Прадвесьнікі Адраджэньня
Прадвесьнікі Адраджэньня Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1918 |
Якуб Колас (Луцкевіч) → |
Пасьля доўгіх мук і зьдзеку і заняпаду Беларускі Народ уваскрос.
Запраўды, іначай нельга назваць таго, што адбываецца на нашых вачах.
Бо ў беларусаў былі часы высокага расьцьвету, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім Народ Беларускі будаваў асновы дзяржаўнага жыцьця беларуска-літоўскіх зямель, калі па-беларуску гутарыла між сабой краёвая інтэлігенцыя, усе станы, усе ўраднікі і вялікія князі. Беларуская мова была мовай пануючай, мовай гасударственай. Статут Літоўскі, уложаны і выданы па-беларуску, загадваў, каб усе дакумэнты афіцыяльнага характару пісаліся беларускім языком. І ў часах незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага беларусы могуць пахваліцца найбагацейшай між славянскімі народамі літаратурай. Ня лічачы вялізарнага чысла пісаных памятнікаў беларускай старой літаратуры, да нас дайшла друкаваная ўжо ў 1517 гаду першая беларуская Біблія Францішка Скарыны, і гэтак на 1917 год прыпадаў юбілей беларускага друку.
Але пасьля гэткага сьветлага пэрыяду расьцьвету беларускай нацыянальнай культуры для Беларусі, увайшоўшай разам з усей Літвой у склад Польскай Рэчы Паспалітай, насталі ліхія дні. Нешчасьлівыя для нашага народу варункі жыцьця зрабілі тое, што памалу — крок за крокам — беларускую мову пачала выціскаць зусюль польская, «вярхі» народу — яго вышэйшыя станы — апалячваліся і разрывалі тую жывую зьвязь з народнымі масамі, якую становіць еднасьць мовы. І калі прабіла гадзіна разьдзелу Рэчы Паспалітай, калі наша Бацькаўшчына апынулася пад панаваньнем расейскіх цароў, дык на Зямлі Беларускай беларускім асталося толькі сялянства, часьцю — дробнае мяшчанства ды работнікі па мястох. Не было нацыянальнай інтэлігенцыі, не было каму бараніць правы нашага народу перад чужынцамі.
На «паток і разграбленьне» быў выдан маскалём народ беларускі. І з горкім болем трэба сказаць, што ў той час як царскія чыноўнікі гвалтам абярталі беларусаў у маскалёў, сыны нашага народу, косьць з косьці і кроў з крыві яго, прыняўшыя польскую мову і культуру, нанасілі яму ўдары ззаду, стараючыся пераварочваць нашых братоў на палякаў...
Мы ня будзем затрымлівацца на панурых страніцах гісторыі беларусаў у ХІХ сталецьці, калі народ сялянскі стагнаў пад цяжкім прыгонам. Скажам толькі, што і тут ужо пачынае лунаць над Зямлёй Беларускай думка аб свабодзе сацыяльнай, палітычнай і нацыянальнай. А кожын раз, як узмацоўваўся тут дэмакратычны рух, разам зь ім узьнімалася пытаньне і аб справе беларускай: у часах расьцьвету дэмакратычнага кірунку ў Віленскім унівэрсытэце, у рэвалюцыйным 1848 гаду, у часах перад паўстаньнем 1863 г. і падчас паўстаньня. Але грубая сіла царскага самадзяржавія разьбівала ўсе праявы дэмакратызму, а разам з тым нішчыла першыя беларускія расткі. У 1865 гаду было забаронена друкаваць у межах Расеі беларускія кніжкі, і гэта забарона трывала 40 гадоў — ажно да вялікай расейскай рэвалюцыі. Як найвышэйшая праява дэмакратычнага руху, рэвалюцыя збудзіла ўрэшце прыспаныя масы беларускага сялянства, і вось першыя пакаленьні беларусаў, радзіўшыеся і ўзгадаваныя пасьля скасаваньня паншчыны, як вольныя людзі, прыступаюць да адбудовы сваей нацыянальнай культуры, працуюць дзеля духовага вызваленьня свайго народу — дзеля нацыянальнага адраджэньня.
