УСТУПНАЕ СЛОВА
Насіў ня ў кішэні,
а тут — у грудзёх,
ТРЫ дні, як абойміну поўную,
Дужую ў голасе. Во! у плячох
Песьню са мною роўную.
Думалі, буду плыты ганяць
Гіблай старэчай лірыкі.
Чорта з два!
У мяне яна
Простая, і бяз выракаў…
Ціслася словаў, было, машкара,
Лазам на вочы, сьляпіцаю…
Лезла, бывала, такая мара,
Такая мара — не адбіцца…
Аж да тугі, да самоты пад час,
Спытайце любога рэдактара:
— Чортава тузіна розных акрас,
І ані воднага трактару.
Не па сабе гэтых песень тады
Клаліся сьціплыя словы —
Там месяц сухім Паднімаўся з вады,
І хоць-бы што, галалобы…
Я накідам песень ахутаў душу
І слова прабую на сэрца…
Я тысячу песень яшчэ напішу
Пра моладасьць нашую, верце.
І покуль за вокнамі ходзіць суцень,
Ляжыць ціхата па лагчынах —
Я песьню гадую, і песьня расьце,
Як досьвіт, як сам я магчыма.
Мне цяжка зьмясьціцца:
Ў калёнцы такой,
Мне гэтае плошчы замала…
..............
..............
Мой самы маленькі на сьвеце пакой
Па вушы паперай завален.
Яго я
Бяру у лірычны палон.
Хай ломіцца ў шыбіны месяц,
Мне трэба распаліваць вогнішча слоў,
Каб выкаваць дужую песьню.
Мне трэба яе
Дабяла распаліць,
Каб моладасьць біла зарадкай…
(І гэта ня проста пяром павадзіць,
Каб потым папляскалі ў ладкі).
Не! гэта тысячы молатаў гром,
Залп баявога наводу.
Не! гэта песьня ідзе напралом
Цераз агонь і воду.
Табе аддаю я, рэспубліка, ўсё,
І голас мой сонцам наліты.
Я поплеч з табою —
Крысо у крысо
На штурмах эпохі вялікай!
Менск, 29-IX—31 г.
|