ВОЛЬНЫ ЛІСТ ЗЬНЯВОЛЕНАМУ БРАТУ
„Дарагі таварыш! Учора толькі скончылася наша барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць з фашысцка-астрожнай адміністрацыяй. Скончылася наша сямідзённая галадоўка. Яшчэ сілы слабыя, але пішу, паведамляю цябе аб цяперашнім нашым становішчы“. (Вільня, „Стэфанаўка“. Палітвязень Д.).
Чорт пабяры вас,
Буржуйскае кодла!
Чорная зграя цыліндраў і шпор.
Катуйце,
Сьпявайце фашысцкія модлы,
Каб уціхамірыўся рэволюцыі віхор.
Шомпалам, крыжам…
На славу айчыне! —
На славу, прадажны фашысцкі танок…
У гэтай айчыны —
Турма прад вачыма,
У гэтай айчыны —
Паўстанцкі зарок!
Яе ня суцішаць
Ні крыж, ні вастрогі,
Узброеныя па вушы дазорцы і шпікі!
Вогнішча рэволюцыі
Распальваюць стогны,
І гэтага вогнішча
Ня стрымаюць штыкі!
Я ня ведаю, як цябе клічуць,
Брат мой далёкі,
Зьняволены брат!
Я чую, як сэрца тваё
Ўдары лічыць,
Як цісьне і душыць
Глухі казэмат.
Ты хочаш падняцца,
І здраджваюць сілы,
Ты хочаш ім плюнуць
Крывёю у твар…
І вусны здранцьвелі…
І рукі скруцілі…
І хмурны за сьценкаю
Ходзіць жандар…
Ён добра нясе
Сваю службу сабачую.
Нюх — дасканалы,
Вусы — да грудзей…
Пудалу такому
Далі ў прыдачу
Медаль за выслугі,
За зьдзекі з людзей.
Я знаю, ня лёгка
Ў засьценку, мой браце,
Твой ліст нечаканы
І я прачытаў.
Ты пішаш: — цесна рэволюцыі ў казэмаце,
Сіл не хапае, каб выпрастаць стан.
Ты пішаш,
На сёмыя суткі ня еўшы:
— Таварыш, змаганьне — яно будзе жыць,
З-пад шыбеніц Львову,
З каменных прарэшын,
Помста ўзьнімаецца,
Пошчакам дрыжыць!
Ты верыш у моц
Наплываючай хвалі,
Ты чуеш, як будуем мы
Рэспубліку сваю.
І ты запяваеш: …пракляцьцем катаваны…
І сьцены падтрымваюць
Песьню тваю.
Бо ходзіць над Вільняй,
Гучыць па-над Луцкам
Замучаных цяжкай няволяй хада,
Ба сочыцца кроў
На зямлі Навагрудзкай,
Бо крык забаронен штыкамі салдат.
...............
...............
Над Менскам сягоньнячы
Дыхае травень,
На вуліцу ідуць мае таварышы.
У іхніх вачох
Веснавая рухавасьць,
Сусьветная рэволюцыя
І шчырасьць душы…
Брат мой, далёкі,
Замучаны вязень!
Ад сэрца ідзе гэтай песьні радно.
Мы славім гэрояў паўстаўшае клясы,
Мы помнім адданых ёй,
Лепшых сыноў!
Менск, 10-IV—31 г.
|