Пракосы напамяць (1932)/Пракосы напамяць/Поэт

Б’ецца ў шыбіны вецер Поэт
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
За вучобай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэт (Дарожны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭТ

На сьнежную плошчу,
На вуліцы ўсе,
З ношкаю дум і імкненьняў,
Морак зялёны плыве пакрысе,
Морак такі лятуценны.

Ахоплены ніткамі
Тонкіх дратоў,
Ён раптам гусьцее на месцы…
І я адчуваю, як б‘ецца кроў,
Творчая кроў у сэрцы!

Тады я складаю поэмы свае
Захоплена так і настойна,
Дзе кожнае слова і рыфма пяе
Нацятай струною настрояў.

За нашую радасьць,
За гонар такі
Жыву і згараю увесь
І шчыльна віюцца крывыя радкі
Азначаных мужнасьцю песень.

І словы радкамі,
Разьлічана так
Злучаюцца ў шэрагі трапна…
Ня дарма пільнуе мой згорблены стан
На сьценцы забытая лямпа.

Мне хочацца песьню
Сваю закаваць
У строі бліскучай магуты,
Мне хочацца ў песьні сваёй збудаваць
Мана завод і магутны.

І я ўкладаю
Разьлічаны плян,
Прыгожыя ладжу рыштункі,
Яму вызначаю я мейсца і пляц
І цэглу найлепшых гатункаў.

І вось узрастае.
Сьцяна за сьцяной,
Дзівосныя звоняць машыны…
І радасна так паглядае ў акно
Кавалачак неба сіні.

Яшчэ засталося
Праверыць разьлік,
І скончаны будзе завод мой,
Але за вокнамі днём расьцьвілі
Вырысы плошчаў халодных.

Дзевяць гадзін!..
Як ліхі прыгавор,
Лічыць гадзіньнік на пляцы,
І я пакідаю мой ветлівы двор,
Каб не спазьніцца на працу.