат,
і ўсё, чым хварэў
чалавечы аул.
Там быў і Купала
і дзіўным сьвятлом праменілі вочы,
і сэрца сьпявала,
і песьня, як мора,
арліным крылом
будзіла ў надраньні
ружовыя скалы.
І скалы гарэлі,
і ўвесь, як алмаз,
у слаўнай красуні-зямлі
на далоні
іграў сваім гневам
суровы Каўказ,
і дні сівізну пралівалі
на скроні.
Стаіш апраменены
вечнай зарой,
гараць твае думы —
агні-самацьветы,
і тыя,
што кінуць цябе бяз прывету,
табой-жа асьветлены,
ўведзены ў строй На шпальты жыцьця
змагара
і поэты.
І ты ня мыляешся, Галя,
ані,
бо справа ня ў дробязях,
гэтак і трэба,
каб наша юнацтва,
як майскае неба,
расло і сьпявала
на зорным агні.
Навокал сьвітае
і вусны зары
кратаюць усьмешкаю
цені шпалераў,
і хочацца верыць,
мае вы сябры,
што ўсё гэта —
поўнае сэнсу і веры,
іграе жыцьцё маё,
чорт падзяры!