Беларускі народны рух, каторы гэтак шырока разьвіваецца нават цяпер — у часе вайны — наабапал ваеннага фронту, меў сваіх прадвесьнікаў яшчэ перад рэвалюцыяй 1905 году. Пробы беларускага пісьменства сягаюць нават канца XVІІІ ст., калі Манькоўскі напісаў сваю «Энэіду», дайшоўшую да нас толькі ў адрыўках. У даўгой чвэрці ХІХ ст. выходзяць зборнікі народных вершаў з дадаткам арыгінальных (Ян Чачот), побач з тым аповесьці маральнага характару (Баршчэўскі, Рыпінскі і інш.). Між апошнімі багаты ўклад у беларускую літаратуру ўнёс Вінцук Дунін-Марцінкевіч, даўшый цэлы рад вялікшых паэтыцкіх твораў, пісаных добрай беларускай мовай, але больш цікавых з бытавога пагляду, чым з артыстычнага, — у тым ліку «Гапон», «Купальле», «Шчароўскія дажынкі», сцэнічныя творы «Залёты» і «Сялянка», да каторай напісаў музыку вядомы кампазытар зямлі нашай, Станіслаў Манюшка, і каторую ігралі ў 50-х гадах на мінскай сцэне. Ды ўсе творы папярэднікаў Марцінкевіча і яго самога па свайму характару вельмі далёкі ад новай беларускай ідэалёгіі: памянёныя аўтары стаяць над народам, гэта — паны, каторыя пішуць дзеля навучаньня «простых» людзей. І хоць са шляхоцкай сям’і выйшаў такжа Мацей Бурачок (Францішак Багушэвіч — з Ашмяншчыны), ён першы ўнёс у беларускую літаратуру народны характар і гэтак заняў месца першага песьняра Маладой Беларусі.
Мацей Бурачок — гэта запраўды беларускі нацыянальны паэт: ён так добра разумеў наш народ, быў так блізка да яго душой, што яго творы — заўсёды высокай артыстычнай цаны, нягледзячы на забарону расейскага ўраду, даходзілі да самых глухіх беларускіх вёсак то перадаваныя вусна, то ў загранічных выданьнях (зборнікі «Dudka biełaruskaja» і «Smyk biełaruski», друкаваныя ў [18]90-х гадах), дастаўляўшыхся кантрабандай. Вершы Багушэвіча сталіся скора агульнанародным меньнем: іх вучыліся на памяць зусім таксама, як арыгінальных народных песень. Мацей Бурачок — гэта інтэлігент, узгадаваны ў апалячанай шляхоцкай сям’і — у традыцыях барацьбы за палітычную волю, вучыўшыйся пасьля ў маскоўскім унівэрсытэце і вынесшый адтуль дэмакратычныя ідэі расейскіх радыкалаў [18]80-х гадоў. Ён знамятніта вычуваў біцьцё пульсу народнага, балеў яго болем, цешыўся яго радасьцямі, усей душой абурываўся з прычыны ганебнага рабства, сьляды каторага надоўга забілі ў беларускіх сялянах пачуцьцё чалавечай гордасьці. Ён горача зваў наш народ скінуць путы духовага рабства, горда падняць галаву і сьмела — на ўвесь сьвет — заявіць, што ён толькі спаў, а цяпер збудзіўся і трэбуе для сябе належнага месца ў сям’і братніх народаў. У першых творах сваіх Багушэвіч кліча беларусаў не кідаць роднай мовы — «опраткі душы». У сільных словах, уложаных у вусты мужыка-беларуса, ён узьвялічвае тую мазолістую руку, на каторай «няма сказы». Ён зь незвычайным гумарам высьмейвае тое, што давала «павагу», «бляск» паном у вачах цёмных хлебаробаў, высьмейвае сельскую адміністрацыю, каторая лічыць сябе перад «простымі» людзьмі за «важнае начальства» ( — «А што ж то ураднік за велькі індык?»). Няма, бадай, ніводнага болей-меней сьвядомага беларуса, каторы ня чэрпаў бы поўнымі жменямі ідэі «Dudki» і «Smyka».
