Пракосы напамяць (1932)/Пракосы напамяць/Б’ецца ў шыбіны вецер

А ўсё гэта Б’ецца ў шыбіны вецер
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
Поэт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Б‘ЕЦЦА Ў ШЫБІНЫ ВЕЦЕР

Б‘ецца ў шыбіны вецер паўночным крылом,
Б‘ецца вецер халодны і сьцюжы;
Недзе песьню віюгі пяюць за сялом,
Недзе скача мяцеліца,
Кружыць…

Можна ў хаце сядзець, ды такою-ж парой
Пройдзе хто пад дарогамі тымі?..
Сьвішча вецер халодны над хвояй старой.
Сьвішча вецер у сьнежаньскім дыме.

Сядзем, дружа! Згадаем пяройдзены шлях,
Дні юнацтва, пару маладосьці,
Як да болю закутая ў песьні душа
Гэтак шчыра сьпявала і проста.

Як цярпелі ў той час, як жылося тады,
Як бацькі нашы гнулі галовы…
Ты раскажаш сягоньнячы нам, маладым,
Як паданьне ў нязьведаных словах.

Хай успомніцца гэтая чорная слань,
Як жылі, як згаралі дачасна.
Каб ярчэйшай цяпер наша радасьць была —
Муляроў найвялікшага шчасьця.
.................
.................

Неяк ладна хрыпіць пад нагамі мароз…
Слаўна санкі плывуць па дарозе,
І поэт, ён умее змагацца за лёс,
Быць на крэйсэры простым матросам.

Ён умее змагацца, на варце стаяць,
Будаваць, бараніць ён умее.
Зложыць песьню, і гэтую песьню сьпяваць
Будуць ветры сьпяваць і завеі!

І калі абарвуцца падчас берагі,
Кожны зьменіць пяро на вінтоўку,
Стане той за гармату, на крэйсэр другі,
Песьню, песьню сьпяем перад бойкай.