Права на зброю (1933)/Паводка і поэта расплачваецца за маладосьць

Вынаходніцтва майго сябры Капусьціка Паводка і поэта расплачваецца за маладосьць
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
Сінімі шляхамі на ружовы шлях

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАВОДКА І ПОЭТА
РАСПЛАЧВАЕЦЦА
ЗА МАЛАДОСЬЦЬ


Яны ня журыліся ад гора і ня дзівіліся сьмерці. Яны ведалі: жыцьцё — не сенажаць з кветкамі, жыцьцё — ня кветкі на сенажаці зьбіраць.Л. ЛЕОНАЎ.

Шуганула сонцам,
ударыла цёплым ветрам
зьнячэўку,
і пайшло і пайшло —
без граніц,
цераз берагі.
Хвалі наладзілі
нячуваную сьпеўку, —
гэта вясна-чараўніца,
мой дарагі!

Падставім грудзі
барвоваму промню:
пяшчоце і гневу
і смутку яго,
каб наша любоў
маладых і нязломных
ішла, як вясна
ля сваіх берагоў —
гэта адчуй і запомні!

Ў сэрцы людзкім,
як пад сьнегам і лёдам,
б‘ецца жывы
і гарачы струмень.
З ім нам крышыць
і ламаць перашкоды
дарогаю мужнай
у заўтрашні дзень…

Туманы, як вапна,
калі на яе
ты пырснеш
гаючай вадою.
Яны адыходзяць
сваёй чарадою,
як дзеды і прадзеды
па даліне.

Дзівак!
ты стаіш ў асьвятленьні
вясны няутомнай,
ты любіш жыцьцё
і ты творыш жыцьцё,
каб грала поэмай яно
многатомнай,
як грала калісьці
тваё пачуцьцё.

За ўсё,
што належыць табе
й наканована,
за жорсткасьць эпохі,
за дружбу жанчын,
за ночы пакуты,
жыцьцём не падкованай, —
Ты будзеш плаціць
і плаціць
не адзін.

Прачнешся аднойчы,
і ў сьмешнай каморцы
адчуеш як кроў
пачынае мярцьвець:
маленькі агенчык,
падобны зорцы, —
сьціскаецца й тухне
і стыне,
як медзь…

ўсё гэта так проста
і ўсё так звычайна.
Прыдзе халодны
і жорсткі загад,
і ты прагаворыш,
як некалі Гайнэ:
„На кудры і сэрца
ідзе лістапад“.

Мы будзем судзіцца
па песьнях
і справах,
і мы вось ня скажам,
як дальні поэт:
„Трыста год славы
за добрую страву,
за смачна табой згатаваны
абед“.[1]

Мы знаем за што нам
змагацца,
ў што верыць,
і мы, набываючы сталасьць,
вядзем
сваю маладую эпоху
наперад,
як стройныя шэрагі
слаўных поэм.

З якім захапленьнем,
з якою трывогай
кіпіць тут работаю
кожны куток:
ўсё стройна, разьмерана,
проста і строга,
давай-жа за гэта,
браток!

Наступнаму ўсё
ахвяруй без адчаю,
і жорстка-праўдзівы
і кволы заўжды
эпоху ўзьнімай
баявымі плячамі,
каб заўтра праз шчырасьць,
зямлю і гады
цябе, як жывога,
як сына страчалі…

Ты рос са стыхіяй, —
з вясной і паводкай,
і сёньня,
кратаючы сонца крыло,
выводзіш абрысы
сваёй пяцігодкі,
каб, можа,
дарогаю самай кароткай
трухлявую спадчыну
весьці на злом.

Ты меней зямлі
і старэй рэволюцыі,
і сёньня,
юнацтву сказаўшы — бывай —
ідзеш
і ўліваешся усімі пачуцьцямі
ў бурнай вясны
залаты карнавал…

І калі зразумееш,
што справе аддадзена
наша юнацтва
(бяз крыўды бяры!)
ўстане яно
агнявой аграмадзінай,
так-жа, як мора, ўстае
на зары.

Шуганула сонцам,
ударыла цёплым ветрам
зьнячэўку.
і пайшло і пайшло —
без граніц,
цераз берагі,
Хвалі наладзілі
нячуваную сьпеўку, —
гэта вясна-чараўніца,
мой дарагі!


  1. Гэтыя словы сказаў Вольтэр, зразумела, пасьля сытнага абеду.