Між прадвесьнікамі адраджэньня беларускага пісьменства ёсьць яшчэ другое імя, сучаснае Мацею Бурачку і блізкае яму па духу. Гэта — Янка Лучына (Неслухоўскі — зь Мінска), каторы, як і Багушэвіч, не даждаў плёну са свайго ідэйнага пасеву. Янка Лучына — гэта таксама інтэлігент-народнік, і творы яго носяць на сабе сьляды ўплыву Багушэвіча. Зь вялікімі клопатамі ужо пасьля сьмерці песьняра ўдалося атрымаць пазваленьне цэнзуры на друк зборніка вершаў яго («Вязанка», 1913, Пецярбург). Многа твораў яго пагібла і да нас не дайшло, ды толькі мінскія старажылы з памяці дэклямуюць адрыўкі іх. Можна было б налічыць многа імён, пісаўшых у канцы ХІХ ст., творам каторых доля не судзіла выйсьці на сьвет Божы ў друкаванай постаці. Толькі адзін Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), сучасны Багушэвічу і Неслухоўскаму, прыждаў таго мамэнту, калі забарона беларускага друку счэзла, калі пачалі выходзіць беларускія газэты і кніжкі, калі і яго творы, заўсёды поўныя глыбокага, шчырага чуцьця, выйшлі ў сьвет.
Само сабой разумеецца, што забарона беларускага друку надоўга працягнула пэрыяд летаргічнага сну нашага народу. Наагул, да 1905 году ня толькі беларуская, але і ўсякая іншая кніжка толькі зь вялікім трудом пранікала ў вёску. Але не дарма ХІХ век лічыцца векам адраджэньня нацыянальнасьцей: тая сіла, каторая адрадзіла чэхаў, украінцаў, літвінаў, латышоў, эстаў і іншых, у канцы сагнала сон і з вачэй беларусаў, — і беларускі народ, пераступаючы парог ХХ сталецьця, меў у душы сваей вялікі запас творчай энэргіі, каторая ждала толькі адпаведнага мамэнту, каб выбіцца наверх. Ждаць давялося нядоўга: такім мамэнтам паслужыў рэвалюцыйны рух 1905— [190]6 гадоў.
Той магутны парыў, каторы тады захапіў народныя масы, прымушаў і беларусаў даць свой голас, высказацца да канца, выявіць душу сваю. І народ беларускі высказаўся, — але ня гэтулькі ў палітычных клічах і партыйных праграмах, сколькі ў песьні — вершу, твораных вустамі сапраўдных сыноў беларускай вёскі: тых жа сярмяжных хлебаробаў, толькі з больш чуткай душой. Так нарадзілася тая новая беларуская паэзія і літаратура, прадвесьнікаў каторай мы ўжо назвалі.
Мы даем тутака рад кароткіх, толькі згруба напісаных, літаратурна-сацыяльных нарысаў найбольш характэрных навейшых песьняроў Маладой Беларусі. Сучасныя варункі працы не даюць магчымасьці абняць чысьленых беларускіх паэтаў і літаратараў, каторыя зусім справядліва заслужваюць на самую сур’ёзную ўвагу, — і выбар тых, а ня іншых зь іх тлумачыцца толькі бліжэйшым зь імі знаёмствам пішучага гэтыя строкі. Характарызуючы іх, мы карысталіся пераважна толькі творамі зь перадваеннага часу, бо вайна, бясспорна, павінна адзначыць у іх творчасьці асобны пэрыяд, аб каторым можна будзе гаварыць яшчэ ня скора.