Пракосы напамяць (1932)/Пракосы напамяць/За вучобай

Поэт За вучобай
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
⁂ (Яшчэ і ня прызнаны ён)
Іншыя публікацыі гэтага твора: За вучобай (Дарожны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗА ВУЧОБАЙ

Дожджык расьцягвае тонкія ніткі,
Роніць іскрыстыя кроплі на шкле.
Жоўты аловак, пакрэмзаны сшытак.
Перада мною ляглі на стале.

Як адзінота на спушчаным трапе,
Я сярод даўніх эпох уначы…
Мне дазваляецца мець сабе лямпу
Роўна у трыццаць і дзьве сьвячы,

Каб у сталетніх пацёмках і пыле
Мудрасьці даўняе сівых вякоў
Гэтыя трыццаць і дзьве мне сьвяцілі
Сярод нязьведаных слоў маяком…

І як студэнту-стыпэндыяту,
Тэмай адзначана мэта мая:
Лірыкай сумных тэорыі датаў
Мне захапіцца і
Апяяць.

Мне дазваляецца быць супакойным
Перад эскадрамі літар і слоў,
Мне дазваляецца пеша і конна
Езьдзіць па кнігах забытых вякоў.

Але успаміны… з імі ці зладзіш?..
Восень стаіць між апаленых дрэў,
Быццам паяц на бязьлюднай эстрадзе
Сярод запыленых вуліц і стрэх.

Перада мной узьнімаюцца сьцены
Слаўнай Эляды —
Байніцы эпох,
Вобразы Троі, асад Карфагэну
Ў звоне шчытоў у прызыве трывог.

Тупаюць коні,
Ламаюцца дзіды,
Трупы на полі ляжаць, як снапы…
Стогнуць кіфары аб тых, што ня прыдуць,
Песьнямі славячы сумную быль.

Скора дванаццаць. На шыбіне вецер
Квола здувае сьлязінкі вады.
Троя асаджана…
Троя здаецца…
Літараў войска ахутвае дым.

Морак радзее за вокнамі. Нават
Дожджык сьціхае, і гасьне сьвятло.
Я пераможаны, я засынаю,
Голаў схіліўшы над самым сталом.

Побач на ложку заснуў мой таварыш,
Знаю, і ён, мой вясёлы зямляк,
Сёньня Парыж аддае комунарам
І галасуе за сьмерць караля.

Ён не пакіне сваёй барыкады
Ў час, калі возьмуць апошні рэдут,
Гэта відно: ён Комуне ня здрадзіць,
Ён не надзене нявольніцкіх пут.

Тонкай струною нацягнены провад
Дзесьці далёка ўрэзаўся ў сінь…
Заўтра профэсар, пахмурыўшы бровы,
Скажа: залічана,
Добра зусім!

Менск, 1929 г.