Права на зброю (1933)/Вынаходніцтва майго сябры Капусьціка

Першы дзень на запалкавай фабрыцы Вынаходніцтва майго сябра Капусьціка
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
Паводка і поэта расплачваецца за маладосьць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЫНАХОДНІЦТВА
МАЙГО СЯБРЫ
КАПУСЬЦІКА


Ёсьць толькі адна радасьць — творчасьць. Усе астатнія — цені, што праходзяць па зямлі, не пакідаючы сьлядоў, — чужыя жыцьцю. Усе радасьці жыцьця ў творчасьці. Любоў, гені, праца — усё гэта узьлёты сіл, што вышлі з аднаю полымя.Р. РОЛЯН.

Дзень ударыць блакітным прыбоем —
Ўзварухне пыл і бруд. Загамоняць шляхі.
Кожны дзень, нам прызначаны, любы, з табою
трэба песьціць і браць у штыкі.

1

Шугнула сьвятло
над заводам.
Першая зьмена.
Аўтоматны цэх.
Дрэва і серкі
знаёмы водыр,
і за плячыма гады
няудач
і уцех…

Стаяць аўтоматы,
вялікія, як сланы,
вогненныя,
як дынаміт.
Толькі спрабуй няўважна крані, —
і пойдуць яны граміць.

На вокны і сьцены
кладзецца дым
валасатай
такой
рукою,
і на сэрца тваё
людзкое —
аскабалачак
сернай
руды.

Вокны тваіх вачэй
пачынаюць сьлязіцца (доўга, цьмяна!)
у зялёныя глыбы халодных начэй,
праз імглістую сетку тумана.

А бывае і так:
шугане агонь,
як абразай
ударыць па твары,
і з твайго,
адраньцьвелага сэрца,
таварыш,
вырываецца глуха,
па-воўчаму —
стогн.

Гэта падае
на халодны дол,
на каменны дол
будаўнік.
Гэта рукі яго,
гэта скроні яго,
гэта сэрца яго
У агні.

Каб заўсёды пульс фабрычны біў,
і каб зьнішчыць прастоі, аварыі, —
трэба машыну умець любіць,
трэба ведаць яе, таварышы.

Будзь уважным,
падрэшчык,
макаль:
гэта жарты з агнём,
можа, жарты
і зьдзек, —
і на вецер ўзьлятае
заморская „stal“,
а галоўная справа,
што наш
чалавек!

2

Крывавы алмаз
нацапіўшы на грудзі,
закацілася сонца
за дымныя далі ракі…
Вось скончана праца.
Вяртаюцца зоры і людзі,
і вечар ва ўсе пралязае
куткі.

Ідуць над сусьветам
радыёхвалі,
палыхае каханьне
на скрыпках імглы
ад растручаных крыўдаю
выспаў Італіі
да адзінай у сьвеце
Савецкай зямлі.

Ў гарадох,
пад распаленым сонцам
чужыны,
зьліваецца разам
у дзікі прыбой:
удар бізуна,
сьпеў галоднай жанчыны,
і руж палыханьне
і сьмерці
набой.

Сухотных падвалаў
пахмурыя плямы
кладуцца на шлях,
як на сэрца адчай…
Там кожная вуліца —
вынятак з драмы
для п‘яных раскош
залатога лыча.

Ламі яго!
Глушы яго!
Грамі яго!
Бі ненавісьці жорсткім кінжалам.
Па варожаму стану —
агонь!
Па ганебнай
крамніне —
агонь!
Каб рэвалюцыя
не памірала.

3

Мы слухаем радыё.
Зорная сетка
ухутала ноч
залатою чалмой,
і месяц нас мучыць,
як выцяты сьведка,
народжаны
дзікай турмой…
Куды вы пытаеце,
пане, пуцёўку? —
Хіснуліся банкі?
Стаў новы завод?
— Вяроўку? —
адзінае высьце —
вяроўку!
Вяроўку
ад чорных клапот!…

4

І раптам —
праз белыя грудзі
туманаў,
як мора прыбой
на сьвітальнай зары,
выростае гімн
пяцігодняга пляну
ў адзін баявы,
няўміручы
парыў:

„Аддай увесь розум,
ўсё сэрца,
ўсю сілу,
наступнаму дню,
што ідзе на шляхі,
каб у краі магіл,
дзе журба галасіла, —
высокія ружы
пад сонцам цьвілі“.
...............
Ўсё гэта пра нас
і пра нашую працу:
„Мы выканалі
свой прамфінплян на 103.
Мы змагаліся за 1040
i 518 —
маладога жыцьця
змагары“.

Капусьцік Мікола
на фабрыцы „Сталін“
ўзяў сеткаю нораў
асілка-каня:
дыхне ён агнём
на жалезныя струны прагалін,
дыхне і нямее —
сьмяротная
гіне гульня“.

*

Ноч кідае ў нетры
свой мэтэор,
дымяцца туманы
над злымі вазёрамі сьвету.
Вітаем друг друга,
і музыка зор
акомпануе поэту.

Ўсё лепшаму — лепшыя.
З вуліцы зоры
ўрываюцца ў хату,
на вуліцы пуста,
і песьню заводзіць
пра „Сонечны горад“
мой сябра ударнік,
таварыш
Капусьцік.